бага́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які жыве ў поўным дастатку, валодае вялікай маёмасцю, грашовымі сродкамі, заможны; проціл. бедны. У багатым калгасе — заможныя і калгаснікі. Шамякін. Маці.. прыбірала двары ў багатых дамах. Лынькоў. Увосень і верабей багаты. Прыказка. / у знач. наз. бага́ты, ‑ага, м. Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым. — свае людзі. Якімовіч. Мой спеў звінеў не для багатых. Журба. Багаты беднага не разумее. Прыказка.

2. Які вызначаецца мноствам даброт. Дзень добры Случчыне маёй, Здаўна багатай старане. Астрэйка. Люблю восень, што ні гаварыце: самая багатая пара года. Ермаловіч. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. Калгасныя клеці засыпаны збожжам, багатыя выйшлі ў нас працадні. Машара. // на што, чым. Які вызначаецца вялікай колькасцю чаго‑н. Багаты, быў лес, асабліва на грыбы ды ягады. Мурашка. // Колькасна вялікі. Дзед Рыгор быў у цудоўным настроі: ужо трэці дзень ён вяртаўся дамоў з багатым уловам. Шашкоў. // Разнастайны. Выбар ёлак быў багаты. Вочы дзяцей разбягаліся ва ўсе бакі. Бядуля. // Густы, спорны. Багаты дождж. □ Колерамі вясёлкі адбіваліся сонечныя праменні ў багатай расе. Дуброўскі. // Вельмі добры, дасканалы. І сам дырэктар, і ўсе механізатары стараліся ўзяць ад багатай тэхнікі ўсё, што магчыма. Шахавец. // Наварысты, смачны (пра страву). [Дзятліха] як ніколі багатага баршчу наварыла. Мележ. // Буйны, важкі. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.

3. Які вызначаецца раскошай аздаблення, убрання або каштоўнасцю матэрыялу. Багаты сервіз. Багатае выданне. Багаты касцюм. // Які характарызуецца велічнасцю, разнастайнасцю, насычанасцю. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля. // Густы, пышны (пра валасы). Хомчык бачыў, як.. [Аксеня] распусціла свае багатыя валасы, якія закрывалі спіну. Пестрак.

4. Які адпавядае высокім патрабаванням, змяшчае ў сабе многа ўнутраных якасцей. Багаты голас. Багатая мова. // Рознабаковы, разнастайны. Багатая натура, міміка, фантазія. // З глыбокім сэнсам, змястоўны. Багатая кніга. // З вялікімі магчымасцямі. Багатыя перспектывы. // Заснаваны на шматгадовай практыцы. Багаты вопыт. Багатыя традыцыі.

•••

Заднім розумам багаты — пра таго, хто прымае запозненае рашэнне.

Чым багаты, тым і рады — форма ветлівага запрашэння.

Чым хата багата гл. хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́ска 1, ‑і, ДМ ласцы, ж.

1. Выражэнне любві, пяшчоты. Матчына ласка. □ Асенні вечар ля акон... І твае словы, жэсты, ласка Запамінаюцца бы казка Дзіцячых, бесклапотных дзён. Лойка. // Мяккасць, пяшчота, лагоднасць. — Яшчэ сядзіш, дачушка? — ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч. Сонца пракладае Шлях красе маёвай, Атуляе хаты Ласкай і цяплом. Журба.

2. Спачувальныя, прыхільныя адносіны, прыветлівае абыходжанне. Стары не выказаў ніякага здзіўлення з прычыны нечаканай начальніцкай ласкі. Самуйлёнак.

3. Міласць, паблажка, спагада. Не будуць сіроты Ласкі панскай прасіць!.. Танк. Байцы, забыўшы слова — страх, у смерці ласкі не прасілі. Хадыка.

•••

Без чужой ласкі — самастойна, без чужой дапамогі (зрабіць, абысціся і г. д.).

Быць у ласцы гл. быць.

Дзякуй за ласку гл. дзякуй.

Добрая ласка чыя — як пажадае хто‑н. І гэта іх [дзяцей] добрая ласка: захочуць праведаць старую маці — прыедуць... Ракітны.

