тады́, прысл.
1. У той час, у той момант у мінулым або будучым; не цяпер. Малая, шчупленькая, дзіця яшчэ была тады Волька. Калюга. Горад і тады нагадваў разварушаны, падпалены мура[ш]нік. Новікаў. // Пасля таго (што адбылося або адбудзецца). [Засмужац] завёў каня ў хлеў, у зацішку рассядлаў, падкінуў яму сена і тады ўвайшоў у хату. Мележ.
2. Пры пэўных умовах, абставінах. [Селянін] перадаў партызанам 17 вінтовак .. і некалькі тысяч патронаў. І тады толькі пакінуў сваю хату і сям’ю. Брыль.
3. Ужываецца як суадноснае слова ў галоўным сказе пры даданым часу са злучнікам «калі». Сапраўдная дружба пачынаецца тады, калі людзі як мае быць ведаюць адзін аднаго. Чорны. // Ужываецца як суадноснае слова ў галоўным сказе пры даданым рэальнай умовы са злучнікам «калі». Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас.
4. у знач. злучн. Выкарыстоўваецца ў спалучэнні са злучнікам «як» у даданых часавых супастаўляльных сказах у значэнні: у той час як, нягледзячы на тое што. Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся і шырыўся і, здавалася, нерухома застыў у марозным паветры, тады як галава яго ўсё выцягвалася як бы са свайго ўласнага цела. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
такса́ма, прысл. і часціца.
1. прысл. Такім самым, падобным чынам, гэтак жа. [Люда:] — Я напішу, Сяргей Рыгоравіч, абавязкова напішу. — А потым сказала, таксама проста і нечакана: — Вы такі добры, разумны. Брыль. [Пытляваны:] Ураджай сёлета быў, як даўней казалі, дай божа кожнаму добраму. У бралі ў пару, змалацілі — таксама з дзяржавай разлічыліся поўнасцю. Крапіва. // У такой жа меры, ступені. [Карага:] — Ясна, што гэта дазорцы, і таксама ясна, што — дазорцы дзянікінскія. Колас.
2. часціца. Ужываецца пры пераходзе да наступнай тэмы гутаркі. [Бунтаўшчыкі:] — Глядзіце, зямлі ў вас [мужыкоў] — курыцы ступіць, а пад бокам тысячы дзесяцін у паноў Камянецкіх .. Таксама і з лесам: у вас хаты рушацца, а ў паноў Камянецкіх — сотні дзесяцін страявога лесу. Гартны.
3. часціца. Разм. Ужываецца пры выказванні нязгоды з чым‑н., неадабрэння якіх‑н. учынкаў. — Куды лезеш, пастой!.. — запярэчыў Міхась. — Таксама мне культура называецца, — быў загадчыкам клуба! Брыль. // у знач. далучальнага злучн. Далучае сказы, якія супадаюць па сваёй структуры або з’яўляюцца вельмі блізкімі ў якіх‑н. іншых адносінах з папярэднім выказваннем. Па ціхіх стрыманых галасах, што адразу пажвавелі, Ніна Лагуновіч адчувала, як палягчэла на душы ў людзей .. Ніна таксама паспакайнела. Мележ. Да самага верху шафа была напакавана дабром. Унізе — цэлая гара абутку, на палічцы — футры .. Шуфляды таксама былі поўныя. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трыво́га, ‑і, ДМ ‑возе, ж.
1. Неспакой, моцнае душэўнае хваляванне, выкліканае страхам, апаскай і пад. Цімошка пільна і з трывогаю пазіраў па кожную новую асобу, якая паказвалася ў хаце. Колас. Перамагаючы ў самім сабе трывогу за лёс справы, Змітрок Анісімавіч намагаўся жартаваць .. пры кожнай нагодзе. Брыль. Сюды пралягуць светлыя дарогі, Якімі пройдзе маладосць дзяцей, Не знаючы ні гора, ні трывогі Сваіх бацькоў... Начны знікае цень. Танк. Я ўсё часцей лаўлю ў цішы Даўно забытай песні водгук, Што сее дзесь на дне душы Незразумелую трывогу. Гілевіч. // Перапалох, мітусня, беганіна. Скончаны сваркі, суды, трывогі, лішнія клопаты. Бядуля. У вёсцы трывога: прыехаў земскі з казакамі... Якімовіч. // звычайна мн. (трыво́гі, ‑вог). Клопаты, турботы. У гэтым шчасці .. [бацькі] можа нават забыліся на свае трывогі за дачку. Кулакоўскі. О, каб магла спіхнуць з плячэй Гару трывог, няўдач, памылак, Што прыціскае і пячэ, Што не дае расправіць крылы. Каржанеўская.
