караву́л, ‑а, м.

1. Узброеная варта. [Койфер] выклікаў каравул. Праз хвіліну салдаты абкружылі яго дом. Шамякін. Часам даносяцца з аэрадрома прыглушаныя травой крокі людзей, відаць — змяняецца каравул. Лынькоў.

2. Нясенне варты; абавязкі па ахове чаго‑н. Несці каравул. □ Сходзіць [Мікалай] у каравул, пачысціць аўтамат і цэлыя суткі адпачывае. Алешка.

3. у знач. выкл. Разм. Заклік на дапамогу ў выпадку небяспекі. — Каравул! Палкоўніка ўкралі. Лынькоў.

•••

Узяць на каравул гл. узяць.

Браць (узяць) пад каравул гл. браць.

Хоць каравул крычы гл. крычаць.

[Ад цюрк. караул — варта, дазор.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑маніць; зак., каго-што.

1. Тайна, непрыкметна замяніць адно другім. [Васіль:] — Туды завезяце ячмень, а там пагрузіце льнасемя. Ды прасачыце, каб гатунак не падмянілі. Шашкоў. // перан. Перайначыць нейкім чынам. Нібы хто падмяніў хлапца: на ўроках сядзіць разгублены, заклапочаны. Якімовіч. Сымона падмянілі ў палацах. Ён зусім не той, якім быў раней... Бядуля. // перан. Напоўніць іншым зместам. Падмяніць шчырую размову выкрыкамі.

2. Замяніць каго‑н., узяць на сябе часова чые‑н. абавязкі. З-за хаціны паявілася Прусава з вінтоўкай і ў.. плашч-палатцы. Мабыць, выйшла падмяніць вартавога. Асіпенка. Як толькі навучыўся я ўзбірацца Буланчыку на спіну, бацька мне сказаў: — Ну, сынок, давай падмяні мяне, звадзі сёння [каня] на начлег. Ляўданскі. // Разм. Прадоўжыць чыю‑н. справу. Хведар.. ужо даўно памагае Цімоху запальваць ліхтары. Ён надзейна робіць гэтую справу. «Вучуся пакуль. А там і вас падмяню, бакеншчыкам стану», — не раз гаварыў Хведар. Ваданосаў. // Узяць на сябе чые‑н. абавязкі, не маючы на гэта права. [Камароўскі:] — Я лічу, што мне .. у [лесе] няма чаго рабіць, таму і не еду. У следстве пан падмяніў мяне, дык, калі ласка, вядзіце да канца. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

служы́ць, служу́, слу́жыш, слу́жыць; незак.

1. Выконваць службу (у 2, 3 і 5 знач.).

С. у арміі.

С. ютрань.

2. перан., каму-чаму. Рабіць што-н. для каго-, чаго-н., быць адданым каму-, чаму-н., накіроўваць сваю дзейнасць на карысць чаго-н. (высок.).

С. народу.

С. мастацтву.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выконваць сваё прызначэнне, быць прыгодным для чаго-н.

Канапа служыць пасцеллю.

Здароўе яшчэ служыць.

4. Выконваць абавязкі слугі.

С. у панскім маёнтку.

5. Пра сабак: стаяць на задніх лапах.

Служы!

|| зак. паслужы́ць, -служу́, -слу́жыш, -слу́жыць.

|| наз. слу́жба, -ы, мн. -ы, -аў, ж. (да 1, 2 і 5 знач.) і служэ́нне, -я, н. (да 2 знач.; высок.).

|| прым. службо́вы, -ая, -ае (да 1 знач. паводле 2 і 3 знач. наз. служба).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

добраахво́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які робіцца па ўласнаму жаданню, па сваёй воля, без прымусу. Добраахвотная згода. Добраахвотная справа. □ Лукаш, зразумела, праходзіўся па дварах, збіраў статак і браў добраахвотныя падаткі. Колас. Варакса даглядала курэй. Гэта была яе добраахвотная праца, бо была Варакса па-за сваімі рабочымі гадамі. Баранавых. // Які прыняў на сябе якія‑н. абавязкі па ўласнаму жаданню, без прымусу. [Маша] была не толькі лепшай аперацыйнай сястрой, але і яго [Яраша] добраахвотным сакратаром. Шамякін.

