сум, ‑у, м.

1. Пачуццё смутку, жалю, душэўнай горычы. Неадольны сум застыў у карых вачах [Івана]. Новікаў. — Усё вельмі проста, — у Міколавым голасе непрыхаваны сум. Навуменка. З глыбокім сумам глядзіць стары. Клышка. // Тое ж самае пачуццё, але больш лёгкае і светлае; журба. У .. голасе [Антаніны Міхайлаўны] нават чулася нотка суму і спачування. Колас. І думкі новыя і сум нязведаны, салодкі. Брыль. Васіль Паўловіч трошкі з сумам, але і з гонарам успамінае тыя цяжкія, складаныя дні. Кулакоўскі. Ціхі сум вачэй дзявочых Павязу ў сядле з сабою. Панчанка.

2. Душэўная трывога ў спалучэнні са смуткам, маркотай; туга. Апусцелыя лугі і палі навявалі сум. Чарнышэвіч. Максіма зноў агарнуў сум астрожных будняў. Машара. Але ў тую ж хвіліну .. [Асядовіча] апанаваў жудасны сум па дзецях. Чорны.

3. Пакутлівая маркота; нуда. [Яшчын:] — Якое ж можа быць жыццё без цвыркуна! Загінеш ад суму... Хадкевіч. Жыць люблю каля чыгункі, Тут не будзеш знацца з сумам. Прануза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́сці, ем, ясі́, есць; ядзі́м, ясце́, яду́ць; еў, е́ла; еш; незак.

1. каго-што і без дап. Ужываць ежу.

Е. яблыкі.

Чаго не ясі, таго ў рот не нясі (прыказка).

2. толькі ў інф. (у спалучэнні з дзеясловам). Ежа, харч.

Наварыць е.

Хацець е.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Разбураць хімічна, раз’ядаць.

Іржа есць жалеза.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Выклікаць пякучы боль, раздражняць (пра дым і пад.).

Густы дым еў вочы.

5. перан., каго-што. Не даваць спакою, мучыць (пра сумленне, тугу, боль).

Сэрца маё есць туга.

6. перан., каго (што). Папракаць, назаляць, не даваць спакою (разм.).

Кожны дзень грызуцца, ядуць адзін аднаго.

Дарэмна хлеб есці (разм.) — не прыносіць ніякай карысці, гультаяваць.

Есці вачамі (разм.) — пільна ўглядацца, не адрываючы позірку.

Есці, як не ў сябе (разм.) — прагна есці.

Пасаліўшы, есці можна (разм.) — пра што-н. пасрэднае, цярпімае.

Поедам есці (разм., неадабр.) — бесперапынку папракаць.

|| зак. пае́сці, паем́, паясі́, пае́сць; паядзі́м, паясце́, паяду́ць; пае́ш (да 1 знач.: ужыць для ежы) і з’е́сці, з’ем, з’ясі́; з’есць; з’ядзі́м, з’ясце́, з’яду́ць; з’еш; з’е́дзены (да 1, 3, 5 і 6 знач.).

|| наз. яда́, -ы́, ДМ ядзе́, ж. (да 1 знач.).

У час яды.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

естьI несов.

1. (питаться) е́сці;

о́чень хоте́лось есть ве́льмі хаце́лася е́сці;

2. (раздражать, разъедать) е́сці;

густо́й дым ел глаза́ густы́ дым еў во́чы;

3. (мучить) перен. е́сці;

меня́ ест тоска́ мяне́ есць туга́;

4. (изводить) перен., прост. е́сці, гры́зці;

есть кого́-л. с утра́ до ве́чера е́сці (гры́зці) каго́е́будзь з ра́ніцы да ве́чара;

есть глаза́ми е́сці вача́мі;

по́едом есть е́жма (по́едам) е́сці.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

забі́ць 1, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. забі; зак., каго-што.

