Пя́каць1 ’падаць (пра плады); стукаць, пукаць, ляпаць’ (бых., Жыв. НС; Шат., Бяльк., Растарг.), пя́кнуць ’упасці; стукнуць’ (Бяльк., Пал., Растарг.), ’упасці’: пякнула яна з печы (рагач., Сл. ПЗБ), пя́кнуцца ’ўпасці, ляпнуцца аб зямлю’ (Бяльк.), пяк — выклічнік для перадачы гуку падзення на зямлю пладоў і дробных прадметаў або тупога ўдару (Нас., Растарг., Шат.), сюды ж, відаць, і пе́кнуць ’ударыць, грукнуць, ляснуць, сцёбнуць’: пе́кнуў воўка копу́том (ТС). Гукапераймальнае, параўн. славен. pekȅt ’тупат’, pekemáti ’тупат, цоканне (капытоў)’, якія Сной (435) выводзіць ад гукапераймання pek, што імітуе ўдары капытам або нагой; параўноўваюць з бел. пя́каць ’стукаць’, рус. упека́ть ’выгнаць’, роднаснымі да лат. pękât ’дыбаць, тупаць’, pęka ’лапа, нага’, гл. Бязлай, 3, 22; Сной₂, 504. Гл. таксама пекаць, покаць, пукаць, покаць.

Пя́каць2 ’класці, валіць адно на адно; замяшчаць, упіхваць’ (Нас.), пя́къць, пя́къцца ’працаваць празмерна, цяжка’ (міёр., Нар. лекс.), пя́кацца ’лезці, пхнуцца’: дзе ні трэба пя́каецца (Цых.); сюды ж, відаць, і рус. дыял. упя́кать ’паставіць каго-небудзь у непрыемнае становішча, увесці ў бяду’. Няясна, хутчэй за ўсё да пякаць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луп!1 — гукаперайманне для трэскання, лопання сухой скуры’ (Кліх), ’хваць!’ (Нас.), луп вачыма ’сорамна’ (Нас.; мсцісл., Нар. лекс.). Ва ўсх.-слав. мовах гэта лексема служыць у асноўным для абазначэння гуку пры падзенні, удары. Прасл. lupъ!, якое існавала побач з дзеясловамі lupiti, lupati. Параўн. літ. lùp! — для перадачы водгулля цяжкіх крокаў, лопату крыламі, хцівай яды, lū́p! — для выражэння інтэнсіўнасці дзеяння (Смаль-Стоцкі, Приміт., 24, 40, 163; Слаўскі, 5, 316–317; БЕР, 3, 514).

Луп2 ’рабунак, грабеж’ (Гарб.), ’вялікі хабар’ (Нас.). Укр. луп ’рабоўнік’, ’ваенная здабыча’, ст.-польск., каш. łup ’рабаванне’, ’здабыча з палявання’, ’рабунак’, чэш., славац. lup ’тс’. Бел. і ўкр. лексемы, магчыма, запазычаны з польск. Апрача гэтага значэння ў слав. мовах (параўн. рус. луп (на руках) ’лушчэнне скуры на руках’, польск. łup ’скура вужакі пасля лінькі’, ’скура, якая лушчыцца’, чэш. lup ’тс’, славен. lȗp ’лушпіна (яблыка, рэпы)’, серб.-харв. чак. lȗp ’скура, лушпіна’. Прасл. lupъ ’здзіранне (кары, скуры)’прабаванне, грабеж’ > ’тое, што садрана’ ўтворана ад lupiti (Слаўскі, 5, 313–315 і 348; Махэк₂, 341; Скок, 2, 331; Бязлай, 2, 156–157).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жале́йка ’музычны інструмент’. Рус. смал., тамб. жале́йка, тул., варонеж., разан., калуж., горк., пск., смал. желе́йка, пск., калін. жалея́ ’тс’. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1970, 7, 150), ад назоўніка жаль (гл.) з суф. ‑ейка па характары гуку, якім вылучаўся гэты народны інструмент. Дакладней, непрадуктыўны суф. ‑ейка суадносіцца з дзеяслоўнымі асновамі: варейка, лупейка, калатэйка (Сцяцко, Афікс. наз., 37), а значыць, не з жаль, а з жалець. Але ці толькі жаллівыя гукі выдае дудка? Даль побач з такім тлумачэннем дапускаў магчымасць суаднясення з жилиться (Даль, 1, 524), што не матывуецца, а таму мала верагодна. Трэба ўлічыць пск. же́ледь, же́ледка ’трыснёг, з якога робяцца дудкі, жалейкі’. Же́ледка магло пераўтварыцца ў желейка, жалейка. Пераход д > й адзначаецца яшчэ: маладзецмалайцы, радарайца (радца), Карскі, 351. Назвы муз. інструмента па матэрыяле сустракаюцца; параўн. ражок, рог, кастаньеты. У далейшым, верагодна, адбывалася кантамінацыя народнаэтымалагічнага характару з коранем жаль. Адносна паходжання желедь, желедка гл. у Фасмера, 2, 41, жёлдь I, дзе ён адкідвае сувязь з жалуд, прапанаваную Міклашычам (407), і схіляецца да думкі Шахматава пра першасную форму *жьлдь, што, аднак, не тлумачыць паходжання гэтага кораня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

настро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.

