Рыдня, рыдзіонка ’хата’ (Дмитриев, 241), рэдня́, рыдня́ ’тс’ (Доўн.-Зап., Шн., 23, 191), рыделька ’тс’ (Дэмб.), рыдзелька (свянц., лепей.), рыдзелка (арш.), грэдзенька (віц.), рыдля (Шн.). Нікольскі сцвярджае, гэта месца жыцця святых, суадносячы лексему з дзеясловам рыць, ад якога і паходзіць ры́для ’будыніна, ніжнія вянкі якой знаходзяцца ў зямлі’. Разам з тым ён дапускае, што рыдля — ’гумно’, у якім ток выраўноўваецца рыдлёўкай. Апошняе здаецца непраўдападобным. Хутчэй за ўсё тут маецца семантычны перанос: ’жыллё’ — ’гаспадарчы будынак’. Але гэту лексему не трэба атаясамліваць з брэсц. рыдля ’драўляны каркас у цаглянай сцяне’ (гл.). Бел. рыдня нельга аддзяліць ад віц. грыдня ’дом, хата’, ’гумно, дзе складалі збожа’, ці ад грыня, у якім ‑дн‑ перайшло ў ‑нн‑, а апошняе ў ‑н‑. Калі ўлічыць, што пачатковае г‑ у бел. гаворках магло перад зычнымі знікаць, можна сцвярджаць, што ўсе вышэй пададзеныя варыянты ўзыходзяць да ст.-бел. гридня ’прыбудова да княжацкага палаца, дзе знаходзілася варта або слугі’, ’зала для гасцей’, ’турма’, якое з’яўляецца працягам стараж.-рус. гридня ’памяшканне для целаахоўнікаў’. Апошняе паходзіць ад гридь ’грыдзь’ < ст.-сканд. griđi ’целаахоўнік’ (Фасмер, 1, 458; Лучыц-Федарэц, БЛ, 17, 65–66).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́радзь, скарада́ ‘жмінда, скнара’ (Касп.), скарэ́да ‘тс’ (Сержп., Растарг.), ска́ріда ‘нягодны; сквалыга’ (Бяльк.), ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’, ‘благі, кепскі’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. ска́рідь ‘погань’, рус. ска́ред, ска́реда ‘сквапны, сквалыга’, польск. szkarada ‘брыда’, чэш. škareda ‘пачвара’, славац. škaredý ‘агідны, брыдкі’, в.-луж. škerjeda ‘бруд, гідота’, н.-луж. škarjeda ‘тс’, серб.-харв. ска̏редан ‘брыдкі, непрыстойны’, балг. скаре́ден ‘эканомны, скупы’, радоп. ска́радлиф ‘лютаежлівы, капрызны ў ядзе’, макед. скареден ‘непрыстойны’, ст.-слав. скарѧдъ ‘брудны, агідны’, якія працягваюць прасл. *skarędъ; апошняе мае паралелі ў ст.-інд. ava‑skaras ‘экскрэменты’, apa‑skaraḥ ‘тс’, ст.-ісл. skarn н. р. ‘гной’, ‘памёт’, лац. mūskerda ‘мышыны кал’ і г. д. Іншыя версіі і літ-py гл. Фасмер, 3, 634; Глухак, 553; БЕР, 6, 729; ЕСУМ, 5, 266 (скаре́да ‘скнара’ лічыцца русізмам). Сумніўна Жураўскі (Гіст. лекс., 92), які ст.-бел. скаредный ‘агідны, брыдкі’ лічыць паланізмам пры наяўнасці стараж.-рус. скарѧдъ, скарѣдъ ‘агідны’, серб.-ц.-слав. скарѣдъ ‘тс’. Гл. таксама шкарадзь. Магчыма, сюды ж карадлівы ‘чуллівы, крыўдлівы’ (Нас.), асабліва кара́дзіцца (гл.), сярод значэнняў якога ‘прыкідвацца бедным, сквалыжнічаць’. Гл. Мяркулава, Этимология–1973, 56.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смя́дзіць (сьмя́дзіць) ‘чадзіць, дыміць’ (Бяльк.), ‘рабіць смуглым’ (Стан.), сюды ж смя́ды (сьмя́ды) ‘чарнявы, смуглы’ (там жа), засмя́дзіць ‘абпаліць’ (Бяльк.), ст.-бел. смѣдыи, смедыи ‘пачарнелы, смуглы’: смеда есмъ, понеже ожьгло мѧ солнъце (Скарына; Карскі 2–3, 476), смядость ‘чарната, смугласць’ (Ст.-бел. лексікон), смѧдъ ‘пачарнелы, смуглы’ (Альтбаўэр), Смядынь — рака ў Смаленскай вобл. (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. сня́діти ‘плеснявець, пакрывацца сліззю’, сни́діти ‘выцвітаць; рабіцца брудным, іржавым’, рус. Смедва, Смедовка — назвы рэк у Тульскай і Разанскай губ., польск. śniedzieć ‘пакрывацца вокіслам медзі’, старое śmiady ‘смуглы’, чэш. snědý ‘смуглы’, старое smědý ‘цёмна-карычневы’, славац. snedý ‘тс’, славен. smẹ̑d ‘тс’, серб.-харв. сме̏ђ ‘карычневы, кары; смуглы, гнеды’. Прасл. *směditi, *smědъ(jь), роднаснае гоц. bi‑smeiten ‘запляміць, пэцкаць’, ст.-в.-ням. smīzan ‘фарбаваць, мазаць; біць, удараць’, англ.-сакс. smittian ‘запляміць, запэцкаць’, smitte ‘пляма’ < і.-е. *smeid‑, гл. Покарны, 966. Збліжаюць таксама з *mědь (Брукнер, 633; Бернекер, 2, 46), з літ. smėlus ‘светла-шэры’, pasmėlęs ‘карычняваты’, літ. smélti ‘цямніць, брудзіць, бляднець’ < і.