паку́ль, прысл. і злучн.

1. прысл. (часта ў спалучэнні са словам «што»). На працягу некаторага часу, нейкі час. Пастой пакуль тут. □ — Нічога, нічога, абыдзецца і так, — расчулена гаварыў бацька, пяшчотна дакранаючыся да рамы рукою. — Пафарбуем пасля, а пакуль і так пастаіць. Васілёнак. Марына Паўлаўна заўважыла ў кутку хаты нарыхтаваны шчырай Таццянінай рукою невялічкі, але чысты прытулак. — Гэта пакуль што, Марынка. Мы потым іначай зробім, мы цэлы пакой табе абсталюем тут. Зарэцкі. // Да пары, да часу. [Васіль Іванавіч:] — Зразумей адно: пакуль што будзе лепш, каб як мага меней людзей ведалі, што мы тут. Лынькоў. [Валя:] — Пойдзем, Толік, у партызанскі атрад. Міхась аб гэтым пакуль што не павінен ведаць... — Чаму? — здзівіўся Толя. — Такі загад камандзіра партызанскага атрада. Якімовіч. // Цяпер, у гэты момант. Босы і ў адной бялізне.. [разведчык] пабег па мёрзлым снезе, і коннікі паімчаліся за ім, страляючы пакуль што ўгару. Чорны. // Тым часам. Вы пагаварыце, а мы пакуль перакурым. // Да гэтага часу, да гэтай пары. Гузік даўно згубіўся, а новага маці пакуль не ўшыла. Кандрусевіч. Цяпер жа Ларыса не нацешыцца сваёй работай. Пакуль што ўсё выходзіць не горш як у людзей. Кулакоўскі.

2. прысл. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова: а) у даданых дапаўняльных сказах, якія паясняюць дзеяслоў «чакаць» або блізкае да яго слова. Ларыса села на белы зэдлік каля ног бацькі і стала чакаць, пакуль ён прачнецца. Кулакоўскі. Пракурор падняўся, не чакаючы, пакуль яму дадуць слова. Скрыган; б) у сказах, якія ўдакладняюць акалічнасць часу. Да поўначы сядзелі, пакуль сны агарнулі. Броўка. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот.

3. злучн. часавы. Ужываецца ў складаназалежных сказах з часавай абмежаванасцю падзей: а) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на перыяд дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «на працягу таго часу як». Пакуль яны [Пятрусь і Міхась] крычалі, конь пачуў волю і стаў памаленьку заварочвацца назад, шчыплючы траву. Колас. Пакуль мы гутарылі, у памяшканне ўвайшоў высокі светлавалосы чалавек. Крапіва. Пакуль снедалі, на дварэ ўзняўся шалёны вецер. Чарнышэвіч; б) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на момант завяршэння дзеяння галоўнага сказа (звычайна пры адмоўным выказніку); абазначае: «да таго часу як». Часамі праводзіць [Данілу] цемнавокая Мар’яна і доўга стаіць на беразе пад сасною, пакуль не страціць з вачэй чаўна, пакуль той не нырне ў густыя, стромкія цені сосен. Пестрак. Вясеннім днём на пасяўной Брыгада працавала, Пакуль вячэрняю імглой На нівы ноч апала. Танк. / Пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «датуль», «да той пары», «да таго часу». — Цяпер, — кажа сівы конь, — я сам паеду з табою. А ты глядзі, як сядзеш на кабыліцу, дык бі яе бязменам паміж вушэй. Датуль бі, пакуль яна не спыніцца. Якімовіч. Малады патрыёт пакляўся біцца з ворагам да таго часу, пакуль родная зямля не будзе ачышчана ад фашысцкай погані. Крапіва. / У спалучэнні з часціцай «аж» або пры наяўнасці яе ў галоўным сказе. Паддубны стаяў «на трыбуне», аж пакуль не знік з паляны апошні чалавек. Пестрак. [Віктар] сядзеў так аж датуль, пакуль не [разышліся] усе чыста. Зарэцкі.

4. злучн. часавы. Разм. Ужываецца ў даданых сказах часу, дзеянне якіх адбываецца пасля завяршэння дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «да таго як»; «перш чым». Але раса, брат, выесць вочы, Пакуль узыйдзе тое сонца. Колас. Пакуль выеду я ў поле, Вытры слёзы, усміхніся. Панчанка. Ён размахнуўся, падвойнае шкло зазвінела і потым — пакуль ён паспеў шыбануць за вугал хаты — граната ахнула!.. Брыль.