1. Пазбавіць жыцця, знішчыць. Князь забіў на ловах пару вялікіх прыгожых ласёў. Гарэцкі. Партызаны забілі здрадніка, укінуўшы ноччу ў яго дом гранату. Краўчанка. / у безас. ужыв. Бомбай многіх забіла. // Прыбіць, змучыць пабоямі. Забіць да паўсмерці. // Зарэзаць, закалоць. Забіць свінню на сала.

2. Б’ючы, стукаючы па якім‑н. прадмеце, прымусіць яго ўвайсці ў што‑н.; увагнаць. Забіць цвік у сцяну. Забіць калок у зямлю. □ [Вася] падняўся і забіў лязо сякеры ў разрэз. Шамякін. // Ударамі, рэзкімі штуршкамі загнаць што‑н. куды‑н. Забіць мяч у вароты праціўніка. Забіць шар у лузу.

3. Закрыць наглуха, прымацаваўшы, прыбіўшы дошкі і пад. Забіць аполкамі дзверы і вокны хаты.

4. Закрыць, заткнуць (адтуліну, шчыліну), туга засунуўшы ў яе што‑н. Надзеў [Талаш] праз плячо паляўнічую раменную торбу на шырокім пасе, дастаў ладункі з порахам, засыпаў у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Колас. // Забрудзіць, закупорыць. Пясок забіў трубу.

5. Разм. Запоўніць, заняць сабой (пра мноства каго‑, чаго‑н.). Бясконцыя раннія завірухі так забілі снегам дарогі, што дабрацца куды цяпер можна было толькі хіба на кані ці на трактары. Шашкоў.

6. Перамагчы, заглушыць. Уяўлялася, што самы густы і напорны вецер не заб’е .. [ у гэтым кутку] паху грыбоў. Чорны. // перан. Запалохаць, пазбавіць здольнасці супраціўляцца. Забіць чалавека маральна.

7. Зак. да забіваць (у 3 знач.).

•••

Забіць асінавы кол — канчаткова пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н., скончыць з кім‑, чым‑н. (ад забабоннага звычаю забіваць кол у магілу ведзьмара, каб абясшкодзіць яго).

Забіць галаву каму чым — абцяжарыць памяць чым‑н. непатрэбным, пустым.

Забіць двух зайцоў — выканаць адначасова дзве розныя справы, дасягнуць дзвюх розных мэт.

Забіць (загнаць) клін — раз’яднаць, выклікаць варожасць аднаго да другога.

І камара не заб’е — пра ціхага баязлівага чалавека.

Хоць забі — пра немагчымасць што‑н. зрабіць.

(Яго) і калом не заб’еш — пра чалавека з моцным здароўем, вялікай фізічнай сілай.

забі́ць 2, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак.

Пачаць біць (у 1, 7 і 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. грыз, ‑ла; незак., каго-што.

1. Кусаць, есці што‑н. цвёрдае, сухое. Грызці сухары. Грызці яблык. □ Камандзір палка маёр Урванцаў сядзеў на нарах і грыз воблу. Марціновіч. // Кусаць зубамі. [Кабыла] высока трымала галаву, стрыгла вушамі, нервова грызла цуглі. Федасеенка. // Пападаючы на каго‑н., кусаць, ірваць. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. // перан. Удавацца, уразацца ў што‑н. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Дакучаць пастаяннымі прыдзіркамі, папрокамі, сваркамі. Містэр Пік пачаў праклінаць тую латарэю і грызці жонку за дурную ініцыятыву. Быкаў.

3. перан. Мучыць, трывожыць, не даваць спакою (пра думкі, пачуцці і пад.). [Іваноўскага] пакутліва грызла думка: а як жа прабрацца ў партызанскія раёны? Новікаў. Пракоп адчувае сябе адзінокім, яго штосьці есць, грызе. Колас.

•••

Як рэпу грызе — хто‑н. бойка, без запінкі чытае, гаворыць і пад. — Малайчына! Чытае, як рэпу грызе, — хваліў малодшага сына Міхал. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капіта́л, ‑у, м.