З вялікай ласкі чыёй — дзякуючы каму‑н.

З ласкі чыёй — па чыйму‑н. дазволу, загаду і пад.

З ласкі на пацеху — так сабе, нізавошта; так уздумалася, так раптоўна захацелася.

Зрабі(це) ласку гл. зрабіць.

З якой (гэта) ласкі? — навошта? чаму?

Калі ласка — ветлівы зварот, ветлівая просьба, ветлівае пабуджэнне. Віця пачырванеў ад няёмкасць і далікатна прапанаваў: — Дык, калі ласка, праходзьце далей... Якімовіч.

Ласку прыняць гл. прыняць.

Мець ласку гл. мець.

На ласку — а) на добрую волю каго‑, чаго‑н.; б) ветлівы зварот. [Салдат:] — Скажы, на ласку, ці з сяла ніхто Не ўратаваўся? Танк.

Не ў ласцы — не ў гуморы, не ў настроі. — Паненка наша нешта не ў ласцы сёння, — укалола сястру Тэкля. Гартны.

Ні гневу ні ласкі гл. гнеў.

Праз ласку чыю — па чыёй‑н. віне, праз каго‑н.

Прасіць ласкі гл. прасіць.

Трапіць у ласку гл. трапіць.

Убіцца ў ласку гл. убіцца.

Як ваша (твая, яго) ласка — як вы (ты, ён) захочаце (захоча), пажадаеце (пажадае).

ла́ска 2, ‑і, ДМ ласцы; Р мн. ласак; ж.

Невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых з тонкім гібкім целам. Дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́ха 1, ‑а, н.

1. Няшчасце, зло, бяда; гора. [Марына:] — Ох, сыночак, мая зорка! Як цябе падгадаваць, Як ад ліха захаваць. Колас. У вочы.. [Карніцкаму] ліслівілі, пахвальвалі за новыя і смелыя думкі, а ў душы жадалі ўсялякага ліха. Паслядовіч. // Разм. Хвароба. [Мацей:] — Нейкае ліха ўбілася пасля прастуды. Пальчэўскі.

2. У фальклоры — нячыстая сіла, чорт. Адказаў хлапец паціху: — Праўду я шукаць іду, А за мною следам Ліха Водзіць Гора і Бяду. Грахоўскі.

•••

Ведаць, пачым фунт ліха гл. ведаць.

Да ліха — вельмі многа, вялікая колькасць.

Каб на яго (цябе, яе, вас, іх) ліха — ужываецца як вокліч, якім выказваецца прыкрасць, абурэнне, злосць. — Камера, каб на яе ліха, лопнула, — сказаў салдат і пастукаў нагой па задняму колу машыны. Сіняўскі.

Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.) — немаведама хто, што, абы-які і пад. Можа і сам ён, Мікалай, бачыў, што тут ліха ведае што робіцца. Чорны.

Ліха гарыць з каго — пра верхавода, завадатара. Усё ліха гарэла з Камінскага, а цяпер Шыслоўскі верхаводзіць. «Маладосць».

Ліха з ёй, з ім і пад. — няхай будзе так, можна пакінуць без увагі. «Ліха з ёю, з шапкаю. Старая і без брыля», — суцешыў Валодзя сам сябе. Ваданосаў.

Ліха яго бяры — адносіцца абыякава да чаго‑н. — Ай, ліха яго бяры з работаю. Сёння ўжо няхай прападае дзень. Чорны.

Ліха яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

На (якое) ліха (лаянк.) — для чаго, нашто. — Мы добра абыходзіліся і без бурмістра. Па ліха ён нам. Якімовіч. — Давай памяркуем сур’ёзна, — сказаў Андрэй жонцы. — На якое табе ліха гэтая служба? Шахавец.

Не памінай (не памінайце) ліхам гл. памінаць.

Што за ліха! — вокліч незадавальнення, здзіўлення. — Што за ліха! Раненых дваццаць дзевяць, а гісторый [хвароб] трыццаць. Мележ.

