прабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.
1. Прабрацца праз што‑н. з цяжкасцю, пераадольваючы перашкоды. Люба чула, што гаварылі конныя чырвонаармейцы, і старалася прабіцца да іх праз натоўп. Чорны. Прамень сонца прабіўся ў каюту праз вузкую шчыліну, весела затрапятаў на асколку шкла, што ляжаў на падлозе. Гамолка.
2. Выступіць на паверхню. Калі пушок прабіўся над губою І ў сны прыйшло дзявочае імя, Я ні аб чым не раіўся з табою, матуля адзінокая мая. Грахоўскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Мне стала горача — праз крыўду прабілася дурная рэўнасць. Савіцкі.
3. Захаваць здольнасць біцца на працягу якога‑н. часу (пра сэрца, артэрыі і пад.). Сэрца прабілася дзесяць мінут.
4. Разм. Біцца некаторы час.
5. Разм. Пражыць да якога‑н. часу, пераадольваючы цяжкасці, пракідацца. Суцяшаюць маму хлопцы: — Мы вясной усё здабудзем! — Як прыгрэе добра сонца, пойдзем зноў тады мы ў людзі. Нам абы зіму прабіцца! Дубоўка. — А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж упраўлялася з усім? Так і без мяне праб’ешся. Мележ.
•••
Не прабіцца — аб вялікай цеснаце.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. прыпек, ‑пякла, ‑пякло; заг. прыпячы; зак.
1. каго-што. Разм. Пратрымаўшы доўгі час на агні, на жары, падпаліць. Прыпячы пірагі. // Трохі, злёгку спячы; апячы. Прыпячы руку правам. □ А запалка дагарэла і — чуць не прыпякла пальцаў — стухла. Баранавых.
2. каго-што і без дап. Моцна прыгрэць (пра сонца). На другі дзень, калі шчодра прыпякло гарачае веснавое сонейка, расада раптам пачала вянуць... Якімовіч. // безас. Пра адчуванне моцнай гарачыні. Наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь — наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Шамякін. У Каляды тлела гімнасцёрка, але ён не заўважаў гэтага, вёў агонь, аж пакуль добра не прыпякло. Гурскі. // перан.; безас. Прыйсціся цяжка, крута. Чаго ж.. [Томчак] даў цягу адтуль у Польшчу? Відаць, прыпякло. Бажко. — На тваім месцы і я каго-небудзь супакойваў бы. А калі самому прыпякло... Асіпенка.
3. што. Прыкласці што‑н., змазаць чым‑н. едкім, пякучым (для лячэння, дэзінфенкцыі); прыпаліць. Прыпячы парэз ёдам.
4. што і чаго. Разм. Спячы дадаткова, у дадатак да ўжо спечанага. Прыпячы хлеба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.
1. Злёгку дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Камбат даў мне прыкурыць ад сваёй папяросы. Мне доўга не ўдавалася прыткнуцца да яе. Васілёнак. У арміі ён спаў добра. Прыткнецца да падушкі і гатоў. Навуменка.
2. Разм. Прыхіліцца да каго‑, чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Спінай да .. [печы] прыткнулася гордая, як каралева, з халоднымі карымі вачамі прыгажуня Міра. Карпюк. // Прымасціцца, прысесці дзе‑н. Невялікі садок нашага двара. Нам і прыткнуцца няма дзе. Вітка.
3. Наблізіцца да чаго‑н., размясціцца ўпрытык з чым‑н. На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. Караткевіч.
4. перан. Разм. Уладкавацца (на якое‑н. месца, пасаду), паступіць куды‑н., прыстроіцца дзе‑н. Саўка ляжаў і думаў. У такім цяжкім беспрасветным стане ён не быў ніколі. Куды ж яму падацца і што рабіць? Дзе ён цяпер прыткнецца?.. Колас. [Сёмка:] — У клубе якраз пасада кінамеханіка пуставала. От і прыткнуўся я туды. Кандрусевіч. // Знайсці прыстанішча дзе‑н. — Вот спалілі сяло, трохі ўцякло народу, а куды прыткнуцца? Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскашава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; заг. раскашуйся; незак.
Разм.
1. Жыць у раскошы, мець усяго ў дастатку. [Шэмет:] — Я ведаю, што табе цяжка. У цябе дзяцей поўная хата. А хто, скажы, некалі раскашаваўся, калі трэба было хату ставіць? Лобан. Ведама, і сябе не крыўдзіць [Мікалай Мікалаевіч]. Хто там важыў, колькі жыта ўрадзіла; .. хто лічыў, колькі свіней закалолі. От і раскашуецца. Грахоўскі. // Дазваляць сабе што‑н. лішняе, звыш патрэбы. — Ну, добра, дзядзька Клеманс... Толькі там не надта раскашуйся! — Не бойся, я лішняга [лесу] не ссяку. Чарнышэвіч.