1. Вартасць, якая прыносіць яе ўладальніку-капіталісту прыбавачную вартасць шляхам эксплуатацыі наёмных рабочых. Прамысловы капітал. Фінансавы капітал. Манапалістычны капітал. // толькі адз. Капіталісты, буржуазія як клас; капіталізм. Краіны капіталу.

2. Разм. Сума грошай (звычайна вялікая). Некалькі дзесяткаў заробленых рублёў зараз здаваліся Лабановічу значным капіталам, з якім весялей заглядалася ў заўтрашні дзень. Колас. Дагэтуль Зося насіла ўвесь свой капітал у хустачцы, туга заціснуўшы вузлом і медзякі і паперкі. Брыль.

3. перан. Багацце, каштоўнасць, скарб. [Бондар:] Людзі — найдаражэйшы капітал. Сапраўдны чалавек — найвялікшае багацце. Гурскі.

•••

Асноўны капітал — частка капіталу, якая затрачваецца на набыццё сродкаў вытворчасці.

Іміграцыя капіталу гл. іміграцыя.

Пераменны капітал — частка капіталу, якая затрачваецца на наём рабочай сілы.

Прамысловы капітал — капітал, які функцыяніруе ў сферы капіталістычнай матэрыяльнай вытворчасці і праз эксплуатацыю наёмных рабочых дае прыбавачную вартасць.

Фінансавы капітал — зрошчаны капітал банкаўскіх і прамысловых манаполій.

Мёртвы капітал — а) каштоўнасці, маёмасць, якія не прыносяць даходу; б) перан. пра ідэі, думкі, веды і пад., што не знаходзяць сабе прымянення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., што.

1. Зачапіўшы за што‑н., прывесіць, прымацаваць. Зрабілі браты доўгі пасак з валовых шкур, прычапілі да яго кош. Якімовіч. Віця ўвагнаў у пясок жалезную палку, а канец капронавага троса, які быў наматаны на ёй, прычапіў да Паўлавага пояса. Шыцік. // Разм. Прышпіліць што‑н. да чаго‑н. Калі .. [Язэп] апрануўся, туга зацягнуў рэмень, адзеў на галаву пілотку, прычапіў медалі і два баявых ордэны, дык раптам адчуў сябе дужым, упэўненым і як бы зусім здаровым. Асіпенка.

2. Далучыць, прымацаваць пры дапамозе счэплівання (для руху). «Калі да цягніка прычапіць больш вагонаў, — разважаў Пеця, — дык і грузу можна перавезці больш». Шыловіч. Бавар, пераапрануты ў замасленую палатняную куртку, вывеў з-пад павеці старэнькі задымлены трактар, прычапіў да яго касілку. Ракітны.

3. Разм. Замацаваць за кім‑н., даць каму‑н. (празванне, мянушку і пад.). Ён рабіў справу старанна і дбала, З першай зоркай на працу заўсёды ўставаў. Хтось мянушку яму прычапіў — Грукатайла У адплату за тое, што спаць не даваў. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.

1. Развіць (што‑н. звітае, туга скручанае). Тады ..[хлапчукі] узялі палку і з яе дапамогай сяк-так раскруцілі дрот. Ваданосаў.

2. Разгарнуць, разраўняць (што‑н. скручанае). Раскруціць вуду. □ [Віктар] разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак. — Дрэнна скручваецца пергамент. Але як скруціцца, то і не раскруціш. Караткевіч.

3. Разгарнуць, зняць (што‑н. наматанае, накручанае). Міхась і праўда, шукаючы ў кішэнях ключа ад машыны, намацаў невялікі тугі скрутак. Раскруціў паперу — грошы. Б. Стральцоў. Кастусь Серада, зняўшы шапку, сеў на табурэтку, расшпіліў ватоўку, раскруціў з шыі шалік. Шахавец. // Вызваліць ад таго, чым закручаны, укручаны хто‑, што‑н. Вера раскруціла .. [дзіця] і, узяўшы на рукі, пайшла на прыём. Дамашэвіч.