•••

Пакуль ногі носяць гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Аддзяліцца, адпасці. Каля берага [Макоўчык] нецярпліва пацягнуўся да галіны, але схапіў толькі кволы парастак з некалькімі клейкімі лісткамі. Парастак не вытрымаў і адарваўся. Мележ. Ноччу, калі ўціхамірылася і ўляглося ўсё на вуліцы, мы [палонныя] намацалі слабейшую ліштву, і яна лёгка адарвалася. Адамчык.

2. Аддзяліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Постаць адарвалася ад крыжа і наблізілася да Колі. Пестрак. Таня кінулася насустрач. Прыпала да .. [Міколы], абхапіла рукамі за шыю і не магла адарвацца. Новікаў. // Аддзяліцца ад зямлі. Самалёт, падскокваючы, пабег па палянцы, а потым, нібы з вялікімі намаганнямі, адарваўся ад зямлі і павіс у паветры. Сабаленка.

3. Перастаць часова займацца чым‑н. па якой‑н. прычыне. Гуляючы з цацкамі на падлозе, .. [Міша] увесь час паглядаў на дарослых, — ці не адарвецца хто-небудзь з іх ад работы і ці не можна будзе з ім хоць трохі пагаварыць. Шахавец. Хлопцы разоў пяць прачыталі лістоўку і ўсё ніяк не маглі ад яе адарвацца. Якімовіч. [Міхал] адарваўся ад сваіх думак, падняўся, пайшоў.. [Мані] насустрач. Васілевіч.

4. перан. Страціць сувязь з кім‑, чым‑н., аддаліцца ад чаго‑н. [Гарнастай:] — Мне тут, хоць бы ты і хацеў, дык ніяк ад людзей не адарвешся. Навуменка. За гады вучобы.. [Лемяшэвіч] крыху адарваўся ад вёскі, не меў знаёмых старшынь калгасаў, а ў раманах, якіх ён перачытаў нямала, і ў кіно старшыні былі падобныя адзін на аднаго. Шамякін. Трымаліся.. [кветкі] пры самай зямлі, баючыся адарвацца ад яе цяпла. Вітка. Гэта была шчырая роспач маці, якая бачыць немінучую гібель свайго дзіцяці, калі яно адарвецца ад яе. Васілевіч. // Вызваліцца ад чаго‑н. Адарвацца ад уплыву старых традыцый.

•••

Сэрца адарвалася ў каго гл. сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заня́цца 1, займуся, зоймешся, зоймецца; заг. займіся; зак.

1. чым. Узяцца за якую‑н. справу, прыступіць да якога‑н. занятку. Заняцца спортам. □ Бумажкоў заняўся арганізацыяй вялікай сталоўкі і шпіталя. Чорны.

2. кім-чым і з кім-чым. Накіраваць сваю ўвагу на каго‑, што‑н., праявіць цікавасць да каго‑, чаго‑н. Заняцца хворым. □ Дзед Талаш, так удала вырваўшыся са свайго палону, заняўся Саўкам Мільгуном: што з ім рабіць? Колас. У аддзяленні Віцем заняўся пажылы светлавусы капітан. Якімовіч. Адукацыяй маладога Казіміра, якому было ў часе паўстання пятнаццаць год, заняўся нейкі дзядзька па матчынай лініі, засцянковы шляхціц, прызначаны судом за апекуна. Пестрак.

3. з кім-чым. Разм. Узяць на сябе кіраўніцтва кім‑, чым‑н., дапамагчы каму‑, чаму‑н. (у вучобе, занятках і пад.). Заняцца з адстаючымі вучнямі.

заня́цца 2, зоймецца; зак.

1. Загарэцца, успыхнуць. Было ўжо суха і горача. Ад гэтай хаты занялася другая, трэцяя — і пажар выкаціў амаль увесь гарадок. Лобан. Бацька прыбег на пажар, калі ўжо занялося і наша гумно. Хведаровіч.

