нала́дзіць, ‑ла́джу, ‑ла́дзіш, ‑ла́дзіць; зак., што.

1. Адрамантаваць, паправіць што‑н. папсаванае, паламанае. [Язэп:] — Ну, вось што, як толькі наладзіце трактар — ганіце яго ў вёску. Тут сеяць не будзем... Асіпенка. А ў кузні кіпела работа. Барану, кляцы якой трэба было нанава ўмацаваць, кавалі наладзілі хутка. Даніленка. // Падрыхтаваць для карыстання, настроіць для якой‑н. работы. Каса чыя нядобра косіць — Няхай Антося ён папросіць: Антось наладзіць — так дагоніць, Тады пабач, як загамоніць. Колас.

2. Зрабіць, стварыць. Вось дом, дзе Мамоніч наладзіў друкарню. Панчанка.

3. Арганізаваць што‑н., ажыццявіць якое‑н. мерапрыемства. Моладзь наладзіла факельнае шэсце да Дзвіны. Хадкевіч. Афіцэры ваеннай місіі папрасілі наладзіць сустрэчу з палоннымі. Мележ. Антэк не з такіх, каб .. апускаць рукі. Не, ён наладзіць самыя шырокія пошукі гэтых папер. Зуб. // Устанавіць. План Грабоўскага быў просты: дэсантнікі абавязкова паспрабуюць наладзіць сувязь з партызанамі. Жычка.

4. Прывесці ў парадак, уладкаваць. Наладзіць гаспадарку. Наладзіць улік. □ [Валько:] — Нам толькі ўраджайнасць узняць ды жывёлагадоўлю наладзіць — на ўсю вобласць грымець будзем!.. Савіцкі. Мяне не было тады дома два дні, і маці хацела наладзіць справу сама. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нао́гул, прысл.

1. Ва ўсіх адносінах, увогуле. Бумажкоў сваім атрадам загарадзіў.. [танкам] дарогу. Гэта быў час наогул першай спробы бою чалавека з танкамі. Чорны. Паход цэлым атрадам быў нялёгкім асабліва таму, што пяхота ўвесь час замаруджвала ход конніцы, а фурманкі з параненымі наогул тармазілі рух атрада. Брыль.

2. Заўсёды, ва ўсіх выпадках; зусім. [Міхаль] быў наогул не вельмі прыязны да людзей і крыху закаханы ў сябе. Скрыган. Лёдзя без болю наогул не магла глядзець, як сякуць дрэвы. Карпаў.

3. У агульных рысах. Гаварыць наогул. // У спалучэнні з назоўнікам азначае: у цэлым, не па частках. Звер гэты быў незвычайнае велічыні. Асабліва вялікай была яго галава і наогул увесь перад. Колас.

4. У спалучэнні са злучнікам «і» ужываецца для далучэння сказа або яго часткі, якія выражаюць думку больш агульную ў параўнанні з той, што выказана ў папярэднім сказе. І ні адна душа тут пра .. [Наўмысніка] нічога дрэннага не думала, і наогул мала пра яго думалі. Чорны.

5. Ужываецца ў значэнні абагульняючага слова. Тут жа [на вуліцы] расказваліся вельмі цікавыя навіны, падымаліся гарачыя спрэчкі, наогул жыццё біла з кожнага кута. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наро́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑а. Насельніцтва якой‑н. краіны, дзяржавы. Народ Савецкай краіны. □ І сэрцы, і воля, І думы народа Злучыліся ў плыні адной, Як хвалі патокаў, Як шумныя воды, Дзе сонца гуляе вясной. Колас. Іду з маім народам я, Вядзе мяне дарога проста. Краіна родная мая, — Вялікія тваім мы ростам. Бялевіч.

2. ‑а. Нацыя, нацыянальнасць, народнасць. Непарушны саюз народаў. Братняя дружба народаў. □ Нямецкі народ, да цябе маё слова — Вайне сваё «не» ты скажы. Бачыла.

