клін, ‑а, м.
1. Завостраны ўнізе і расшыраны ўверсе кусок дрэва або металу, якім расколваюць або заціскаюць што‑н. Дубовы Клін. Забіць клін у палена.
2. Вузкая трохвугольная ўстаўка ў сукенцы і іншым адзенні. Уставіць кліны ў спадніцу.
3. У гарматным затворы — частка механізма, які закрывае адтуліну артылерыйскай гарматы перад выстралам. Тырчэла пятка патрона, заціснутага клінам затвора. Шамякін.
4. чаго або які. Пра ўсё, што мае трохвугольную, завостраную з аднаго боку форму. Жураўліны клін. □ Тодар Шалюта сядзеў моўчкі, апусціўшы галаву з касым клінам валасоў на лбе. Дуброўскі.
5. у знач. прысл. клі́нам. Звужаючыся к аднаму боку. А над полем, што клінам упіралася аж у самую раку, у блакіце нябёс, трымцелі і нязмоўчна звінелі жаваранкі. Ляўданскі.
6. Частка зямельных угоддзяў, якая вылучаецца па якой‑н. прымеце. Азімы клін. Правы клін. Пасяўны клін. // Участак зямлі ўвогуле. За лугавінай пачынаўся чорны клін ворыва. Савіцкі. Праплыў, нібы зарава пажару, бярозавы гай, чырвоны клін скошанага поля грэчкі. Хомчанка.
•••
Забіць (загнаць) клін гл. забіць.
Куды ні кінь — усюды клін — за што ні вазьміся, чаго‑н. не хапае, усё не ладзіцца.
Свет клінам (не) сышоўся гл. свет.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́заць, мажу, мажаш, мажа; заг. маж; незак.
1. што. Пакрываць тонкім слоем чаго‑н. тлустага або вадкага. Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч. // Змазваць. Сяляне круцяцца туды і сюды з торбачкамі ў руках, пояць коней, мажуць калёсы. Бядуля. Усе хлопцы ўзяліся за апошняе, што было неабходным перад паходам — чысціць і мазаць зброю. Кулакоўскі. // Абмазваць для ўцяплення. Мазаць хату глінай.
2. што. Разм. Рабіць брудным, пэцкаць, пляміць. Мазаць стол чарнілам. □ Парадку дзеці не трымалі, І іх ніколі не сціскалі.. Так, Юзік пальцам поркаў страву І верашчакай мазаў лаву. Колас. // Пэцкаць пры дотыку (аб прадметах). Фарба мажа рукі.
3. што і без дап. Разм. Няўмела, непрыгожа маляваць або пісаць. Закарузлыя, крывыя пальцы, папаленыя ў кузні, лягчэй малатком па жалезу б’юць, [чым] пяром па паперы мажуць. Бядуля.
4. Разм. Рабіць промахі (у гульні, стрэльбе і пад.). Мы гулялі [у мяч] без ранейшага імпэту, неяк вяла, часта «мазалі». Васілёнак.
5. перан. Разм. Даваць хабар. [Грышка Верас:] — Эх мілы мой ты! за панамі Няма прадыху. Хто з грашамі І мажа збоку, — той і едзе, Так вось і робіцца, суседзе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. каго-што. Заняць чыё‑н. або вольнае месца; замяніць каго‑н. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж. Колас. // без дап. Заняць якую‑н. пасаду, прыступіць да работы. Заступіць на пасаду сакратара.
2. Прыступіць да работы, дзяжурства і пад., змяніўшы каго‑н. — Так і быць. — Конюх дастае з кішэні вялікі чыгунны гадзіннік. — Да дванаццаці ты дзяжурны, а там я заступлю. Курто. Увечары Міхалёў са сваім аддзяленнем заступіў у каравул. Хомчанка.
3. каго-што. Загарадзіць, засланіць сабой каго‑, што‑н. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна заступіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. Спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Мележ.
•••
Заступіць дарогу каму — а) нечакана з’явіўшыся перад кім‑н., спыніць яго рух. — Не, Якаў, даражэнькі! — Лукер’я заступіла яму дарогу. — Не, я цябе так не пушчу з хаты. Папалуднуеш разам з намі. Чарнышэвіч; б) перашкодзіць дзейнасці каго‑, чаго‑н. Бывае так, што чалавек табе ніколі, як кажуць, не заступаў дарогу, а ты яго неўзлюбіш па нейкім прадчуванні. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. чым. Рабіць узмахі, рухі ў паветры. [Чалавек] ішоў не спяшаючыся, махаў партфелем, нібы забаўляўся ім. Чарнышэвіч. Вяла махала крыллямі разамлелая галка. Адамчык. // каму чым і чым. Падаваць знак, сігнал. Параход плаўна адваліў ад прыстані. За яго кармой запенілася вада. Усё больш і больш аддаляўся бацька. Ён махаў Сашку рукою. Даніленка. З узгорка, як куля, шыбаваў Алесь, .. [Сцёпкаў] брат, і махаў шапкаю, каб Сцёпка спыніўся. Колас. // чым. Разм. Рабіць узмахі якой‑н. прыладай у час работы. Махаць сякерай. □ Гадзіннік захроп, зашыпеў і, набраўшы духу, бомкнуў адзін раз і зноў пачаў махаць маятнікам .. і стукаць: цік-так, цік-так... Брыль. Пакуль можна было касіць, махаў касою госць побач з Міканорам. Мележ.
