няста́ча, ‑ы, ж.

1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці, недахоп. Нястача рабочых. Нястача грошай. □ Баец пачаў задыхацца. Грудзі распірала ад нястачы паветра, — здавалася, вось-вось хрусне горла. Быкаў. Шмат гора давялося перажыць.. [Анастасіі Фамінічне] у першыя гады замужжа. Зямлі мелі мала, і заўсёды ў чым-небудзь была нястача. Сіняўскі.

2. Недастача грошай, тавараў, выяўленая пры праверцы магазіна, установы і пад. Калі ў краме ёсць нястача, Дык «усушка» там няйначай. Крапіва. Правяраючы касу, Зіна выявіла нястачу. Васілёнак.

3. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; беднасць. Васіль .. чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлеба і прыйдзе да яго. Колас. Мой край па царскаму закону Быў краем гора і нястач. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́хасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан сухога (у 1, 2, 5–12 знач.). Сухасць паветра. Сухасць скуры. □ Нашых літаратараў часамі слушна папракаюць у лексічнай беднасць, у сухасці мовы. Скрыган. Пачуццёвая сухасць з’явілася тут не ад беднасці таленту. Каваленка.

2. Адсутнасць або недахоп вільгаці дзе‑н. Язэп напіўся прыгаршчамі вады; горкая сухасць у роце знікла. Асіпенка. Вылі ў паветры цеплыня, сухасць, кедравы водар з лясоў на тым баку (далёкіх, далёкіх!). Караткевіч.

3. перан. Сухое, халоднае абыходжанне з кім‑н., выраз намеранай стрыманасці. З Ігнасёвымі словамі сухасць сплыла з .. твару [дзяўчыны] і гуллівая вясёласць заіграла на шчоках. Мурашка. Нядаўнюю сухасць і дзелавітасць у камандзіра ўзвода нібы ветрам здзьмула. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Брак1 ’нястача’ (Сцяшк. МГ, БРС, Яруш., Сцяшк., Шат.). Укр. брак ’тс’. Запазычанне з польск. brak ’тс’ (а гэта з с.-н.-ням. brak ’тс’); гл. Бернекер, 80; Брукнер, 38; Фасмер, 1, 206; Слаўскі, 1, 41; Рудніцкі, 191; Шалудзька, Нім., 22. Таксама бел. бракава́ць ’не хапаць’, укр. бракува́ти < польск. brakować; Рыхардт, Poln., 36; Кюнэ, Poln., 46. Параўн. яшчэ Булыка, Запазыч., 48.