2. Наступіць, пачацца (пра раніцу, зару і пад.). Заняўся ранак. Людзі ў поле Ідуць на працу грамадой. Прыходзька. Недзе далёка-далёка, там, дзе канчалася балота, заняўся золак, а я ўсё ляжаў і думаў. Бажко. / на што, безас. Каржакаваты хвойнік прытуліў .. людзей у сабе тады, калі неўзабаве павінна было заняцца на дзень. Чорны. // перан. Зарадзіцца, узнікнуць. У Марыны Паўлаўны занялася кволая невыразная надзея. Зарэцкі.

3. чым. Разм. Узяцца коркай, пакрыцца чым‑н. Антось тут сам пачаў тлумачыць: — Была паводка гэта, значыць, Вада па лузе разлілася, А потым лёдам занялася. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

быва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Прыходзіць да каго‑н., наведваць каго‑н., падтрымліваць сяброўскія адносіны з кім‑н. Любецкі кожны дзень бываў у генералавым доме. Карпюк. Праўда, у апошні час Пеця перастаў бываць у Валіка. Жычка. Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар. Чорны.

2. Знаходзіцца, прысутнічаць дзе‑н. З самага вечара Несцяровіч мала калі бываў дома. Чорны. Пятру не раз даводзілася бываць у горадзе, і вуліцы ён ведаў, і раёны знаў. Пальчэўскі. На тайных сходах часта.. [Янка] бываў. Бядуля.

3. Здарацца, трапляцца. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка. // Мець месца, здарацца. На такіх аблавах [на ваўкоў] бывалі і чалавечыя ахвяры. Бядуля. Бывалі выпадкі, што прыходзілася падаваць гэтым самалётам адмоўныя сігналы, бо ніяк нельга было прыняць груз. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. са злучн. «што» і без яго. Бывае так: і ў добрым севе Трапляе дзікая трава. Колас.

4. Звязка ў састаўным выказніку. Робячы нешта сур’ёзнае, падчас бывае прыемна і памарыць. Брыль. Дрэнна бывае матылю, калі трапляе ён на агонь. Лынькоў.

5. Форма развітання (звычайна ў 2 ас. адз. і мн. з азначальным словам і без яго). — Бывай жа, лецейка, бывай! Бывайце, родныя валокі! Колас.

•••

Бывай (бывайце) здаровы — тое, што і будзь здароў (гл. быць).

Бываць на людзях — быць сярод людзей, з людзьмі.

Не бываць таму — не адбыцца, не здарыцца, не быць чаму‑н.

Чаго не бывае — усё можа быць, рознае бывае.

Як ні ў чым не бывала — як быццам нічога яе здарылася, як ні ў чым не вінаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. набі; зак.

1. чаго. Убіць, наўбіваць у значнай колькасці. Набіць цвікоў. Набіць калкоў.

2. што. Напоўніць, напхаць чым‑н. Свежым сенам сяннік гаспадыня набіла. Зарыцкі. Селі [старцы], адпачылі, люлькі тытунём набілі. Якімовіч. // Разм. Сабраўшыся ў вялікай колькасці, запоўніць. Народ густа набіў калідор. Мікуліч. Людзей найшло.. Набілі клуб — не дыхнуць. Пташнікаў.

3. што. Прыбіць зверху да чаго‑н. Набіць палатно на падрамнік.

4. што. Ударамі насадзіць. Набіць абруч на бочку. Набіць сякеру на тапарышча.

5. чаго. Разбіць у вялікай колькасці. Набіць шкла. □ Крыніцу назвалі «Тры браты», а каб пра гэта было ўсім вядома, набілі дробненькіх каменьчыкаў і па свежым тынку зрабілі надпіс. Дубоўка.

6. каго. Нанесці пабоі. Пачуўшы Цімкаў плач, выйшла з хаты бабка. Яна думала, што хто набіў хлопчыка. Кулакоўскі. Аканома набілі і прагналі з плантацыі. Караткевіч.

7. каго-чаго. Забіць вялікую колькасць жывёл, птушак і пад. Набіць качак. Набіць зайцаў.

8. што. Зарадзіць зброю з дула. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу. Колас.

9. што. Зрабіць узор асобым спосабам. Набіць рысунак на тканіне.

10. што. Зрабіць балючае пашкоджанне ўдарамі, трэннем. Набіць гуз. Набіць мазалі.

•••

Аскому набіць — тое, што і аскому нагнаць (гл. нагнаць).

Бітком набіць — напоўніць што‑н. вельмі цесна, шчыльна.