2. і (рэдка) зак. Жыць (пачаць жыць) або размяшчацца (размясціцца) дзе‑н. вельмі свабодна, на вялікай плошчы. «Цесната. Не вельмі яны тут раскашуюцца», — падумала Яніна, але ўраз жа ўспомніла пра чаканую новую кватэру. Марціновіч. Да Мінска Міхед раскашаваўся адзін, а ў Мінску ў купэ зайшлі мужчына з дзвюма жанчынамі, з выгляду калгаснікі. Сабаленка. // Расці (парасці) буйна, на прыволлі. Там [на пустыры] нават трава людская не расце. Адзін, сівец з быльнягом толькі раскашуюцца ўлетку. Якімовіч. Было ціха і спакойна, густа пахла .. тарфяным пылам, крапівой, якая раскашавалася пад платамі. Кудравец. Рэдка пасеюць — раскашуецца, забуяе; густа — таксама не разгубіцца, уверх пачне расці. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
става́ць, стае; безас. незак. чаго.
1. Хапаць чаго‑н. для каго‑, чаго‑н. [Пан жываглот] Сам не сеяў, не араў, Ледзь нагой пераступаў, А ўсяго яму ставала — Хлеба, солі, круп і сала. А. Александровіч. Без елкі на Новы год несвяточна, вядома, і добра, што ў Беларусі елак на ўсіх стае. Лось. У новую экспедыцыю .. выбрацца не ўдалося, — не ставала сродкаў. Самуйлёнак. Кніг не ставала, беларускія трапляліся мала калі, знаёміцца з імі можна было хіба што назіркам. Лужанін.
2. Мець магчымасці, сілы, здольнасці рабіць што‑н. Асвоіў Сяргей Кірылавіч спецыяльнасць мадэльшчыка. Рукі ж дужыя, працавітыя. І чарцяжы чытаць сваёй галавы ставала. Мыслівец. Нясу табе і радасці і болі, — Тут смеласці і шчырасці стае. Матуля, не цураўся я ніколі Ні мовы, ні гісторыі твае. Тармола. Любе хацелася нешта сказаць, усёй істотай імкнулася яна перарваць маўчанку, але быццам не ставала рашучасці. Мурашка. — А, — махнуў рукою малады цясляр, — няхай вучыцца той, у каго свайго розуму не стае. Якімовіч.
•••
Клёпкі ў галаве не стае — тое, што і клёпкі ў галаве не хапае (гл. хапаць).
Як (колькі) моцы стае — з усяе сілы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сце́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
1. Вузкая пратаптаная людзьмі або жывёламі дарожка. Хадкевіч перасек свой сад і выйшаў на сцежку, што вяла цераз жыта. Васілевіч. Пратаптаная сцежка вілася праз пасеку і спускалася да Нёмана. Пестрак. Атрад быў добра ўзброены, меў нават два кулямёты, а воўчыя сцежкі на балотах мала падсыхалі і летам. Машара. // Зробленая для хадзьбы, праезду вузкая дарога ў парках, садах і пад. [Алёшка] чуў .. частыя таропкія крокі [Рэні] па садовай сцежцы. Лынькоў. Вера Мікалаеўна азірнулася — нідзе нікога. Пайшла па асфальтавай сцежцы ўздоўж дома. Арабей. Мутнае святло ад фары ледзь асвятляла веласіпедную сцежку, што вілася ўскрай дарогі. Чарнышэвіч. // перан. Пра вузкі доўгі след, які пакідае што‑н. Месячык выткаў на расе срэбныя сцежкі. Шамякін.
2. перан. Кірунак, шлях дзейнасці, развіцця каго‑, чаго‑н. Насуперак лютай напасці Мы ведалі — ў гэтым жыцці На долю нам выпала шчасце Па ленінскіх сцежках ісці. Хведаровіч. Нават камень рассыпаўся б дробнай жарствой, каб прайшоў ён па сцежцы жыццёвай тваёй. Дубоўка. // Наогул кірунак, шлях да чаго‑н. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, .. умее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таму́, прысл.
1. Па гэтай прычыне, вось чаму. [Характар мужа], відаць, добра разумела Зіна, таму і сама маўчала і прасіла, каб Ярмолаў нічога насупроць не гаварыў. Кулакоўскі. Вада ў іншыя гады даходзіла не толькі да хат, але пападала і ў хаты .. Таму і гразі хапала ад марозаў да марозаў. Чарнышэвіч.
2. Разм. З гэтай (такой) мэтай. — Пойдзем у кіно? — Я таму і зайшоў да цябе.
3. у знач. выніковага злучн. Ужываецца для надпарадкавання даданых выніковых сказаў з прычынным адценнем (звычайна ў спалучэнні са злучнікам або часціцай «і»). Шчокі дзяўчыны разгарэліся на марозе, і таму вочы здаваліся надзвычай блакітнымі і яснымі. Шыцік. [Іван Аўдолевіч] прыехаў следам за намі, у гушчар далёка не палез, сасну спусціў маладую, — таму вось і гатоў, ужо ўвязвае воз. Брыль. [Тацяна] проста не зводзіла вачэй з маладога чалавека. І таму, напэўна, што ён першы прынёс гэту незвычайную вестку. Васілёнак. // Уваходзіць у склад састаўнога прычыннага злучніка таму што. Часта прыходзілася спыняцца, таму што дарога была несамавітая. Мележ. [Даніла:] Не гарачыся, дзед, даслухай да канца. Я кажу так не таму, што шкадую гэту гадзіну, а таму, што хачу выратаваць людзей, якіх чакае смерць. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
твары́ць, твару, творыш, творыць; незак., што.