2. Небяспечнае становішча, а таксама сігнал, які апавяшчае аб ім. Баявая трывога. □ Трывога! — узвіўся над лагерам кліч. Мележ. Маё пакаленне, мае аднагодкі, пачуўшы трывогу, надзелі пілоткі і ў цеснай зямлянцы кляліся ўрачыста: «Лічыце мяне камуністам!» Грахоўскі.
•••
Паветраная трывога — сігнал аб з’яўленні праціўніка ў паветры.
Біць трывогу гл. біць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тры́зніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
1. Гаварыць без памяці, будучы цяжка хворым або ў сне. Пасля навальнічнай ночы Косцік захварэў. Ён увесь гарэў, нібы ў агні, ноччу трызніў, усхопліваўся з пасцелі, клікаў да сябе старэйшых. С. Александровіч. Узнялася тэмпература, і малая трызніла, страшна водзячы вачыма. Брыль. Маці спалохалася яшчэ больш, калі пасярод дня — першага дня новага года — Славік раптам пачаў трызніць і кідацца на ложку. Шамякін.
2. Гаварыць з упэўненасцю аб тым, чаго няма, не існуе; галюцыніраваць. Бяссмерцем трызню? Хай мяне яно, як чужака, міне. Рудкоўскі.
3. У моцным захапленні думаць і гаварыць усё пра адно. Трызніць [Качан] аб ёй і дзень і ноч, а сказаць што-небудзь дзяўчыне не можа. Васілёнак. Мы [хлопцы], як і ўсе ў нашай школе, трызнілі аб космасе. Шыцік. Горада .. [Ціхамір] так і не пабачыў. Але забываць не забываў пра яго. І вось у гэтае лета рашыў наведацца — раптам падумаў, навошта вечна трызніць. Чыгрынаў. // Марыць аб тым, што не можа здзейсніцца, што даўно прайшло і больш не вернецца. Не дрэмлючы,.. [Васіль] трызніў гумном, цэпам з выслізганым цапільнам, бачыў пусты ток. Мележ. Я і цяпер, бывае, трызню інтэрнатам, Дзе мы сям’ёй шматмоўнаю жылі. І. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
турма́, ‑ы; мн. турмы, ‑аў; ж.
1. Месца зняволення, будынак, дзе ўтрымліваюцца асобы, якія прыгавораны судом да пазбаўлення волі, або тыя, што знаходзяцца пад следствам. [Дзяўчыну] не пасадзілі ў турму, а паколькі яна была яшчэ вельмі маладая, суд вырашыў выслаць яе этапным парадкам у нейкі штат. Лынькоў. Машына спынілася каля турмы. Мележ. // Пакаранне зняволеннем. Відаць было Максіму, што Алесь вельмі ганарыцца сваімі чатырма і васьмю месяцамі турмы. Машара. Дзед не змоўчаў. — Мой след, — сказаў ён, — хоць і праз турмы прайшоў, але чысты, не тое, што другіх... Якімовіч. // Знаходжанне ў зняволенні. У турме [П. Пестрак] захапляўся літаратурай, шмат чытаў, пісаў вершы. Хромчанка. А Кірыл сваё паўтараў: — Так усім і скажы, рабочы я і аніякай турмы не адбываў. Кавалёў. Пайду ў турму і веру — будзе год, калі маю прамову дагаворыць натхнёны барыкадамі кулямёт! Таўлай.
2. перан. Месца, дзе цяжка жыць, дзе жывуць прыгнечана. Царская Расія была турмой народаў. □ Я старац, Фёдар Кузьміч... Пустэльнік, Які сам сябе тут, на заімцы, у келлю-турму запёр... Сіпакоў. // Заняволенне, прыгнечанне. Ф. Багушэвіч .. клікаў з цемры да святла, з турмы на свабоду. «Полымя».
•••
Турма плача па кім — пра таго, хто заслугоўвае пакарання, турэмнага зняволення.
[Ад ням. Turm.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хіб, ‑а, м.