Набіць вока — набыць вопыт, уменне вызначыць што‑н. адразу.

Набіць кішэнь — займець вялікія грошы, зрабіцца багатым.

Набіць (наламаць) руку — зрабіцца спрактыкаваным, набыць вопыт у якой‑н. справе.

Набіць сабе цану — узвысіць сябе ў вачах іншых.

Набіць цану — тое, што і нагнаць цану (гл. нагнаць).

Ногі набіць — тое, што і ногі адбіць (гл. адбіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыйсці́ся, прыйду́ся, пры́йдзешся, пры́йдзецца; пр. прыйшо́ўся, ‑шла́ся, ‑шло́ся; зак.

1. Аказацца адпаведным, падысці па якіх‑н. прыкметах, у якіх‑н. адносінах. Прыйсціся па памерах. Прыйсціся да твару. Прыйсціся на нагу. □ «Калі ж небудзь Тамаш будзе такі, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка». Чорны. — Дык чым жа я вам гэтак прыйшлася? — спытала Аніся. Сабаленка. Спецыяльнасць токара прыйшлася тут вельмі дарэчы. Шахавец.

2. Апынуцца на якім‑н. месцы, узроўні; супасці з чым‑н. Свята прыйшлося на нядзелю. □ Затым [Кучынскі] агледзеў прыборы, пакратаў рабрыстую ручку упраўлення, якая прыйшлася між калень. Алешка. Адзін удар прыйшоўся па твары. Брыль.

3. Скласці якую‑н. колькасць у адносінах да каго‑н.; дастацца. Яшка даў нам па дзве толавыя шашкі .. Па дзве, дык па дзве — мы не супраць. Добра, што і гэта прыйшлося. Пянкрат. Па добрага паўвоза сена кожнаму прыйшлося. Чорны. Новыя — у руках шапацяць, як бярэш, — чатыры чырвонцы прыйшліся Адасю. Калюга.

4. безас. з інф. Аказацца вымушаным (што‑н. рабіць). Майстэрня, пакуль цёпла, — у хлеўчуку, зімой прыйдзецца перабрацца ў хату. Навуменка. Нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас. Ні Іллюк, ні нават Міхалючок маляваць не ўмелі, дык прыйшлося навырэзваць малюнкаў. Чорны. // Выпасці каму‑н. на долю, давесціся; здарыцца. [Навічкі] тупалі каля вазоў і баязліва паглядалі на будынак, дзе ім прыйдзецца вучыцца чатыры гады. С. Александровіч. Прайшоў я уздоўж, папярок Беларусь і Літву. Людзей бачыць усякіх прыйшлося. Танк. Танцавалі дзе прыйшлося: на пакосе — на пакосе. Дубоўка.

5. 3 ас. адз. пры́йдзецца (у спалучэнні з папярэднім займеннікам або прыслоўем). Ужываецца для ўказання на няпэўнасць, выпадковасць. Дзе прыйдзецца. Што прыйдзецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

псава́ць, псую, псуеш, псуе; псуём, псуяце; заг. псуй; незак.

1. што. Прыводзіць у няспраўны стан, рабіць непрыгодным, непрыдатным. Псаваць прадукты. □ Рабочыя псавалі паравозы, вагоны, чыгуначны шлях, каб перашкодзіць немцам вывозіць нарабаванае дабро. Лынькоў. Шмат хто з .. [хлопцаў] вызначаўся хіба тым, што на дзіва часта псаваў станкі ці ламаў дэфіцытныя фрэзы. Мележ. // Наносіць шкоду чаму‑н. Псаваць здароўе. Псаваць вочы. □ — Цукеркі дзеду — не, не любы, Няхай іх качкі: псуюць зубы, Дык лепш не знаць іх. Колас.

2. што. Рабіць непрыемным, брыдкім; пагаршаць. Псаваць адносіны. Псаваць смак. □ Цяжкая хвароба псавала настрой пісьменніку, і ён часам нават губляў веру ў свае сілы. Хведаровіч. Адно толькі псавала ўражанне — старая скрынка для посуду на сцяне побач з печкаю. Ваданосаў. Сяргей злаваўся, што Надзя не можа супакоіць сваю маці, і гэта вельмі псавала яго ўзаемаадносіны з жонкай. Рамановіч. // Рабіць непрыгожым. Псаваць выгляд. □ Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Колас.

