Понт ’бачнасць (памылковая)’ (Мат. Гом.), панто́вы ’добры’ ў выразе: Яна дзеўчына пантовая, што і казаць (Жд. 1) — магчыма, тут маецца на ўвазе ’добры з выгляду’. Найбольш верагодна з рус. жарг. понт ’падман, хітрасць’, для понту ’для выгляду’, понт бить ’выяўляць з сябе чэснага чалавека’, паходжанне якіх не да канца высветленае. Параўн. балг. жарг. пунт ’падман’ ад тур. punt ’падман, хітрасць’ < італ. punto (БЕР, 5, 854), параўн. таксама італ. puntèllo ’хітрасць’; серб.-харв. punta ’падман’. Скок (3, 78) выводзіць з ням. Bund ’узрушэнне ад несапраўднай весткі’ і суадносіць з bunt ’узрушэнне, бунт’, што сумнеўна. Танкоў (Опыт исследования воровского языка, Казань, 1930, 15) звязвае з франц. ponter ’панціраваць, рабіць стаўку ў гульні’, што тлумачыць рус. жарг. пантер ’ігрок-аферыст’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)