прабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; пр. прабраўся, ‑бралася; заг. прабярыся; зак.
1. З цяжкасцю прайсці куды‑н., да чаго‑н. Яловыя лапы так моцна перапляталіся, што праз іх цяжка было прабрацца. Лынькоў. Паходня, асцярожна ступаючы між клункамі, прабраўся ў глыб вагона да незанятага акна. Хадкевіч. / у перан. ужыв. У цэнтры Еўропы да ўлады прабралася самая шалёная рэакцыя — нямецкія фашысты на чале з Гітлерам. Ліс.
2. Прайсці тайком, пракрасціся. Разведка і сапёры прабраліся ў размяшчэнне праціўніка ўдала, без аднаго стрэлу. Мележ. [Сяміздраў] узяў дубальтоўку і, крадучыся загуменнем, прабраўся да хаты, дзе праходзіў сход. Шчарбатаў. // перан. Падманам пранікнуць у якую‑н. арганізацыю. [Палкоўнік:] — Скажу адно. Вось чалавек прадаў сваю радзіму і народ. Мы ведаем, што ў маладосці ён гуляў у бандах Зялёнага. Потым нават у партыю прабраўся, каб схаваць сваё чорнае нутро. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. развёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; заг. развязі; зак., каго-што.
1. Везучы, даставіць кожную асобу, кожны прадмет у розныя месцы. — Пешкі?! — аж падскочыў Бабейка. — Ніколі! Ды я на сваім Варанюку мігам развязу вас, куды каму трэба. Хадкевіч. Трэба было не толькі развезці, раскідаць па ўсім полі гной, але і ўзараць, засеяць поле. Сачанка.
2. безас. Разм. Зрабіць цяжкапраходным, непрыгодным для язды ў час дажджу, раставання снегу (пра дарогу). Дождж перастаў ісці толькі на другі дзень. Ад яго так развезла зямлю, што нават па грунтавых дарогах цяжка было хадзіць. Сіняўскі.
3. безас. Разм. Расслабіць, давесці да стану бяссілля, знямогі. У Радашковічах, у буфеце, купіў паўбутэлькі гарэлкі і выпіў мала, але мала і закусваў, надвор’е стаяла гарачае, і мяне з непрывычкі развязло. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расхадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.
1. Адчуць сябе лепш, размяўшыся ў хадзе, рухах. А расхадзіцца ўсё ж [Коля] не можа: млеюць ногі, водзіць у бакі шумлівая галава... Якімовіч. Устала, каб расхадзіцца, і адчула яшчэ вастрэйшы боль. Пальчэўскі.
2. Уцягнуцца ў хаду, перастаць адчуваць ад яе стомленасць.
3. Пачаць хадзіць многа, сюды-туды. Было чуваць, як расхадзілася.. [цётка Ганна] на двары, усё клі[чучы]: — Сымон, Сымон! Лынькоў.
4. перан. Дайсці да крайняй ступені ў праяўленні чаго‑н., у якіх‑н. дзеяннях. Неўзабаве Вольчына чарада — асабліва [хлопчыкі] — расхадзіліся так, што скакалі і на печы і на палацях, і пад палацямі лазілі. Мележ. — Нешта ты расхадзіўся Можа, лепей было б, каб памаўчаў? Галавач. // Пачаць моцна праяўляцца (пра якія‑н. недамаганне. У .. [Ганны Граноўскай] да таго расхадзіліся нервы, што часта ўздрыгвалі вейкі. Гурскі. // Разбушавацца (пра з’явы прыроды). Вецер усё мацнеў, нарэшце расхадзілася шалёная завіруха. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Перамяшчацца, перасоўвацца. Гадзіны дзве ўся калона рухалася разам з партызанамі. Колас. І калі полымя ахапіла сцены і з вокан, праз выбітыя рамы, пачалі вылазіць людзі, здольныя яшчэ рухацца, узнялася страляніна. Лынькоў. / у перан. ужыв. І тым не менш справа не рухаецца з месца. «Звязда». // перан. Развівацца ў якім‑н. напрамку. Па шляху капіталістычнага развіцця даволі хутка рухалася ў паслярэформенны перыяд і Беларусь. Ларчанка.
2. Разм. Рушыцца з месца; ісці, адпраўляючыся куды‑н. [Камандзір:] — З’явіцеся да нашага каменданта.., і ён вам скажа, што рабіць. А нам трэба рухацца далей. Маўр.