3. каго-што. Дрэнна ўплываць на каго‑н., прывіваць дрэнныя схільнасці каму‑н. — У шафу павесіш пазней, — сказала Дора Змітраўна, успомніўшы мужавы дакоры, што сваімі клопатамі псуе дачку. Карпаў. [Тупала:] — Ты бачыў? Зазнаўся! Напісаў дзве бяздарныя кніжачкі і гэтак зазнаўся! Як псуе слава! Шамякін.

4. што. Дарэмна пераводзіць, глуміць. Каму выдаралася вольная часіна, ішоў да кузні пацерціся каля людзей і закурыць з горна, каб не псаваць дома запалкі. Чорны. [Вера] нават падумала, што мастак гэты проста няўдачлівы аматар, які толькі дарэмна псуе дарагія фарбы. Асіпенка.

•••

Псаваць кроў каму — злаваць, раздражняць каго‑н.

Псаваць сабе кроў — злавацца, раздражняцца з-за чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́ць, скую, скуеш, скуе; скуём, скуяде; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. каваннем; выкаваць. — Скуй мне, золатка, сякеру: Загартуй і навастры. Жычка.

2. Злучыць разам пры дапамозе кавання. Скаваць звенні ланцуга. // перан. Зблізіць, згуртаваць.

3. Надзець кайданы, аковы на каго‑, што‑н. [Дзед:] — І скавалі .. [паны] унучачка, дзеда ланцугамі, і пагналі ажно ў Вільню. Брыль. / у перан. ужыв. І Свіслач, прадчуваючы, што скора Яе скуюць гранітам берагоў, Б’е хваляй, устрывожанай і чорнай, У фермы перакінутых мастоў. Танк. // Злучыць кайданамі з кім‑н. Андрэя скавалі з Дзямянам Гараглядам. Пестрак.

4. перан. Пазбавіць або абмежаваць магчымасць рухацца; пазбавіць свабоды, лёгкасці ў рухах. Але вада была яшчэ ледзяная, скавала ў.. [Людвіка] ўсё цела. Кулакоўскі. [Варка:] — Скаваў мяне страх, не магу з месца скрануцца. Асіпенка. Васіль Зарэвіч не мог крануцца, так яго скаваў боль. Грамовіч. // Пазбавіць магчымасці дзейнічаць; пазбавіць волі, лёгкасці ў дзеяннях. І стогн.. [суседа], жывы чалавечы стогн, раптам скаваў мой язык, звязаў мае словы, занесеныя для ўдару. Васілевіч. [Зарына:] Цяжка мне. Гора думкі скавала... Бачыла. Змрочнае захапленне і даўкая трывога скавалі маю сілу і рашучасць. Савіцкі. // Давесці да стану нерухомасці, анямення. Сон скаваў хлопчыка, замардаванага надмернаю працаю летняе пары. Гарэцкі. На нейкі момант зморанасць скавала ўсё цела. Шамякін.

5. Пазбавіць (праціўніка) магчымасці дзейнічаць свабодна, актыўна. Раптоўны і моцны агонь партызан скаваў гітлераўцаў. Шахавец. — Ваша задача, — звяртаючыся да Міхася Грахоўскага, сказаў Сымон Валатніцкі, — скаваць праціўніка, прыкрыць наш адыход і даць мажлівасць вывесці з-пад удару мірных людзей. Гурскі.

6. перан. Зрабіць цвёрдым, замарозіўшы; накрыць лёдам (раку, возера і пад.). Першы марозік моцна скаваў зямлю. С. Александровіч. / у безас. ужыв. А зямлю ледзь не на метр марозам скавала. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сплы́сці і сплыць, сплыву, сплывеш, сплыве; сплывём, сплывяце; пр. сплыў, сплыла, ‑ло; зак.

1. Паплысці, сысці ўніз па цячэнню, быць знесеным вадой. Так, пэўна, і сплыло бярвенне з Азярышча аж у самы Сухадол, дзе .. мяшчане і трэскі не прапускалі. Караткевіч. Сплылі ўжо астатнія крыгі па рацэ. Гарэцкі. // перан. Зменшыцца. Цяпер людзей сплыло крыху. Чорны.

