шалупі́на, ‑ы, ж.
1. Вонкавая мяккая прыродная абалонка (якога‑н. плода, бульбы і пад.); скурка. [Хлопчык] дастаў адну [бульбіну] і пачаў абдзіраць шалупіну... П. Ткачоў.
2. толькі мн. (шалупі́ны, ‑пін). Адходы пасля ачысткі пладоў, бульбы. Збіраць шалупіны на корм свінням.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́рханне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шархаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Чулася моцнае шарханне венікам па бруку. Бядуля. Язэп неяк адразу пачуў гэтае нямоглае шарханне; вось толькі што не было яго і раптам паявілася. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штабі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Разм. Афіцэр штаба; штабны работнік. Хто прывык уяўляць савецкага афіцэра толькі воінам, камандзірам, штабістам, — той быў бы тут прыемна ўражаны. Брыль. [Міша Несцяровіч:] — Чуў, Сцяпан Міхайлавіч. У штабісты перавяліся. — Перайшоў, брат. Папрасілі ў абкоме. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адно́,
1. ліч. гл. адзін.
2. часціца абмежавальная. Разм. Толькі, выключна; больш нічога. [Андрэй] адно хмурыць твар і злосна страсае на лоб кучму бязладных сваіх валасоў. Зарэцкі. [Стары:] — Гаварыць можна адно тады, калі добра ведаеш чалавека. Бажко. Шпакі каля дарогі цэлы дзень адно крычаць. Колас. / У спалучэнні з словам «што». Зянон Ляпіч.. адно што дапытваў — катаваў сябе: чаму правароніў момант, калі немцы набліжаліся да вёскі? М. Ткачоў.
3. часціца ўзмацняльная (часта ў спалучэнні з часціцай «ж»). Разм. Узмацняе момант нечаканасці, раптоўнасці наступлення дзеяння. Бачу — адно ж зноў паваліў снег. Гляджу — адно ж едуць госці.
4. злучнік супраціўны. Разм. Злучае члены сказа і сказы з адносінамі неадпаведнасці (звычайна ў спалучэнні са словамі «што», «толькі»). Па свайму значэнню адпавядае злучнікам «толькі», «аднак». [Андрэй] жыў там некалькі дзён, а цяпер перабраўся на кватэру, вельмі добрую, адно што цесную. Чорны. Наталя не перамянілася, адно толькі, што папаўнела. Скрыган. / У спалучэнні з часціцай «ж». [Цёця Каця:] Мне здавалася раней, што ваша жонка чарнявая, адно ж яна бландзінка. Крапіва.
5. злучнік далучальны. Разм. Далучае сказы, якія дапаўняюць або ўдакладняюць выказаныя раней думкі. Навакол былі лясы, кары хапала, адно еш на здароўе. Чорны. У вайну.. [Полацк] быў дашчэнту разбуран нямецка-фашысцкімі захопнікамі, адно ляжалі горы руін, тырчалі абломкі сцен. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схо́ванка, ‑і. ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. Толькі зрэдку перабягаў з падворку ў падворак сабака, высалапіўшы язык і шукаючы лепшай схованкі ад мух. Колас. [Максім] дакажа гэтаму Луцкевічу, што не ўсе, як ён, палохаюцца арышту і шукаюць схованкі за чужой спінай. Машара. [Мікола:] — Трэба выручыць адных хлопцаў. Зараз яны ў лесе хаваюцца. Але якая там цяпер схованка. Новікаў.
2. Якое‑н. таемнае месца, збудаванне і пад. для ўкрыцця каго‑, чаго‑н. Добрую схованку зрабіў тут Бязвухі, — яма абкладзена дзёрнам, з усіх бакоў закрыта высокай травой. Жычка. Змрокам з дзённай схованкі вылазіў Віктар і пры газоўцы з бацькам сядзеў да поўначы. Лобан. Мы зрабілі патайную схованку ў гумне і схавалі там трохі збожжа і бульбы на вясну. Якімовіч. // Разм. Пра ўмоўленае месца для хавання чаго‑н., якое вядома толькі некаторым. Каб не заплакаць, хутка ўзяла [Люда] ў .. [бацькі] грошы, замкнула сені, палажыла ў схованку ключ і сказала, дарэмна хочучы ўсміхнуцца: — Ну, я пайшла. Брыль.
3. толькі мн. (схо́ванкі, ‑нак); перан. Тое, што недаступна іншым; запаветны бок чаго‑н.; сховы. Гэта толькі чалавечая памяць заўжды знойдзе ў патаёмных схованках самыя далёкія ўспаміны, ажывіць іх, прымусіць сэрца хвалявацца, стукаць узбуджана. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бало́та, ‑а, М ‑лоце, н.