Як на (тое) ліха — не ў пару, не да месца. Не хапала касцоў, а, як на тое ліха, тры старыя даваенныя касілкі стаялі ля кузні няспраўнымі. Асіпенка. Рыбакі боўталіся ў Нёмане. Але, як на тое ліха, рыба не лавілася! С. Александровіч.

лі́ха 2, безас. у знач. вык.

Разм. Цяжка, дрэнна. Было яму ліха, ды яшчэ і пагоршала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імя́, імя і імені, імю і імені, імем і іменем, (аб) імі і імені; мн. імі і імёны, імяў і імён, імям і імёнам, імямі і імёнамі, (аб) імях і імёнах; н.

1. Асабістая назва чалавека, якая даецца яму пры нараджэнні. Даць імя. □ Імя ён, меў Сцяпан, але ўсе звалі яго проста Сцёпка. Якімовіч. Праз нейкі час яму захацелася праведаць імя дзяўчыны, каб ямчэй было з ёю абыходзіцца. Гартны. // Поўная асабістая назва чалавека з імем па бацьку, а таксама яго прозвішчам. Неўзабаве ў кішэні ў Івана Кабушкіна ўжо ляжалі дакументы на імя Аляксандра Бабушкіна. Новікаў. Мужчына назваў сваё імя адразу — Іван Пятровіч Пуліхаў. Мехаў. // Назва прадметаў, жывёл, з’яў, паняццяў. «Першы асоба-казацкі атрад» вырас і набыў паўнагучнае імя — «Першай беларускай партызанскай кавалерыйскай брыгады». Брыль. З маленькага слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака, з тонкім хвастом, і імя яму даў сам Ігнась. Мурашка.

2. Вядомасць, папулярнасць, слава. Вучоны з імем. // Пра асобу, якая стала вядомай дзякуючы сваёй дзейнасці ў якой‑н. галіне ведаў, тэхнікі, мастацтва. Справа тут, вядома, не толькі ў вялікіх імёнах. Брыль. // (звычайна з азначэннем). Рэпутацыя. Ганьбіць сваё імя.

•••

Уласнае імя — слова або спалучэнне слоў, якое з’яўляецца асобнай назвай каго‑, чаго‑н., напрыклад: Міхась, Мінск, Старыя Дарогі, Белавежская пушча.

Ад імя каго — па даручэнню каго‑н., спасылаючыся на каго‑н. Ад імя ўсяго калектыву.

З імем каго — у гонар чыйго‑н. імя рабіць, гаварыць і пад. З імем Леніна ў сэрцах арліных Новы быт мы будуем у краі. Журба.

Імем каго-чаго — уладай, якая належыць каму‑, чаму‑н. Імем закона.

Імя каго-чаго — названы ў гонар каго‑, чаго‑н. Завод імя У.І. Леніна. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

Імя па бацьку — назва чалавека, якая складаецца з асновы імя бацькі і суфікса ‑авіч, ‑евіч, ‑іч (‑оўн, ‑еўн, ‑ічн‑) і звычайна дадаецца да ўласнага імя.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

На імя чыё — адрасаваны, прызначаны каму‑н. Заява на імя старшыні райвыканкома. □ Назаўтра на імя Міхала крывы Пракоп прынёс тэлеграму. Васілевіч.

У імя каго-чаго (высок.) — у гонар, дзеля, для каго‑, чаго‑н. У імя дружбы. У імя міру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́сці, ем, ясі, есць; ядзім, ясце, ядуць; пр. еў, ела; заг. еш; незак., каго-што.

1. і без дап. Прымаць ежу, перажоўваючы яе і глытаючы. Есці булку з маслам. Хацець есці. □ Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай. Лынькоў. // Ужываць у якасці ежы, для ежы. Не есці мяснога. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды ідуць. Прыказка. // Харчавацца. Прывезлі мяса дамоў. Дома пасалілі, — аж дванаццаць кадушак насалілі! Цэлы год тое мяса з гаспадаром елі. Якімовіч.

2. толькі ў інф. (у спалучэнні з дзеясл.). Ежа, харч. Варыць есці. □ Нясе жонка [аратаму] есці Цэлы спарышок. Купала.

3. Кусаць, грызці (пра насякомых, грызуноў). Моль есць футра. □ Ядуць вас мухі з камарамі. З нар.

