малява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што і без дап.
1. Рысаваць фарбамі. Маляваць партрэт. □ Кожны дзень у час вячэрні Малявалі дзве рукі: Бацька пэндзлем у майстэрні, Сын алоўкам. Мастакі! Галіноўская. Андрэй расчыніў эцюднік, пачаў маляваць. Кандрусевіч.
2. Тое, што і рысаваць. Максім сядзеў нахіліўшыся і задумліва маляваў галінкай на пяску нейкія адмысловыя фігуры. Шамякін. Мама пачала прыбіраць у пакоі, а я маляваў каляровымі алоўкамі самалёт і нашага лётчыка з залатой зорачкай і ордэнамі на грудзях. Бяганская.
3. Разм. Фарбаваць. Маляваць плот. Маляваць падлогу. // Фарбаваць, падводзіць фарбамі твар (губы, бровы, вейкі). Авяліна, паставіўшы перад сабой люстэрка, малявала бровы. Бажко.
4. перан. Расказваць пра што‑н., апісваць што‑н.; уяўляць. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка. Помніце мінулую восень? Як толькі не малявалі яе ў вершах?. І багатая. І залатая. І шчаслівая. І радасная. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засы́пацца 1, ‑сы́плюся, ‑сы́плешся, ‑сы́плецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трапіць куды‑н., у сярэдзіну чаго-н (пра што‑н. сыпкае). Пясок засыпаўся ў чаравікі. Снег засыпаўся за каўнер.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыцца або напоўніцца чым‑н. сыпкім. [Калодзеж] крыху засы́паўся зямлёй, і на дне яго вады было мала. Чорны.
3. чым. Разм. Мець чаго‑н. у вялікай колькасці. Год выдаўся добры. Можна засыпацца хлебам.., атрымаць шмат грошай... Паслядовіч.
засы́пацца 2, ‑сы́плюся, ‑сы́плешся, ‑сы́плецца; зак.
Разм. Аказацца выкрытым; пацярпець няўдачу ў якой‑н. справе. — Прыгадалася Надзя, Ціхан, Сяргей, многія другія... Як пройдзе для іх вобыск! Хоць бы ніхто не засыпаўся! М. Ткачоў. // Выявіць няўменне, няведанне ў чым‑н. Засыпацца на экзамене.
засыпа́цца 1, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.
1. Незак. да засы́пацца 1.
2. Зал. да засыпа́ць 1.
засыпа́цца 2, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.
Незак. да засы́пацца 2.
засыпа́цца 3, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.
Незак. да заспацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяць, мну, мнеш, мне; мнём, мняце; заг. мні; незак., што.
1. Сціскаючы, рабіць мяккім, ператвараць расціраннем у мяккую масу; размінаць. Мяць гліну. Мяць лыжкай бульбу. □ Стары.. доўга разглядаў праз акуляры прынесеную.. зямлю, мяў у пальцах, нюхаў, дробнымі крупінкамі насыпаў на шкло. Кулакоўскі.
2. Тое, што і церці (у 4 знач.). [Марыля:] Добры быў лянок, палола яго, ірвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі. Купала.
3. Рабіць няроўным, нягладкім; камячыць. [Бацька] сеў у перадку, каб, мусіць, не мяць таго месца, на якім павінен быў сядзець доктар. Сабаленка. Сцяпан мяў у руках шапку, глядзеў уніз, быццам саромеўся паказаць вочы. Асіпенка.
4. Прыгінаць, прытоптваць да зямлі (аб раслінах). «Шась-шась», — мялі струхлелы ржэўнік неданошаныя зімою валёнкі. Быкаў. — Дзе ты, Лідачка? .. Чаго ты залезла туды? — хочучы быць суровай, пытае маці. — Ці ж то можна гэтакі лянок мяць? Кулакоўскі.
5. Разм. Есці з апетытам што‑н., умінаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аслабані́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
Разм.
1. што. Зрабіць пустым, парожнім, нічым не занятым. Госці.. павесілі верхнюю вопратку на вешалку, якую Вольга гасцінна аслабаніла ад свайго адзення. Корбан. Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Чарнышэвіч. // Пакінуць, вызваліць што‑н. [Начальнік:] — У дваццаць чатыры гадзіны аслабаніць гэту кватэру. Лынькоў.
2. каго-што. Тое, што і вызваліць (у 1, 2 знач.). Аслабаніць ваеннапалонных. Аслабаніць горад.