1. Пярэдняя частка хрыбта некаторых жывёл (свінні, быка і пад.). Свіння, калышучы вялізным хібам, спакойна ўзрывала зямлю пад карэннямі сухога бука. Самуйлёнак. Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. Поўсць збоку, дзе сочыцца кроў, мокрая; зверху на хібе ўжо высахла і стаіць — што ўсё адно воўк атросся ад вады. Пташнікаў.
2. Поўсць на хрыбце. Сабака ўбачыў незнаёмага, злосна забурчаў і наставіў хіб. Якімовіч. Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі, І ў абурэнне, жаль вялікі, Катоў ён бедных б’е, ганяе, За хіб у сені выкідае. Колас.
3. Спінны плаўнік у рыбы. — Нідзе не дзенецца! — Андрэй паволі выбраў жылку, і вось ужо рыбіна б’ецца ў роснай траве, настаўляе калючы хіб, цяжка хаўкае жабрамі. Ваданосаў. Як падчэпіш ярша на кручок, дык ён растапырыць жабры, паставіць калючы хіб і нават хвост сагне — так не даецца. Дайліда.
4. перан. Верхні край чаго‑н. на канцы, грэбені (страхі, хвалі і пад.). [Міканор] бег па зломе страхі, па самым хібе — каб не так крута было, бег з нечакана згаданай хлапечай праворнасцю. Мележ. Язэп зняў шапку, выцер лоб і кінуў яе на пракос. Шапка лягла на хіб пракоса, фарсіста задраўшы ўгору патрэсканы казырок. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хра́па 1, ‑ы, ж.
1. Пярэдняя частка галавы ў буйной жывёлы; морда. Мядзведзь смокча лапу ў бярлозе санліва, Лось высунуў храпу — Шукае спажывы. Купала. // Ніжняя і сярэдняя частка пераносся ў жывёлы. Салвэсь папрасіў гаспадара разявіць каню зяпу. Той ахвотна паслухаўся: сціснуў праваю рукою жывёлу за храпу, а другою адцягнуў ніжнюю губу. Пальчэўскі.
2. звычайна мн. (хра́пы, храп). Ноздры ў вялікіх жывёл (каня, лася і пад.). Храпы вялікага гнядога каня дыхалі параю. Пестрак. З храп у .. [аленя] ішла пара, і яны былі белыя — заінелі. Пташнікаў.
3. Груб. Твар, нос чалавека. Якім чынам сюды трапіў, Не магу ніяк уцяміць. Ці не даў мне хто па храпе Ды адбіў дарэшты памяць? Крапіва. — Сам бачыў, як у Бабруйску на Казначэйскай нейкі дзяцюк сунуў кулаком у храпу гарадавому, а той толькі юшку выцер, лахі пад пахі ды ходу. Грахоўскі.
хра́па 2, ‑ы, ж.
Разм. Замёрзлая грудамі зямля. Васіль як бы і не заўважаў холаду, борзда тупаў прадранымі лапцямі па ўкамянелай камякаватай храпе, што біла ў падэшвы, у пяткі. Мележ. На дварэ падмарожвала. Растаптаная скацінай гразь ператварылася ў храпу. Чарнышэвіч. Аступілася [Ганна] у нейкую яму і балюча ўпала каленьмі на вострыя, мёрзлыя храпы. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цадзі́ць, цаджу́, цэ́дзіш, цэ́дзіць; незак.
1. што. Прапускаць (малако, вадкасць) праз цадзілку, сіта або друшляк для ачысткі. Цадзіць кісель. □ Падаіўшы карову, маці будзе цадзіць малако на лаўцы пры печы, і яно будзе цёпла і густа шумець у конаўцы. Адамчык.
2. што. Ліць павольна з вузкай адтуліны, гарлавіны. [Чалавек] цадзіў праз кран з бочкі квас. Чорны. Невядома было таксама, адкуль тут [на рынку] паявіліся падобныя на цыганоў гандляры віном, якія цадзілі яго ў шклянкі з бочак. Грамовіч. / у перан. ужыв. Нізка навіслыя хмары цадзілі на галовы дробную імжу. Хадкевіч. Скрозь зялёную сетку маладых дрэў сонца цадзіла гарачыя прам[ян]і. Дуброўскі. // Павольна піць, цягнучы праз зубы. Вада была цёплая, злецілася ў хаце, і .. [Андрэй] цадзіў яе праз зубы. Пташнікаў. Бабы ў смутку ківаюць галовамі, бяруцца за чаркі, цэдзяць доўга, па кроплі. Ракітны.