4. Прымусіць круціцца з узрастаючай хуткасцю. Раскруціў паступова ЛАЗ цяжкія калёсы, І паціснуў руку свайму вучню настаўнік. Нядзведскі. Раскруціў пугу-канаплянку і ляснуў ёю на ўсю сілу. Сабаленка.

5. Пашырыць у дыяметры. Раскруціць дзірку.

6. Расшрубаваць, расківаць. [Сяргей:] — Трэба дастаць ключ і на пад’ёме раскруціць рэйкі. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчымлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае раздражненне, боль; рэзкі. Пад раніцу .. сюды, у расчынены кароўнік, плывуць нейкія шчымлівыя пахі. Кухараў.

2. Тупы, ныючы (пра боль). Потым .. [Карызна] падсеў да стала і, падпёршы рукамі галаву, доўга сядзеў у мёртвай нерухомасці, слухаючы шчымлівы боль свайго сэрца. Зарэцкі. Петрык да шчымлівага, салодкага болю ў грудзях любіць усіх гэтых людзей. Місько.

3. Моцны, неадольны, які хвалюе, узбуджае. Было шчымлівае жаданне і лесам прайсці вось так, без дарог, напрасткі. Кірэйчык. Янак яшчэ мацней адчуў шчымлівую радасць, якую нясе гэтая навальніца, гэты дождж, і зноў прыхінуў да сябе Алёну. Лупсякоў. // у знач. наз. шчымлі́вае, ‑ага, н. Тое, што хвалюе, узбуджае, выклікае розныя пачуцці, перажыванні. Напамінак пра Веру ўскалыхнуў даўняе, шчымлівае. Кудравец.

4. Які выклікае цяжкае пачуццё, прыгнечанасць, тугу і пад. Гэта было прыемна, вельмі прыемна, але сэрца пяклі шчымлівыя думкі пра Людмілу. Радкевіч. Прыгнятала прымусовая бяздзейнасць, шчымлівая туга. Машара. Стоячы сярод двара, Форстэр прыгадаў ночы ў сябе на радзіме, у роднай вёсцы, і шчымлівы, адвечны, як сусвет, сум агарнуў яго. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ірва́цца і рва́цца, (і)рвуся, (і)рвешся, (і) рвецца; (і)рвёмся, (і)рвяцеся; незак.

1. Раздзяляцца на часткі, разрывацца ад рыўка, нацягвання. Крохкая салома, калі моцна закручваць перавясла, ірвалася. Мележ. Прама не слухала мяне: тонкія валокны клаліся няроўна, ірваліся, зляталі з бабіны. Савіцкі. Дзе коратка, там ірвецца. Прымаўка.

2. перан. Спыняцца, варушацца (пра сувязі, адносіны і пад.).

3. Узрывацца; разрывацца з выбухам. Раўлі самалёты, ірваліся бомбы, грукаталі танкі, беглі па збожжы салдаты... Брыль. // перан. Перапаўняцца моцнымі пачуццямі. [Лясніцкі] тады адчуваў паплыў балючай і горкай пяшчоты, ад якой, здаецца, ірвалася сэрца, і быў шчаслівы. Зарэцкі. Сціснуў хтось мне сэрца туга, Па кавалкі грудзі рвуцца. Зарыцкі.

4. Старацца вызваліцца, вырвацца. — Хітрушчая карова! Бывала, як толькі немцы ў вёску, яна рвецца з двара і — прама ў лес. Сіўцоў.

5. перан. Прагна імкнуцца зрабіць што‑н., дасягнуць чаго‑н., папасці куды‑н. Ірвацца дамоў. Ірвацца да ведаў. Ірвацца на фронт. □ [Маці] ўсіх ірвалася супакоіць, улагодзіць, прымірыць. Мележ. Нас было восем. І кожны з нас ірваўся ў нязведаную далячынь. Асіпенка.

6. Зал. да ірваць ​1, рваць ​1 (у 1–4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)