дарагі́, ‑ая, ‑ое; дораг, ‑а.
1. Які каштуе многа грошай, высока цэніцца; проціл. дзяшовы. На вопратцы блішчэлі дыяментныя і з іншых дарагіх камянёў гузікі такой каштоўнасці, што за іх можна было б купіць маёнтак. Бядуля. Раіса хадзіла ў дарагіх сукенках, якіх не мелі нават настаўніцы. Шамякін.
2. перан. Якім даражаць, якога шануюць. Самым дарагім цяпер для Андрэя быў свабодны вечар, калі б можна было застацца адзін на адзін са сваімі думкамі. Шахавец. Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка. Прыказка.
3. Любімы, мілы, блізкі сэрцу. Прыйдзе, прыйдзе той, хто сэрцу мілы, Прыйдзе той, хто сэрцу дарагі. Русак. Жджэ кабета: хоча бачыць сына дарагога. Колас. / У зваротку. Вачамі паўзлі да калючага дроту, Якім нас хацелі навек раздзяліць, Мы рвалі яго, звалі вас на падмогу, — І вы, дарагія, пачулі, прыйшлі. Танк. // Жаданы, прыемны. Дарагі госць.
•••
З дарагой душой гл. душа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гало́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Самы важны, асноўны, найбольш істотны. Галоўны герой твора. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Брыль. Бумажкоў, галоўны арганізатар атрада, быў і яго камандзірам. Чорны. // у знач. наз. гало́ўнае, ‑ага, н. Янка Купала перадаў галоўнае — сатырычна-маралістычны пафас байкі. Палітыка. // у знач. пабочн. Самае асноўнае, істотна важнае. Многа думаў.. Сцёпка, і надумаўся ён за навуку сур’ёзна ўзяцца. Але як? Часу няма і, самае галоўнае, — няма кніжак. Колас. // Цэнтральны, самы значны, самы вялікі (пра вуліцу, магістраль і пад.). Галоўная вуліца. □ Уздыхнуў паравоз парай і без гудкоў, без свісткоў выбраўся на галоўны пуць. Лынькоў.
2. Які ўзначальвае каго‑, што‑н., старшы па службе. Галоўны інжынер. Галоўны канструктар. Галоўны урач.
•••
Галоўная кватэра гл. кватэра.
Галоўная кніга гл. кніга.
Галоўны сказ гл. сказ.
Галоўны член сказа гл. член.
Галоўным чынам гл. чын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
віда́ць, у форме інф., у знач. вык.
1. Можна бачыць, разгледзець. З-пад хвой-красунь, як на далоні, Відаць і хаты і двары. Колас. Праз два маленькія акенцы дзень нясмела лез у сярэдзіну, і было відаць праз іх, як шарэла на дварэ. Чорны.
2. Можна зразумець. Сэнс байкі добра відаць.
3. Быць відавочным, вынікаць. З гэтага відаць, што... □ Гаварыў.. [Іваніцкі] шчыра, гэта відаць было з прамовы. Мурашка.
4. у знач. пабочн. Як здаецца, мабыць; напэўна. Чалавек, відаць, валодаў сабою добра. Чорны. Было ясна, што маці захварэла. І, відаць, моцна. Якімовіч.
•••
Ад зямлі не відаць — вельмі маленькага росту.
Відам не відаць — ніякіх прыкмет, нідзе не відаць.
Канца (канца-краю) не відаць (няма) — пра тое, чаго вельмі многа, што цягнецца без канца.
Па ўсім відаць; як відаць — напэўна, відавочна.
Свету (белага) не відаць — нічога не відаць (у часе мяцеліцы, завірухі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
душы́цца 1, душуся, душышся, душыцца; незак.
