ста́так, ‑тка, м.

1. Жывёлы, часцей аднаго віду, якія пасуцца або ўтрымліваюцца разам, гуртам. Хлапчук летам пасвіў вясковы статак, лазіў з ім па балотах, каб схаваць ад варожага вока. Капусцін. [Хмялеўскі:] — Калісьці тут [у дуброве] коз было да халеры. Статкамі хадзілі, а цяпер рэдка дзе ўбачыш. Чарнышэвіч. // Наогул вялікая колькасць якіх‑н. звяроў, птушак; чарада. Статак кароў, свіней у Літвінаве пераваліў перад вайной за тысячу галоў. Навуменка. Хто яго тут [у лесе] пакінуў, Гэта рэха жывое? Можа статак ласіны, Ідучы з вадапою? Кірэенка. Спалоханы .. грукатам [танкаў], аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на паўнеба, статак вераб’ёў. Быкаў. Я потым бачыў, як качыны статак валюхаўся па полі — белы-белы. Хомчанка. / у вобразным ужыв. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой. Астрэйка. Толькі на дваццаць шосты дзень, Калі палымнеў на палетках пажар, Прыгналі вятры на акрутны сухмень Чорнагаловыя статкі хмар. Хведаровіч.

2. Пагалоўе сельскагаспадарчай жывёлы. Племянны статак.

•••

Панургаў статак — натоўп, які слепа ідзе за сваім важаком.

[Ад імя Панурга, героя рамана Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль».]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць працяжнае вымаўленне гука «с». Летам .. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала... то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка. Кулі злавесна сыкаюць у паветры. Паслядовіч. Чэсік пагрозліва замахваецца, і раменная пуга свішча і сыкае ў паветры вужакаю. Васілевіч. Спорна тупае конік, сыкае пясок пад коламі. Б. Стральцоў. // Вымаўляць працяжнае «с», заклікаючы да цішыні, супакойваючы каго‑н. Гэтага было даволі, каб на Шахрая напаўжартам, напаўсур’ёзна з усіх бакоў пачалі сыкаць. Шарахоўскі. На мяне ўжо сыкала некалькі мужчын з капелюшамі ў руках, а я ўпарта крочыў наперад. Карпюк.

2. Разм. Выказваць сваё нездавальненне, злоснічаць (звычайна спадцішка). Бацька ўсміхаецца: рады, Што наступіў такі час, Кажа: — Хоць сыкаюць гады, — Арганізуем калгас! Смагаровіч.

3. Разм. Гаварыць здаўленым ад раздражнення, злосці і пад. голасам. [Апанас] ўскідваў на жонку раз’яраныя вочы і сыкаў праз зубы: — Не твая справа... Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тралява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.

1. Спец. Падцягваць, падвозіць драўніну ад месца нарыхтоўкі да дарогі ці да месца сплаву. Новай дарогай ад самай вясны тралявалі дрэва з Яськавага балота. Пташнікаў. Быў бы жывы тата, ён даўно б новы дом збудаваў. Ён ужо тады пачаў траляваць бярвенні з лесу. Кудравец. // Разм. Вывозіць, перавозіць што‑н. у вялікай колькасці. І ўспомніў я зіму з вятрамі, Што галасіла над палямі, Калі мы з дзедам тралявалі Настыўшыя, цяжкія шпалы. Танк. Трактарысты дзень пры дні тралявалі ўгнаенне пад яравыя. Кухараў.

2. Абл. Ісці, рухацца. Тады і хлопцы тон мяняюць: Ідуць у лес, крычаць, гукаюць .. А дзядзька ўперадзе тралюе. Колас. — Но-но, каб ты здаровенек быў, — падбадвёрваў .. Алесь каня. — Тралюй! Якімовіч. // Пракладваць дарогу, шлях. Узышоўшы на сенажаць, тралявалі шырокі гасцінец па густой траве, ішлі проста на дымаўскіх касцоў. Крапіва. — З праходу! — далей тралюе сабе дарогу дзядзька ў белым фартуху. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыво́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трывогі (у 1 знач.), поўны трывогі, неспакою, хвалявання. Трывожныя думкі. Трывожны сон. Трывожная ноч. □ Слаўце ж заўсёды Імкненні трывожныя, Што падрыхтоўваюць смелы палёт. Кірэенка. // Які выклікае трывогу, неспакой. Трывожныя чуткі. □ За хвіліну ўвесь лагер абляцела трывожная вестка: з рэчкі не вярнуліся Ціма і Валодзя, піянеры другога атрада. Пальчэўскі. У хату ўваліўся .. друг [Дзям’яна] Тодар Касцецкі — загадчык свінафермы. Ён прынёс трывожную навіну. Дуброўскі. // Які выражае трывогу. Трывожны погляд. □ Глядзім на ўсё трывожнымі вачыма, Аж шалясціць ад позірку лісцё. Камейша.