3. ‑а; толькі адз. Асноўная, працоўная маса насельніцтва. Працоўны народ. □ Ідзе народ сярпа, касы, станка і молата. Таўлай. // У гістарычным матэрыялізме — сацыяльная супольнасць, якая ўключае ў сябе тыя слаі і класы, якія здольны ўдзельнічаць у вырашэнні задач прагрэсіўнага развіцця грамадства.

4. ‑у; толькі адз. Людзі. Сабралася шмат народу. □ Народ з пакункамі валіў з вакзала. Чорны. Народу ў клубе ўсё прыбывала. Шахавец. // Разм. Пра групу людзей, якія маюць нейкія агульныя, аднолькавыя рысы. Хлапчукі — народ спрытны. □ [Тата:] — Тут, у школе, народ вучоны, займаецца сур’ёзнай справай. Брыль. Бацькі — нецярплівы народ! Грамовіч.

•••

Савецкі народ — новая сацыяльная і інтэрнацыянальная супольнасць людзей, якая ўзнікла ў СССР за гады сацыялістычнай будаўніцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасто́ра, ‑ы, ж.

1. Неабмежаваная працягласць (ва ўсіх вымярэннях, напрамках). Бязмежная прастора. Паветраная прастора. // Спец. Адна з асноўных усеагульных аб’ектыўных форм існавання матэрыі, якая характарызуецца працягласцю і аб’ёмам. Асноўныя формы ўсякага быцця ёсць прастора і час; быццё па-за часам ёсць такая ж найвялікшая бяссэнсіца, як быццё па-за прасторай. Энгельс.

2. Свабодны прамежак паміж чым‑н. Калі круг рытма іх танца канчаўся і пачынаўся нанова, .. [падлеткі] былі ўжо ў іншым месцы, наколькі дазваляла прастора пакоя. Чорны. Ён [Вінцэсь] бы будаваў так, каб была прастора, многа паветра, каб вока цешылася. Мікуліч.

3. Вялікі ўчастак зямной або воднай паверхні. Навокал — неабсяжная прастора пад бяздоннай веліччу неба. Брыль. Над туманнай воднай прасторай таксама вісяць зоркі, не такія, праўда, яркія, як над гарамі, што відаць праз чыстае горнае паветра. Дуброўскі.

4. перан. Тое, што і прастор (у 2 знач.). Новая .. работа на курганах яму [Варонічу] вельмі па сэрцу: прастора, цішыня, а самае важнае — ніхто не перашкаджае... Ракітны. Я паклічу цябе ў свет прыгожае казкі, Дзе прастора для мар і задумам ёсць шыр. Чарнушэвіч.

•••

Мёртвая прастора — прастора, якая не прастрэльваецца франтавым агнём.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пераходзіць — перайсці (у 1–8 знач.).

2. Месца, прыгоднае або прыстасаванае для пераправы цераз што‑н. Пераход цераз раўчук. □ Вярблюд здаволіўся, ківае галавою: пакуль пяройдзе брод, напіцца можна. Ішак глядзіць на пераход трывожна. Дубоўка. Хай заваліла пераходы, Пячэ марозная імгла, Мы перасілім непагоду, І не такія перашкоды Людская мужнасць браць магла. А. Александровіч. // Месца, прыстасаванае для таго, каб пераходзіць вуліцу.

3. Спецыяльнае збудаванне, якое злучае адно памяшканне або месца з другім; калідор, галерэя. Ісці па цёмных пераходах. Крыты пераход. Падземны пераход для пешаходаў. □ На лайнеры пераходы з аднаго класа ў другі былі заўсёды на замку. Лынькоў.

4. Адлегласць паміж двума пунктамі, пройдзеная пешшу без прыпынкаў за які‑н. час. Ад лагера да Кромані па нармальнай дарозе не больш дваццаці кіламетраў, аднак на гэты пераход быў затрачаны доўгі летні дзень. Брыль.

5. Момант або месца, дзе што‑н. адно пераходзіць у іншае; звяно, што аб’ядноўвае з’явы, якія пераходзяць адна ў другую. Пераход ад зімы да вясны. Качканос з’яўляецца пераходам ад млекакормячых да птушак. Тонкія пераходы фарбаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пень, пня, м.

