адчыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

1. Адводзячы, знімаючы або адстаўляючы ўбок тое, чым перакрыты ўваход ці выхад, пройма ў якое‑н. памяшканне, у якую‑н. пасудзіну і пад., зрабіць даступнай унутраную або знешнюю прастору; адкрыць; проціл. зачыніць. Адчыніць хату. □ Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвіце, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў, Алесь і Юрка. Колас. // Зняць накрыўку; адвесці дзверы і пад. Адчыніць вароты. □ Данік не вытрымаў, узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў — не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны. Брыль. // Пусціць у памяшканне, даць увайсці каму‑н. [Рыгор] падняўся на ўсходы да свае кватэры і пазваніў. Ніхто не з’яўляўся адчыніць. Гартны.

2. Тое, што і адкрыць (у 3 знач.). Падабраўшы з сваіх «хлопаў» хлапцоў і дзяўчат, [пан Вашамірскі] адчыніў у сябе студыю. Бядуля. [Андрэй:] — Часцей заязджайце, ды, калі можна, кніжак і газетак нам сюды прышліце: на гэту зіму школку думаем адчыніць. Чарот.

•••

Адчыніць дзверы — а) даць шырокую дарогу для свабоднага паступлення куды‑н., стварыць спрыяльныя ўмовы; б) зайсці, наведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́клікаць, ‑клічу, ‑клічаш, ‑кліча; заг. вы́кліч; зак., каго-што.

1. Папрасіць, прапанаваць з’явіцца куды‑н. Выклікаць да начальніка. Выклікаць сведку ў суд. □ Пачуўшы пра гэтае самаўпраўства, Яўген Данілавіч загадаў неадкладна выклікаць Карніцкага ў райком. Паслядовіч. // Папрасіць выканаўцу выйсці на сцэну. Выклікаць артыста на «біс». // Прапанаваць (вучню, студэнту) адказваць. [Алёшу] выклікалі па алгебры і фізіцы, і па абодвух прадметы ён атрымаў «пяцёркі». Васілевіч.

2. на што. Прапанаваць прыняць удзел у чым‑н., схіліць на ўзаемнае дзеянне, пачуццё і пад. Выклікаць на сацыялістычнае спаборніцтва. Выклікаць на шчырую размову. □ — Калі б гэта было сто гадоў таму назад, — сказаў Міхась, — я на месцы Андрэя выклікаў бы Івана Барысаглебава на дуэль. Шахавец.

3. З’явіцца прычынай узнікнення чаго‑н., з’явіцца прычынай чаго‑н. Выклікаць апетыт. Гэта не выкліча цяжкасцей. □ Букрэева выдумка выклікала вясёлы настрой. Колас. Нават сам [Андрэй] не чакаў, што ўспамін аб Вользе выкліча такое хваляванне. Пестрак.

•••

Вы́клікаць да жыцця — стаць прычынай з’яўлення чаго‑н.

выкліка́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да вы́клікаць і выклікнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клі́каць, клічу, клічаш, кліча; незак., каго-што.

1. Голасна зваць, прасіць прыйсці, прыблізіцца або адгукнуцца. Клікаць людзей на дапамогу. Клікаць маму. // Запрашаць, зазываць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Клікаць на вяселле. □ Лемяшэвіч быў здаволены, што Арэшкін не з’явіўся клікаць яго на вячэру. Шамякін. // Падзываць, склікаць (жывёл, птушак). Клікаць курэй. □ — Кліч сабаку, Алесь, — згадзіўся і Федзя. — Пойдзем хутчэй. Ваданосаў.

2. Заклікаць, зваць да якіх‑н. дзеянняў. Клічуць свой народ бальшавікі На буржуяў павярнуць штыкі. Грахоўскі. // перан. Узнімаць, пабуджаць, быць матывам для чаго‑н. [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча іх да новых подзвігаў. Крапіва. // перан. Вабіць, прыманьваць. Часта маладосць кліча Надзю ў краіну светлых мараў, у свет радасных пачуццяў, асабліва з узнікненнем кахання да Андрэя. Хромчанка.

3. Разм. Называць якім‑н. імем, мянушкай. І помніцца мне першае каханне, З тых пор ніколі болей не кахаў. Так шчыра і так лёгка і так сумна, Як я кахаў яе — адну дзяўчыну. Якую людзі клікалі Алесяй. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куль 1, ‑я, м.

1. Тоўсты сноп выбранай няцёртай саломы, з якой звычайна робяць стрэхі. Малацілі да змроку. Тады Андрэй пачаў перабіраць салому на кулі, а Іван панёс коням канюшыну. Чарнышэвіч. Дзед Ігнат сядзеў на страсе і распускаў куль саломы. Васілевіч.

