сузіра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не цікавіцца тым, што яго акружае; бяздзейны, пасіўны. [Селянін] — не пасіўная, сузіральная асоба і далёка не абыякава ўспрымае ўсё тое, што пасылае яму лёс. Навуменка. // Уласцівы такому чалавеку. Сузіральныя адносіны да рэчаіснасці. // Звязаны з працэсам сузірання (у 1 знач.). Пісьменнік паступова падымаецца ад сузіральнага чалавекалюбства «Сястры» да гуманізму актыўнага. Адамовіч.
2. Схільны да сузірання (у 2 знач.). Сузіральная натура. // Уласцівы такому чалавеку. Тут прыемна пасядзець, адпачыць у духмяным цяньку, падумаць аб мінулым, настроіцца на сузіральны лад. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сустрака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сустрэцца.
2. Трапляцца, надарацца; бываць. Толькі ўсе былі ўзброеныя абы чым: большасць мела .. бамбукавыя пікі, але сустракаліся і стрэльбы, і рэвальверы. Маўр. Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы, затое дзікіх звяроў і птушак было тут вялікае мноства. В. Вольскі. // перан. Бываць, мець месца. Разам з тым трэба прызнаць, што ў нашым асяроддзі яшчэ сустракаюцца выпадкі п’янства, рвацтва, парушэння сацыялістычнай дысцыпліны. Машэраў.
3. Зал. да сустракаць (гл. сустрэць у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тылавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да тылу (у 2–4 знач.). Тылавы раён. □ Для бітвы за Беларусь адлівалі танкавую браню на Урале, рабілі самалёты ў далёкіх тылавых гарадах, вучылі нястомна тысячы салдат. Мележ. На дапамогу тылавым ахоўным часцям былі кінуты лепшыя кадравыя дывізіі з танкамі. Шамякін. // Які знаходзіцца ў тыле (у 2 знач.). І тут, у тылавым шпіталі,.. [Дзям’яна] адразу ўсе заўважылі. Лупсякоў.
2. Тое, што і тыльны (у 1 знач.). З тылавога боку да лазні шчыльна падступаюцца густыя альховыя кусты. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тырча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Разм. Тое, што і тарчаць. То там, то сям высока ў небе тырчалі трубы фабрык і заводаў. Колас. На лесвіцы нікога не было. Толькі ў шчыліне дзвярэй тырчала нейкая блакітная паперка. Арабей. Падышла царэўна да рыцара і ўбачыла на яго руцэ свой залаты пярсцёнак, а з кішэні ражок бацькавай хустачкі тырчыць... Якімовіч. Нікому не хацелася тырчаць на вуліцы, калі тут будзе рабіцца сапраўдны цуд, калі будзе рыхтавацца выбух, які пачуюць ажно ў самім Берліне. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыстакро́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Чыстай, не змешанай пароды (пра жывёл). — Гэта не трус, а трусіха, — нахмурыўшыся, адрэзаў Дапік. — І прытым не абы-якая трусіха, а чыстакроўная «белы велікан». Краўчанка.
2. Разм. Сапраўдны, праўдзівы. Гэта — чыстакроўная арыстакратка, і нізавошта мяне не прызнала б за чалавека, калі б я стаў нават мільянерам! Карпюк. [Драздовіч:] — Яго [Павалковіча] тут старым кавалерам завуць, шляхціцам. Хоць ніякі ён не шляхціц, з дзеда-прадзеда чыстакроўны мужык. Машара. // Тыповы, яскрава выражаны, характэрны для каго‑, чаго‑н. (пра чалавека). Чыстакроўны паляшук. Чыстакроўны немец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шапаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак.
Абзывацца шолахам; шумець чым‑н. сухім. Толькі дробныя кроплі дажджу шапацелі ў маладых таполевых лістках. Шахавец. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. Вось і ліпень настаў. Наліваўся ячмень за ракою, шапацелі абапал дарогі аўсы. Грахоўскі. // чым. Утвараць шолах, шум. Шапацелі маладой лістотай бярозы і таполі на школьным двары. Навуменка. Зірнеш, і не верыцца, што не так даўно тут шапацела ніва спелымі каласамі пшаніцы. Пальчэўскі. / у вобразным ужыв. Шапаціць зялёным шоўкам Беларуская вясна. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
электры́чнасць, ‑і, ж.
