Каладзе́й, колодзей ’стальмах’ (стол., Маслен.). Адсутнасць іншых фіксацый гэтага слова ў бел. мове і наяўнасць яго на тэрыторыі, пагранічнай да зах.-палес. арэалу, не выключаюць магчымасці таго, што гэта ўкраінскае слова. Укр. колодій ’стальмах’, рус. колодей ’майстар, які робіць колы; стальмах’ (у Даля; паметы «паўдн.» і «зах.» указваюць, відаць, на ўкр. і бел. тэрыторыю), польск. kołodziej ’майстар, які вырабляе колы і вазы; стальмах’ (з XV ст.), славін. kolódei ’стальмах’, в.-луж. kołodźej, kołodźij, н.-луж. kołoźej ’тс’, ст.-чэш. koloděj ’тс’. Слаўскі (2, 370) далучае да традыцыйных паралелей рус. колодей ’вялікі кухонны нож’ (так у Фасмера, 2, 293, які прыводзіць у адным артыкуле колодей ’той, хто працуе для сябе, у вольны час’ і ’кухонны нож’) і ўкр. колодій ’вялікі нож’. Нельга пагадзіцца з гэтым: рус. і ўкр., як ні тлумачыць частку ‑ій у слове, суадносяцца з укр. колодач, бел. жур. колодан ’вялікі кухонны нож’ (’нож з калодкамі’). Адносна разглядаемага слова неабходна заўважыць, што, магчыма, гэта архаізм. На карысць такой думкі сведчыць структура злучэння kolo‑dějь, дзе другая частка — Nomen agentis ад děti, dějati. Слаўскі (2, 370) мяркуе пра царк.-слав. *kolo‑dějь з першасным значэннем ’які вырабляе колы, вазы’, аналагічна ў Махэка₂, 270: ’які вырабляе вазы’. Структурныя адпаведнікі: бел. ліхадзей, укр. добродій. Не выключана, аднак, што kolodějь — культурны тэрмін, які (і аб гэтым сведчыць лінгвагеаграфія) з’яўляецца вынікам калькі з іншамоўнага слова, для якога такая структура з’яўляецца натуральнай. Відавочна, што калька магла быць і даўняй, хоць нельга выключыць магчымасці пазнейшай экспансіі лексемы. З літаратуры параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 8, 596.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́ба (дзіцячае) ’зярняты’ (Нас.), ’гарошына’ (Сцяц.), ’гарох’ (Бяльк.), ягада’ (Шат., Яўс.), бу́бка ’бубачка’ (Нас., БРС, Сцяшк. МГ), ’бубка, ягады’ (Бяльк.), бу́бачка (БРС), буба́шкі ’галачкі з цеста’ (Касп.), ’пячэнне’ (Бяльк.), бу́бка ’страва з падпражаных, цеставых галачак’ (КЭС, лаг.), бу́бехі ’маладыя плады’ (Сцяц.), бубу́шка ’жоўты гарлачык’, бубы́шка ’пупышка’ (Касп.). Не вельмі лёгка рашыць, адкуль паходзіць тут аснова буб-: з прасл. *bób‑ ці *bub‑ (гл. пад буб). Некаторыя прыведзеныя словы могуць паходзіць і з *bob‑ (параўн. палес. буб ’боб’), а ў укаючых гаворках ненаціскное «о» наогул дае «у». Складанасць пытання можна зразумець і з таго факта, што некаторыя прыведзеныя вышэй словы сустракаюцца і з іншым вакалізмам. Так бу́бехі ’маладыя плады’ можна параўнаць з палескім бабі͡ех ’невялікі пучок бруднай і зліплай воўны на авечцы’, а буба́шкі ’галачкі з цеста’ маюць паралельную форму бабу́шкі (гл.). Літ-py гл. у артыкуле на буб-, а таксама Фасмер, 1, 225, дзе тлумачыцца рус. бу́ба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казя́рнік ’расліна стрэлкі, Capselia bursa-pastoris’ (Мат. Гом.). Укр. усх.-палес. козерник ’вадзяная расліна, балотніца, Aeleocharis’. Можна дапусціць сувязь з заонімам каза, фармальна пярэчыць гэтаму нельга. Словаўтварэнне не вельмі зразумелае, магчыма, з суфіксам ‑нік (такога тыпу назвы раслін: малочнік, мыльнік, капялюшнік, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 163) ад асновы ўскладненай ‑αρ‑суфіксацыяй; магчыма, адразу з ускладненне суфіксам (кампазіцыя з дэрыватаў тыпу амшарнік). Матывацыя (сувязь з назвай жывёлы) як бел., так і ўкр. тэрмінаў няясная. Не выключана, што і ў тым, і ў Другім выпадку незалежныя дэрываты ад назваў раслін з асновай коз‑, на гэта, па сутнасці, указвае словаўтварэнне. Шукаць матывацыю ў адносінах да разглядавмых раслін цяжка; ва ўсякім разе знешніх яркіх зааморфных адзнак няма. Аб субстытуцыі тэрмінаў меркаваць быццам бы таксама не прыходзіцца: бел. матэрыял не дае падстаў для гэтага. Мы дапускаем і матывацыю іншага роду (’расліна, якую ахвотна паядаюць козы’), аднак нспасрэднви інфармацыі ікра гэта няма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́віць ‘размяшчаць, умацоўваць вертыкальна’, ‘расстаўляць’, ‘будаваць’ (ТСБМ, Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ст.-бел. ставити ‘тс’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. ста́вити, рус. ста́вить, ст.-рус. ставити, польск. stawić, в.-луж. stawić, н.-луж. stawiś, чэш. staviti, славац. staviť, славен. stáviti, серб.-харв. ста̏вити, балг. ста́ви, макед. стави, ст.-слав. ставити. Прасл. *staviti ‘рабіць так, каб нешта стаяла’ — каузатыў ад прасл. *stojati (гл. стаяць), мае адпаведнікі ў літ. stovė́ti ‘стаяць’, лат. stãvêt ‘тс’, гоц. stōjan ‘накіроўваць’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 742 з літ-рай; Борысь, 576; Глухак, 582; Бязлай, 3, 313–314; Махэк₂, 575–576; Скок, 3, 330–333; Траўтман, 283–284; ЕСУМ, 5, 389 390. Непакупны (Связи, 68–69) звяртае ўвагу таксама на семантычны паўночнаславянскі (і славенскі) пераход ‘ставіць, паднімаць’ → ‘будаваць’, які мае працяг у балцкіх (літ. statýti ‘ставіць’ і ‘будаваць’) і германскіх (ням. aufstellen) мовах, аднак не характэрны для рускай мовы, што недакладна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адзе́ць, адзену, адзенеш, адзене; зак., каго-што.