4. Раз’ядаць, разбураць хімічна. Іржа на вышках есць парог. Купала. // Раздражняць, раз’ядаць (пра дым). Бела-сіні, надта горкі Лезе ў вочы, есць да слёз, Душыць горла дым махоркі, Самагон зрывае нос. Крапіва. Пыл есць вочы і горла забівае. Ермаловіч.

5. перан. Разм. Не даваць спакою, мучыць; грызці (пра сумленне, боль і пад.). Магло здавацца, што .. [Стафанковіча] есць з сярэдзіны нейкі боль. Чорны. Згрызае, есць яго нуда. Адзін ён тут у волкім змроку. Колас.

6. перан. Разм. Даймаць каго‑н. сваркамі, папрокамі, назаляць, не даваць спакою. Адразу пачаў гаварыць Апанас Сегень пра адвечную вясковую песню: за кавалак гнілой вяроўкі ўвесь век ядуць адно аднаго. Чорны.

•••

Дарэмна хлеб есці — гультаяваць, не прыносіць ніякай карысці.

Есці вачамі — пільна ўглядацца, не адводзячы позірку; упівацца вачамі.

Есці не просіць гл. прасіць.

Есці просяць гл. прасіць.

Есці чужы хлеб — жыць за чый‑н. кошт, знаходзіцца на чыім‑н. утрыманні.

Есць чарвяк каго гл. чарвяк.

Еш не хачу — усякай яды ўволю, з лішкам.

Мала кашы еў (з’еў) — яшчэ малады, нявопытны, каб брацца за сур’ёзную справу.

Пасаліўшы, есці можна — пра што‑н. пасрэднае, цярпімае.

Поедам есці — бесперастанку мучыць папрокамі.

Хлеб есці з чаго — мець карысць, даход з якога‑н. занятку.

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гэ́ты, ‑ага, м.; гэта, ‑ай, ж.; гэта, ‑ага, н.; мн. гэтыя, ‑ых; займ. указальны.

1. Паказвае на асобу ці прадмет, які знаходзіцца непасрэдна перад вачамі; проціл. той (у 1 знач.). У гэтым доме школа, а ў тым — бальніца. // Паказвае на адначасовасць якога‑н. дзеяння з іншым дзеяннем, пра якое гаворыцца ў сказе. Змрок крыху расступіўся, парадзеў і перад Сяргеем Карагаю вызначылася цёмная палоска — шлях яру. У гэты момант вочы яго мімаволі, як бы самі глянулі ўперад. Колас. // Паказвае на адрэзак часу, які мае месца ў цяперашнім часе або прошлым ці будучым, што непасрэдна прымыкаюць да яго. — Ды я і лавіць [рыбу] гэтымі днямі не думаю, — захітрыў Міхалка. Бядуля. У гэты дзень Андрэй Перапечкін прачнуўся як ніколі рана. М. Ткачоў.

2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаюцца з ліку іншых. Вось пад гэтым дубам — не іначай, як пад гэтым — знайшоў .. [Якуб] некалі дваццаць баравікоў за адзін раз. Зарэцкі. Праз гэты двор прайсці прыемна: Тут відзён клопат, ёсць і план. Колас. / у знач. наз. гэ́ты, ‑ага, м.; гэ́та, ‑ай, ж.; гэ́та, ‑ага, н. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны.

3. Паказвае на які‑н. прадмет, асобу, пра якіх гаварылася нядаўна. Балота, забалаць балот, як там ні называй, Але ступіў тут бальшавік — Ён зменіць гэты край. Купала. Мікола ўсміхаецца зноў. І ў гэтай усмешцы яго многа сталасці. Брыль.

4. у знач. наз. гэ́та, ‑ага, н. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія гаворыцца ў тэксце. Я расказаў — і гэтаму паверылі. □ — Але, сынок, не мой ты... Праз гэта і плачу. Якімовіч. // Паказвае на аднародныя прадметы, выконваючы ролю абагульняючага слова. Сцены, стайні, вароты, калючы дрот у невялічкіх акенцах — усё гэта было ўкрыта густым марозным інеем. Лынькоў.