3. Ісці (пра дробны невялікі дождж). Пад поўнач пачаў цадзіць дождж. Мележ. — Зноў цэдзіць. Ніводнага вечара без яго [дажджу] не абыдзецца. Адна надзея на вецер — можа, разгоніць хмары, — сказаў Антон. Савіцкі.
4. перан.; што і без дап. Разм. Гаварыць паволі, марудна; вымаўляць праз зубы. Вінцэнты сядзеў на парозе, пастукваў па падлозе кійком сваім, цадзіў па слову гаворку — чакаў, калі Бушмар скончыць снедаць. Чорны. — Ты ж сам і калаціўся больш за ўсіх, — іранічна цэдзіць Грамабой. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; незак.
1. Прыціскацца, набліжацца да каго‑, чаго‑н. Захопленая ліўнем у полі жывёла ціснулася адна да другой. Васілевіч. У капліцы было холадна, і, як ні ціснуліся Надзя з Ванем адно да аднаго, не маглі сагрэцца. Бураўкін.
2. Стаяць, сядзець, размяшчацца цесна, блізка адзін да аднаго. Суседзі [Пеці] перабраліся на іншыя парты і цяпер там ціснуліся аж па чацвярых. Ракітны. Унізе, ля падножжа і па схілах горкай грады, ціснуцца на вузкіх вуліцах маленькія аднапавярховыя мураванкі і драўляныя дамы. В. Вольскі. // Жыць у цеснаце. У гэтым пакоі і жыве Алена з той пары, як пераехала сюды з хаты.., дзе ціснулася тры сям’і пагарэльцаў. Мележ.
3. Пасоўвацца, набліжацца цясней адзін да аднаго, каб вызваліць месца. — Калі ласка, юнак, садзіся! — стары ахвотна ціснецца на лаве. Карпюк. // Штурхаючыся, ісці, рухацца куды‑н. З-за рэчкі ціснуцца каровы. Колас. Алег памалу ціснуўся да пярэдніх дзвярэй. Ярашэвіч. / у паэт. ужыв. Ідзе прэм’ера. І паўнатвары Месяц магам З пытаннем ціснецца ў дзверы: Ці будуць новыя аншлагі? Тармола.
4. перан. Разм. Скупіцца, скнарнічаць. Прасілі, каб я загадаў Рошчысе раскашэліцца, не ціснуцца, як звычайна, і выставіць звыш нормы з НЗ. Шамякін.
5. Зал. да ціснуць 1 (у 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цьмя́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Ледзь прыкметы, ледзь бачны; няяркі (пра святло, агонь і пад.). Цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў. Вечар поле цемраю ахутае, Цьмяны месяц прыплыве здалёк. Панчанка.
2. Цёмны, пацямнелы. Жаўранкі не баяцца такога дажджу, як сёння. Іх не відаць у цьмяным небе, а толькі песня звініць. Брыль. Мабыць,.. [жанчына] не спала ўжо некалькі начэй, — пра гэта сведчылі цьмяныя кругі пад вачыма. Васілёнак. // Без бляску, без выразнага колеру. [Андрэйка] ўзяў цьмяны каменьчык, пацёр яго аб шчаку, і той адразу нібы ажыў, заблішчаў. Бяганская. Калі на падаконніках і дзвярах фарба стала цьмянай, ёй можна надаць бляск. «Беларусь». // Невыразны, няясны. Цьмяны экземпляр машынапісу. □ З канверта вываліўся цьмяны здымак, зроблены фатографам-аматарам. Даніленка.
3. перан. Без бляску, невыразны (пра вочы, погляд). Вочы .. [маці] цьмяныя, калісьці шэрыя, ажыўляла прыкметная трывога і надзея. Мележ. Перад .. цьмяным, несвядомым позіркам [першабытнага чалавека] рассцілаліся тыя ж самыя голыя схілы скал. В. Вольскі.
4. перан. Без яснага, выразнага сэнсу; незразумелы. Цьмяная фармуліроўка. □ З далёкай Нямеччыны прыходзілі цьмяныя чуткі аб надыходзячай там рэвалюцыі. Лынькоў. // Ледзь улоўны, слабы; нязначны. Першы перавод прынёс у дом не толькі грошы, але і цьмяны пробліск надзеі. Пальчэўскі. Яшчэ здалёк Іна пазнала Артура, яе першае каханне, яе мару і цяперашнюю цьмяную надзею. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)