2. Сцячы адкуль‑н., выцечы. Вада ў рацэ пасля веснавой паводкі яшчэ вялікая. Але з прырэчнага лугу ўжо сплыла. Каршукоў. Нага ўся дранцвела, ад ступні да сцягна, .. [Сотнікаў] ужо не адчуваў і цеплыні крыві, якой, мусіць, сплыло нямала. Быкаў.

3. Павольна, плаўна апусціцца, паляцець, аддаліцца і пад. Пасля раптам хмары сплылі, зноў выбліснула сонца. Арабей. Мяркуючы быццам, што рабіць, .. [коршак] зноў сплыў да зямлі. Мурашка. Снегавы пыл, што ўзняў грузавік Стаева, даўно сплыў за дарогу, растаў сярод кедраў. Савіцкі. Улёгся вецер, Сыраваты, рэзкі. Смуга сплыла з палёў у пералескі. І. Калеснік. // перан. Паступова, павольна знікнуць. У наступны момант .. [Назарэўскі] адвярнуўся, і з яго твару сплыла ўсмешка. Чорны. Узрушэнне, выкліканае незвычайнасцю навіны, паступова сплыло. Навуменка.

4. Прайсці, мінуць (пра час, здарэнні). Было даўно — З тае пары Нямала дзён сплыло. Кірэенка. За ўсім адразу не паспееш, Жыццё, як воблачка, сплыве. Бураўкін. Было ды сплыло. Прымаўка.

5. перан. Разм. Бясследна знікнуць, прапасці. Гарод пры школе добры быў, — яго ўсе вучні абраблялі. Ды ўраджай кудысьці сплыў, калі ў свой час яго сабралі. Корбан. // Хутка зрасходавацца. [Дзядзька Міша:] — І што вы думаеце? Не агледзеўся чалавек, як сплылі тыя яго тысячы. Палтаран.

6. Знемагчы ад страты крыві. Яна сплыла крывёю і была бледная-бледная, не зважаючы і на загар. Шахавец.

•••

Сплысці (сплыць) (з) вадою — прайсці, мінуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гну́цца, гнуся, гнешся, гнецца; гнёмся, гняцеся; незак.

1. Прымаць дугападобную выгнутую форму; згінацца. Дубовыя вёслы аж гнуліся ад напору тугой вады. Ваданосаў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога.. гнуліся пад нагамі. Чорны. // Згінаць спіну, шыю. [Кум] гнуўся, несучы на спіне.. мяшок. Чорны. // Схіляцца ўніз, прыгінацца да каго‑, чаго‑н. (пра дрэвы, галіны і пад.). Веюць ветры, веюць буйныя, Долу гнуцца клёны. З нар. Як я полем іду, гнецца колас ка мне. Купала. // перан. Траціць стойкасць, паддавацца чыёй‑н. сіле, націску. Каланіялізм ужо трашчыць, хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». Я — мужык, а гонар маю, Гнуся, але да пары. Колас.

2. Быць гнуткім, мець уласцівасць згінацца (пра рэчывы). Жалеза гнецца, а сталь ломіцца. // Мець здольнасць рухацца, згінацца ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Ногі не гнуцца. □ Калі Сымон сеў за стол, далоні яго не хацелі гнуцца, адзеравянелі ад сякеры. Чарнышэвіч.

3. Разм. Скупіцца. Гніся, бацька, ці не гніся, а за кішэню бярыся. Прыказка.

4. Абл. Курчыцца (ад холаду). Ляснік у будцы сваёй гнуўся, Хоць да агню ён больш гарнуўся. Колас.

5. Зал. да гнуць (у 1 знач.).

•••

Аж нос гнецца у каго гл. нос.

Гнуцца крукам; гнуцца ў крук — а) многа і цяжка працаваць. Бацька гнуўся крукам, Уставаў з гарой. Бядуля. Над палоскай вузенькай, гарбатай Пакаленні гнуліся ў крук, А цяпер Абноўленыя хаты Спатыкаюць ясную зару. Лявонны; б) перан.; перад кім выказваць паслушэнства, угодлівасць. Крукам гнуўся перад панам, Уздыхаў нясмела, Катавалі батагамі Юнацкае цела. Купала.

Гнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіляцца, згінацца; б) перан. празмерна ўгоднічаць. — Падхалім, калі чалавек у славе, перад ім гнецца ў тры пагібелі, а калі што якое, — перабягае на другі бок вуліцы, каб не спаткацца. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)