Пустадо́мак ’бестурботны чалавек, які не дбае пра дом, сям’ю, гаспадарку’ (ТСБМ, Янк. 1, Шат., Жд. 2; ушац., Пан. дыс.), ’член сям’і, які не спрыяе дому, а цягне з яго’ (Варл.), пустадо́мец ’тс’ (Юрч.), пустадо́мка ’нядбайная гаспадыня’ (рагач., Нар. Гом.). Утворана ад пустадо́м ’бестурботны, не дбаючы пра гаспадарку’ (Нас., Бяльк., Касп., Гарэц.), першапачаткова, відаць, кароткі прыметнік на базе спалучэння пусты дом (гл. пусты́), параўн. сучаснае пустадо́мы ’нядбайны, ветраны’: зараз багато маладых пустадомых (ветк., Мат. Гом.), параўн. рус. дыял. пустодо́м, пустодо́мок, пустодо́мник ’тс’, укр. пустодо́мок ’тс’, паралельнае макед. пустокуќникъ (пустокукьникъ) < пуст + куќа ’дом, хата’ (охрыдск., Макед. сб., 15, 59); у такім выпадку прыметнік пустадо́мны (Нас.) — другасны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ме́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны беспамылкова пападаць у цэль. Сярод дваровай чэлядзі быў зухаваты хлапец Максім, майстра на ўсе рукі, надзвычай меткі стралок. Машара. // Дакладна накіраваны ў цэль. Меткі выстрал. Меткі ўдар. □ Група маладых партызан.. навучалася меткай стральбе з вінтовак і аўтаматаў. Шамякін. // Якім без промаху пападаюць у цэль. Меткая вінтоўка. □ Не было таго дня і ночы, каб пад адкос не ляцелі воінскія эшалоны ворага, каб не знішчаліся забітыя меткай партызанскай куляй нямецкія захопнікі. «Беларусь».

2. перан. Тое, што і трапны (у 2 знач.). Меткі фельетон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

духо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да духу (у 1 знач.); звязаны з унутраным, псіхічным жыццём чалавека. Духоўны свет чалавека. Духоўныя інтарэсы. Духоўная блізкасць. □ Сапраўды-такі здараюцца духоўныя перавароты ў маладых людзей, здаецца часам, што перайначваецца ў чалавека натура. Чорны. // перан. Нематэрыяльны, бесцялесны. Хлеб духоўны.

2. Звязаны з рэлігіяй, царквой; проціл. свецкі. Духоўная ўлада. Духоўная музыка. // Звязаны з кіраўніцтвам царкоўнымі справамі, падрыхтоўкай служыцеляў культу. Духоўнае ведамства. Духоўная семінарыя. // Які належыць да духавенства. Духоўная асоба. // Які прысвойваецца служыцелям царквы. Духоўны сан. Духоўнае званне.

•••

Духоўны айцец гл. айцец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяяса; зак., каго-што.

1. Прывязаць, прымацаваць што‑н. пад чым‑н. Падвязаць званочак. Падвязаць вядро пад воз. // Абвязаўшы, прывязаць да чаго‑н., пазбавіўшы магчымасці падаць, апускацца. Падвязаць памідоры. □ Самы блізкі да вулляў рад маладых яблынек дзяўчаты прапанавалі падвязаць увечары, калі ўгамоняцца пчолы. Дуброўскі.

2. Абвязаць зверху чым‑н. Падвязаць шчаку хусткай. // Разм. Надзець што‑н. зверху, завязаўшы канцы. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль.

3. Дадаць вязаннем яшчэ крыху; падвязаць. Падвязаць шалік. Падвязаць рукавіцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імяні́ны, ‑нін; адз. няма.

У католікаў і праваслаўных — асабістае штогадовае свята каго‑н., якое выпадае на той дзень, калі царква адзначае памяць аднайменнага святога. Ёсель хоць і быў непісьменны, але вёў строгі рэестр імянін і ўсіх сямейных свят у Панямонні. Колас. Сваю любоў і глыбокую пашану да мэтра, настаўніка і дэкана студэнты праявілі на ўсю паўнату маладых сэрцаў, калі адзначалі імяніны прафесара Ф. Рушчыца. Ліс. // Разм. Дзень нараджэння. У мяне, дарэчы, імяніны: Заўтра стукне роўна... дваццаць год! Гілевіч. // Святкаванне, бяседа з гэтай нагоды, у гонар гэтага дня. Справіць імяніны. Запрасіць на імяніны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маладо́сць, ‑і, ж.

1. Юнацкі ўзрост, маладыя гады жыцця. Дзяцінства .. [Строніна] і першая маладосць прайшлі бесклапотна. Чорны. Маладосць, як бы яна ні была пражыта, ніколі не пакідае нас. Скрыган. // Якасць і ўласцівасць маладога (у 1 знач.), малады выгляд. На некаторы час у пані Ганны прапала зайздрасць да маладосці і прыгажосці Стэфкі. Бядуля.

2. Нядаўняе, непрацяглае існаванне чаго‑н. Маладосць дзяржавы.

•••

Другая маладосць — аб прыліве новых сіл, творчай энергіі, узнікненні пачуцця кахання ў пажылыя гады.

Не першай маладосці — не маладых гадоў, сталага ўзросту; сярэдніх год.