3. Рабіць рухі; варушыцца. Пад смуглай скурай загарэлых худых шчок рухаліся жаўлакі. Самуйлёнак. [Таня] так змарылася ад перажытага хвалявання, што не магла ні рухацца, ні гаварыць ці нават думаць. Шамякін.
4. Зал. да рухаць (у 1, 2 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Разм. Есці вадкую страву, прысмоктваючы. [Дзеці], завіхаючыся, сёрбалі, і гэта... [Ганну] цешыла, — раней ёй заўсёды прыходзілася ўгаворваць сына есці, расказваць яму казкі. Гурскі. Уладзік клаў лыжку і хацеў вылазіць з-за стала, але бацька кідаў такі выразны позірк, што нехаця будзеш сядзець і сёрбаць зацірку... С. Александровіч.
2. Піць, прысмоктваючы. Віцька, нагінаючыся над сталом, сёрбаў са сподачка чай, раз-пораз шморгаючы кірпатым носам. Асіпенка. Мараканцы ў кафэ гучна сёрбаюць мятны чай і прыцмокваюць з вялікім задавальненнем. В. Вольскі.
3. Піць невялікімі глыткамі час ад часу. Хросны не піў, а патроху сёрбаў з конаўкі саматужную гарэліцу. Асіпенка.
4. Утвараць у час яды характэрныя гукі сёрбання. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі. Тацянка ўмее трымаць кубачак і не сёрбае так, як Марынка. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго і без дап.
1. Прымаць споведзь у каго‑н., слухаць пакаянне ў грахах на споведзі. Спавядаць грэшніка. Спавядаць хворага. □ У царкве правілі аж тры папы: спавядалі, хрысцілі, свянцілі ваду, з пратэсамі хадзілі вакол крыніцы. Грахоўскі.
2. перан. Настойліва распытваць каго‑н.; лаяць і ўшчуваць за што‑н. Васіль Бераг, ведаеце, угледзеўшы, што Стэпа нясе бярэмейка г[о]ллейка, спыніў яе ля студні .. і давай спавядаць, лаяць ды, нават, штурхаць. «Гэта, — кажа, — няйначай, ты пакрала маё галлё...» Гартны. [Ніна:] — Ат, глупства. «Маленькі дыванок», і растлумачыла: — Так мы называем выклік да начальства. Стаіш на дыване, а яно цябе спавядае. Шыцік.
3. Кніжн. Прытрымлівацца якога‑н. вучэння, пераканання і пад. Цікавасць Багдановіча да народнага эпасу і яго форм была творча зразумета Купалам, які напісаў сваю «Бандароўну», якраз кіруючыся прынцыпамі, якія спавядаў Багдановіч. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дапусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што і з дадан. дап.
1. Дазволіць прыйсці, увайсці, падысці куды‑н., да каго‑, чаго‑н.; падпусціць. Дапусціць у пакой. □ [Антоненка] думаў толькі аб тым, каб затрымаць бандытаў, не дапусціць іх да Літвінавіч. Шыловіч. // Даць дазвол займацца чым‑н., удзельнічаць у чым‑н. Дапусціць да экзаменаў.
2. Дазволіць што‑н. зрабіць, чаму‑н. адбыцца. — Як вам не брыдка, мужчыны, — звярнуўся Лабановіч да грамады. — Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Колас. // Дазволіць сабе. Дапусціць грубасць. Не дапусціць браку ў сваёй рабоце. Дапусціць памылку. // Дазволіць дайсці да якога‑н. стану. Марыя падалася бліжэй да Веры, каб уцешыць яе, не дапусціць да слёз. Кулакоўскі.
3. Палічыць за магчымае, верагоднае. — Гэта сын ад першай жонкі, — адказаў Шумейка. Спачатку я не паверыў сваім вушам. Не мог дапусціць нават думкі, каб гэты чалавек мог мяняць жонак. Дамашэвіч. // у знач. пабочн. Будзем лічыць магчымым. Дапусцім, усё пойдзе, як трэба.
4. Прыладзіць, падагнаць што‑н. да чаго‑н. так, каб дайшло, шчыльна прыстала. Дапусціць аконную раму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звярну́цца, звярнуся, звернешся, звернецца; зак.
