Бурча́к1 ’гатунак гароху’ (Сцяц., Жд., Касп.), ’гарох буйнога гатунку’ (КЭС, лаг.), бу́рчак ’буры гарох’ (Др.-Падб.). Польск. burczakзвычайны або буры гарох’. Фасмер (1, 249) (без польскага матэрыялу) лічыць, што гэта запазычанне з цюрк. моў (тур., туркм., чагат. burčak ’гарох’). Наводзіць сумненне адсутнасць гэтага слова ва ўсходніх гаворках, рус. і ўкр. мовах. Можа, запазычанне з польск. burczak (якое, здаецца, Варш. сл., 1, 236, выводзіць ад bury): параўн. націск у бу́рчак.

Бурча́к2 ’ручай з хуткім цячэннем вады’ (Арх. ГУ), ’адрэзак ракі, дзе хуткае цячэнне’ (Янк. I), бурча́ ’топкае месца’ (Яшкін). Укр. бу́рчак ’тс’. Да бурча́ць (гл.). Параўн. і бурку́н ’месца, дзе шуміць вада ў рацэ’ (Сцяшк. МГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мя́тлік1, брасл. мя́тлічак ’матылёк’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ). Да маты́ль (гл.) < прасл. metelь.

Мя́тлік2 ’метлюжок звычайны, Poa trivialis L.’ (Шат., Мат. Гом., Ян.), ’свербігуз усходні, Bunias orientalis L.’ (маг., Кіс.). Відаць, праз мятлю́к (гл.) пры ад’ідэацыі мя́тлік ’матыль’ узыходзіць да мятла́1 (паводле падабенства кветкі, коласа да мяцёлкі). Аналагічна метлюжок у рус. гаворках: метлига (табол.), метлик (перм., цвяр.), чэш. metlice.

Мя́тлік3 ’чыстае, мяккае палатно з разрэзам для галавы, якое кума надзявае або накрывае дзіця пры хрышчэнні’ (бых., Рам. 8; лельч., Арх. ГУ; Мат. Гом.), ’сарочка, якую надзявалі дзіцяці першы раз пасля хрышчэння’ (ТС), ’канверт для немаўляці’ (свісл., Шатал.), ’карункавае пакрывала’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́лень ’дуб, які захоўвае на сабе сухія лісты аж да новых і пачынае распускацца ў першай палове мая, прыблізна на два тыдні пазней за звычайны’ (Пятк. 2), неле́нь ’тс’ (Маш.), не́лень і не́лін ’тс’ (ТС), нелі́н ’тс’ (лельч., Жыв. сл.), часта ў спалучэннях не́лень‑дуб, не́лін‑дуб ’тс’ (ТС); укр. не́линь. Да *lěniti, *linʼati ’ліняць’, параўн. славен. léniti ’тс’, гл. ліняць; першапачаткова прыметнік як азначэнне пры назоўніку дуб, які пасля ў выніку дээтымалагізацыі субстантываваўся; паўторна збліжаны з лень, лянівы (гл.), адсюль другасная апісальная назва лянівы дуб, параўн.: Кажуць леніву дуб, бо вон повно развіваецца (ТС, 3, 21), а таксама шляхам апушчэння адмоўя — лень‑дуб (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

блу́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ходзіць, блукае, не знаходзячы месца, дому; невядома чый або зусім нічый. Блудны рой пчол. □ [Міша:] — Мы вось пойдзем, а з лесу, можа, выйдзе блудная карова ды ў бабкі. Сіняўскі. Маладзічка нястомна варыла пяшчотныя ласкі, спадзеючыся прыручыць да ўдовінай хаты блуднага, ваенных часоў, жаніха. Асіпенка. // Які недзе бадзяўся, туляўся і вярнуўся дадому.

2. Не прамы, звілісты, дзе лёгка заблудзіць. Блудная дарога, сцежка.

3. перан. Не такі, які прыняты, не зусім звычайны. [Мароз:] — Вечна ў.. [Шэмета] нейкія блудныя думкі, вечна яму нешта не падабаецца! Лобан.

4. Разм. Які мае адносіны да блуду; распусны, непрыстойны. Бацюшка Дземіян зусім п’яны. Усё цераз стол да паненкі Гані кідаў блудныя жарты. Баранавых.

•••

Блудная авечка гл. авечка.