1. Надзець на каго‑н. адзенне. Маці адзела Славу, вынесла на двор, пасадзіла пры асвечанай сонцам сцяне. Чорны. // Апрануць кім‑н. Адзець мядзведзем.

2. Забяспечыць каго‑н. адзеннем. Беглі дні. Кончылася вайна. Хлопцаў адзелі і абулі. Асіпенка. // Даць магчымасць каму‑н. адзецца так або інакш. [Рыльскі:] — Чаму ж ён цябе не адзене, як чалавека! Ты ж у яго і за гаспадыню і за гаспадара! Чорны.

3. Тое, што і надзець (у 1 знач.); нацягнуць. Сам [Мароз] увайшоў першы, адзеў рукавіцы, пляснуў раз-два, і адразу халадком павеяла. Якімовіч. Выказаўшы гэта, Юрка адзеў кажух і выйшаў з хаты. Гартны.

4. перан. Пакрыць; ахінуць. Адзець берагі ракі ў граніт. □ Дубы зялёны плашч адзелі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асо́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучаны з шэрагу іншых, існуе асобна побач з іншымі. Але ў таленце асобнага чалавека скандэнсаваны вопыт многіх пакаленняў людзей. Адамовіч. // Некаторы, адзінкавы. [Маханько:] — Тое, што ў мінулым годзе было толькі на асобных участках, павінна перайсці на шырокія плошчы. Кулакоўскі. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя вясёлыя выкрыкі. Лынькоў. // Адасоблены ад іншых, спецыяльна прызначаны для чаго‑н.; адмысловы. Зося моўчкі пачала аглядаць: кухня і тры пакоі. І з кожнага ў кухню асобны ход. Чорны. // Своеасаблівы, адметны. Так, і праўда: непадобны Быў Сымонка да другіх: Гэта быў хлапчук асобны. Колас. Гэты быў нібы зусім асобны свет. Маўр.