2. Заснаваны на прынцыпе самадзейнасці мас. Добраахвотная народная дружына. Добраахвотнае спартыўнае таварыства. Добраахвотная пажарная ахова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перава́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Асаблівасць, якая выгадна адрознівае каго‑, што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Пачуццё ўласнай перавагі. Маральная перавага. Колькасная перавага. □ У нас была перавага над ворагам — мы зноў сталі на лыжы. Шамякін. Ёсць адна дзіўная перавага ў старых гаспадынь. Яны вельмі хутка накрываюць стол. Броўка. // Выгада, карысць. Лішні раз .. [людзі] пераканаліся, якую перавагу дае дружны агульны наступ. Маўр.

2. Выключнае права на што‑н., прывілея. Царскі ўрад, праводзячы дыктатуру памешчыкаў-прыгоннікаў, .. [даў] памешчыкам усе правы і перавагі, а ўсе абавязкі ўсклаў на сялян. Лушчыцкі.

•••

Аддаць перавагу каму-чаму гл. аддаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмансіпа́цыя, ‑і, ж.

Вызваленне ад якой‑н. залежнасці, прыгнёту; адмена якіх‑н. абмежаванняў. Адной з характэрных рыс светапогляду Скарыны было імкненне да эмансіпацыі ад заплеснеўшых царкоўна-феадальных традыцый, да абгрунтавання прынцыпаў развіцця царкоўна-феадальных традыцый, да абгрунтавання прынцыпаў развіцця свабоднай чалавечай асобы. Алексютовіч. // Грамадою рух у Заходняй Еўропе і дарэвалюцыйнай Расіі за роўныя правы жанчын з мужчынамі ў галіне грамадскага і працоўнага жыцця. За сваю эмансіпацыю, мне здаецца, жанчына дорага заплаціла: за ёй засталіся ўсе яе жаночыя абавязкі, і звыш таго, яна яшчэ ўзваліла на свае плечы вельмі многія мужчынскія. Сіпакоў.

[Лац. emancipatio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыся́га ’афіцыйнае ўрачыстае абяцанне захаваць вернасць, выканаць абавязкі; словы такога абяцання’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Сл. ПЗБ), пріся́га ’тс’ (Бяльк.), прысяга́ць, прысега́ць, прысягну́ць, прысягну́цца ’даць прысягу; паклясціся’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), прісягну́ць ’тс’ (Бяльк.), прысяга́ць ’абяцаць’ (Ян.), прысягацца ’бажыцца’ (Ласт.), прыся́жны ’які прыняў прысягу, прысягнуў каму-небудзь’; ’пастаянны, заўсёдны’ (Ласт., ТСБМ, Бяльк.), прыся́глы ’тс’ (Нас.), ст.-бел. присяга: про слово присяги божей (Альтбаўэр). Укр. при́сяга ’клятва, прысяга’, присяга́ти(ся), рус. прися́га дыял. ’бажба’; присягать, польск. przysięga, przysięgać, в.-луж. přisaha, přisahać, н.-луж. pśysega, pśysegaś, чэш. přísaha, přísahati, славац. prísaha, prísahať, серб.-харв. при́сега, присе́ћу се ’даваць клятву, прысягнуць’, славен. prisȇga ’прысяга’, priségati ’прысягаць’, ц.-слав. присѧга, присѧшти ’тс’. Параўн. рус.-ц.-слав. досѧшти, досѧчи ’дакрануцца’. Прасл. *prisęga — аддзеяслоўны дэрыват з нулявым афіксам і тэматычным ‑a ад *prisęgti < прасл. *sęgti, *sęgati ’дакранацца’ (гл. Фасмер, 3, 367): у час прысягі чалавек дакранаўся да нейкага прадмета, якім ён кляўся, напрыклад, да зямлі, крыжа, мяча (гл. Махэк₂, 535; Банькоўскі, 2, 948); першаснае значэнне ’выцягнуўшы руку, дакрануцца’ (Бязлай, 3, 122; Сной₂, 578), гл. сяга́ць. Прыся́глы з польск. przysięgły ’прысяжны’. Паводле Кохмана і Шнігера (ZNGd, 12, 95–104), присяга, присягати замянілі крестное цѣлование, цѣловати крестъ у старабеларускай пад польскім уплывам, што з улікам шырокай вядомасці названых слоў цяжка давесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прымацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.