3. каго-што. Вызваліць каго‑, што‑н. з таго або ад таго, што трымае, не адпускае. Аслабаніць сініцу з сіла. // Даць палёгку каму‑, чаму‑н. Аслабаніць рукі. // перан. Перастаць абцяжарваць, скоўваць каго‑н. у яго дзеяннях, учынках. Аслабаніць ад апекі.
4. каго. Дазволіць не выконваць які‑н. абавязак. [Кацярына:] — Ад усякіх іншых работ аслабаніце, каб можна было сядзець усё лецечка толькі на сваім участку. Кулакоўскі. // Вызваліць, зняць з пасады. Абдумаўшы грунтоўна коўзкае пытанне, Заяву падала [Ліса:] «Прашу аслабаніць па ўласнаму жаданню». Валасевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што. Перамяшчаць, пхнучы ці цягнучы. Рухаць воз. // перан. Кіраваць перамяшчэннем каго‑, чаго‑н., накіроўваць куды‑н.
2. што. Прыводзіць у рух, прымушаць дзейнічаць. Рухае яго, кран гэты, і кіруе стромкай стралой пастаўлены ў зграбнай будцы самы сапраўдны трактар. Шынклер. [Рыбнікаў:] Пара можа і лакаматыў рухаць, і кацёл узарваць. Крапіва.
3. чым. Рабіць рухі, варушыць якімі‑н. часткамі цела. Рухаць рукамі. □ Свае праклёны .. [служка] шаптаў вечна і да таго прывык гаварыць сам з сабою, што нават у сне рухаў губамі. Бядуля.
4. перан.; што. Садзейнічаць развіццю чаго‑н. І кожны чуў у ранішняй пераклічцы гудкоў магутны гул суладнай чалавечай працы, якая ўзнімала ўгору гарады і сёлы, якая рухала ўперад жыццё. Лынькоў. Дысертанту стварылі ўсе ўмовы, толькі пішы, рухай наперад навуку. «Вожык».
5. Разм. Тое, што і рухацца (у 2 знач.). — Цяпер можна рухаць далей каму куды трэба, — выказаў Рыгор. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыту́лак, ‑лку, м.
1. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н., адпачыць, прабыць патрэбны час. Амаль кожная кватэра давала прытулак двум, тром ці нават чатыром сем’ям. Мележ. Сафрон Дзядзюля .. цёрся каля бежанскай фурманкі, пакуль высокі гаспадар яе хадзіў па хатах і апытваў прытулку. Чорны.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — дабрачынная ўстанова для сірот, беспрытульных дзяцей, старых і інш. Камітэт па справах бежанцаў змясціў хворую ў бальніцу, а сямігадовую Галіну накіраваў з партыяй дзяцей у адзін з дзіцячых прытулкаў Мінска. Галавач. Прыйшлі людзі, пагаравалі і, гледзячы на сірот, сказалі: — Куды іх цяпер? Застаецца адно — у прытулак. Данілевіч.
3. Права бяспечнага пражывання, што дае якая‑н. дзяржава іншаземным грамадзянам, якіх праследуюць улады іншых краін. Беларуская ССР дае права на прытулак іншаземцам, якія праследуюцца за абарону інтарэсаў працоўных і справы міру, за ўдзел у рэвалюцыйным і нацыянальна-вызваленчым руху, за прагрэсіўную грамадска-палітычную, навуковую або іншую творчую дзейнасць. Канстытуцыя БССР.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Капаючы, раскідаць; разрыць. Грыша хутка раскапаў зямлю, дастаў пакунак. Якімовіч. Авяр’ян раскапаў рыдлёўкай снег, выграб з калдобін ваду і зноў заняў сваё месца. Пташнікаў. // Капаючы, зрабіць або пашырыць што‑н. (яму, адтуліну, канаву і пад.). — А можна ж бліжэй праехаць, — падумаў Каваль, узрадаваны здагадкай. — Напрасткі! Раскапаць катлаван і пракласці трасу. Савіцкі. Мінулым летам расчысцілі мы .. [азярцо], раскапалі, люстранога карпа ў ім разводзілі. Краўчанка. // Капаючы, знайсці, выявіць што‑н. у зямлі, пад зямлёй. Раскапаць скарб.
