пага́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пагас, ‑ла і пагаснуў, ‑нула; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць, свяціцца; затухнуць. Ліхтар пагас. Пагасла святло. □ Выгарала датла і пагасла вогнішча. Бажко. // Перастаць адлюстроўваць, адбіваць. Сонца схавалася за ўзгоркам, пагаслі шыбы. Шамякін.

2. перан. Страціць бляск, жвавасць (пра вочы, позірк і пад.). Позірк пагас. □ «Грозныя» аганькі ў Маніных вачах пагаслі. Пестрак. // Страціць настрой, стаць абыякавым. Вейкі ў Лёдзі ўздрыгнулі, і яна быццам пагасла. Карпаў.

3. перан. Знікнуць; аслабець. Не, не пагасне ніколі — Ленінскай праўды святло. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрапада́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Згубіцца, прапасці — пра ўсё, многае. Папрападалі рэчы.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць, перастаць існаваць — пра ўсё, многае. Цяпер, калі зірнуць на.. поле, дык яго і не пазнаць: папрападалі межы, а з імі і вузкія шнуры. Колас. [Ева:] — Гляджу, пагладчэлі мае цяляты,.. і лішаі папрападалі. Палтаран.

3. Загінуць, памерці — пра ўсіх, многіх. [Ткачук:] — Бачым, не пройдзем, папрападаем усе. Быкаў. — Шкода ж, папрападаюць малыя, — не здавалася, вяла гаворку пра сваё маці. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адле́гчы, ‑ляжа; ‑лягуць; пр. адлёг, ‑легла і ‑лягла, ‑лягло; зак.

1. (звычайна са словамі «сэрца», «ад сэрца», «на сэрцы»). Пераехаць адчувацца, знікнуць, супакоіцца; паслабіцца (пра трывогу, хваляванне, боль і пад.). І трывога ад сэрцаў Тады адлягла, Як з ракі па канаве Вада загула. Куляшоў. Сэрца не камень, адляжа. Прыказка. // безас. Адчуць палёгку, супакой. Ларыса супакоілася, на сэрцы ў яе адлягло. Кулакоўскі.

2. Спасці, паменшаць (пра мароз, холад). Мароз адлёг, і нават зрэдку пакапвала са стрэх. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Пад раніцу як быццам адлягло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апа́сці, -аду́, -адзе́ш, -адзе́; -адзём, -адзяце́, -аду́ць; -адзі́; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асыпацца, адваліцца (з дрэў, кустоў).

Лісце ўсё апала.

2. Паменшыцца ў аб’ёме, панізіцца ўзроўнем, спасці.

Вада за ноч на рацэ апала.

Чалавек схуднеў, шчокі апалі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апусціцца, упасці, звіснуць.

Пасмы валасоў апалі на лоб.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асесці, пакрыць якую-н. паверхню.

Апалі росы на лугах.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Прыйсці, апусціцца.

Ціхі вечар апаў на зямлю.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Пагоршыцца, сапсавацца.

Апаў настрой.

7. перан. Знікнуць, прапасці.

Няхай смутак ападзе!

|| незак. апада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. апа́д, -у, М -дзе, м.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адгру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. Перастаць грукаць. Пройдзе час, адгрукаюць гарматы, Змоўкнуць стрэлы, Знікнуць хмары дыму. Броўка.

2. перан.; што. Пабудаваць, адбудаваць або зрабіць што‑н. вялікае, значнае. — Заходзьце, сядайце за стол, цесляры, — Адгрукалі хату на славу. Бялевіч.

3. што. Адскакаць, станцаваць. Відаць, такі ўжо клімат тут [на курорце] гаючы, што нават самавітыя дзядзькі і цёткі, забыўшыся пра свае радыкуліты, прастрэлы і рэўматычныя ламоты, адгрукаюць вам «Польку-Янку» ці «Лявоніху». Вірня.

4. перан.; што. Працуючы, выконваючы абавязак, адбыць, адслужыць нейкі час. [Юнак:] — Два гады ў аўтароце разам адгрукалі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; зак.

1. Аддзяліўшыся, адарваўшыся ад чаго‑н., адваліцца. Сукі на старадрэвіне засохлі і адпалі. □ Вучні атынкавалі ўсе месцы, дзе адпала тынкоўка, пафарбавалі парты. «Звязда». Молат гучна грымне — Ржа-луска адпадзе. Бядуля.

2. Страціць сувязь з кім‑, чым‑н., выйсці са складу якога‑н. аб’яднання. Ад сістэмы капіталізму адпаў шэраг краін Еўропы і З. Азіі.