1. Моцна, трывала далучыць, прырабіць да чаго‑н. Прымацаваць канькі да чаравіках. □ Канькоў прымацаваў шпагат да рамы, павесіў партрэт на сцяну. Асіпенка. Віктар прымерваецца, дзе б лацвей прымацаваць антэну для тэлевізара Самахвалавай. Даніленка.

2. Ускласці на каго‑н. якія‑н. абавязкі; перадаць у чыё‑н. распараджэнне, пад чыю‑н. апеку. Цяпер .. [Тані] вельмі хацелася, каб гэтага Разумоўскага прымацавалі да свінафермы. Лупсякоў. Да яе [Чарнецкай] звяна.. прымацавалі два кані. Паслядовіч. Тут жа піянеры вырашылі прымацаваць да Сухапарава больш моцнага па рускай мове Валерыя. Шыловіч.

3. Узяць на ўлік, зарэгістраваць дзе‑н. Прымацаваць новага супрацоўніка да прафсаюзнай арганізацыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папярэ́днік, ‑а, м.

1. Той, хто займаў якую‑н. пасаду, выконваў якія‑н. абавязкі раней каго‑н., перад кім‑н. Кожны новы старшыня сходу стараўся абмеркаваць тое ці іншае пытанне .. лепш, чым яго папярэднік. Паслядовіч. Прыехаўшы ў Любчу пяць год таму назад, Павел Арсеньевіч пасяліўся ў значна большым доме, дзе жыў яго папярэднік. Брыль. // Той, хто сваёй дзейнасцю падрыхтаваў дзейнасць каго‑н. іншага. У нясвіжскім «Катэхізісе» .. [Будны] прыводзіць цэлыя вытрымкі са скарынінскіх выданняў, не называючы, праўда, імя свайго вялікага папярэдніка. Алексютовіч. Працу ў жанры байкі Я. Купала, як і яго папярэднікі, пачаў з перакладаў. Казека.

2. Сельскагаспадарчая культура, якая займала поле перад пасевам якой‑н. культуры. Шматгадовыя травы — найлепшы папярэднік ільну-даўгунцу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успе́рці, узапру, узапрэш, узапрэ; узапром, узапраце; пр. успёр, ‑перла; зак., каго-што.

Разм.

1. Падняўшы, ускласці што‑н. цяжкае, грувасткае на каго‑, што‑н., куды‑н. Усперці мяшок на спіну.

2. Надзець, абуць што‑н. цеснае. Боты цесныя, ледзь успёр на ногі.

3. Абаперці (рукі, ногі і пад.) на каго‑, што‑н. Лапы сам [заяц] На пень успёр, Азірнуў натоўп і бор. Калачынскі.

4. Узнесці. Усперці шафу на чацвёрты паверх.

5. перан. Пералажыць якія‑н. цяжкія абавязкі, віну і пад. на каго‑н. другога. Добра, што Лейкі не было. А каб была! Яна б завыла, залямантавала, вылаяла б увесь свет, а потым усю віну ўсперла б на Алтара. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)