5. Паказвае на вядомыя ўжо асобу ці прадмет. [Гарлахвацкі:] Харошая дзяўчына гэта, Верачка. Крапіва. Дзіўны чалавек гэты Галілей! Зарэцкі.

6. Выражае эмацыянальныя адносіны да якой‑н. асобы ці прадмета. — Ідзі, ідзі! Канца няма жабракам гэтым! Бядуля.

•••

Гэтымі днямі; на гэтых днях гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Аказацца адкрытым, адчыніцца. Пакой адкрыўся. // Рассунуцца, расхінуцца або падняцца ўверх. Згасла святло, і адкрылася заслона. Карпюк. Шлагбаум адкрыўся, і з-за насыпу вынырнула фурманка, аблепленая салдатамі, за ёй другая, трэцяя, чацвёртая. Дамашэвіч. // перан. Стаць даступным, магчымым для каго‑н. Так адкрыліся перад Янкам дзверы ў бібліятэку пана Сігізмунда Чаховіча. С. Александровіч. Каб справаю і славай парадніцца У гэты дзень братэрства і надзей, Не толькі што адкрылася граніца — Там сэрцы ўсе адкрыліся ў людзей. Панчанка.

2. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Нёман адкрыўся хлопцам урачыста ціхі, велічны. Брыль. [Аня і Саша] ўз’ехалі на ўзгорак, і позірку адкрылася ўся іх вёска ў зеляніне садоў. Шамякін. Разабралі рыштаванні, і.. [дом] адкрыўся людзям, радуючы вочы сваім, хараством, сваёй чысцінёй, сваёй маладосцю. Мележ.

3. перан. Стаць зразумелым каму‑н. [Леанід Аляксеевіч:] — Сёння мы ўзняліся ўжо на такую вышыню, з якой ва ўсёй велічы адкрыліся перад намі ясныя далягляды нашай будучыні, імя якой — камунізм. Якімовіч. Мне зноў адкрылася, маю душу па-свойму ўразіла непаўторная беларуская прыгожасць, абаяльная сіла паэзіі — народнай і таму вялікай. Брыль. Для мяне адкрыўся свет мастацтва, а праз яго — шырокае эмацыянальнае пазнанне жыцця. Сяргейчык. // Стаць відным, даступным. Хто дакранаўся кнігі той з адкрытай, шчыраю душой.., Таму адкрыўся на зямлі Да камунізма шлях жыццёвы. Танк.

4. Расказаць пра сябе адкрыта, шчыра; прызнацца ў чым‑н. Толькі не было чалавека, якому Іван мог бы адкрыцца, з кім мог бы раздзяліць сваю тугу, свае дакоры сумлення. Новікаў. Пасля Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх сталічных і правінцыяльных газет. Гартны. Мне цяжка было ведаць, што не да канца я магу перад табою адкрыцца. Скрыган.

5. Пачаць сваё існаванне, дзейнасць (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.). Школа адкрылася. // Пачацца. Адкрылася падпіска на газеты. Адкрыўся тэатральны сезон. Адкрылася выстаўка. □ [Андрэй:] — Жонка да дня нараджэння купіла мне ў падарунак стрэльбу. Вісіць на сцяне, чакае, калі адкрыецца сезон на качак. Шахавец.

6. Перастаць зажываць, гаіцца; прарваць (пра рану). Адкрылася старая рана, і трэба было зноў рабіць аперацыю — вымаць асколкі. Васілевіч.

•••

Вочы адкрыліся ў каго гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

1. Выгнуцца, прыняць форму дугі. Цвік сагнуўся. □ Карн быў вялізны, бо лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. Рунец. Яловыя лапкі стомлена сагнуліся пад цяжарам снегу. С. Александровіч. І перш, чым у новы тунель уцягнуцца, Цягнік дасць гудок і сагнецца дугой, Нібы хоча ён на тунель азірнуцца, Які ўжо знікае за шызай смугой. Гаўрусёў.

