По́вадзь (поваць) ’разводдзе, паводка’ (астрав., воран., Сл. ПЗБ), ст.-бел. поводь ’тс’ (Сл. Скар.). Укр. повідь, рус. поводь ’паводка’, польск. powódź ’тс’, чэш., славац. povoden ’тс’, славац. povodie ’басейн ракі’. Ад *po‑ і *vodъ ’водная прастора, шмат вады’ — бязафікснае ўтварэнне са значэннем зборнасці ад вада (гл.), параўн. бегаць ’мноства’ (ТС) ад багацце. Банькоўскі (2, 738) узводзіць да powodzić ’весці’, што сумнеўна з пункту погляду семантыкі. Сюды ж повадзь (поваць) ’многа’ (астрав., воран., Сл. ПЗБ), параўн. укр. повідь ’паводка’, перан. ’безліч’, польск. powódź ’тс’. Перанос паводле падабенства: ’вялікая колькасць вады’ > ’вялікая колькасць чаго-небудзь’. Параўн. яшчэ семантыку ст.-грэч. πέλαγοζ ’мора’, перан. ’акіян (вялікая колькасць), бязмежнасць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прастарна́к ’калочак, якім хлопцы прыбіваюць на начлезе лапці да зямлі ў соннага для жарту’ (Бяльк.). Няясна. Сюды ж пастарна́к (гл.), якое, паводле Лучыца-Федарца (там жа), да пастарнак ’расліна’. Але да апошняга ўзыходзіць, відаць, толькі значэнне ’галоўны корань яблыні’, а пастарнак у значэнні ’калочак пры вяроўцы, якім карыстаюцца пры навязванні жывёлы на пашы’ сумесна з прасторнак, відаць, звязаны з групай слоў тыпу штыр (гл.), рус. стырь; параўн. рус. пск. стыро́к ’шпянёк’, ’вось воза’ і інш. Не выключана сувязь з польск. pasternik ’агароджаная паша для цялят з шалашом для пастуха’, pasternia ’шалаш для пастуха’ (адносна іх гл. Банькоўскі, 2, 512), або з дзеясловам тыпу рус. стыра́ть ’дражніцца’, параўн. насты́рны (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пружы́на ’спружына’ (Скарбы), ’прыстасаванне для лоўлі дзікіх качак і звяроў’ (ТС). Рус., укр. пружи́на, польск. sprężyna, prężyna ’спружына’, в.-луж. pružina, н.-луж. pšužyna ’дзяржанне лука’, чэш. pružina ’прут’, славен. próžina ’спружына’, серб.-харв. пру̏жина ’будан (з галінак)’, балг. пръжи́на ’шост для ўмацавання снапоў на возе’. Прасл. *prǫžina (Трубачоў, Этимология–1963, 20), якое, паводле БЕР (5, 821–822), ад прасл. *prǫgъ (гл. пруг) з павелічальным суф. ‑ina. Інакш Махэк₂ (488): славянскае слова лічыць дэрыватам з суф. ‑ina ад прыметніка pružný, якое ад прасл. *pružiti, звязанага з прасл. *prǫgъ, *prǫga (гл. пруга). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 389. Сюды ж пружы́нка ’ручны рыхліцель’, ’спружыноўка’ (Мат. Маг.). Гл. спружына.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыва́біць ’імітуючы голас (звычайна птушак), паклікаць; прыцягнуць увагу, погляд і пад.’ (Шпіл., Нас., ТСБМ, ТС), пріва́біць (Бяльк.), прыба́віць ’прывабіць’ з метатэзай (ТС). Сюды ж вытворныя: прыва́ба ’тое, што прываблівае, прыцягвае да сябе, прынада; прывабнасць’ (Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., ТСБМ), ’пчаліная прынада’ (ваўк., лаг., Сл. ПЗБ; міёр., Жыв. НС), прыва́бнік, прыва́бачнік ’невялікі вулей, які ставяць на дрэве ў лесе для прываблівання пчол’ (ваўк., лід., нясвіж., Сл. ПЗБ; ЛА, 1). Узыходзіць да праславянскага прэфіксальнага ўтварэння *privabiti, якое ад *vabiti, гл. ва́біць. Укр. прива́бити ’прывабіць, прыцягнуць’, рус. дыял. прива́бить ’прынадзіць’, ст.-рус. прива́бити ’запрасіць, паклікаць; угаварыць, прыцягнуць да сябе’, польск. przywabić, чэш. přivabiti, серб.-харв. прива̀бити.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыгрэ́бка ’пограб, склеп; прыбудоўка перад уваходам у пограб, склеп’ (ТСБМ, Юрч., Жд.), прыгрэ́бак ’тс’ (Нар. Гом.), прыгрэ́бнік ’пограб, склеп; памяшканне над пограбам; прыбудоўка перад уваходам у пограб, склеп; пабудова са сценамі для гаспадарчых прылад’ (ТСБМ, Байк. і Некр.; брагін., ДАБМ; Жд., Ян.), прыгрэ́бня ’насціл над склепам’ (Ян.), прыгрэ́біца ’пограб; частка пограба (надбудоўка над ім), як бы сенцы’ (петрык., Маш.; чырв., З нар. сл.; слуц., Нар. словатв.), прыгрэ́бачка ’невялікі склеп’ (слонім., Сл. ПЗБ); сюды ж прыгрэ́бка ’прызба’ (Жд.). Аддзеяслоўныя назоўнікі ад прыгрэ́бці ’зграбаючы, сабраць, насыпаць’, прэфіксальныя да грэ́бці/грэ́баць (гл.) < прасл. *grebati/*grěbati, таксама *grebti (ЭССЯ, 7, 108–109, 109–110). Параўн. прыгрэбці́ ’прыгрэбці, закапаць (нябожчыка)’ (ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыле́пак ’патаўшчэнне на нітцы (пры прадзенні)’ (трак., Сл. ПЗБ), прыле́пка ’нітка, якая парвалася пры прадзенні і якую прыпралі зноў’ (свісл., Шатал.), прылёпка ’тс’ (круп., Нар. сл.), сюды ж мн. л. пры́лі́пкі ’бакавыя нарасці ў печаным хлебе’ (навагр., дзятл., Нар. сл., Жыв. сл.), прыле́паш ’нараст на буханцы хлеба’ (швянч., Сл. ПЗБ). Для часткі слоў, з улікам геаграфіі, можна дапусціць запазычанне з літ. príelipas, prìliepa ’патаўшчэнне на нітцы (пры прадзенні)’, príelipas ’бакавая нарасць ў печаным хлебе’, аднак астатнія, хутчэй за ўсё, да прыле́пваць, ляпі́ць (гл.), параўн. пры́лепень ’камячок бруду’ (чач., Жыв. сл.), укр. дыял. при́ліпка́ ’акраец’, рус. смал. приле́пушек ’тое, што прылеплена або прымацавана да нечага’, польск. przylepka ’нарасць ў печаным хлебе’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пры́міна ’жэрдка, якой прыціскаюць салому на страсе’ (ганц., Сл. ПЗБ), таксама пры́мі́ца, прамі́ца, прімні́ца ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (лун., Шатал.; ц.-палес., Нар. сл.; ТС; стол., ЛА, 4), мн. л. прі́мыцы ’пруты, якімі замацоўваецца салома на страсе’ (Шушк.), пры́мкі ’жэрдкі ў страсе’ (трак., Сл. ПЗБ); сюды ж больш далёкае ад словаўтваральнай асновы пры́йма ’тс’ (пін., Нар. сл.) з эпентэзай, якая, магчыма, з’явілася ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з пры́ймаць. Утворана ад прыміна́ць/прымя́ць, гл. мяць. Інакш Лаўчутэ (Балтизмы, 126), якая звязвае назвы на ‑іц‑ з літ. prìemietis, дыял. prýmietis, мн. л. prýmiečai ’калок, які ўваткнуты каля плотавага кала; падпорка, падбойка’, што фармальна цалкам верагодна, але семантычна няпэўна. Гл. прыні́ць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мроі, адз. л. мроя ’тое, што створана фантазіяй; мары, летуценні’ (ТСБМ), мройлівы ’жудасны’ (смарг., Сцяшк. Сл.), мроіцца ’сніцца’, ’здавацца’, мроіць ’марыць’, ’бачыць у прывідах’ (ТСБМ, Сцяшк.; Пасожжа, Крывіч, 5, 1923), мройна ’летуценна’ (Нар. Гом.). Укр. мрі́яти, мрі́ти ’здавацца’, ’марыць’, мрий ’змрочны’, мриво ’хмурнае надвор’е’, рус. мреять ’мільгацець’. Роднасныя да прасл. mьrěti (mьrějǫ) > паміра́ць, мара́ 1 (гл.). З’ява ‑oi̯‑ — дзеянне другаснага аблаўта oi паралельна з ě < ē (паводле рэгулярнага чаргавання ě/oi, напр., pěti — pojǫ, rějati — rojь) (Сольмсэн, Зб. Ягічу, 579; Міклашыч, 190; Фасмер, 2, 668; Варбот, Слав. и балк. языкозн. М., 1981, 52 і наст.). Сюды ж мра́іво, мрай (гл. Жучковіч, Местн. геогр. терм. в топоним. M., 1966, 22).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мста ’помста’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), ст.-польск., каш. msta, чэш. msta. Можна дапусціць запазычанне са ст.-польск. у бел. мову. Ва ўкр., рус. мовах месть, якое з прасл. mьstь (параўн. ст.-рус. мьсть, балг. мъст, ст.-слав. мьсть) < *mit‑ti‑s (Махэк₂, 382), роднаснае з мітусь (гл. Фасмер, 2, 608). Ад назоўніка быў утвораны дзеяслоў mьstiti > мьстити, а пазней — помста (гл.). Сюды ж мсці́цца, мсці́ць, мсці́вы, тураў. мсці́ву, слаўг., ветк. мслі́вы(й), мсці́вец (ТСБМ, Нас., ТС, Яруш., Сл. ПЗБ; Нар. словатв., Мат. Гом.). Крукоўскі (Уплыў, 118, 124) лічыць лексему мсці́вец калькай з рус. мститель. Не абавязкова. Магло быць і самастойнае адпрыметнікавае ўтварэнне накшталт ліслівец або запазычанае з польск. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Му́ляр 1, му́лір ’рабочы, які будуе з цэглы’, ’пячнік’ (ТСБМ, Яруш., Шн. 2, Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. муляръ, мураль, мураръ ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mularz, murarz ’тс’, якія (як і іншыя слав.: палаб. mau̯rnĕk, каш. mulåř, н.-луж. muŕaŕ, в.-луж. murjer, muler, славац. murár) узыходзяць да с.-в.-ням. mūrer (Булыка, Лекс. запазыч., 89; Трубачоў, Этимология–1973, 179). Гл. таксама мур, мурава́ць. Сюды ж му́ляр ’птушка, якая робіць гняздо з гразі’ (Совещ. ОЛА — Гомель, 234) — у выніку семантычнага пераносу.
Му́ляр 2 ’драўляны вугаль’ (хойн., Мат. Гом.). Да мі́лёр (гл.).
Муля́р ’жывапісец’ (глус., паўд.-усх., КЭС). Да маля́р, маляваць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)