1. чым і ад чаго. Задыхацца (ад кашлю, смеху, слёз і пад.). Душыўся .. [Міхалкаў бацька] кашлем доўга, аж заходзіўся. Чорны. На беразе стаялі Алік і Валерык і аж душыліся ад смеху. Шашкоў. // Прагна, паспешліва есці. Немец аж душыўся гэтай сытай ядой, недалікатна напіхаючы повен рот. Чорны. // перан. Разм. Карміцца аднастайнай ежай (звычайна нізкаякаснай). Душыцца поснай бульбай. // перан. Цяжка і многа працаваць. На пятнаццаць гадзін з дня ў дзень душылася [маці] на фабрыцы за кавалак хлеба. Якімовіч. // перан. Разм. Жыць у цеснаце. — Багацейшая ды мацнейшыя сем’і ўжо ў хатах. Ну і мне надакучыла ў зямлянцы душыцца з сям’ёй. Чарнышэвіч.
2. Штурхацца ў цеснаце, у натоўпе. Людзі душыліся, піхаліся, імкнуліся стаць бліжэй да каменя. Пестрак.
3. Зал. да душыць 1 (у 1, 6 знач.).
душы́цца 2, душуся, душышся, душыцца; незак.
Апырсквацца або націрацца духамі, адэкалонам. Душыцца адэкалонам. Часта пачаў душыцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разу́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якому дадзен розум, надзелены розумам. Разумная істота.
2. Разважлівы, кемлівы, надзелены жыццёвай мудрасцю. Старшынёй калгаса выбралі чалавека разумнага, памяркоўнага. Даніленка. Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурань. Якімовіч. // Які разумее чалавека (пра жывёл). Разумны сабака. // Які выяўляе розум, праніклівасць. Разумны твар. □ Разумныя карыя вочы хлопца кагосьці шукалі. Ваданосаў.
3. Які сведчыць аб розуме, разважлівасці. Разумнае слова. □ [Сцёпка:] — Каб выказаць разумную думку, не трэба многа прыгожых і выкрутасістых слоў. Колас. // Багаты думкамі, змястоўны. У партфелі .. [старшыня сельсавета] насіў разумныя кнігі і наведвальнікам-сялянам зачытваў цытаты з класікаў марксізма-ленінізма. Шамякін.
4. Які адпавядае абставінам, лагічны ў даных умовах, мэтазгодны. Разумны ўчынак. □ [Крушынскі:] — Адзін плач тут не паможа, бацюшка, трэба нешта больш разумнае рабіць. Бядуля. У выніку такой разумнай арганізацыі працы і высокай працоўнай актыўнасці калгаснікаў абмалот быў праведзен у самыя кароткія тэрміны, збожжа паступіла ў калгасныя засекі. Залескі.
•••
Разумная галава гл. галава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паро́цца, паруся, порашся, порацца; незак.
1. Калоць, пароць адзін аднаго чым‑н. вострым.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Бадацца. Каровы поруцца.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разрывацца, разыходзіцца ў шве. Сукенка порацца.
4. Капацца ў чым‑н., шукаючы чаго‑н. [Макрына] даўно выпаліла ў печы і паролася, перабірала ў плеценым з лучыны кашэліку. Баранавых. [Шандыбовіч] схапіў стаячую лямпу і пабег у сенцы. Там ён доўга недзе пароўся, нешта пераварочваў. Кулакоўскі. // Марудна рабіць што‑н., корпацца. Маці гэтак сама рыхтуе нам у Штутгоф пасылкі, бацька нібы порацца на гаспадарцы, а на самай справе цікуе, што творыцца навокал. Карпюк. // Капацца ў чым‑н., шукаючы якую‑н. няспраўнасць, пашкоджанне. Сам .. [Якаў] там мала што мог разабраць, хоць апошнія месяцы многа займаўся тэхнікай: і чытаў, і ў маторах штодня пароўся. Кулакоўскі.
5. Зал. да пароць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паэты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паэзіі (у 1, 2 знач.). Паэтычны твор. □ Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Ярош. // Уласцівы паэзіі, вершаваны. Паэтычныя формы. Законы паэтычнай мовы. // Які сведчыць пра здольнасць да паэзіі, пра творчы талент. Паэтычнае чуццё. Паэтычны талент. □ З дзіцячых год .. [Самуілу] запомнілася многа добрага, што ўздзейнічала на яго ўяўленне, разбівала паэтычны дар. Каваленка.