2. Які з’яўляецца самастойнай тактычнай адзінкай, што не ўваходзіць у склад больш буйнага вайсковага злучэння. Асобны батальён. Асобная брыгада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акуну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Апусціцца ў ваду на некаторы (звычайна кароткі) час. Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. Шамякін. Калі мы самі ўрэшце адважыліся акунуцца, адразу зразумелі, чаму так мала плыўцоў на гэтым гарачым беразе. Лынькоў. // перан. Быць ахопленым чым‑н.; апусціцца ў што‑н. Праваднік уключыў электрыку, і купэ акунулася ў бледна-зялёнае святло. Васілевіч. Мы выйшлі з сада на сенажатную дарогу і акунуліся ў сінія, шаўковыя туманы. Пестрак.

2. перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Восенню 1904 года Алаіза Пашкевіч пераехала ў Вільню, каб у губернскім горадзе акунуцца ў рэвалюцыйныя справы. С. Александровіч.

•••

Акунуцца з галавой у што — поўнасцю аддацца якой‑н. рабоце, дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захапле́нне, ‑я, н.

1. Незвычайны ўздым пачуццяў, найвышэйшае задавальненне чым‑н. Быць у захапленні ад канцэрта. □ Пятро расплюшчыў вочы, глянуў і анямеў ад захаплення:.. убранне так пасавала да [Сашы] што яна здавалася казачна прыгожай. Шамякін.

2. Усхваляванасць, запал, натхненне. Дзеду Талашу хочацца ведаць, аб чым гавораць [Крулеўскі і Бусыга] з такім захапленнем, што і не заўважаюць яго. Колас. Студэнтачка, амаль падлетак, з захапленнем у вялікіх вачах, па-дзіцячы натхнёна чытае на польскай мове — купалаўскае.. «Я не паэт»... Брыль.

3. Павышаны інтарэс да чаго‑н.; любімы занятак каго‑н. Захапленне тэатрам. □ Адным з многіх захапленняў Сяргея Аляксандравіча быў спорт. Лобан.

4. Улюбёнасць у каго‑н. [Міхаіл Палікарпавіч] здольны быў лёгка захапіцца, і кожнае захапленне здавалася яму мацнейшым, чым папярэдняе. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памя́цца, ‑мнуся, ‑мнешся, ‑мнецца; ‑мнёмся, ‑мняцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць няроўным, нягладкім; змяцца. Краўчанка неўзабаве асвойтаўся, а агледзеўшы сябе ў гэтых люстрах, знайшоў, што шынель ягоны не такі ўжо і стары, праўда, крыху памяўся ў вагоне, трэ было б скатаць, тады б разгладзіўся. Мікуліч. [Гаранскі] не садзіўся, нібы баючыся, што памнуцца, пакарабацяцца канцікі на ягоных штанах. Сабаленка.

2. Пераступаючы з нагі на нагу, патаптацца на адным месцы. Стораж няёмка памяўся, а потым прысеў на калодачку. Колас. [Госць] устаў, памяўся крыху на нагах. Чорны.

3. перан. Разм. Памарудзіць, праяўляючы нерашучасць; павагацца. — Добра, так і дамовімся — адзін я не пайду, буду чакаць цябе. Толькі... — Я трохі памяўся. — Як жа ты жыць цяпер будзеш там, на ферме? Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывалачы́, ‑лаку, ‑лачаш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. прывалок, ‑лакла, ‑ло; заг. прывалачы; зак., каго-што.

Валочачы, цягнучы, даставіць куды‑н. [Косцік] бягом прывалок дзве жэрдкі і па слізкім лёдзе насунуў іх танчэйшымі канцамі да Аксінні. Пальчэўскі. — Будзеш упірацца, то паклічу Рыгора і Язэпа і, далібог, прывалачом вось так, як ты цяпер ляжыш. Колас. Прывалаклі [партызаны] нават два цяжкія кулямёты. Шахавец. // Разм. Прынесці (звычайна што‑н. цяжкае, вялікае). [Чыжык] прывалок у яміну новенькі нямецкі карабін і патроны, знойдзеныя сярод забітых гітлераўцаў. Лупсякоў. Гарыдавец Шарона праз сяло Адзін дамоў на плечах прывалок. Танк. // Разм. Сілаю прывесці, прымусіць прыйсці. [Сашка:] — На чорта ён мне, твой гэты працаўнік, ты маеш з ім справы, то ідзі да яго, а чаго ты мяне сюды прывалок? Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)