3. перан. Страціць значэнне, сэнс; аказацца неістотным, непатрэбным. Цяпер, калі праблема зямлі адпала, калі зямлі хапае, колькі хочаш, нашы бацькі хочуць аддаваць сваіх дзяцей у навуку. Дамашэвіч. // Прайсці, знікнуць. Ахвота адпала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Абваліцца, упасці пад дзеяннем уласнага цяжару. Дзверы затрашчалі і рухнулі. П. Ткачоў. Сцяна лёгка рухнула, і нейкая бэлька павісла на ствале гарматы. Грамовіч. Агонь жа тым часам разгараўся, вось-вось павінна была рухнуць страха. Кулакоўскі. // Упасці з шумам усім цяжарам (пра чалавека). Бандыт разгубіўся і рухнуў на снег. Броўка.

2. перан. Пераехаць існаваць, знікнуць. [Юстын:] — І раптам — вайна. Адразу ўсе планы, усё шчасце людское рухнула. Краўчанка. Рухнулі старыя Міхалавы ідэалы, рассыпаліся былыя надзеі, згінулі ранейшыя мары, пакінуўшы пасля сябе прыкрую памяць. Кудраўцаў. У лютым 1917 г. рухнуў царызм. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скапе́ць (skapieć) ‘сціснуцца, зменшыцца, захірэць, згінуць’: skapièŭ, jak skvarka (Федар. 4). Параўн. польск. skapieć, skapać ‘змарнець, апасці, згінуць’. Да прасл. *kapěti, якое Трубачоў (ЭССЯ, 9, 146) рэканструюе на падставе польск. kapieć ‘змяншацца, скарачацца, убываць, прападаць, чэзнуць’, што суадносіцца з *kapati (гл. ка́паць). Сюды ж адпаведныя балг. ска́пя ‘згніць, распасціся’, дыял. ска́па ‘данасіць адзенне, парваць’, макед. скапе ‘згінуць, распасціся; загінуць, прапасці’, серб.-харв. skȁpati ‘згінуць, загінуць’, славац. skapať ‘згінуць, здохнуць, знікнуць’, укр. ска́па́тися ‘знікаць, гінуць’ (лічыцца запазычаннем з польскай ці славацкай, гл. ЕСУМ, 5, 265). Развіццё значэння ‘капаць’, ‘ападаць, выцякаць кропля за кропляй’ (Брукнер, 217). Пра перыферыйнасць слова на Беларусі сведчыць замена выразу skapièŭ, jak skvarka выразам skipièŭ, jak skvarka (Федар. 4), што адлюстроўваюць спосаб спажывання сала на Палессі, параўн. плеска́ць сало на рожну́ на огне́ — дзе́ржыць лу́сту хле́ба і ка́пае тым са́лом (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разляце́цца, -лячу́ся, -ляці́шся, -ляці́цца; -ляці́мся, -леціце́ся, -ляця́цца; -ляці́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паляцець у розныя бакі.

Птушкі разляцеліся.

2. перан. Раз’ехацца ў розныя бакі, па розных месцах.

Дзеці выраслі і разляцеліся з роднага дому.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Разбіцца, распасціся на часткі, кавалкі ад удару, узрыву.

Талерка разляцелася ўшчэнт.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Знікнуць, аказацца нерэальным (разм.).

Усе мае мары разляцеліся.

5. У палёце або на бягу набраць вялікую хуткасць (разм.).

Ён так разляцеўся, што не дагнаць.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Хутка распаўсюдзіцца, зрабіцца вядомым многім.

Па вёсцы хутка разляцеліся чуткі.

|| незак. разлята́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. разлёт, -у, М -лёце, м. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

след, -у, М сле́дзе, мн. сляды́, слядо́ў, м.

1. Адбітак чаго-н. (нагі, колаў і пад.) на якой-н. паверхні, знак ад дотыку.

Птушыныя сляды.

Конскі с.

Сляды кіпцюроў.

2. перан., чаго. Прыкмета, адметная рыса чаго-н.

Сляды пажару.

Сляды злачынства.

Без следу — зусім бясследна знікнуць, згінуць і пад.

Замесці сляды — знішчыць, утаіць тое, што можа быць доказам віны.

І следу не засталося — пра поўнае знікненне, адсутнасць чаго-, каго-н.

Ісці па чыіх-н. слядах — дзейнічаць, прытрымліваючыся чыйго-н. вучэння або беручы прыклад з каго-н.

Напасці на чый-н. след — атрымаць звесткі, якія дапамагаюць выявіць, знайсці каго-, што-н.

Не след — не варта.

Як след — як мае быць, як трэба.

|| прым. следавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.; спец.).

Кантрольная следавая паласа (на граніцы).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)