2. Сагнуць спіну; нагнуцца. Цёмныя фігуры выбеглі на сноп пражэктара, сагнуліся над тым месцам, дзе хлопцы заклінілі стрэлкі. Жычка. [Хурс] сагнуўся напалам, уваходзячы ў карчомныя сенцы. Чорны. // Нахіліцца ад цяжару, мукі, болю. Сцішыўшы крок, Аксіння, здаецца, яшчэ больш сагнулася пад сваёй ношай, каб нікога не бачыць, каб да яе не загаварылі. Ракітны. // Скласціся пад вуглом у суставе. Рука сагнулася ў локці.

3. Згорбіцца ад старасці, скурчыцца ад сцюжы, хваробы, ссутуліцца і пад. Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт. Мележ. Палкана старасць даканала. Сагнуўся ён, падціснуў хвост, сапсеў. Корбан. // перан. Стаць спарахнелым, трухлявыя (пра будынкі і пад.). Хата шчытам сваім сагнулася. Баранавых.

4. перан. Пакарыцца чыёй‑н. сіле, прымірыцца з чым‑н., адмовіўшыся ад барацьбы. Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся, А ворага стрэціў ударам мяча. Броўка. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна. Чорны.

5. Стаць скарабачаным, пагнутым. У агні жалеза сагнулася. Бляшанка сагнулася. □ Размахнуўся.. [старэйшы брат], грукнуў булавою — толькі булава сагнулася. Якімовіч.

•••

Сагнуцца ў дугу — скарыцца; стаць пакорным, угодлівым. Ён не хапае з неба зорак, Умее ўслужыць, умее памаўчаць, Умее ўсміхнуцца ветліва, лагодна, Паведаміць начальству радасную навіну, Сагнецца ў дугу прад ім ахвотна, А сябру ў бядзе дасць кухталя ў спіну... Валасевіч.

Сагнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіліцца; сагнуцца; б) перан. праявіць празмерную ўгодлівасць.

Сагнуцца крукам; сагнуцца ў крук — а) моцна выгнуцца, заўзята працуючы; б) перан.; стаць рабалепным, уніжаным перад кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спако́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане спакою, нерухомасці; ціхі, бязгучны. Возера ляжала лянівае і спакойнае. Карпаў. Лес стаяў спакойны і нахмураны. Якімовіч. Вада была спакойнай, толькі маленькія хвалькі ад ветру маршчынілі яе паверхню. Краўчанка. // Такі, дзе няма вялікага шуму, руху (пра горад, вуліцу). Спакойны, вясёлы, зялёны — такі Кішынёў. Машара.

2. Які не выяўляе трывогі, хвалявання, знаходзіцца ў стане спакою, не ўзбуджаны (пра чалавека). Аднак чамусьці цяпер наш праваднік быў выключна спакойны. Анісаў. [Пніцкі] ўжо не быў спакойны да самага таго часу, пакуль не дазволілі яму выказацца. Чорны. // Характэрны такому чалавеку; які выяўляе душэўны, унутраны спакой. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Зарэцкі. Дамоў.. [Андрэй] ехаў са спакойнай душой. Шахавец. // Поўны спакою. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з явілася спакойная ўпэўненасць. Лынькоў.

3. Які рэдка выходзіць з сябе, стрыманы, ураўнаважаны (пра чалавека). Спакойны, ураўнаважаны, без лішніх рухаў і жэстаў, настаўнік выклікаў давер’е. «Звязда». Валодзя — хлопец спакойны, малому саступіць. Брыль. // Ціхмяны, які не робіць клопату, не назаляе ўсім навокал. Спакойнае дзіця. Спакойныя суседзі. // Уласцівы такому чалавеку. Мікалай, хоць і пісьменны, але не надта рашучы, таксама не надта бывалы па свеце, ды яшчэ натуру мае спакойную. Чорны. / Пра жывёлу. Маленькая бялявая Аня пачала прыязджаць на спакойным на дзіва кані да кухні па лупіны. Даніленка.

4. Раўнамерны, роўны ў сваім праяўленні, працяканні. Б’е гадзіннік. І сэрца спакойныя ўдары За Крамлёўскай сцяною чуваць у цішы. Куляшоў. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ. Спакойныя крокі, спакойная, упэўненая гутарка [Веры Ігнатаўны] былі прыемныя Платону. Пестрак.