2. чым. Трэсці чым‑н., пагражаючы каму‑н. [Бацька] з перакрыўленым тварам махаў пальцам перад .. [сынавым] носам. Карпаў. Махае на людзей кулакамі .. пан камендант. Бажко.
3. Разм. Хутка ісці, рухацца, шпарыць. — Эх ты, брат, і жук, — у сваю чаргу разгадаў яго думку Міхал і засмяяўся: — Махай дадому. Васілевіч. — Ты махай за вярбу, а я ціхенька зайду з другога боку куста. Ляўданскі.
•••
Хоць ты махалам махай — занадта многа каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́паліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Спаліць, знішчыць агнём, жарам. Пажар выпаліў увесь лес. Сонца выпаліла траву. / у безас. ужыв. Бацька некалі меў светлыя вочы і ўсё бачыў, як і кожны здаровы чалавек. Яму выпаліла зрок, калі ён працаваў на заводзе, дзе выплаўлялі медзь. Лынькоў. // Ачысціць абпальваннем. Выпаліць арганічныя прымесі. // перан. Выкараніць, знішчыць бясследна. Памяці аб вас [загінуўшых] з душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка.
2. Прапаліць, выпечы чым‑н. распаленым. Выпаліць дзірку. // Зрабіць распаленым жалезам знак, метку і пад. на паверхні чаго‑н. Выпаліць узор. □ Агонь на крылы маладыя плёснуў І выпаліў нязмыўнае таўро. Пысін.
3. што і ў чым. Кончыць паліць; прапаліць. Раніцай жанчына выпаліла ў печы, прыгатавала снеданне. Федасеенка.
4. Вырабіць абпальваннем. Выпаліць цэглу.
5. Разм. Выстраліць. Рыль.. трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін зах[о]д. Колас.
6. перан. Разм. Нечакана і хутка сказаць што‑н. — Зброя ў цябе ёсць? — ва ўпор выпаліў адзін з паліцэйскіх. М. Ткачоў. Вася адным дыханнем выпаліў свой нядоўгі жыццяпіс. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
садану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.
Разм.
1. што. З размаху ўсадзіць (што‑н. вострае). Садануць нож у спіну. // Торкнуць (локцем, пальцам і пад.). Барыс вымавіў усе прымаўкі адным дыхам, жартаўліва садануў вялікім адтапыраным пальцам Ігара ў бок. Асіпенка.
2. чым і без дап. Моцна ўдарыць. Адным імпэтным рыўком .. [Цярэшка] ўскочыў на ногі .. і ашалела садануў немцу ў сківіцу. Быкаў. Іван прыўстаў, убачыў па той бок стала перад сабой мокры і злосны Міцеў твар, адчуў соль у роце, размахнуўся і тым, што было ў руцэ — гранёнай шклянкай, — садануў Міцю ў твар. Кудравец. / у безас. ужыв. Яго саданула асколкам. // Моцна стукнуўшы, разбіць, разламаць што‑н. Адтапыраным локцем незнарок, вядома, садануў [хлопчык] у шыбіну, і тая толькі жаласліва дзынкнула і рассыпалася на дробненькія кавалачкі. Кавалёў. // што і без дап. Выстраліць па чым‑н. [Жыгунок:] — От жа саматужная смалакурня! Яно-такі сюды немец міну садане. Шарахоўскі.
3. што. Груб. Неспадзявана накіраваць што‑н. (скаргу і пад.) на каго‑н. [Бялькевіч:] — Нічога я не чуў, — кажу. Толькі, думаю, што Дзямешка намяшаў рознага. Дакладную ж, мабыць, садануў? Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саро́мецца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; незак.
1. Адчуваць сорам, няёмкасць за свае паводзіны, учынкі і пад. [Максім] лавіў сябе на тым, што зайздросціць Мікодыму, і саромеўся гэтага. Машара. Пра гісторыю з лыжамі Воўка саромеўся расказваць у класе. Кавалёў. Пасля.. [Саша] прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям’і, расла без маці. Шамякін.
2. Адчуваць няёмкасць, бянтэжыцца, канфузіцца. Анежка ж, апынуўшыся ўпершыню на такой адзіноце з.. [Алесем], саромелася і таксама маўчала. Броўка. З імі быў Пеця Зварыкін — ціхі, непрыкметны юнак з доўгімі рукамі, якіх ён вельмі саромеўся і таму заўсёды трымаў за спіной. Васілёнак. // з інф. Не адважвацца рабіць што‑н. з-за няёмкасці, сарамлівасці. [Санька] падцягваць саромеецца, бо вельмі ж у яго тонкі голас супраць баса дзядзькі Якуба. Якімовіч. Валя саромеецца хадзіць на гэтыя вечарынкі і сядзіць вось так доўгімі вечарамі. Шамякін.