Брак2 ’дэфект’, бракава́ць. Рус. брак, бракова́ть, укр. брак, бракува́ти. Праз польск. brak, brakować з с.-н.-ням. brak ’дэфект, недахоп’ (параўн. ням. brechen ламаць’). Бернекер, 80; Фасмер, 1, 206; Рудніцкі, 191; Рыхардт, Poln., 36; Кюнэ, Poln., 46; Брукнер, 38; Слаўскі, 1, 41. Выходзіць, што гэта слова таго ж паходжання, што і брак1 але развіццё семантыкі ішло рознымі шляхамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каз ’скажэнне’ (Гарэц.), магчыма, сюды ж kazý (Федар. Рук.). Укр. каз ’шал, шаленства’, толькі ў прымаўцы «Нехай на тебе каз найде!», рус. наўг., кем., арх. казь ’дрэнь, бруд; падла’. Рус. слова адрозніваецца фармальна і семантычна і, магчыма, наогул сюды не адносіцца, польск. дыял. kaz ’загана’, ’бяльмо’, чэш. kaz ’агрэх, дэфект (напрыклад, у тканіне)’, славац. kazнедахоп, дэфект’, славен. kàz ’загана, немач’, ’дэфект у тканіне’, серб.-харв. каз ’вырадак’ (слова адзначана ў XVIII ст.). Меркаваць аб статусе як бел., так і іншых слоў цяжка; Трубачоў (Эт. сл., 9, 174–175) лічыць, што прыведзеныя формы дазваляюць рэканструяваць прасл. kazъ — адваротнае вытворнае ад kaziti, гл. казіць. Што датычыцца статуса бел. каз, параўн. яшчэ ўсх.-бел. кажены ’пракажоны’ і сказа ’дэфект і да т. п.’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тхліць ‘даводзіць да гніласці’ (Нас.). Да ту́хлы (гл.) з варыянтным вакалізмам < прасл. *tъxlъ (Фасмер, 4, 128), параўн. тхлявы ‘тухлы’ (Шат.), тхля ‘тухласць’ (Ласт.), тхло ‘тухлы, гнілы пах’ (ТСБМ), ‘душна без паветра (пра рыбу пад тоўстым лёдам)’ (полац., Шн. 2), ‘недахоп кіслароду ў вадзе (на возеры)’ (глыб., Сл. ПЗБ), ‘прыдуха, задуха, замор рыбы ў возеры’ (гарад., Нар. сл., Рэг. сл. Віц.), ‘палонка, прасечаная ў лёдзе, куды выходзіць затохлая рыба’ (полац., Ялік.), ‘адтуліна, праз якую вычэрпваюць затохлую рыбу’ (полац., З нар. сл.); тхлі́ца ‘мор рыбы ад недахопу паветра’ (гродз., ЖНС), тхлі́на ‘тухлы гнілы пах’ (ТСБМ; беласт., Сл. ПЗБ), ‘гніласць’ (Байк. і Некр.), тхлосць ‘застаялы пах’ (Вушац. сл.). Параўн. рус. дыял. тхли́ца ‘рыба, якая задыхнулася ў рацэ’, паводле Фасмера (4, 129) — з *тъхлъ або *дъхлъ, гл. тохнуць, дохнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вя́тка ’натоўп, гурт людзей, арцель, чарада’ (Гарэц., КСП, КТС, Нар. сл., Садоўскі, вусн. паведамл.). Рус. вятка ’тс’ (смал., Даль, пск., СРНГ); ’вячоркі’ (смал., Садкова, вусн. паведамл.). Слова з даволі вузкім арэалам распаўсюджання. Параўн., напрыклад, заўвагу Козырева: «Вятка… — специфически смоленская лексика» (Бел.-рус. ізал., 59). Недахоп даных прымушае выказаць толькі здагадку. Можна дапусціць, што гэта рэпрэзентацыя старой асновы jat‑ (‑iti) (параўн. серб.-харв. jȁtiti (se) ’збірацца’). Па форме (далучэнне пратэзы) гэта, у такім разе, утварэнне тыпу вячай, вятроўка (гл.). Да семантыкі параўн. паўднёваславянскую лексіку: серб.-харв. jȁto ’чарада, абшчына, брацтва’, славен. jȃta ’чарада, статак’, балг. ято ’чарада’ і да т. п., аб якіх гл. Скок, 1, 761. Вятка, такім чынам, дэмінутыў ад jat‑a або іначай суфіксальнае ўтварэнне ад дзеяслоўнай асновы jat‑. Усю праблематыку апошняга гл. пад ятка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сма́га, ‑і, ДМ смазе, ж.

1. Моцнае жаданне піць. Як зморышся, пад сонцам косячы, хочацца тады ўпасці на густую мураву, схіліцца над самой вадой рэчкі і піць яе губамі проста з ракі, піць доўга, аж пакуль не прагоніш дакучлівай смагі. Галавач.

2. Недахоп вільгаці, суша, спёка. І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ў вечар асядае ўжо .. гарачыня і смага. Скрыган. А што б вадзе гэтай млын круціць, на палі разліцца, калі пасевы гараць ад смагі? Лобан.

3. перан. Разм. Моцнае імкненне да чаго‑н. У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагі да жыцця і чуючы перад сабой адно — чорную навісь смяртэльнае навалы. Чорны.