-е. *smel‑ ‘тлець, жэўраць’, ад якога і *smaliti, гл. смаліць (Махэк₂, 662). Гл. Фасмер, 3, 684; Бязлай, 3, 269; Глухак, 565; ЕСУМ, 5, 339.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трон1 ‘багата аздобленае крэсла манарха’, ‘улада манарха, сімвал улады’, ‘пасад’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. тронъ (фронъ) ‘апостальскі сан, вышэйшы пасад, прастол’ (1596 г.), якое са ст.-польск. tron (XV ст.) < лац. thronus (Станкевіч, Язык, 833; Булыка, Лекс. запазыч., 34), а апошняе — са ст.-грэч. θρόνος ‘высокае крэсла з зэдлікам пад ногі’, ‘прастол, трон’, пазней ‘кафедра’; ‘падпора, стойка’, роднаснымі да яго з’яўляюцца лац. firmus ‘моцны, трывалы’, ст.-інд. dhāráyati ‘падтрымлівае’, ‘заключае ў сабе’, dhiī́ra‑ ‘цвёрды, моцны’ (Борысь, 642; Фасмер, 4, 105; Чарных 2, 264; ЕСУМ, 5, 648). Параўн. старое макед. троњ ‘ложак’: го пуштиф пот троњ, се качи на троњ (Попаўскі, Гостивар, 103), відавочна, пранікненне з грэчаскай мовы, што захавалася ў фразеалагізме, які адпавядае пусці свінню пад стол, то яна захоча на стол.

Трон2 ‘рыбін тлушч’ (Арх. Вяр.), ст.-бел. транъ, тронъ ‘ворвань’ (ГСБМ). Запазычана праз польск. tran, tron ‘тс’ з нованям. Tran ‘рэдкі тлушч, атрыманы з марскіх жывёл і рыб’ (Вінцэнц), магчыма, пры пасрэдніцтве мовы ідыш, параўн. tron ‘рыбін тлушч’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 806). Гл. тран.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стужа́ць1 ‘зрабіцца цвёрдым, тугім’ (ТС, Сцяцко Сл., Скарбы), сту́гнуты ‘зацвердзяваць, чарсцвець’ (Вярэн.), стужі́ты ‘трошкі зацвярдзець, падшэрхнуць’ (Сл. Брэс.). Да тугі (гл.).

Стужа́ць2 ‘турбаваць частымі напамінкамі або просьбамі’ (Нас.), ст.-бел. стужати ‘прыгнятаць, уціскаць’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. стужа́ти ‘турбаваць, мучыць’. Да туга (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трасця́ніца ‘арэшнік’: бегла цераз трасьця́ніцу, гарэхаў табе нарва́ла (Сцяшк. Сл.). Вытворнае ад тросць1 (гл.), самае пашыранае значэнне якога — сцяблістыя расліны, параўн. трысцянка (гл.), укр. тростяни́ця ‘травяністая расліна сямейства злакавых, Scolochloa Link.’, дыял. тро́щі ‘хмыз, дубцы’, а таксама мікратапонімы Трасцяне́ц ‘пералесак’, Трасцянкі́ ‘лес’ (Мікратапанімія Бел.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяве́ц (певец) ’журавель’ (пстрык., Мат. Гом.). Табуізаваная назва жураўля, від слоўнай магіі, параўн. весялец ’тс’ (коб не журыліс цальны год, то мы зовом іх весельцэ, КСТ); ад пявец ’пявун’, пець ’спяваць’ (гл.), параўн. ст.-бел. півец, певец ’пеўчы’: послухати гудебъ и певъцовъ царевыхъ (Сл. Скарыны).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рабава́ць ’забіраць сілай, разбоем’ (ТСБМ, Нас.; астрав., даўг., Сл. ПЗБ), ’разрабляць, бушаваць’ (Нас.), ст.-бел. рабовать, рабовати (з канца XVI ст.). Праз польск. rabować з ням. rauben ’рабаваць’ (Брукнер, 451); паводле Нававейскага (Zapożyczenia, 83, 261) “starsze zapożyczenie adaptowane” з с.-в.-ням. rouben ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Радзі́на ’сям’я’, ’радня’, ’родзічы і сваякі’ (ТСБМ, Касп., Шн. 3, Ян., Янк., Мат. Гом.), родзі́на ’радня; нешта блізкае, падобнае’ (ТС), ’сям’я і сваякі’ (Варл.). Даўняе запазычанне з польскай мовы, фіксуецца ў Скарыны (Цвяткоў, Запіскі, 2, 63), параўн. польск. rodzina ’тс’ (< чэш. rodina), ст.-бел. родина.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́біць ’працаваць, рабіць’ (Нас., Бяльк., Жд. 2, Сцяшк.; міёр., З нар. сл.; Байк. і Некр.; віц., валож., іўеў., лун., калінк., ЛА, 2) ро́біць сена ’касіць сена’ (калінк., ЛА, 1), ст.-бел. робити. Да рабі́ць (гл.) у выніку абагульнення асабовых формаў (ро́біш, ро́біць, ро́бім і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)