2. Схільны да трывогі, неспакойны (пра чалавека). Мікола апошні час стаў трывожным: з дня на дзень чакаў перагляду сваёй справы. Машара. [Феня] ішла па бальнічным калідоры, уся сцішаная, трывожная, са страхам адчыніла дзверы ў палату. Арабей.

3. Небяспечны. Час быў трывожны, і музыка гучала неяк дзіка і недарэчна. Няхай. Неспакойная, трывожная служба ў Міхаськавага бацькі. Хомчанка. // Які паведамляе пра небяспеку. Трывожны сігнал. Трывожны гудок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уе́хаць, уеду, уедзеш, уедзе; уедзем, уедзеце, уедуць; заг. уедзь; зак.

1. Заехаць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; прыехаць куды‑н. Уехаць у двор. Уехаць у лес. □ Гумно стаяла крыху воддаль ад хаты, і абодва яны [Максім з Гіпалітам] не чулі, як уехаў туды на санях Цімка. Машара. У пачатку жніва, неяк раз раніцай, у Бярозаўку ўехалі тры параконныя салдацкія брычкі. Васілевіч. Неўзабаве аўтамабіль, лёгка рассякаючы коламі сухі пясок, уехаў у вуліцу. Якімовіч.

2. Разм. Праехаць які‑н. шлях, ад’ехаць на якую‑н. адлегласць. За дзень мы ўехалі сто кіламетраў.

3. перан. Увайсці ў што‑н. мяккае, сыпучае; асесці, спусціцца; угрузнуць. Цяпер хатка ўехала ў зямлю, асунулася і выглядае побач з новым зрубам кучай парахні. С. Александровіч. Сена на калёсах заслана белым абрусам, але яго зусім не відаць, ён уехаў у само сена. Пташнікаў. Ногі адразу ўехалі вышэй кален у мяккую цеплаватую гушчу. Мележ.

•••

Уехаць па вушы — тое, што і акунуцца з галавой (гл. акунуцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узнагаро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Плата, дар за якія‑н. заслугі і пад. [Кастусь чытае:] «За галаву атамана вызначаецца ўзнагарода — 15 тысяч марак польскіх». Крапіва. Хлопцы не спяшаліся выходзіць, яны азіраліся па баках, нібы чакаючы ўзнагароды за сваю знаходку. Кавалёў. — Ну, Тром-сын, — кажа цар, — цяпер прасі ў мяне якой хочаш узнагароды. Якімовіч. Першы дзень мая прынёс яе [радасць], нібы ўзнагароду за ўсе неспакойныя турботныя ночы і дні. Мележ.

2. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад., якімі адзначаюцца чые‑н. заслугі. Высокая ўрадавая ўзнагарода. □ Як дачка свайго народа, Многа маючы заслуг, І яна [Кацярына] ўзнагароду прыняла з гарачых рук. Броўка. Я, заўважыўшы .. тры калодачкі ўзнагарод на ягоных грудзях, захацеў абняць хлопца яшчэ раз. Брыль. // перан. Падзяка, аддзяка, адплата. [Пан Ружыцкі:] — Перлы вашых тонкіх слоў — лепшая ўзнагарода для мяне. Бажко.

3. Разм. Тое, што і узнагароджанне (у 1 знач.). На тым жа вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын. Дуброўскі.

•••

Знакі ўзнагароды гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урачы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да урачыстасці (у 2 знач.), звязаны з урачыстасцямі; святочны. Урачысты дзень. Урачысты нарад войск. Урачыстае шэсце. Урачыстае пасяджэнне Мінскага Савета народных дэпутатаў.

2. Важны, знамянальны. Нібы шануючы ўрачыстую хвіліну развітання, людзі пайшлі маўклівыя, засяроджаныя. Лынькоў.

3. Які вызначаецца велічнасцю, выклікае ўзвышаныя пачуцці. Дзесьці заспявалі ў начы званы. Урачыстыя і трывожныя плылі галасы іхнія. Галавач. Адразу за агародам бор, гонкія ўрачыстыя сосны. Навуменка. Колькі ўрачыстага хараства тоіць ціхая летняя ноч! Дуброўскі. // Прыўзняты, патэтычны. Карніцкі пацалаваўся з дзецьмі, прамовіў ўрачыстым голасам: — Абвяшчаецца пасадка на самалёт «Партызанскі край — Вялікая зямля». Паслядовіч. // Які знаходзіцца ў прыўзнятым стане; стрыманы, строгі. Сход пачаўся а сёмай гадзіне. Нашы ўсе прыйшлі нейкія ўрачыстыя, апранутыя ў найлепшае адзенне. Сабаленка. Быў.. [начальнік цэха] урачысты, падцягнуты і крыху бледны. Карпаў.