1. Нізкае багністае месца, звычайна з стаячай вадой і вільгацелюбнай расліннасцю. Тарфяное балота. Багністае балота. Асушэнне балот. □ Ногі правальваліся.., гразлі ў ліпкай, цягучай твані балота. Лынькоў. Прастор, зарослы асакой, пераходзіць у куп’істае балота. Чорны.
2. толькі адз. Разм. Вялікая гразь на вуліцы, у двары. Балота скрозь на ўсім двары, Куды ні кінеш вокам — смецця горы. Корбан.
3. толькі адз.; перан. Усё, што характарызуецца застоем, адсутнасцю жывой дзейнасці, маральным падзеннем. Мяшчанскае балота. □ — Я да цябе параіцца прыйшоў, Андрэй, — сказаў Сымон. — Папаўся я ў такое балота, што не ведаю, як вылезці. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кудла́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. З доўгімі скалмачанымі валасамі; лахматы. Мельнік задумліва глядзіць на касцёр, ківае кудлатай галавой. Асіпенка. // Ускалмачаны, разлахмачаны (пра валасы). Зараз жа прыйшоў і Антоніо, ладны хлопец з кудлатымі чорнымі валасамі. Маўр. // перан. Разм. З доўгімі і густымі галінамі (пра дрэвы). Толькі гайданецца часам галіна і пасыпецца з кудлатае хвоі срэбны пух. Лынькоў. // перан. Разм. Які распаўзаецца ў розныя бакі клубамі (пра дым, хмары і пад.). Толькі вецер гнаў услед кудлатыя хмары і свістаў ля вушэй. Пестрак.
2. З доўгай густой поўсцю; касматы. Кудлаты сабака.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бутэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Шкляная пасудзіна для вадкасцей, звычайна цыліндрычнай формы з вузкім горлам. Пустая бутэлька. Бутэлька піва. □ Кума на просьбу паддаецца, За чарку тройчы ўжо бярэцца І толькі-толькі прыгубляе І чарку зноў не дапівае І руку цягне да бутэлькі. Колас. Паілі козліка малаком з бутэлькі, цераз соску. Брыль. // У значэнні: бутэлька віна, гарэлкі. Выпіць бутэльку. Прынесці бутэльку.
2. Руская мера вадкасцей, роўная 0,6 л, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы.
•••
Заглядаць у бутэльку гл. заглядаць.
Лезці ў бутэльку гл. лезці.
Паставіць бутэльку гл. паставіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бязглу́зды, ‑ая, ‑ае.
1. Неразумны; які нічога не разумее; бесталковы. Бязглузды чалавек. // Які выражае адсутнасць думкі; тупы. Бязглузды выгляд.
2. Пазбаўлены сэнсу, зместу; недарэчны. Прыгадаліся [Анатолю] вечары ў цешчы Адзелаіды Сяргееўны, напоўненыя сумам, бязглуздымі гульнямі і агідным крыўляннем. Асіпенка. Але тое, што Іван схаваўся ад адказнасці ў кусты, пабаяўся з’явіцца на сход, прыслаўшы толькі нейкую бязглуздую запіску, канчаткова збянтэжыла Колю. Шахавец. [Сухадольскі Русаковічу:] А я заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Гэты цвердалобы Карпенка гатовы разбіцца ў шчэпкі, каб толькі выканаць які бязглузды загад. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ле́кцыя, ‑і, ж.
1. Вуснае выкладанне вучэбнага прадмета выкладчыкам у вышэйшай навучальнай установе. Наведваць лекцыі. □ Сівы прафесар, адпачыўшы на сонечным ўзбярэжжы Крыма, першыя лекцыі чытаў неяк больш усхвалявана. Шахавец. // толькі мн. (ле́кцыі, ‑ый). Частка вучэбнага прадмета, якая выкладаецца ў вуснай форме. Курс лекцый. // Публічнае чытанне на якую‑н. тэму. Направа, за прычыненымі дзвярыма, ішла для сялян лекцыя. Чорны. Цяпер часта ў клубе, у брыгадах, на фермах прапагандысты чытаюць лекцыі. Дуброўскі.
2. толькі мн. (ле́кцыі, ‑ый). Аддрукаваны курс публічных чытанняў, а таксама запісы па якому‑н. прадмету выкладання. Інстытуцкія лекцыі па літаратуры.
[Ад лац. lectio — чытанне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)