•••

Сагнаць смагу гл. сагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ну́жанедахоп харчоў; патрэба’ (Нас.), ’галеча’ (Яруш.), ’сум’ (пін., Сл. ПЗБ), ’мухі (наогул насякомыя)’ (Ян.; Мат. Гом.), ’шасціножкі (камары, мошкі, сляпні, авалы, зыкі, мухі)’: Улетку нужа тавар эаедае (Некр.), сюды ж таксама нюжа ’галеча; рой мошак’ (Сержп., Грам.), укр. ну́жа ’вошы; мухі’, рус. ну́жа ’галеча, беднасць; неабходнасць; прымус; сверб’, польск. nędza ’галеча, бяда’, чэш. nouze ’тс’, славац. nudzą ’тс’, в.- і н.-луж. nuza ’тс’, славен. nüja ’неабходнасць, патрэба’, серб.-харв. нржда ’тс’, макед. нужда ’тс’, балг. нужда ’тс’, ст.-слав. ноуѫда ’тс’. Прасл. *nudja ’патрэба, неабходнасць’ ад *nuditi, гл. нудзіць (Махэк₂, 402; Бязлай, 2, 230); паводле Фасмера (3, 88), роднаснае нуда, нудить. Зубаты (I, I, 312) выводзіць значэнне слова з ’мучыць, турбаваць, прыгнятаць’ і далей ’прымушаць’, чым і тлумачыцца увесь спектр значэнняў, блізкіх значэнню слова бяда. Змякчэнне н мае, відаць, экспрэсіўны характар. Сюды ж таксама ну́жнай мужык ’бедны мужык’ (Анім.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сла́басць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан слабага. Слабасць зроку. Слабасць здароўя. □ Такім чынам, неабходнасць шукаць знешняга рынку зусім не даказвае слабасці капіталізму, як любяць паказваць справу народнікі-эканамісты. Ленін.

2. Недахоп або ўпадак фізічных сіл; недамаганне. Валодзю рабілася ўсё горш і горш. Кружылася ад слабасці галава, і ён баяўся, што ўпадзе з каня. Хомчанка. Уклаў [Сташэвіч] у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу, млявасць і слабасць прайшлі па ўсім целе і спыніліся ў грудзях каля сэрца. Чарнышэвіч.

3. Адсутнасць цвёрдай волі; маладушнасць. [Таццяна:] — Даруй, Тарас Іванавіч, за слабасць: Я ратаваць хацела нашу справу і выдала цябе. Глебка. [Надзя] раптам заплакала і, прыкрыўшы твар рукамі, хуценька выбегла ў сенцы, нібы саромеючыся людзей за гэтую нечаканую сваю слабасць. Лынькоў.

4. Недасканаласць, недахоп, слабае, месца. [Каліноўскі:] — Тое, што.. [маніфест] абвяшчае волю і роўнасць і перадае былым прыгонным сялянам зямлю зараз жа, а не праз доўгія гады, як гэта робіць цар, і без выкупу, чаго цар не робіць, у гэтым яго сіла.. Але маніфест мае і свае слабасці. Якімовіч.

5. Разм. Схільнасць, цяга да каго‑, чаго‑н. Шахматы — мая слабасць. □ Хоць патуранне было і шкодна з педагагічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. Колас. Саша больш за ўсіх ведаў пра слабасць сябра, які дужа любіў паспаць. Васілёнак. Трэба сказаць, у Зоі была слабасць.. да людзей незвычайных. Арабей. // Пра таго (тое), хто (што) выклікае да сябе чыю‑н. сімпатыю, з’яўляецца прыхільнасцю каго‑н. Аднойчы я чуў, як [сусед] прызнаваўся бацьку: «Коні, — кажа, — гэта мая слабасць, мая хвароба. Калі ўбачу статнага, добрага каня, я губляю спакой...». Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упира́ться

1. в разн. знач. упіра́цца;

упира́ться лбом в сте́нку упіра́цца лбом у сцяну́;

всё э́то де́ло упира́ется в недоста́ток вре́мени уся́ гэ́та спра́ва ўпіра́ецца ў недахо́п ча́су;

2. перен., разг. упіра́цца; (упрямиться — ещё) упа́рціцца, нараві́цца, нату́рыцца;

3. страд. упіра́цца; утаро́плівацца; см. упира́ть 1, 2;

упира́ться рука́ми и нога́ми упіра́цца рука́мі і нага́мі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)