1. і без дап. Ствараць у працэсе творчай дзейнасці матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. У самоце-адзіноце Песні, байкі ён [Сымон] тварыў. Колас. Не для славы імкнуся цябе я тварыць, Мая песня, мой заклік свабодны. Васілёк. [Андрэй:] — Да гэтага часу .. [фашысты] дамагліся толькі аднаго: спаганілі сваю ўласную мову, цудоўную нямецкую мову, на якой тварылі Гёте і Гейнэ, Маркс і Тэльман. Шамякін.
2. Рабіць, здзяйсняць. Тварыць вялікія справы. Тварыць дабро. □ Па тэлефоне Фінця Паўлаўна дазналася, што ў Маскве ёсць Інстытут касметычнай медыцыны. Там усё можна высветліць. Там твораць цуды касметыкі. Грамовіч. У чалавека ёсць два жыцці: адно жыццё творыць ён сам, а другое не залежыць ад яго і часта выходзіць за межы яго волі .. Так адчуваў Лабановіч, але замацаваць сваё адчуванне ў пэўнай форме не здолеў. Колас. Мы і гісторыю нашу Знаем ад самых асноў — Мы яе творым на справе Болей чым трыццаць гадоў. Куляшоў. // Чыніць, вырабляць што‑н. такое, што выходзіць за рамкі звычайнага, нармальнага. Ганна добра ведала, якія жахі твораць фашысты на акупіраванай тэрыторыі. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хапану́ць і хапяну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.
1. Аднакр. да хапа́ць (у 1, 2 і 4 знач.).
2. Разм. Добра зарабіць, выгадна прадаць. [Яснікаў:] — Ганарар добры хапанеш. Шамякін. — Слаўныя памідорчыкі, праўда? Гэта аж з Крыма. Па цэлым чамадане прывезлі, — жанчына ўздыхнула. — Ох, і хапанулі яны грошай... Даніленка.
3. Разм. Забраць што‑н. у каго‑н. То калі прыязджалі да нас вось Мікола з Петраграда і мой швагрусь Вяршынскі з-пад Баранавіч, дык мы панскую зямлю і хапанулі. Гурскі.
4. Разм. Украсці, сцягнуць. Хтосьці З крамы хапануў... — Знаць не знаю, Чуць не чуў. Броўка.
5. Разм. Выпіць спіртнога. Памаўчаўшы, [маці] спыталася: — Дзе ж ты хапянуў гэтай гары? Пестрак. Хапануў шклянку, але ж тое яшчэ ўдзень. І ўсё ж размарыла-такі, гадасць. Навуменка.
6. Разм. Раптоўна ахапіць, схапіць (пра прыступ хваробы, болю). Вось галоўны канструктар прыйшоў. Больш мы не запрашалі нікога... Вынаходніка-токара шок Хапянуў ад уступу такога. Нядзведскі.
7. Разм. Жвава, бадзёра зайграць на музычным інструменце. Музыкант хапянуў «чаркашынаву польку», і зноў задрыжала хата, як і на пачатку. Вечарынка была ў разгары. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
харо́шы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Прыгожы, прывабны. Вельмі харошага жаніха.. дачцэ [Лопаніхі] ўжо не шукаць, а гэты хоць і дохленькі, крываногі, ды ўсё ж — гаспадар. Кулакоўскі. Прыбяры пень, дык і пень будзе харошы. Прымаўка.
2. Які вызначаецца станоўчымі маральнымі, душэўнымі якасцямі. Харошы.. [Сымон Пятровіч] мужык, справядлівы... Грахоўскі. Харошы салдат ехаў з намі. Такі не толькі плашч-палатку аддасць, а калі трэба, то і сабою заслоніць. Хомчанка.
3. Добры, высакаякасны. Гэты невялікі рэстаран быў трэцяга разраду. Тут падавалі селядцы з бульбай, харошы капусны боршч з мясам, бульбяныя, грыбныя супы, гарохавы, фасолевы, грэцкую кашу. Пестрак. Харошы быў крук, моцны. Лынькоў. // Які прыносіць задавальненне; прыемны. [Гарлахвацкі:] Такія ўсякія харошыя ідэі прыходзяць у галаву, так лёгка працуецца. Крапіва. Маладыя, родныя, харошыя, Не крычыце пад маім акном У той час, як госцяю няпрошанай Узыходзіць поўня над сялом. Жычка.
4. (у сяброўскім звароце). Дарагі, любы, мілы. Мой харошы, мой саколік, Сэрца тваё чую. Абніму і, як ніколі, Моцна пацалую. А. Александровіч. — Другая рэч, Антось харошы: Таксама трэба мець і грошы, — Міхал прамовіў ціхім басам. Колас. — Добра, — засмяялася маці. — Памочнік ты мой харошы! Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)