2. Прасякнуты паэзіяй (у 3 знач.), поўны хараства, прыгажосці; лірычны. Паэтычны малюнак прыроды. □ Ніколі да гэтага нішто не выклікала яшчэ ў маёй юнацкай душы такога паэтычнага настрою, як рамантычнае жыццё трактарыстаў, начная малацьба і ворыва. Аўрамчык.
3. Надзелены ад прыроды павышанай эмацыянальнасцю, уражлівасцю. Паэтычная натура. □ У 1913 годзе Максім Багдановіч у крытычным аглядзе беларускай літаратуры за 1911–1913 гг. пісаў, што Змітрок Бядуля — «пісьменнік з душой чулай і паэтычнай». Каваленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сніць, сню, сніш, сніць; незак., каго-што, аб кім-чым, з дадан. сказам.
1. Бачыць сон (сны), бачыць у сне. — Я цябе сніла, мама. Не адзін раз, а многа! Брыль. Людзі былі ў тым стане зморанасці, калі чалавек можа заснуць ідучы ці зусім паваліцца ў гразь і праз хвіліну сніць, што ляжыць у мяккім ложку. Шамякін. Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў, Што буду я вольны, што буду шчаслівы. Купала. / у перан. ужыв. Прасторы бязмежныя спяць аб вясне... Куляшоў. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка.
2. перан. Марыць аб чым‑н., спадзявацца на што‑н. Мільгаюць мошкі і стракозы, А ты [Сымон] сядзі ды мары сні. Колас.
•••
І не сніў (сніла) — і не думаў (думала) пра што‑н. Дзень у дзень Я ў полі Працаваў сяўбою. І не сніў ніколі Стрэцца тут з табою. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шумлі́вы 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтварае шум (у 1 знач.). Горы падпіраюць небасхілы, І шумлівых вадаспадаў мчыцца рой. Хведаровіч. Тоненькія, далікатныя, у модных шумлівых плашчыках — абедзвюм год па семнаццаць. Ракітны. Андрэй крыху памаўчаў, задумліва пазіраючы на шумлівую збажыну. Краўчанка.
2. Які любіць шумець, многа, гучна гаварыць, крычаць; шумны 1 (у 2 знач.). І стол тым часам накрываюць, Гасцей шумлівых запрашаюць. Колас. Шчырыя, шумлівыя, шчасліва дзеці смехам гэткім заліліся, што пачуўся на далёкіх нівах ветлы шолах маладога лісця. Вялюгін. Ганна была дзяўчына шумлівая і сварлівая. Шамякін.
3. Які суправаджаецца шумам, ажыўленнем, мітуснёй. Шумлівая гульня. □ Зазвіняць галасістым гармонікам, прагрукочуць бубнамі ды стукам капытоў шумлівыя вясковыя вяселлі. Ваданосаў. // Напоўнены шумам, мітуснёй. Шумлівая вуліца. □ Чэрвеньскі рынак быў шумлівым, бойкім месцам. Грамовіч. [Зыбін:] — Усё-ткі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ.
шумлі́вы 2, ‑ая, ‑ае.
Які дае пену; пеністы. Шумлівы напітак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шум
1. шум, род. шу́му м.; (громкий разговор) го́ман, -ну м.; (крик) крык, род. кры́ку м.;
шум шаго́в шум кро́каў;
лесно́й шум шум (го́ман) ле́су, лясны́ шум (го́ман);
слы́шался шум голосо́в быў чу́тны го́ман галасо́ў;
по́дняли шум паднялі́ крык;
без шу́ма бясшу́мна, без шу́му, (беззвучно) бязгу́чна, (тихо) ці́ха, (молча) мо́ўчкі;
зву́ки и шу́мы гу́кі і шу́мы;
шу́мы в се́рдце шу́мы ў сэ́рцы;
2. (оживлённое возбуждение) шум, род. шу́му м.;
◊
мно́го шу́ма из ничего́ посл. мно́га шу́му з нічо́га;
наде́лать шу́му, подня́ть шум нарабі́ць шу́му;
а́дский шум страшэ́нны шум;
шум и гам крык і го́ман.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)