1. З’ездзіўшы, схадзіўшы куды‑н., вярнуцца назад. Вазакі звярнуліся за дзень па тры разы. □ — Віцька хутка звернецца, — расцягваючы словы, загаварыў вадалаз. — Ён на матацыкле, як на самім чорце. Чыгрынаў.
2. Накіраваць сваю дзейнасць на што‑н., узяцца за што‑н. Звярнуцца да вывучэння старажытных помнікаў. □ Узброены багатым папярэднім вопытам работы ў галіне сатыры, К. Крапіва звярнуўся да сатырычнай камедыі. «ЛіМ». // Накіраваць паўторна сваю ўвагу на каго‑, што‑н. Звернемся зноў да твораў Купалы і Багдановіча, у прыватнасці да вершаў «У піліпаўку» і «Ян і маці». Бярозкін. Прайшлі моўчкі. А потым Лясніцкі зноў звярнуўся да перарванай гутаркі. Шамякін.
3. Накіраваць свае словы, просьбу і пад. каму‑, чаму‑н., адрасавацца да каго‑н. з якімі‑н. словамі, просьбай і пад. — Хто мае яшчэ пытанні? — звярнулася Ліда да студэнтаў. Карпюк. [Букрэй] горача прывітаў партызан і асабліва дзеда Талаша з першым баявым хрышчэннем і звярнуўся да іх з заклікам не кідаць так удала пачатай справы змагання з гвалтаўнікамі-акупантамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мір 1, ‑у, м.
1. Адсутнасць варожасці, сварак; згода. Да ўсеагульнага задавальнення ў кухні ўсталяваўся мір і парадак. Лынькоў. А раніцай было ясна, што ў доме можна чакаць усяго, але толькі не міру. Ракітны.
2. Адсутнасць вайны; суіснаванне дзяржаў і народаў у згодзе між сабой. Мы робім і будзем рабіць усё магчымае, каб адстаяць і ўмацаваць мір, збавіць чалавецтва ад новых знішчальных войнаў. Брэжнеў. Грымяць, усё мацней грымяць апладысменты простых людзей, што патрабуюць міру ва ўсім свеце. Васілёнак.
3. Пагадненне паміж варожымі бакамі аб канчатковым спыненні ваенных дзеянняў; мірны дагавор. Падпісаць мір. □ Рыжскі мір .. даў магчымасць Савецкай Беларусі распачаць аднаўленне народнай гаспадаркі. «Весці».
4. Спакой, цішыня. І ў лесе — мір і цішыня, Якіх так праглі партызаны. Паслухай вечарам ці рана: У лесе — мір і цішыня. Кляўко.
•••
Голуб міру гл. голуб.
Сацыяльны мір — ідэя прымірэння класаў, якую прапаведуюць дробнабуржуазныя сацыялісты.
мір 2, ‑а, м.
Уст. Сельская грамада. — Што будзе міру, — сказаў дзед устрывожанай матцы, — тое і бабінаму сыну. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумне́нне, ‑я, н.
1. Няўпэўненасць у праўдзівасці, сапраўднасці чаго‑н.; меркаванне пра магчымую неадпаведнасць чаго‑н. рэчаіснасці. А праз паўгадзіны ўжо не было сумнення, што будзе бура. Маўр. Сумнення не было, ішоў цягнік. Лынькоў. // Падазрэнне, асцярога. Неяк перад выхадам Юткевіч неўпрыкмет падзяліўся з Маслоўскім сумненнямі. Мікуліч. Ніколі да .. [Соні] не закрадалася сумненне, што яна робіць не тое і не так, як трэба. Новікаў.
2. Цяжкасць, замінка, што ўзнікае ў працэсе якой‑н. работы, пры вырашэнні якога‑н. пытання. Гэта добра. З задавальненнем выслухаем вас [Дзянісаў], — працягваў прэзідэнт. Але ў нас ёсць адно сумненне: адносна пасадкі ракеты. Гамолка.
3. Стан душэўнага разладу, няўпэўненасці, які ўзнікае пры адсутнасці мэтанакіраванасці, ад няяснасці свайго жыццёвага шляху. Момант свядомага прыняцця ідэй марксізма-ленінізма быў для Змітрака Бядулі далёка наперадзе, гэтаму часу папярэднічаў доўгі перыяд цяжкіх сумненняў і пакутлівых шуканняў. Каваленка. Аднак жа такая справа, як вялікі горад па суседству, як падземнае кананне на дзесяткі кіламетраў навакол, усё ж прыводзіла старога ў сумненне. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)