2. у знач. прысл. кулём. Пераварочваючыся, куляючыся ў час руху, падзення. З тэндэра кулём скаціўся ў будку качагар Юрка Лунец. Васілёнак. // Імкліва, вельмі хутка. Платон чагосьці шукаў. І Марына з жахам зразумела, што ён шукае сякеру. Ён усё мог зрабіць. І яна, ратуючыся, кулём кінулася ў хату. Ракітны.

куль 2, ‑я, м.

1. Вялікі, звычайна рагожны мяшок. Куль мукі. □ Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч.

2. Старая гандлёвая мера сыпкіх цел (каля 9 пудоў).

куль 3, ‑я, м.

Задняя частка рыбалоўнай снасці (невада, жака і пад.) у выглядзе вузкага доўгага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі. Касцы доўга не ляжалі, хоць хацелася прыдрамаць. Прычына гэтаму была сетка-таптуха, якая стаяла тут жа пад дубам, кулём угору. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. што. Згінаючы, завярнуць, падвярнуць канец або край чаго‑н. Загнуць канцы дроту. □ Адна палова .. [шыльды] прыбіта над брамай, а другую палову хтосьці адарваў і загнуў — заламаў. Галавач. // Зрабіць што‑н., надаўшы выгнутую форму. Загнуць дугу. Загнуць палазы.

2. Разм. Ідучы, завярнуць убок. Куды ж вы ішлі? — У сяло Сілічы. Пераглянуліся людзі. — Загнулі нічога! Гак не маленькі. Кіламетраў дзесяць лічы. Куляшоў.

3. перан.; што і без дап. Разм. Сказаць што‑н. непраўдападобнае, непрыймальнае, недарэчнае. — Антось Данілавіч, — звярнуўся .. [камісар] з прастадушнай сялянскай усмешкай да дзеда, — а пра Антонія Пячэрскага вы нам, здаецца, загнулі. Брыль. // Сказаць грубасць; вылаяцца. — Глядзіць на мяне барадач з-пад свайго кацялка і, здаецца, вось-вось загне: «пайшоў вон!». Брыль. Зашапталіся паціху... Хтосьці лаянку загнуў. Броўка.

4. перан. Адхіліцца ад правільнай лініі ў якой‑н. дзейнасці, справе; перастарацца. [Карызна] бачыў, што Пацяроб лішне загнуў, што ягоныя крыкі, пагрозы толькі адштурхваюць людзей, узнімаюць агульнае незадаволенне. Зарэцкі.

•••

Загнуць цану — надта дорага запрасіць за што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зваць, заву, завеш, заве; завём, завяце; незак., каго-што.

1. Голасам або кіўком запрашаць падысці ці абазвацца; клікаць. Зваць да сябе дзяцей. □ Дзед, здаецца, нічога не чуў і не цяміў. Ён толькі катурхаў сына, будзіў, зваў яго. Колас. // Запрашаць куды‑н. Рабочыя падкідвалі бацьку ўгору, качалі на руках, звалі да сябе ў госці. Лынькоў. На маёўку ў бліжнія бары завуць сяброўку юныя сябры. А. Вольскі. // Заклікаць, агітаваць да выканання чаго‑н. Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла. Купала. [Адась:] Трэба зваць сялян на дэманстрацыю, а там і на барыкады. Козел. // перан. Прывабліваць, прыцягваць. Вызначаюцца трохі шырокія далі, завуць яны да сябе сваім размахам і воляй. Чорны. Сонца.. вабіла і звала да сябе малога Янку. Бядуля.

2. Называць. Івана Сцяпанавіча і Мар’ю Сцяпанаўну Юра зваў татам і мамай... Васілевіч. Салаўіны гай, а побач — вёска, І завуць Мядзведзічы яе. Бялевіч.

•••

Памінай як звалі гл. памінаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звярну́цца, звярнуся, звернешся, звернецца; зак.

1. З’ездзіўшы, схадзіўшы куды‑н., вярнуцца назад. Вазакі звярнуліся за дзень па тры разы. □ — Віцька хутка звернецца, — расцягваючы словы, загаварыў вадалаз. — Ён на матацыкле, як на самім чорце. Чыгрынаў.

2. Накіраваць сваю дзейнасць на што‑н., узяцца за што‑н. Звярнуцца да вывучэння старажытных помнікаў. □ Узброены багатым папярэднім вопытам работы ў галіне сатыры, К. Крапіва звярнуўся да сатырычнай камедыі. «ЛіМ». // Накіраваць паўторна сваю ўвагу на каго‑, што‑н. Звернемся зноў да твораў Купалы і Багдановіча, у прыватнасці да вершаў «У піліпаўку» і «Ян і маці». Бярозкін. Прайшлі моўчкі. А потым Лясніцкі зноў звярнуўся да перарванай гутаркі. Шамякін.

