спе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выспеў, паспеў (пра садавіну, гародніну, злакі). Між густой зялёнай травы ўсюды чарнелі спелыя ягады. В. Вольскі. Маці ў сенцах рэзала нажом спелыя гарбузы. Гамолка. Арэхі былі спелыя і вельмі смачныя. Ваданосаў. Мора калышацца, мора жытнёвае, Спелым калоссем звіняць берагі. Трус. // Прыгодны для выкарыстання або які дасягнуў гранічнага ўзросту. У Лаўскі лес ішлі ў арэхі, Шукалі там лісіных нор. Гукнём: — Агу!.. — Адкажа рэхам: — Агу! — цяністы, спелы бор. Бялевіч. // Пра яркі, насычаны колер. А можа, гэтая красуня вялікая модніца і вырашыла ўпрыгожыць сябе такімі спелымі колерамі? Паслядовіч. Завывала ў топцы полымя .. Струменіліся, снавалі празрыстыя залацістыя ніці. Яны прымалі самыя нечаканыя абрысы, дзівосныя адценні: ад расплаўленага золата да спелай жаўціні аўсянага снапа. Лынькоў.

2. перан. Які дасягнуў майстэрства, вопытнасці (пра музыканта, мастака і пад.). І ў гэтым асаблівая сіла .. даступнай толькі спеламу майстру метафары. Бугаёў. Наогул, небяспечна што-небудзь раіць такому спеламу майстру, як Янка Брыль, але думаецца, што ён можа паставіць перад сабой талстоўскую задачу — патрошкі абмяжоўваць лірычную стыхію свае творчасці. Кучар.

3. перан. Дасканалы; закончаны, грунтоўна абдуманы. Паволі, радок за радком, вырысоўваўся, няхай і не надта дасканалы, спелы, але ўсё-такі ёмкі малюнак іх студэнцкага жыцця. Дамашэвіч. Нашу літаратуру ведаюць і далёка за межамі, і ў гэтых поспехах — вялікая заслуга нашай дасканалай і спелай літаратурнай мовы. Скрыган. Новыя часы — новыя духоўныя павевы. Яны асветлены звычайна больш спелымі поглядамі на працэс сацыяльнага развіцця. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каба́н1 ’кныр; дзікая свіння, дзік’ (БРС, ТСБМ). Укр. кабан, рус. кабан ’дзік, непакладаны кабан’. Лічыцца запазычаннем (для рус. мовы) з тат., параўн. тур. kaban ’тс’, гл. Фасмер, 2, 149; Слаўскі, 2, 8–9 (там і літ-pa). Бел. і ўкр. словы або запазычаны з рус. мовы, або, як паказвае геаграфія бел. слова (гл. ДАБМ, к. 291 «Назвы непакладанага кабана»), вынік узаемадзеяння гаворак. Гл. яшчэ аб бел. слове Асоўскі, Зб. Мілецічу, 257.

Каба́н2 ’певень’ (ДАБМ, Шатал.). Вузкі арэал распаўсюджання ўказвае па запазычанне, рэлікт або інавацыю. Версія аб рэліктавым паходжанні прадстаўлена Асоўскім (SOc., 27, 1968, 167–171), які мяркуе, што кабан < *koban, якое да *kob‑ ’чары, варажба’. Як адзначыў Краўчук (Веснік БГУ, IV, 3, 1970, 64), гэта версія не пераконвае ні фанетычна, ні семантычна. Краўчук (там жа) мяркуе, што калі гэта не жартаўлівае ўжыванне назвы самца свінні для абазначэння пеўня, то запазычанне з ням. дыял. Kapphahn ’каплун’. Аднак такое ўжыванне не абавязкова было жартаўлівым. Мог адбыцца перанос ад назвы кабана як непакладанага самца, але гэтаму пярэчыць лінгвагеаграфія: слова кабан вядома на ўсходзе Беларусі (Магілёўшчына). Што датычыць другой версіі Праўнука, то звесткі аб значным працэнце нямецкага насельніцтва для некаторых раёнаў Беларусі (гл. Харузін, Слав. жил., 23–24) дапускаюць яе верагоднасць.