5. Мірны, не ваенны. Спакойны час.

6. Які адбываецца ў спакоі, нічым не парушаецца, не трывожыцца нікім. Спакойнага сну ў Сяргея не было. Шахавец. [Данілава маці:] Гадавала я вас — гадавала, думала, хоць старасць спакойная будзе. Крапіва. // Які не звязаны з хваляваннямі, турботамі. Яно [шчасце] не можа быць спакойным, яно патрабуе ад чалавека заўсёды болей, чым дае. Шыцік. [Антось:] — Але .. [Сцяпан] камуніст, Марыся, неспакойны ён чалавек, не хоча ён спакойнай работы. Чарнышэвіч. // Прыемны для вока (пра святло). Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла пабурэлыя вершаліны бяроз і клёнаў. М. Ткачоў.

•••

Са спакойным сумленнем гл. сумленне.

Спакойнай ночы — тое, што і дабранач (гл. дабранач).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́ўка 1, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.

1. У азартных гульнях — сума грошай, якую ігрок ставіць на карту і якая ў выніку пройгрышу пераходзіць у банк да банкаўшчыка. Пачыналі гуляць спакойна, з невялікіх ставак. Машара. // Сума грошай, на якую закладаюцца. Да пачатку сустрэч публіка [у капіталістычных краінах] робіць грашовыя стаўкі на таго ці іншага баксёра. «ЛіМ».

2. Размер заработнай платы; аклад. Высокая стаўка. Тарыфная стаўка. □ [Петражыцкі:] — Седзіцё. Стаўка ідзе, ці дождж, ці снег. Пташнікаў.

3. Наменклатурная адзінка. [Павел Іванавіч:] — У нас пакуль што і стаўкі няма для вызваленага сакратара камітэта. Кулакоўскі.

4. перан.; на каго-што. Разлік, арыентацыя ў сваіх дзеяннях, планах на каго‑, што‑н. [Цыля:] — Рыбакоў цікавы чалавек .. Ён — марксіст. .. У яго стаўка на рабочых. Асіпенка. Робячы стаўку на шырокае народнае паўстанне, Кастусь думаў і пра яго кіраўнікоў і арганізатараў. Якімовіч. Была зроблена стаўка на мясцовых камсамольцаў, якім лягчэй было спалучаць нелегальную работу з легальным жыццём у вёсках. Дзенісевіч.

5. Спец. Норма вылічвання падатку з якога‑н. аб’екта фінансавага аблажэння; норма аплаты пры правядзенні якой‑н. фінансавай аперацыі. Стаўкі падаходнага падатку.

•••

Стаўка біта — тое, што і карта біта (гл. карта). [Кунц:] Калі ён сапраўды не Лескавец, мая стаўка біта. Губарэвіч.

ста́ўка 2, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.

1. Месцазнаходжанне военачальніка і яго штаба. Нейкае нядобрае прадчуванне гняло дыверсанта ўсю дарогу, калі ён ішоў у Новае Сяло, дзе цяпер знаходзілася галоўная стаўка фашысцкага камандавання з усімі адпаведнымі штабамі і службамі. Ваданосаў.

2. Орган вярхоўнага галоўнакамандавання. Прыехаў сюды Лазавік летась, у лістападзе, з атрадам маракоў для разгону царскай стаўкі ў Магілёве. Хомчанка. Пры абмеркаванні пытанняў выкарыстання ў будучай аперацыі розных родаў войск і іх матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння да работы нарады ў Стаўцы прыцягваліся Галоўны маршал артылерыі Н. Н. Воранаў, Галоўны маршал авіяцыі А. А. Новікаў, маршал артылерыі Н. Д. Якаўлеў. «Звязда».

•••

Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання — вышэйшы орган кіраўніцтва ўзброенымі сіламі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

ста́ўка 3, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.

У выразе: вочная стаўка — адначасовы перакрыжаваны допыт асоб, якія прыцягваюцца па адной справе, для праверкі паказанняў. Аднойчы Банду павялі на вочную стаўку з Іванам Фёдаравічам Субачавым. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)