цадзі́ць, цаджу́, цэ́дзіш, цэ́дзіць; незак.
1. што. Прапускаць (малако, вадкасць) праз цадзілку, сіта або друшляк для ачысткі. Цадзіць кісель. ▪ Падаіўшы карову, маці будзе цадзіць малако на лаўцы пры печы, і яно будзе цёпла і густа шумець у конаўцы. Адамчык.
2. што. Ліць павольна з вузкай адтуліны, гарлавіны. [Чалавек] цадзіў праз кран з бочкі квас. Чорны. Невядома было таксама, адкуль тут [на рынку] паявіліся падобныя на цыганоў гандляры віном, якія цадзілі яго ў шклянкі з бочак. Грамовіч. / у перан. ужыв. Нізка навіслыя хмары цадзілі на галовы дробную імжу. Хадкевіч. Скрозь зялёную сетку маладых дрэў сонца цадзіла гарачыя прам[ян]і. Дуброўскі. // Павольна піць, цягнучы праз зубы. Вада была цёплая, злецілася ў хаце, і .. [Андрэй] цадзіў яе праз зубы. Пташнікаў. Бабы ў смутку ківаюць галовамі, бяруцца за чаркі, цэдзяць доўга, па кроплі. Ракітны.
3. Ісці (пра дробны невялікі дождж). Пад поўнач пачаў цадзіць дождж. Мележ. — Зноў цэдзіць. Ніводнага вечара без яго [дажджу] не абыдзецца. Адна надзея на вецер — можа, разгоніць хмары, — сказаў Антон. Савіцкі.
4. перан.; што і без дап. Разм. Гаварыць паволі, марудна; вымаўляць праз зубы. Вінцэнты сядзеў на парозе, пастукваў па падлозе кійком сваім, цадзіў па слову гаворку — чакаў, калі Бушмар скончыць снедаць. Чорны. — Ты ж сам і калаціўся больш за ўсіх, — іранічна цэдзіць Грамабой. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)