Блудны сын гл. сын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плаку́н-трава́ ’від чальчаку (відаць, вербалісты). Lythrum salicaria L.’ (ТС; Ласт.). Да пла́каць і трава́ (гл.), параўн. іншую назву — слёзнік. Паводле Кісялеўскага (Аб некат. асабл., 30), назва звязана з павер’ямі: ад яго плачуць ведзьмы і чэрці (Ласт., 799); ён плача, калі ў чалавека журба (ТС) і інш. Тэрмін узнік пад уплывам украінскай і рускай моў, дзе ён больш распаўсюджаны, параўн. укр. плаку́н ’тс’, рус. плаку́н‑трава́ — гэтак названа шмат раслін: белы гарлачык, святаяннік, скабіёза, драсён звычайны, баркун белы, касач сібірскі, скрыпень вузкалісты і чатырохгранны, аер, ядрушка, валяр’ян, большасць з іх — вільгацелюбівыя, што датычыць святаянніка (Hypericum L.), то паводле павер’я, яго крывава-чырвоны сок прымушае плакаць нячыстую сілу (Фасмер, 3, 272–273); сюды ж і балг. плаку́н ’чальчак’ (запазычана з рус.?, гл. БЕР, 5, 299).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свентая́нскае зелле ‘святаяннік звычайны, Hypericum perforatum L.’ (Нас.; гродз., брэсц., мін., Кіс.; Нас., Дэмб. 1, Сл. ПЗБ, Жд., Сержп. Прымхі). З польск. świętojanskie źiele ‘тс’. Параўн. укр. сьвятояньске зілля ‘тс’, ст.-чэш. Svatého Jana korenie ‘тс’, Sv. Jana bylina ‘чарнабыльнік’, серб.-харв. трава светог Ивана ‘святаяннік’, ‘расліна Salvia sclarea L.’. Як піша Растафінскі (гл. Махэк, Jména, 148–149), зверабой называецца святаяннікам таму, што цвіце каля свята св. Івана. Махэк (там жа), улічваючы, што гэтая назва аб’ядноўвае розныя лекавыя расліны, мяркуе, што вытокі намінацыі трэба шукаць у павер’і аб неабходнасці капаць іх у ноч пад Івана Купалу. Не выключае ён і магчымасці нямецкага паходжання, г. зн. калькі ням. Sankt Johanneskraut ‘святаяннік’, літаральна ‘трава святога Яна’, параўн. Ян, Ян‑зе́лля ‘тс’ (віл., воран., мядз., ЛА, 1). Гл. святаяннік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тата́рнік ’аер, Acorus calamus L.’ (лельч., Жыв. сл.; Бейл., ТС, ПСл; стол., лельч., ельск., ЛА, 1), ’расліна Onopordon L.’ (Кіс.). Укр. тата́р ’аер звычайны, Acorus calamus L.’, дыял. татара́к, тата́рка ’тс’, польск. tatarak, tatarnik ’тс’, дыял. tatar ’тс’, чэш. tatarak ’тс’. Ад этноніма тата́рын, тата́ры, гл. Найбольш распаўсюджанае меркаванне пра паходжанне слова: расліна аер завезена татарамі (ЕСУМ, 5, 527; Жаримбеков, РР, 1975, 3, 107–111; Пастусяк, Pogranicze, 317), што не зусім адпавядае рэальнасці, паколькі расліна calamus у тым жа значэнні згадваецца яшчэ ў Плінія і Катона (234–149 г. да н. э.), гл. Ванякова, Studia Etym. Brun. 6, 404. Хутчэй прывязка да этноніма ў пераносным значэнні ’не свой, чужы’ тлумачыцца рэзкім пахам расліны, параўн. укр. жидівські лепехи ’аер’ аналагічна да тата́рське зі́лля, польск. tatarskie ziele ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

але́й, алею, м.

1. Тлушч з расліннага насення: канаплянага, макавага, ільнянога, гарчычнага, сланечнікавага і пад. Канапляны алей. Какосавы алей. □ Пасля наварыстай капусты і гарачых дранікаў з алеем Юрка вабраўся на палаткі. Курто. [Барановічаў кум:] — Калі ў каго які з гарнец канапель ці семя ёсць, дык ён выцісне якую бутэльку алею і ў Тадулічах. Чорны.

2. Аліўкавы тлушч, які выкарыстоўваецца ў царкоўным абыходку; ялей. Самы просты, звычайны пачатак: нарадзіўся адзін чалавек. Першым поп за яго ўзяў падатак, мазануў алеем па галаве. Дубоўка. // перан. Прытворная ласкавасць, празмерная ліслівасць. Сочыцца мірны алей з языкоў У лорда Сесіля і Поля Банкура І ў тых, што за імі ў цяньку стаяць. Крапіва. Ухмылка крывіць яго пыскі, З іх чуць не капае алей. Марына кланяецца нізка, І Богут зорыць весялей. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каляі́на, ‑ы, ж.

1. Паглыбленне, след на дарозе ад колаў або ад санных палазоў. Дарога тут была малаезджаная, бадай што без каляін. Карпаў. Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ. Ногі коўзаюцца і пападаюць у каляіны ад палазоў. Галавач.

2. Разм. Чыгуначны пуць, каляя. Эшалон стаяў на апошняй каляіне. Чорны.

3. перан. Пра звычайны ход якіх‑н. спраў, прывычнае натуральнае працяканне чаго‑н. — Я вам кажу! — павысіў голас.. Сімон, трапляючы ў сваю звычайную каляіну. Самуйлёнак. А цэлы рад збаноў на плоце Казаў аб тым, што гаспадыня Была ўжо ў моцнай каляіне І што яе, таксама, справа Вялася добра і рухава. Колас.

•••

Выбіцца з каляіны гл. выбіцца.

Выбіць з каляіны гл. выбіць.

Увайсці ў каляіну гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скла́дчына, ‑ы, ж.

Унясенне грошай, прадуктаў і пад. удзельнікамі якой‑н. агульнай справы, а таксама грошы, прадукты і пад., сабраныя такім чынам. На шафе пастукваў будзільнік, што купілі ў складчыну. Даніленка. Праз агароджу, якая ставілася ў складчыну ўсімі гаспадарамі, каб не псаваць выгляду, [дом] пазіраў на вуліцу дзевяццю аднолькавымі вокнамі і гэтым быў падобны на звычайны барак. Ракітны. Калі каго-небудзь пазбаўлялі стыпендыі, усе класы рабілі складчыну і давалі яму неабходныя грошы да таго часу, пакуль ён зноў яе не атрымліваў. Сяргейчык. // Вечарынка, бяседа, якія робяцца на сабраныя такім чынам грошы, прадукты і пад. [Юрка] прымаў удзел у складчынах і, падпіўшы, танцаваў, пакуль хапала сілы. Карпаў. Мачыха гэтак разлютавалася, што нават думаць нельга было, каб папрасіць у яе чаго .. на тую складчыну. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)