1. Ніжняя частка ствала з каранямі, якая застаецца ад спілаванага, ссечанага або зламанага дрэва. [Жонка] разам з сынам распаліла агеньчык на тым месцы, дзе некалі расла груша, а цяпер тырчаў з зямлі абгарэлы пень, паставіла чыгун з бульбай. Сіўцоў. [Жанчына:] — А вось у Шацілкі прыехалі: ні пала ні двара. У палатцы жылі, рыдлёўка і сякера — найпершыя машыны: пні карчавалі. Дадзіёмаў.

2. Адно дрэва будаўнічага лесу. [Цесць:] — Можа б у земаддзеле пнёў колькі лесу далі, як хутаранцу? Кажуць, даюць цяпер на будоўлю. Лобан. // Ствол дрэва. Адны з іх [асколкаў] тонка, як пчолы, звінелі па версе, збіваючы галінкі і лісце, другія .. злосна чокалі, уядаючыся ў галлё і пні. Брыль.

3. перан. Пра бесталковага, абыякавага да ўсяго чалавека.

•••

Валіць цераз пень калоду гл. валіць.

Глухі як пень гл. глухі.

На пень брахаць гл. брахаць.

На пні — пра не зрэзанае (лес, збожжавыя расліны і пад.). Пажаўцела поле. Збожжа ссыхалася на пні. Бядуля. — Ну, якая ўжо там грэчка! — Брат малодшы кажа: — Ветрам выдзьме! Не паспеўшы, Уся на пні паляжа. Колас.

Стаяць (сядзець) як пень гл. стаяць.

Цераз пень калоду — дрэнна, абы як (рабіць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрадве́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ідзе ад вякоў, не перастае існаваць; адвечны. Большая частка .. [выспы] пакрыта спрадвечнымі льдамі, а на меншай жывуць эскімосы і наезджыя каланісты-датчане. Дубоўка. Яно спакойнае, урачыстае, спрадвечнае жнівеньскае неба. Навуменка. Гудзе зямля, звіняць прасторы на свой стары, спрадвечны лад. Колас. Усё ішло само па сабе, падпарадкоўваючыся спрадвечным законам. Чаркасаў. // Шматвяковы, векавы; вельмі стары. Спрадвечны бор. □ Вецер ідзе над лесам, трашчыць і гудзе ў верхавінах спрадвечных дрэў. Чорны. Спрадвечныя дубы лёгка ўзнімаюць угору на сваіх гранітных ствалах цяжкія кроны. Паслядовіч.

2. Які існуе здаўна; старадаўні. Дзяды дзяўбуць ночвы ці выразаюць лыжкі; бабулі і мамы развешваюць ад елкі да бярозкі памытую бялізну, а ў нядзельныя раніцы, па старому, спрадвечнаму звычаю, пякуць у зямлянках аладкі для ўнукаў і дзяцей. Брыль. // Які вельмі даўно мінуў, вельмі даўні. Рабілі рупна і з веданнем, як робяць з часоў спрадвечных другія зямныя справы. Вярцінскі.

3. Карэнны, пастаянны, асноўны. Белавежскія зубры, спрадвечныя жыхары старадаўніх лясоў, знаходзяцца зараз і на беларускім баку пушчы. В. Вольскі. Была яшчэ адна немалаважная прычына: спрадвечнаму земляробу цяжка прызвычаіцца да гарадскога жыцця. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стры́жань, ‑жня, м.

1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. У бярвенні, мабыць, адна абалонка, а стрыжань ужо спарахнеў. Сабаленка. Любіў сядзець .. і дзівіцца, як лоўка выкручвае дзед стрыжань зрэзанай на дудку хвойкі. Марціновіч. // Сярэдняя частка чаго‑н. у жывёльным або раслінным арганізмах. Стрыжань птушынага пяра.

2. Спец. Прадмет прадаўгаватай формы, які звычайна з’яўляецца воссю або апорай чаго‑н. Стрыжань поршня. // Унутраная частка электрамагніта з абмоткай з дроту.