3. (звычайна з адмоўем). Не цырымоніцца з кім‑н.; дзейнічаць бессаромна, бесцырымонна. — Жылаваты чалавек ты, браце! — падумаў Лабановіч: — Нават за напісанне ліста не саромеешся браць сала. Колас. Не саромеўся [Андрэй] нахлусіць сябру пяць карабоў з коптурам, каб толькі выставіць сябе перад ім ад важным і смелым. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бязмо́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які нічога не гаворыць, маўчыць. Была Аксіння бязмоўная, ціхая. Свядомасць вярталася да яе. Вярцінскі. // Які неахвотна гаворыць, не любіць гаварыць; маўклівы. Строгі, амаль бязмоўны палкоўнік, здаралася, выклікаў Ніну ноччу. Васілевіч. // перан. Які не адважваецца, не асмельваецца падаць свой голас; баязлівы. [Ярохін:] — Чалавек павінен быць вясёлы, жыццярадасны, і няма ніякай патрэбы ператварацца яму ў нейкую бязмоўную мумію. Шамякін. Будучы пісьменнік бачыў, як уласніцтва, кожнадзённы клопат пра кавалак хлеба ў хаце, вечныя нястачы нявечылі жыццё жанчыны, ператваралі яе ў парабчанку, у бязмоўную служку мужа і свёкра. Кудраўцаў. // Які выражаецца без слоў, не суправаджаецца словамі. Бязмоўны погляд. □ І я чытаю ў.. [вачах], як і тады, адно бязмоўнае пытанне: «Ці праўда гэта, што ты — мой найлепшы друг?» Брыль. Міхась стаіць, знявагі поўны, І погляд кідае бязмоўны. О, колькі крыўды ў ім, абразы!.. Колас. // перан. У якім не чуваць ніякіх гукаў; ціхі. Бязмоўны лес. □ Чэсік любіць блукаць па гэтых бязмоўных могілках. Васілевіч. // перан. Такі, дзе адсутнічаюць гукі мовы, гаворка. Білі барабаны, гайдалася, як ніва перад бурай, бязмоўная плошча, і каб гук, каб крык ці плач — толькі гром барабанаў. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пук 1, ‑а, м.
1. Звязка, ахапак якіх‑н. аднародных прадметаў. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. [Валька] агледзела ўсё і ўбачыла на стале велізарны пук кветак у белым бліскучым гладышы. Мікуліч. // Пасма (валасоў, поўсці і пад.). Яна была вельмі прыгожая, гэтая дзяўчына. З-пад пілоткі выбіваўся пук залацістых [валасоў]. Асіпенка.
2. Сукупнасць чаго‑н., што разыходзіцца, пачынаецца з аднаго месца, адной кропкі. Шчаняты спалі ў цесным клубку на падлозе, у пуку сонечнага прамення з акна. Чорны. Зрабіўшы разварот на пожні, Змітрок выраўняў машыну і ўключыў фары — два пукі святла прабілі цемру перад трактарам. Хадкевіч. [Правады] збягаліся ў адзін пук і хаваліся ў круглай адтуліне. Шыцік.
3. Разм. Сцябло зялёнай цыбулі з суквеццем наверсе. Цыбуля пайшла ў пукі.
пук 2, ‑а, м.
Разм. Самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго‑н. І тут на горцы, на самым пуку, дзе яна [жанчына] была з гадзіну назад, узнялася раптам вялікая хмара пылу. Місько. Месяц заплыў яшчэ вышэй і як бы на хвіліну прыпыніўся, застыў у самым пуку неба. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ноч, ‑ы; мн. ночы, начэй, начам, ночы, начамі, начах; ж.
Частка сутак ад захаду да ўсходу сонца, з вечара да раніцы. Да позняй ночы. Глухая ноч. □ Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны. Брыль. Ноч выдалася зорная, цёплая. Якімовіч. З-за мяне маці не спіць цэлымі начамі. Бядуля.
•••
Белыя ночы — кароткія ночы на поўначы, калі вечаровы змрок непасрэдна пераходзіць у ранішняе світанне.
Палярная ноч — частка года за палярным кругам, на працягу якой не ўзыходзіць сонца.
Варфаламееўская ноч — масавае знішчэнне бязвінных людзей (назва ўзнікла пасля знішчэння гугенотаў католікамі ў Парыжы перад святам «святога Варфаламея» 24 жніўня 1572 г.).
Вераб’іная ноч — а) тое, што і рабінавая ноч; б) самая кароткая летняя ноч.
На ноч гледзячы гл. гледзячы.
Ноч у ноч — кожную ноч.
Рабінавая ноч — цёмная летняя ноч з громам, маланкай, праліўным дажджом або толькі з бесперапыннымі зарніцамі. Ноч была рабінавая: раз-пораз грымелі перуны, жахалі маланкі, па густым чарналессі шоргаў дождж. Сабаленка. — Бываюць .. такія ночы, што дажджу няма, а бліскае з вечара да раніцы. Такія ночы ў нас называюць рабінавымі... Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)