1. Надаць музычнаму інструменту пэўную вышыню гуку. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Тым часам Віктар настроіў гітару і прыемным барытонам пачаў спяваць. Ваданосаў.

2. Падрыхтаваць да работы, наладзіць, адрэгуляваць (пра механізмы). Настроіць станкі. // Прыстасаваць для прыёму хваль (радыё, магнітных і пад.). [Сенатар] настроіў тэлевізар на другую хвалю. Гамолка.

3. Выклікаць які‑н. настрой. Простая, знаёмая з.. маленства, работа дала [Сіротку] асалоду, дзіўна хораша настроіла, зрабіла добрым, лагодным, вясёлым. Шамякін. Багатая кватэра настроіла Дземідзецкага на вясёлы лад. Новікаў. На філасофскі часам лад Настроіш думкі ты ў самоце. Колас.

4. Выклікаць у каго‑н. якія‑н. пачуцці, думкі (у адносінах да каго‑, чаго‑н.). Настроіць усіх супроць сябе. □ Бацька навучыў мяне чытаць буквар і разам з маці так настроіў на вучобу, што я з радасцю пераступіў школьны парог. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

серабро́, ‑а, н.

1. Хімічны элемент, каштоўных высакародны бліскучы метал шаравата-белага колеру (выкарыстоўваецца для вырабу ювелірных рэчаў, пасуды, для чаканкі манет і пад.). Сплавы серабра.

2. зб. Вырабы з гэтага металу. [Клопікаў:] — Хапіліся сталовага серабра — а таго след прастыў. Лынькоў.

3. Дробная разменная манета са сплаву, у які ўваходзіць гэты метал або нікель. Кашалёк намацаў, серабром пабразгаў, Заходжу — паважаны купец. Панчанка.

4. перан. Што‑н. бліскучае, белае, якое колерам ці бляскам нагадвае гэты метал. Кранеш незнарок галінку — і пасыплецца проста за каўнер халоднае серабро. Гамолка. А сняжынкі падаюць чыстым серабром. Хведаровіч. / Пра сівізну. — Як гэта ён цябе?.. — не зразумеў Сымон і заскроб чорнымі пальцамі серабро сівізны. Нікановіч. // Белы з бляскам колер, афарбоўка чаго‑н. Месяц, яркі і круглы, абліў хвойнік расплаўленым серабром. Бядуля.

5. перан. Меладычнасць, звонкасць (голасу, гуку і пад.). На адгоне квартала — рассыпалася серабро сігнальнага званка. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ху́ткасць, ‑і, ж.

1. Ступень скорасці руху каго‑, чаго‑н. або распаўсюджання чаго‑н. Хуткасць палёту. Хуткасць святла. Хуткасць гуку. □ Ехалі з хуткасцю шэсцьдзесят кіламетраў у гадзіну. Гурскі. Поезд раптам здрыгануўся, зноў заляскаў буферамі, .. а потым марудна пачаў набіраць хуткасць. Кулакоўскі.

2. Ступень скорасці, з якой адбываецца якое‑н. дзеянне, працэс. Хуткасць рэзання. Хуткасць стральбы. □ Асаблівы непакой выклікаў той факт, што хуткасць асядання такой вялікай плошчы паверхні зямлі ўсё больш і больш паскараецца. Матрунёнак.

3. Ступень скорасці дастаўкі грузаў. Адправіць груз малой хуткасцю.

4. Ступень скорасці руху або вярчэння некаторых машын, якая залежыць ад парадку ўзаемадзеяння дэталей каробкі скорасцей. Уключыць хуткасць. □ [Ячны:] — Эй ты, Ластаўка! Трэцюю хуткасць уключым. Пайшла!.. Брыль. Так, ці даўно.. [Чыкуноў] як аб вялікім дасягненні пісаў вось аб гэтай канструкцыі механізма пераключэння хуткасці станка? Васілёнак.

5. У механіцы — адносіны пройдзенага целам шляху да адпаведнага прамежку часу. Раўнамерная хуткасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дгулле, ‑я, н.

1. Адбіццё гуку, рэха; водгук (у 1 знач.). Бой яшчэ не скончан. Б’юць гарматы, Аж гудуць ад водгулля лясы. Панчанка. У адным канцы сяла, ад пераезду, спявалі вясковыя дзяўчаты, і водгулле іх аднатоннай песні, адбіваючыся дзесь каля чыгункі, даносілася сюды цэлымі хвалямі мяккіх жалобных гукаў. Колас. Стрэлы пратрашчалі ў ранішнім паветры, водгулле гулка разнесла іх па далёкіх цяснінах. Быкаў.