3. Глыбокае месца ў рэчышчы ракі, месца з самым хуткім цячэннем у рацэ. Наперадзе заўжды ішоў Ціхан — брыгадзір лепшай у арцелі брыгады і Бамбалаў сусед. Ён першы садзіўся на вёслы і вёў свой баркас на самы стрыжань ракі. Карамазаў. Лодка ўвішна выкручвалася на быстрай плыні стрыжня. Брыль.

4. Разм. Цвёрды асяродак варыва. Стрыжань скулы.

5. перан.; чаго. Асноўная, галоўная, цэнтральная частка чаго‑н. Да лепшых [вершаў] трэба аднесці тыя, дзе аўтару ўдалося знайсці нейкае драматычнае зерне, нейкі канфліктны стрыжань. Бярозкін. // Тое, асноўнае, што характэрна каму‑, чаму‑н. Лірыка-інтанацыйны прынцып канчаткова аформіўся, стаў стрыжнем індывідуальнай манеры Я. Брыля ў рамане «Птушкі і гнёзды». У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяро́д, прыназ. з Р.

1. У прамежку паміж краямі якой‑н. прасторы, пераважна ў роўнай адлегласці ад іх; пасярод. Стаяць сярод пакоя. □ Мікола чытаў, стоячы сярод хаты. Брыль. Палеткі калгаса «Рассвет» былі сярод лясоў. Кавалёў. // У прамежку паміж пачаткам і канцом якога‑н. адрэзка часу; на працягу чаго‑н. Сярод ночы.

2. У акружэнні каго‑, чаго‑н. (якіх‑н. аднародных прадметаў, з’яў, асоб); паміж кім‑, чым‑н. Карабель сярод ільдоў. Хата сярод лесу. □ Мне лес цяпер міл удвая, Бо родны лес мой краю служыць, Бо лес мой туліць смелых, дужых, Сярод якіх душой і я. Колас. Учора, як разыходзіліся ад пакгауза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш. Лынькоў. // У ліку, у саставе каго‑, чаго‑н. Сярод тых, хто варочаўся паражняком, былі і Арсень з Міхасём. Каваленка. Сярод трафеяў было некалькі афіцэрскіх мундзіраў. Грахоўскі. // У асяроддзі, у акружэнні каго‑н. [Алаізе] так многа далі простыя людзі, сярод якіх яна жыла. Яны навучылі яе любіць кожную травінку на роднай зямлі, захапляцца паэзіяй паданняў, легенд. Арабей.

•••

Сярод белага дня гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таму́, прысл.

1. Па гэтай прычыне, вось чаму. [Характар мужа], відаць, добра разумела Зіна, таму і сама маўчала і прасіла, каб Ярмолаў нічога насупроць не гаварыў. Кулакоўскі. Вада ў іншыя гады даходзіла не толькі да хат, але пападала і ў хаты .. Таму і гразі хапала ад марозаў да марозаў. Чарнышэвіч.

2. Разм. З гэтай (такой) мэтай. — Пойдзем у кіно? — Я таму і зайшоў да цябе.

3. у знач. выніковага злучн. Ужываецца для надпарадкавання даданых выніковых сказаў з прычынным адценнем (звычайна ў спалучэнні са злучнікам або часціцай «і»). Шчокі дзяўчыны разгарэліся на марозе, і таму вочы здаваліся надзвычай блакітнымі і яснымі. Шыцік. [Іван Аўдолевіч] прыехаў следам за намі, у гушчар далёка не палез, сасну спусціў маладую, — таму вось і гатоў, ужо ўвязвае воз. Брыль. [Тацяна] проста не зводзіла вачэй з маладога чалавека. І таму, напэўна, што ён першы прынёс гэту незвычайную вестку. Васілёнак. // Уваходзіць у склад састаўнога прычыннага злучніка таму што. Часта прыходзілася спыняцца, таму што дарога была несамавітая. Мележ. [Даніла:] Не гарачыся, дзед, даслухай да канца. Я кажу так не таму, што шкадую гэту гадзіну, а таму, што хачу выратаваць людзей, якіх чакае смерць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)