3. Накіраваць свае словы, просьбу і пад. каму‑, чаму‑н., адрасавацца да каго‑н. з якімі‑н. словамі, просьбай і пад. — Хто мае яшчэ пытанні? — звярнулася Ліда да студэнтаў. Карпюк. [Букрэй] горача прывітаў партызан і асабліва дзеда Талаша з першым баявым хрышчэннем і звярнуўся да іх з заклікам не кідаць так удала пачатай справы змагання з гвалтаўнікамі-акупантамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ціць 1, мечу, меціш, меціць; незак.

1. у каго-што і без дап. Старацца папасці ў каго‑, што‑н.; цэліць. Наспяваўшыся, хлопцы пачынаюць кідацца шышкамі. Мецяць у пабелены каменны слупок на насыпе, які служыць нейкім чыгуначным знакам. Навуменка.

2. з інф. Мець намер, намервацца ажыццявіць якое‑н. дзеянне. Тут закаваны ланцугом Фугасы рурскай маркі, Што мецілі мой мірны дом Разнесці на кавалкі. Калачынскі. Хвастом віляе, а ўкусіць меціць. Прыказка.

3. Разм. Імкнуцца стаць кім‑н., заняць якое‑н., часцей больш высокае становішча. Дзіка і сама меціла не абы-куды, а ніяк не ніжэй, як у кандыдат навук. Васілевіч. // каго. Намячаць каго‑н. на якую‑н. пасаду, становішча і пад. Не было сакрэтам, што мецілі на .. пасаду [сакратара парткома] галоўнага тэхнолага. Карпаў.

ме́ціць 2, мечу, меціш, меціць; незак., каго-што.

Ставіць на кім‑, чым‑н. адметны знак, метку. Увечары Ліда расказала брату, як яна меціла птушак. Пальчэўскі. [Ян Лайган і Нікіфаровіч] сыходзіліся разам, нешта прыкідвалі, мецілі дошкі алоўкам і зноў браліся за гэблі і долаты. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

като́ры, ‑ая, ‑ае; займ.

1. пытальны. Які іменна, які з некалькіх? — Каторы агрэгат пойдзе першы? Хачу сам праехаць на сеялцы. Дуброўскі. // Які па парадку (пры падліку)? — А ты ў каторы клас хадзіў? — Хадзіў у чацвёрты і экзамены здаў. Чарнышэвіч.

2. неазначальны. Які-небудзь, некаторы. У гадах жанчына, а наўрад ці ўгоніцца за ёю каторы і малады. Даніленка.

3. неазначальны (звычайна са словамі «раз», «дзень», «год» і інш.). Не першы, не адзін. Масква, Масква, каторы раз Іду я плошчамі тваімі! Танк. Люба вось ужо каторую зіму вучыцца ў гімназіі. Мурашка. // Доўгі, працяглы (час). — Дажджу каторы час няма... І што гэта, хлопча, будзе?.. Брыль.

4. неазначальны; часцей мн. Разм. Паасобныя, некаторыя. Каторыя мужчыны дык хадзілі глядзець тую канаву, што выканаў Мікодым. Сабаленка. // Пры паўтарэнні ў пачатку кожнага сказа абазначае: адзін... другі... На картках там Дочкі яе і сыны. Каторая з дзіцем, Каторыя з сям’ёй, Каторая — ў школе, Каторы — герой! Броўка.

•••

Каторая пара гл. пара.

Куды каторы — у розныя бакі (разбегчыся, разляцецца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; заг. забудзь; зак.

1. каго-што або пра каго-што, на каго-што, аб кім-чым. Перастаць помніць; не захаваць у памяці. Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. — Э-э-э, чалавеча, тут ужо і забылі пра Тварыцкіх, даўно было. Чорны. // з дадан. сказам або інф. Не ўспомніць у патрэбны момант, выпусціць з-пад увагі. Я не забыў, што бомбаю варожай Маленства пакалечана маё. Свірка. Газу, магчыма, Забыў даць шафёр: Стала машына, Загл[у]хнуў матор. Нядзведскі.

2. каго-што. Пакінуць, не ўзяць з сабой па няўважлівасці. Маці, набыўшы трохі на двары, ішла зноў у дом — усё турбавалася, каб не забыць чаго ў спешцы збораў. Шахавец.

•••

Забыць дарогу куды — перастаць бываць дзе‑н.

Забыць (і) думаць — перастаць успамінаць, спадзявацца на што‑н.

На сябе не забыць — не ўпусціць сваёй выгады.

Не забыць — а) каго узнагародзіць, зрабіць паслугу, узяць пад апеку; б) каму чаго не дараваць каму‑н. чаго‑н.

Што я (ты, ён) там (тут) забыў? гл. я.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)