1. Форма матэрыі, якая складаецца з зараджаных часціц: электронаў, пазітронаў, пратонаў і пад. Тут жа, у лабараторыі, на спецыяльнай устаноўцы займаюцца вывучэннем атмасфернай электрычнасці. «Маладосць». // Раздзел фізікі, які вывучае электрычныя з’явы. Даследаванні ў галіне электрычнасці.
2. Такая форма энергіі, якая выкарыстоўваецца ў народнагаспадарчых і бытавых мэтах. Электрычнасць прымушае працаваць станкі, рухае паязды і электракары, плавіць метал, лечыць хворых, доіць кароў, стрыжэ авечак. Рунец.
3. Асвятленне, якое атрымліваецца ад электраэнергіі. Стася ўключыла электрычнасць, і я разгледзеў лейтэнанта ўважлівей. Навуменка.
[Ад грэч. ēlektron — янтар.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Мы́ла 1, му́ло, драг. мэ́ло, бран. мы́лца ’рэчыва з тлушчу і шчолачы, якое ўжываецца для мыцця’, (перан.) ’белая пена ў коней ад поту’ (ТСБМ, Бяльк., КЭС, Сл. ПЗБ, Растарг.), шальч., гродз., драг. ’нясмачныя ежа’ (Сл. ПЗБ). Укр. мило, рус. мыло, польск., н.-, в.-луж. mydło, чэш. mýdlo, славац. mydlo, славен. mílo, серб.-харв. ми̏ло, ц.-слав. мыло. Прасл. mydlo, утворанае ад myti > мыць (гл.). (Міклашыч, 207; Фасмер, 3, 24). Аднак Трубачоў (Этимология–1963, 42) пераканаўча абгрунтоўвае пачатковую прасл. рэканструяваную форму ў выглядзе mūtlo. Сюды ж мыліцца ’намыльвацца’, мыліць ’распускаць мыла ў вадзе’ (ТСБМ, Юрч., Бяльк.).
Мы́ла 2 ’памылка’, мыла зʼесці ’памыліцца, атрымаць адмову’ (Нас.). Можна бачыць тут кантамінацыю польск. myłka ’памылка’, mylać, mylić ’памыліцца’ і бел. мыла ’нясмачная ежа’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Напатоліць ’задаволіць’: Цэлага быка зарезаў… то ўсʼих напатолʼиў на вʼасʼелʼлʼи (Сцяшк. Сл.). Вытворнае ад патоля (гл.), якое ў беларускіх гаворках мае розныя значэнні; тут найбольш падыходзячым з’яўляецца значэнне ’воля’, параўн. задаволіць. Няясна, ці звязана з польск. (мальборк.) napatolić sie ’прыйсці ў госці без запрашэння, нечакана’, якое Непакупны звязвае з назвай прускага бога Patollus, Patols (Potols), што літаральна значыла ’падземны’ (г. зн. чорт), параўн. як з пад зʼямлі чорт прынёс ’пра нечаканага наведвальніка’ (Непакупны, Связи, 138–139; Лаўчутэ, Балтизмы, 81), да апошняга параўн. патоля ’непрыемнасць, скруха’ (гродз., Сцяшк.). Бел. напатоліць, калі яно нейкім чынам і звязана з указанымі словамі, выразна дэманструе уплыў семантыкі славянскага *toliti ’заспакойваць, задавальняць’, параўн. рус. утолить голод і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Понт ’бачнасць (памылковая)’ (Мат. Гом.), панто́вы ’добры’ ў выразе: Яна дзеўчына пантовая, што і казаць (Жд. 1) — магчыма, тут маецца на ўвазе ’добры з выгляду’. Найбольш верагодна з рус. жарг. понт ’падман, хітрасць’, для понту ’для выгляду’, понт бить ’выяўляць з сябе чэснага чалавека’, паходжанне якіх не да канца высветленае. Параўн. балг. жарг. пунт ’падман’ ад тур. punt ’падман, хітрасць’ < італ. punto (БЕР, 5, 854), параўн. таксама італ. puntèllo ’хітрасць’; серб.-харв. punta ’падман’. Скок (3, 78) выводзіць з ням. Bund ’узрушэнне ад несапраўднай весткі’ і суадносіць з bunt ’узрушэнне, бунт’, што сумнеўна. Танкоў (Опыт исследования воровского языка, Казань, 1930, 15) звязвае з франц. ponter ’панціраваць, рабіць стаўку ў гульні’, што тлумачыць рус. жарг. пантер ’ігрок-аферыст’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)