Па маладосці гадоў — з-за недастатковай сталасці, па нявопытнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сяц, ‑а, м.

1. Планета, самая блізкая да Зямлі. Месяц-маладзік. □ Ноч была цёмная — ні месяца, ні зорак на небе. Шыловіч.

2. Дванаццатая частка астранамічнага года, у якой ад 28 да 31 дня. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Адрэзак часу ў 30 дзён, калі лічыць ад якога‑н. дня. Месяц прамінуў, як дзень. Гартны. Ішлі спачатку месяцы, потым мінуў год, другі. Ракітны.

•••

Поўны месяц — поўня.

Мядовы месяц — першы месяц пасля шлюбу ў маладых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прына́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прынаджваць — прынадзіць.

2. Тое, чым прынаджваюць птушак, рыб, жывёл. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Цяпер зайцы ў лясах гуляюць, Іх упалюеш без прынады. Колас. // Тое, што прыцягвае, прываблівае. Высокі ясень — прынада для птушак, і яны ляцяць з-за канала, з лясных і балотных гушчынь. Пестрак. [Гунава:] — Я гатовы паручыцца галавой, што праз гадзіну .. [салдаты] будуць тут. Х-хэ! Дымок над страхой — нядрэнная прынада. Самуйлёнак. Каханне — лёгкая прынада Для сэрцаў чуткіх, маладых. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лы́ка1, лы́ко, лэ́ко, лы́чка ’луб з карой маладых, лісцевых дрэў (ліпы, лазы), з якога плялі лапці’, ’вязка, нізка’ (ТСБМ, Шат., Бес., Яруш., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лы́кі ’скруткі лыка’ (Касп.). Укр. ли́ко, рус. лы́ко, лы́ка (ж. род), польск. łyko ’тс’, lyka ’путы, няволя’, н.-, в.-луж. łyko, łyka ’лыка’, чэш. lýko ’тс’, ’вяроўка з лыка’, славац. lyko, славен. líkọ, lȋčje, серб.-харв. ли̏ка, устар. ли̏ко, макед. лико, лика, балг. ли́ко, лика́ ’тс’, ’вяроўка з лыка’, ’канапляная, шаўковая нітка’; рус. разан. лы́ко і макед. радопск. лика ’ліпа’. Прасл. lyko унутраны слой кары з маладых дрэў (ліпы)’ (Слаўскі, 5, 401–405 з аглядам л-ры). З і.-е. паралелей захаваліся толькі балт. з другасным ‑n‑: літ. lùnkas, лат. lûks ’лыка’, ст.-прус. lunkan ’тс’ і, паводле некаторых этымолагаў (гл. Фасмер, 2, 540–541), таксама ст.-інд. lúñcati ’рве, лушчыць, здзірае, лупіць’, ст.-в.-ням. (род. склон lōwes) ’мяздра, лыка’, — усе да і.-е. lū‑k‑o < *leuk‑ ’светлы’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 164–166). Сюды ж лы́чышнік ’лычнік, які дзярэ лыкі на продаж’ (Бяльк.). Гл. таксама Скок (2, 301), Шустар-Шэўц, 11, 783; Бязлай, 2, 141; БЕР, 3, 400.

Лы́ка2 ў выразе: лы́ка ты сьвіноя (Шат.). Да лыч2 (гл.).

Лы́ка воўчае ’ваўчаягада звычайная, Daphne mezereum L.’ (віц., барыс., мін., Кіс.). Укр. лико вовче, польск. wilcze łyko, н.-луж. wʼelkowe łyko, чэш. vlčí lýko, серб.-харв. лико ву̀чје, балг. диво лико ’тс’, славен. volčja lika ’бружмель лясны’. Прасл. vl̥ʼčje lyko ’ваўчаягада звычайная’. Аналагічна ням. Wolfsbast ’тс’ (Слаўскі, 5, 404; Махэк, Jména, 152).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вузля́к ’вузел’ (карэліц., Шатал.), вузьля́к ’памянш. ад вузёл’ (Бяльк.). Да ву́зел, няясная словаўтваральная матывацыя, паколькі для беларускіх утварэнняў на ‑ак памяншальна-ласкальнае значэнне нехарактэрна (З жыцця, 68); магчыма, пад уплывам прадуктыўнай на ўсходзе Беларусі мадэлі вальлёвальля́к ’валлё (у птушкі)’, вульлёвульля́к ’вулей’, дзе суфікс надае слову падкрэсленае значэнне адзінкавасці з-за збліжэння першых слоў са зборнымі назоўнікамі тыпу галлё́ (адносна пастаяннага змяшэння дэмінутыўных утварэнняў з сінгулятывамі гл. Мартынаў, Деривация, 56 і наст.). Менш верагодна ўздзеянне словаўтваральнага тыпу з гэтым суфіксам, які характэрны для назваў маладых істот, утвораных ад адпаведных назоўнікаў, і шырока вядомы на паўночным захадзе і ў цэнтры Беларусі (параўн. цяля́к, каця́к, вуця́к) і мае літоўскія адпаведнікі (Атрэмбскі, Gramatyka, 280); магчымасць уздзеяння гэтага словаўтваральнага тыпу падтрымліваецца фармальным збліжэннем зыходнай формы з казёл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)