Каба́н3 ’цаглянае скляпенне ў печы’ (КСТ; пасож., бых., КЭС; Мат. Гом.), ’топка печы’ (Шушк.). Укр. пал. кабан, кобан ’скляпенне печы’. Рэгіянальнае ўтварэнне ад кабан ’драўляная форма для скляпення ў печы’, падрабязней гл. кабыла2. Аб такім жа працэсе, магчыма, сведчыць укр. ковбиця ’печ, жарало печы’ і ’чурбан’. Рус. кабанчик ’пячная (гжэльская) цагліна бруском, вузкая, падоўжная, палавінчатая’, а таксама назвы жывёл паказваюць, што для бел., укр. кабан магчымы перанос па форме (форма скляпення і форма жывёлы). Параўн., аднак, кебка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́ка ’века; павека’. Ст.-рус., ст.-слав. вѣко ’павека’, рус. ве́ко ’павека; розныя віды кошыкаў; вобад сіта або рэшата’, укр. ві́ко ’накрыўка скрыні, дзяжы і да т. п.’; ’павека’, польск. wieko ’накрыўка’, чэш. víko ’тс’, славен. véko, véka ’павека’. Прасл. *věko ’века; павека’ (< *vēko). Роднасныя: літ. vókas ’павека; накрыўка’, лат. vâks ’накрыўка’ (балт. словы адлюстроўваюць старое *vāk‑; параўнальна з слав. формамі тут іншы вакалізм, але чаргаванне ē : ā назіраецца і ў іншых выпадках). Магчыма таксама, што балт. мовы захоўваюць стары вакалізм, а слав. *věko (замест *vako) развілося пад уплывам слав. *vědi̯a ’павека’ (ст.-рус. вѣжа, ст.-слав. вѣжда ’тс’, балг. ве́жда, серб. ве̏ђа ’брыво’). Гл. Траўтман, 347–348; Фасмер, 1, 286. З прэфіксам *po‑ ўтворана слав. *po‑věka ’павека’, з прэфіксам *ob‑*ob‑věko (> *oběko + розныя суфіксы) ’абечайка’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́вер1, лівар ’прыбор для набірання вадкасці ў выглядзе трубкі, пашыранай пасярэдзіне’ (Нас., ТСБМ), лі́вар ’лейка’ (Жд. 1), прыстасаванне, пры дапамозе якога паднімаюць цяжкія прадметы’ (глус., КЭС) і, магчыма, ліварэ́ ’вялікія трэскі, якія сколваюцца з бервяна’ (Шат.). Укр. лі́вар, ліва́рок, лі́вер ’лейка, дамкрат’, ’сіфон, рычаг’, рус. ле́вер, ливер ’лейка для палівання гародніны’, польск. lewor, liwor, lewarek ’прыбор для паднімання цяжкіх прадметаў’, таўкач’, ’журавель у калодзежы’, ’лейка’. З с.-лац. levarius, leverius ’рычаг-пад’ёмнік’ < лац. levāre ’паднімаць’ (Слаўскі, 4, 187) праз польскую мову. У рус. мове, аднак, са ст.-франц. levëour (< лац. levātōrem) праз англ. lever ’рычаг’ (Фасмер, 2, 493).

Лі́вер2 ’вантробы забойнай жывёлы, з якіх вырабляюцца прадукты харчавання’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80), куды прыйшло з англ. liver ’печань’, або з с.-н.-ням., гал. lever ’тс’ (Фасмер, 2, 493).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярста́ць1 стаўб. ’ткацкі станок’, карэліц. ’варштат’ (З нар. сл.), палес. вэрста́тʼ, вэрста́цʼ (Уладз.), укр. палес. верста́ть ’ткацкі станок’. Да варста́т (гл.). Канцавое ‑ць‑ — вынік другаснага змякчэння (Карскі, 1, 350), магчыма, пад уплывам слова з той жа семантычнай групы стацівы ’бакавая частка красён’. Параўн. таксама ст.-рус. верстать ’сталярны варштат’ (1686 г.).