2. перан. Дэталёва разабрацца ў чым‑н. [Балук:] — А я, бацька, вось як мяркую. Калі да нас прыйдзе Саўка і раскапае тое, што яму трэба, дык яго трэба пусціць. Колас. // Знайсці, выявіць што‑н. у выніку пошукаў. Недзе ў старым часопісе [Сяргей] раскапаў чарцяжы. Шыцік.
3. Правесці раскоша чаго‑н. Раскапаць руіны старажытнай крэпасці. □ Еўстафій Тышкевіч раскапаў каля 1000 курганоў і перадаў у музей вялікую калекцыю сваіх знаходак. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы ўсіх, многіх або ўсё, многае. [Рыль:] — Людзі, дзядзька Рыгор, ёсць. Пазбіраць іх толькі трэба ды на добрую дарогу паставіць ды даць ім добрага камандзіра. Колас.
2. Падабраць, падняць усё тое, што ўпала, рассыпалася і пад. [Фаня:] — Трэба гэты гарох пазбіраць, а то тут можна ўпасці. Чорны. // Падабраўшы, скласці ў адно месца ўсё, многае. [Маці] схадзіла на гарод, пазбірала ў адну кучу альховыя тычкі, якімі падпірала ўлетку фасолю. Чыгрынаў. І калі хлопцы пазбіралі ды спалілі ўсё бліжэйшае галлё, тады толькі яны наваліліся на зямлю і паснулі. Маўр.
3. Скласці, саставіць з розных частак многа чаго‑н. Пазбіраць станкі.
4. Размясціць у выглядзе складак, зборак што‑н. або ўсё, многае. Пазбіраць складкі на сукенцы.
5. і чаго. Збіраць што‑н. на працягу нейкага часу. Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня, пазбіраць грыбоў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падаро́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да падарожжа, звязаны з падарожжам. Падарожныя ўражанні. Падарожныя нататкі. □ У школе Генька асабліва захапляўся падарожнай рамантыкай. Паслядовіч.
2. Які звязаны з дарогай (у 4 знач.); дарожны. Бацька добра ведаў усе дзяціныя радасці і кожны раз пакідаў у сумцы які-небудзь акрайчык ад свайго падарожнага абеду. Кірэенка. // Які знаходзіцца ў дарозе. — А падарожныя людзі ўсё аддаляліся і аддаляліся ад вёскі і хутка зусім зніклі за снежнай пеляной завеі. Лынькоў. // Які накіроўваецца ў адну дарогу, у аднолькавым напрамку з кім‑н. За вёскай Грыша падняў руку, каб спыніць падарожную машыну. Пальчэўскі.
3. у знач. наз. падаро́жны, ‑ага, м.; падаро́жная, ‑ай, ж. Падарожнік 1. Падарожныя распраналі доўгія кажухі. Мальдзіс. Можна ў вас абсушыцца падарожнаму? — жаласліва спытаў Хведар і, мокры да ніткі, ступіў у хату. Ваданосаў.
4. Гіст. Які плаціўся за праезд на паштовых конях у Расіі ў 18–19 стст. Падарожныя грошы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́дзе, прысл.
1. У нейкім, дакладна невядомым месцы; дзесьці. Я чую гул. У высях недзе Ракоча, кружыць самалёт. Колас. — Не магу адразу пазнаць, — сказаў гаспадар, — недзе я вас бачыў. Чорны. Атрад за ноч быў напалову абыдзены з поўначы. Там недзе немцы прарваліся цераз Нёман. Брыль.
2. з інф. Няма месца (дзе можна было б што‑н. зрабіць, размясціцца і пад.). Папрачыналіся напалоханыя людзі, беглі куды папала, крычалі: — Ратуйцеся, немцы ў лесе... Але хавацца было ўжо недзе. Лынькоў.
3. з інф. Неадкуль (што‑н. узяць, атрымаць і пад.). Недзе было ўзяць вады.
4. Невядома куды, кудысьці. Хутка настаўнік недзе выехаў, школа апусцела. Якімовіч.
5. Ужываецца ў выпадках, калі дакладна не вызначаецца час дзеяння. Убачымся недзе на тым тыдні. □ Назаўтра, недзе блізка к абеду, у вёску заявіўся конны разведчык. Пестрак.
6. Разм. Ужываецца пры выказванні няўпэўненасці, меркавання. — Вазьмі, — пхала жанчына Косціку хлеб у руку. — З’ясі па дарозе. Галодны ж недзе. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)