хапану́ць і хапяну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

1. Аднакр. да хапа́ць (у 1, 2 і 4 знач.).

2. Разм. Добра зарабіць, выгадна прадаць. [Яснікаў:] — Ганарар добры хапанеш. Шамякін. — Слаўныя памідорчыкі, праўда? Гэта аж з Крыма. Па цэлым чамадане прывезлі, — жанчына ўздыхнула. — Ох, і хапанулі яны грошай... Даніленка.

3. Разм. Забраць што‑н. у каго‑н. То калі прыязджалі да нас вось Мікола з Петраграда і мой швагрусь Вяршынскі з-пад Баранавіч, дык мы панскую зямлю і хапанулі. Гурскі.

4. Разм. Украсці, сцягнуць. Хтосьці З крамы хапануў... — Знаць не знаю, Чуць не чуў. Броўка.

5. Разм. Выпіць спіртнога. Памаўчаўшы, [маці] спыталася: — Дзе ж ты хапянуў гэтай гары? Пестрак. Хапануў шклянку, але ж тое яшчэ ўдзень. І ўсё ж размарыла-такі, гадасць. Навуменка.

6. Разм. Раптоўна ахапіць, схапіць (пра прыступ хваробы, болю). Вось галоўны канструктар прыйшоў. Больш мы не запрашалі нікога... Вынаходніка-токара шок Хапянуў ад уступу такога. Нядзведскі.

7. Разм. Жвава, бадзёра зайграць на музычным інструменце. Музыкант хапянуў «чаркашынаву польку», і зноў задрыжала хата, як і на пачатку. Вечарынка была ў разгары. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)