Вярста́ць2 (паліграф.) ’размяшчаць набор паводле старонак’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. мовы, дзе верста́ть ’тс’ узнікла лексіка-семантычным шляхам на базе дзеяслова верстать ’выраўноўваць’ (Фасмер, 1, 300; Шанскі, 1, В, 64); параўн. верстать: сіб. ’размяркоўваць’, вяц. ’дзяліць раллю’, алан., кастр. ’выраўноўваць’, валаг. ’абрэзваць, выраўноўваючы’; ’ставіць (салдат) у адзін рад’, ст.-рус. верстати ’размяркоўваць, уключаць, ахопліваць падаткамі’; ’выраўноўваць’; ’вызначаць на службу’ (1577 г.), якія ўтвораны ад верста (гл. вярста́) і суф. ‑ати. Сюды ж вярста́цца, вярста́тка (БРС, КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віз ’асётр, бялуга’ (Інстр. II), ст.-бел. визина ’бялужына’ (1582 г.). Укр. виз ’рыба, Acipenser schypa’; ’Huso Huso’, рус. визи́га, вязи́га ’сухажылле ў чырвоных рыб’; ’звязкі ўздоўж хрыбеціна’, виз ’важак у рыб, за якім ідзе касяк асятровых рыб’, польск. wyza, wyzina, в.-луж. wyz ’бялуга’, чэш. vyza velká ’тс’, vyza malá ’калуга’, славац. vyza ’асятровая прэснаводная рыба’, славен. víza ’Acipenser huso’, серб.-харв. виза, балг. виза. Прасл. vyzъ/vyza. Запазычанне з герм. мовы, якое сцвярджаецца этымолагамі (параўн. Гараеў, 48; Голуб, 342; Міклашыч, 398; Брукнер, 640; Махэк₂, 705; Кнежа, 782; Фасмер, J, 313; Шанскі, 1, В, 94; КЭСРЯ, 81; БЕР, 1, 146), вельмі няпэўнае. Ст.-бел. форма визина неабавязкова запазычана з польск. (як мяркуе Булыка, Запазыч., 62). Гэта нармальнае ўтварэнне на ‑ina са значэннем мяса; параўн. бараніна, свініна і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ліцца ’галіцца’ (Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ), га́ліць ’выклікаць у каго-н. жаданне да чаго-н.’ (Нас.). Вельмі разгалінаванае семантычна сямейства слоў са шматлікай семантыкай. Не заўсёды нават вядома, ці ўсе словы з элементам гал‑ роднасныя этымалагічна. З рус. мовы, што датычыцца складанасці ўсёй семантычнай праблематыкі, гл. СРНГ, 6, 111–113. Ва ўсякім выпадку Слаўскі (1, 251–252) адносіць бел. лексемы да вялікай групы слоў, сярод якіх, напр., серб. дыял. gáliti сваёй семантыкай (’жадаць, прагнуць’) стаіць вельмі блізка да бел. фармацый. Фармальна карэктнай і семантычна абгрунтаванай была этымалогія Мейе (MSL, XIV, 373) аб сувязі з прасл. *želati, *želěti ’жадаць’. Агляд іншых, часам вельмі заблытаных этымалагічных канструкцый гл. у Слаўскага, 1, 251–252. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 387. Здаецца ўсё ж, што ў корані *gal‑ адбылося супадзенне розных па паходжанню лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даба́д ’лебедзь’ (Касп.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) мяркуе, што, відаць, гэта старое слова з цёмнай формай і, магчыма, праславянскае (праславянскі дыялектызм бел. мовы). Форма яго не дае ўпэўненасці ў тым, што яно звязана з прасл. *elbedь, *olbǫdь ’лебедзь’ (магчыма, паводле Трубачова, там жа. тут назіраецца табуістычная змена слова). Нягледзячы на тое што слова яўна дэфармаванае, можна меркаваць, што тут, магчыма, адбыліся фанетычныя змены (асіміляцыя): даба́д < лаба́д, а гэта ўжо значна бліжэй да магчымых прасл. форм; параўн. чэш. labuť, дыял. labudek, славац. labuť, labuď, labuda, польск. łabędź, серб.-харв. лабуд, славен. labod (параўн. Махэк₂, 316). Калі бел. дыял. дабад сапраўды з ранейшага *лаба́д ’лебедзь’, то гэта можа быць каштоўным сведчаннем таго, што ўсх.-слав. гаворкі мелі змешаны характар, г. зн. што ў іх маглі сустракацца элементы зах.-слав., а нават і паўд.-слав. тыпу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калыглу́з ’балаваны хлопец, свавольнік’ (Бяльк.), ’расхлябаны чалавек’ (Жд. 2), калыглас ’гарэза, вісус’ (Касп.); Насовічам адзначана форма колыглаз з яўнай народнай этымалагізацыяй, параўн. ілюстрацыю: «У гстого колыглаза по коллю вопи ходзюць», параўн. яшчэ смал. колыглаз: «Что с ним поделаешьон такой колыглазему хоть глаз коли!» (СПНГ, 14, 207). Цыхун (Бел.-польск. ізал., 149) прыводзіць форму калыгвуз, мяркуючы аб сувязі бел. лексемы і польск. kalauz ’вядучы, завадзіла’ ў тым плане, што крыніца запазычання лексем была аднолькавай. Слаўскі не разглядае гэтай лексемы, няма яе і ў слоўніку Карловіча, а Варшаўскі слоўнік разглядае як запазычанае з тур. kelaguz, kelavuz і да т. п. ’камандзір, правадыр’. Геаграфія бел. слова сведчыць хутчэй аб запазычанні з польск. перыферыйнага дыялекту, а не з турэцкай мовы непасрэдна, апрача таго, неабходна лічыцца з уласна беларускай гісторыяй слова (гл. вышэй заўвагу адносна народнай этымалогіі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калёўка ’спецыяльны рубанак для выстругання дошак і планак з фігурнымі краямі (багетаў, карнізаў і інш.)’ (БРС, ТСБМ; драг., Жыв. сл.; Касп., Клім., Мат. Гом.), ’фігурны профіль дошкі або бруска, які атрымліваецца струганнем’ (ТСБМ, Мат. Гом.). У рус. мове адзначана калёвка ’жалабок, канаўка (у сталярнай справе)’, колёвки ’паглыбленні, выемкі, канаўкі ў налічніках; розныя ўпрыгожанні на іх’. На рус. слова звярнуў увагу яшчэ Матцэнаўэр (LF, 8, 41), які лічыў, што яно запазычана з франц. cale ’клін, падстаўка’, супраць Фасмер (2, 166). Ён лічыць асноўнай формай дзеяслоў калевать ’выдзёўбваць, выразаць (карніз, жалабок)’, для якога ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца (aus) kehlen у тым жа значэнні. З пункту погляду рэаліі такая этымалогія можа быць прынята; аднак няясным застаецца шлях запазычання. Лінгвагеаграфія выразу (калі толькі бел. слова не запазычана параўнальна позна з рус. мовы) сведчыць аб магчымым польскім пасрэдніцтве.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)