Магазі́н, магазы́н, маказы́н, маказэ́н, мага́зін, магʼа́зін, мыгазі́н ’вясковы грамадскі свіран для збожжа’, ’рэзервуар у лямпе, куды наліваецца газа’, ’прадпрыемства рознічнага гандлю’, ’частка вулля, куды ўстаўляюцца рамкі’ (ДАБМ, с. 801; ТСБМ, Касп., Шат., Бяльк., В. В., Прышч. дыс.; Выг., Янк. Мат., Мат. Гом., Нар. сл., Нар. словатв., Шатал., Сл. ПЗБ). З рус. магази́н ’склад, магазін’, якое прыйшло з ням. Magasin у эпоху Пятра I. Формы з націскным ‑га́ запазычаны з польск. мовы. Сюды ж магазы́нка ’газоўка’ (Касп.), магазынак ’каморка’, ’рэзервуар у лямпе’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вячэ́ра (Байк. і Некр., БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., КСТ, КТС, КЭС, лаг., Лекс. Пал., Нас., Сцяц., Шат., Шпіл.). Укр. вечеря, рус. дыял. вечеря, польск. wieczerza, памор. éčéřa, палаб. vicera, в.-луж. wjačer, н.-луж. wjacerja, чэш. večeře, славац. večeră, серб.-харв. вѐчера, славен. večęrja, макед. вечера, балг. вече́ря ’тс’. Прасл. утварэнне з суф. ‑j‑a ад večerъ (гл. вечар). У частцы слав. моў запазычаны як царкоўны тэрмін ст.-слав. вечерꙗ, якое адрозніваецца націскам. Гл. яшчэ размеркаванне večerja‑južinъ у Вештарт (Лекс. Пал., 93).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галі́ць ’брыць’, галі́цца ’брыцца’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ). Укр. голи́ти, голи́тися. У рус. мове голи́ть ’брыць’, голи́ться ’брыцца’ вядома толькі з паўднёвых гаворак у Даля (гл. СРНГ, 6, 294). Можна ставіць пытанне: ці не запазычаны бел. і ўкр. словы з польск. golić, golić się ’тс’? Вырашальным тут павінна з’явіцца адносная храналогія адпаведных слоў. Тэарэтычна мяркуючы, значэнне ’брыць’ магло развіцца ва ўсх.-слав. мовах самастойна. Але адсутнасць яго ў рус. (акрамя паўднёвых дыялектаў) наводзіць на думку, што гэта ўсё ж такі запазычанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но́саль ’насач, насаты чалавек’ (Сцяц., Сцяшк. Сл.; шчуч., Сл. ПЗБ; Янк. 1; мазыр., Мат. Гом.), укр. носаль ’жук-даўганосік; малаток з доўгім канцом’, польск. дыял. nosal, nochal ’чалавек з доўгім носам’, чэш. nosal, славац. nosäl, nochal ’тс’., Суфіксальнае ўтварэнне ад нос 1 аднак незвычайны націск на корані, параўн. насар, насач і пад., а таксама украінскі адпаведнік схіляюць да думкі пра запазычанне з польскай мовы. Параўн. таксама каваль, маскиль і інш. утварэнні з суфіксам ‑аль, які трактуецца як запазычаны (Карскі 2–3, 25).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атачы́ць ’акружыць’ (Гарэц.). У рускай пашырана на захадзе, укр. оточити, польск. otoczyć ’тс’, чэш. otočiti, славац. otočiť ’акружыць, павярнуць, пакрыць, абвязаць’, славен. otočati ’акружаць’. Дзеяслоў точити засведчаны ў ст.-рус. у значэнні ’гнаць, ездзіць’, аналагічныя значэнні вядомыя сучаснай чэшскай і славацкай мовам, дзе таксама дзеяслоў točiti ўказвае на вакольны, кругавы рух, паварот. Гэта значэнне і было, відаць, першасным для пашыранага цяпер у шэрагу славянскіх моў значэння слова атачыць ’акружыць’. Улічваючы адзінкавасць беларускага прыкладу, можна меркаваць пра яго запазычаны (відаць, з польскай) характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Матэрыя ’аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе незалежна ад свядомасці чалавека’, ’рэчыва, з якога складаюцца фізічныя целы прыроды’, ’тканіна, матэрыял’, ’шаўковая тканіна’ (ТСБМ, Нас.), ’кроў’, ’гной з раны, сукравіца’ (Нас.; смарг. Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), матэравы ’тканкавы’ (Нас.), ст.-бел. материя (матерея, матерыя, матэрыя) ’матэрыя’ (XVI ст.). Запазычаны са ст.-польск. materyja ’тс’ (Краўчук, Праблемы філал., 60; Булыка, Лекс. запазыч., 191), якое з с.-лац. māteria ’рэчыва’, першаснае значэнне ’будаўнічае дрэва’, якое лічылася «маткай» (= асновай) усяго (Жураўскі, Зб. Крапіве, 142; Голуб-Ліер, 306).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мільён ’лік і лічба 1 000 000’, ’вельмі многа, мноства’ (ТСБМ, Касп., Яруш.), міліён ’тс’ (КЭС, лаг.), мільёншчык, мільянер ’уладальнік багацця’ (ТСБМ), ст.-бел. милионъ, мелионъ, миллионъ ’мільён’ (XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. milijon ’тс’, якое з с.-лац. millio, ‑onis (Булыка, Лекс. запазыч., 154). Аднак аўтары SWO (1980, 478) мяркуюць, што у польск. мову лексема прыйшла з франц. million < італ. millione, якое з павелічальным суфіксам ад mille ’тысяча’ (так Марка Пола, апавядаючы аб кітайцах, ужыў mille + one ’тысячышчы’ («Звязда», 1.5.1987, 4)).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анго́рскі ў выразах ангорская кошка, ангорскі трус, ангорская каза; анго́ры ’ангорскія трусы’ (Сцяшк. МГ). Рус. ангорский, укр. ангорський, польск. angora ’парода коз, авечак, трусоў, кошак’ і г. д. Крыніца слав. слоў — старая форма назвы сталіцы Турцыі Анкары і вілаета (вобласці) — Ангора, адкуль прыметнік; назоўнікі тыпу анго́ры трэба лічыць другаснымі, вытворнымі ад прыметнікаў. Непасрэднай крыніцай для бел. прыметніка з’яўляюцца, пэўна, руская і польская мовы; назоўнік ангоры мог быць утвораны на бел. глебе ад прыметніка ці запазычаны з польск. Гл. Супрун, Зб. Крымскаму, 123.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Драбяза́ ’драбяза, дробязь’ (БРС, Нас., Касп., Шат.), драбіза́ (Бяльк.), ’дробныя адходы саломы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. далей дробязга́ ’тс’ (Касп.), драбазга́ ’дробязь’ (Байк. і Некр.), драбязго́вы ’дробязны’ (БРС), драбязі́ць ’ісці дробным крокам’ (БРС). Пад праформай *drobězgъ Трубачоў (Эт. сл., 5, 118) аб’яднаў вялікую групу слоў тыпу бел. (укр. дрі́бʼязок, рус. дробезга́, польск. drobiazg, ст.-чэш. droběz і г. д.). Зыходным з’яўляецца дзеяслоў *drobiti і яго гняздо; суфіксацыя — *‑ězgъ. Ст.-бел. дробязкгъ, дробязокъ ’дробязь’ запазычаны, паводле Булыкі (Запазыч., 102), з польск. drobiazg.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́хадзень ’прышэлец, прыблуда’ (ТСБМ, Янк. 3., Нар. Гом.; ашм., Стан.), прыхо́дзень ’які прыйшоў з другога месца, прышлы’ (Ласт.), сюды ж прыхажа́кі ’прышлыя людзі’, прыхо́джы, прыхо́жы, прыхаджа́лы ’прышлы, нетутэйшы’, маст. прыхо́джы перан. ’запазычаны’ (паст., віл., трак., смарг., навагр., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. приходень ’прышлая асоба; чужаземец’, якое, паводле Жураўскага (SOr, 10, 40), запазычана з польск. przychodzień ’тс’, што, на думку Вярхова (Аб нек. асабл., 34, 37), неабавязкова ў сувязі з прадуктыўнасцю словаўтваральнага тыпу. Ад прыходзіць (гл. хадзіць) з розным суфіксальным афармленнем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)