4. Надзвычай сур’ёзны па сваёй важнасці, па свайму зместу. Урачыстая клятва. Урачыстае абяцанне. □ Запанавала напружаная цішыня, якую парушалі толькі ўрачыстыя словы прысягі. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́ванка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Месца, дзе можна знайсці прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Ну чаго турбавацца, — сказаў Ігналь. — Хованка ў нас надзейная, калі што. Лупсякоў. Многа клопатаў буран прынёс і дыверсантам, бо будан іх служыў толькі як хованка ад камароў і сонца. Федасеенка. // Спецыяльна зробленае ці прыстасаванае месца ці збудаванне для хавання ад каго‑, чаго‑н. А такі ж ён [Вова] за дзень натупаўся, капаючы разам з другімі ў садзе хованку ад бомбаў. Гурскі. [Лукша:] — Усю ноч мы [партызаны] сабе хованкі капалі. Гроднеў.

2. Скрытае, патайное месца для захоўвання чаго‑н. Хованка для скарбаў.

3. толькі мн. (хо́ванкі, ‑нак). Дзіцячая гульня, у якой той, хто водзіць, шукае астатніх удзельнікаў гульні, якія схаваліся. Будучы клуб акупіравалі хлапчукі — са смехам і крыкамі гуляюць у хованкі. Шамякін. [Сакольны:] — Праязджаў нядаўна паўз лясныя паселішчы. Бегалі там дзеткі між кустоў, гулялі ў хованкі. Кулакоўскі.

•••

Гуляць у хованкі гл. гуляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ркі, ‑ая, ‑ае.

1. Асляпляльны, які вылучаецца сваім святлом. Яркае месячнае святло рэжа вочы. Мележ. У цемнаце агонь быў яркі і востры, калоў у вочы, як іголкай. Пташнікаў. Радзіўся новы рупны дзень — Ад рос, ад сонца яркі. Панчанка. Раніца стаяла яркая, зіхатлівая. Шчарбатаў.

2. Рэзкі па колеру, які кідаецца ў вочы выразнасцю фарбаў. На поплаве цвілі кветкі, надта яркія — жоўтыя і сінія. Асіпенка. Прыпякала сонца, і яркая зелень знікала. Васілевіч.

3. перан. Выдатны ў якіх‑н. адносінах, запамінальны. Яркі талент. Яркі сатырычны вобраз. □ Вызваленчы рух працоўных мае Беларусі ў першай чвэрці ХХ ст. вылучыў цэлую кагорту яркіх прадстаўнікоў грамадскае, і навуковай думкі. Ліс. // Які надоўга пакідае след (у душы, сэрцы, памяці і пад.). У маленстве маім ёсць адна вельмі яркая дата. Скрыган. Яркія і незабыўныя ўражанні дзяцінства. Броўка.

4. перан. Які пераконвае ў чым‑н.; сапраўдны, непадроблены. Урачыстае пасяджэнне вылілася ў яркую маніфестацыю салідарнасці і дружбы міралюбівых народаў. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад (пада), прыназ.

I. з В і Т.

1. Ніжэй чаго-н., з боку ніжэйшай часткі чаго-н.

Пакласці сякеру пад лаўку.

Нырнуць пад ваду (ніжэй за ўзровень вады, углыб). Працаваць пад зямлёй (ніжэй паверхні, напр., у шахце). Пасадзіць пад замок (заперці). Пад гарой зялёны гай.

2. Каля, у непасрэднай блізкасці ад чаго-н., а таксама ў зоне дзеяння, размяшчэння чаго-н.

Жыць пад Віцебскам.

Папаў пад халодны душ.

3. Указвае на тое становішча, стан, у які ставяць каго-, што-н. ці ў якім знаходзіцца хто-, што-н.

Працаваць пад кіраўніцтвам каго-н. Браць пад строгую ахову.

Быць пад пагрозай.

Знаходзіцца пад судом.

4. Для чаго-н.

Зруб пад новы дом.

Поле пад аўсом.

II. з В.

1. Падтрымліваючы знізу.

Узяць пад руку.

2. Пра час: блізка да чаго-н., перад чым-н.

Бралася (безас.) пад дзень (пачынала світаць). Гэта было пад свята.

Пад старасць.

3. У выглядзе чаго-н., падобна на што-н.

Апрацаваць пад дуб.

4. У абмен на якую-н. гарантыю.

Аддаць пад залог.

Даць тавар пад распіску.

5. У суправаджэнні чаго-н., што гучыць.

Ісці пад гукі марша.

Спяваць пад баян.

III. з Т.

1. Пры наяўнасці якой-н. прыметы, уласцівасці.

Змагацца пад перамаганосным сцягам.

Селядцы пад марынадам.

2. У выніку чаго-н.

Снег пад уздзеяннем ветру ўшчыльніўся.

3. Ужыв. пры ўказанні на тэрміны, словы, назвы, сэнс якіх раскрываецца ці неабходна раскрыць.

Пад нашатырным спіртам разумеюць раствор аміяку.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)