2. перан. Тое, што і водгук (у 3 знач.). Пятлюк абвінавачваў мяне ў прыхільнасці да ясенінскай «кулацкай паэзіі», якая быццам з’яўляецца водгуллем варожай ідэалогіі ў літаратуры. Сабаленка. Ды будзе пратэз рыпець — як напамін, як водгулле тых бед, што прынесла вайна... Рудкоўскі. // перан. Пачуццё, якое з’яўляецца адказам на што‑н. Даўно ўжо юнацтва мінулася, А ўдзячнасць жыве ў душы, Водгуллем адгукнулася, Прыстала, сказала: пішы. Вітка. Мост павісне лёгка над вадой, у прасторы, гулкаю струной, і крануць яго з разгону колы — сэрца поўна водгуллем вясёлым. Русецкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адце́нне, ‑я, н.

1. Разнавіднасць якога‑н. колеру (гуку і пад.). Галава, шыя і ўвесь ніз у гэтай птушкі [сіваграка] блакітна-сіняга колеру з зеленаватым адценнем. В. Вольскі. Увесь мокры, у гразі, я стаяў і разглядаў вялікую, прыгожую, з бронзавым адценнем рыбіну. Ляўданскі. [Кандратовіч] прыгубіў шклянку з вадою. — Таварышы! — Голас яго гучны з металічным адценнем. Алешка.

2. Разнавіднасць якой‑н. з’явы; лёгкі адбітак чаго‑н. Недзе далёка прагрукаў гром, і зноў дрыготлівым адценнем далёкага святла праляцела ўначы бледная зарніца. Самуйлёнак. Густыя бровы, прычым левае з лёгкім заломам, надавалі твару адценне лёгкага здзіўлення і дзіцячай наіўнасці. Васілевіч.

3. Тонкая розніца ў ступені праяўлення пачуцця, настрою, стану і пад.; нязначнае змяненне сэнсу слова. Апошнія словы прафесар вымавіў з адценнем злосці. Галавач. — Для цябе, здаецца, усе харошыя, — з адценнем насмешкі заўважае Мартын. Колас. Будучы прызнаным знаўцам мовы,.. [Чорны] прагна ўслухоўваўся ў мелодыю сказа, у яго гукавыя і сэнсавыя адценні, з цікаўнасцю ловячы кожнае незнаёмае слова. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магі́ла, ‑ы, ж.

1. Яма для пахавання памёрлых. Капаць магілу. Засыпаць магілу. // Месца пахавання каго‑н., а таксама насып на гэтым месцы. Я ўсё шукаю матчыну магілу І не магу знайсці пасля вайны. Грахоўскі. // Месца, дзе загінуў хто‑н. Сябры, што загад атрымалі, Магутнаю рушылі сілай, І Прыпяці бурныя хвалі Для ворагаў сталі магілай. Нядзведскі.

2. у знач. вык. Разм. Аб чым‑н. вельмі небяспечным; смерць. Выйдзеш на дарогу, трапіш на фашысцкі патруль — і магіла. Новікаў.

3. у знач. вык. Разм. Будзе захавана ў тайне, у таямніцы. [Бондар:] — Вас, хлопцы, прашу — пра сямейны лагер ні гуку. Ведаем адны мы і — каб магіла. Навуменка.

•••

Брацкая магіла — агульная магіла воінаў, змагароў, загінуўшых за якую‑н. справу.

Адной нагой у магіле (стаяць) гл. нага.

Глядзець у магілу гл. глядзець.

Гнаць у магілу гл. гнаць.

Да (самай) магілы — да самай смерці.

Загнаць (увагнаць, звесці) у магілу гл. загнаць.

Знайсці магілу гл. знайсці.

Капаць магілу гл. капаць.

Легчы ў магілу гл. легчы.

На краі магілы гл. край.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трах, выкл.

1. Ужываецца як гукаперайманне для абазначэння моцнага адрывістага гуку, трэску. Узмахнула гадзюка Даўжэзным хвастом, Зачапіла палац, Грук і стук, грах і трах. Бядуля.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. трахаць — трахнуць і трахацца — трахнуцца. Прыйшлі яны ў лес, князь і кажа хлопцу: «Лезь на дрэва і паглядзі, ці не відаць адсюль твая хата». Залез той на хвою і крычыць: «Не, не відаць, ясны пане!» — «Ну і не пабачыць табе яе больш», — прамовіў князь і трах са стрэльбы. Хлопец зваліўся на зямлю. С. Александровіч. Двое салдат залазілі на бервяно і пачыналі біць адзін аднаго падушкамі .. Трах, бах падушкай, яшчэ ўдар, і бацька зляцеў з бервяна. Хомчанка.

3. у знач. вык. Разм. Ужываецца для абазначэння якога‑н. нечаканага дзеяння, учынку. Разаля ж — трах! — за капітана Раптоўна выйшла месяцы праз два. Корбан. [Дубель:] — За тое, што зайца забіў, дык ледзь са свету не зжыў [Палын]. Вымову без усяго ўсякага трах з занясеннем у асабовую справу. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)