разгавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑верыцца; зак., з кім і без дап.
Разм. Пачаць шчырую гаворку з кім.‑н. — Эх, і лесу ж у вас многа! — сказаў настаўнік, каб разгаварыцца з палешуком і пазнаёміцца з ім бліжэй. Колас. Разгаварыліся тады землякі пра родны горад, і выявілася, што абодва з Горкай вуліцы. Пальчэўскі. // Пачаць многа гаварыць, стаць гаваркім. — Іменна, галубок, драч. Мы яго дзеркачом завём, — разгаварыўся дзед Мікалай. — Кажуць, птушка тая пехатой шыбуе з самай Афрыкі. Ідзе і ідзе сабе і анігадкі. Даніленка. Сяргей быў не вялікі мастак расказваць. Асабліва яму цяжкавата было пачынаць, разгаварыцца. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Абмяняць каго‑, што‑н. на другое падобнае або на другога падобнага. Размяняць палонных. // У шахматнай гульні — зрабіць размен фігур. Размяняць ферзёў.
2. Абмяняць адны грашовыя купоны або манеты на больш дробныя ў адпаведнай колькасці. [Алесь:] — Толькі паўрубель гэты дзеду ўсё ж аддамо. Размяняем на медзь і аддамо. Караткевіч. Размяняю зарплату на медзякі — І грашыма цябе засыплю! Барадулін. // Пачаць расходаваць, траціць (буйную купюру). [Гарык:] «Дарагая матуля, жыву нішто сабе: учора размяняў апошні чырвонец». Скрыган. / Пра гады. [Трахім:] І так зажыўся на гэтым свеце — хвала богу, восьмы дзесятак размяняў... Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рашы́цца, рашуся, рэшышся, рэшыцца; зак.
1. Прыняць якое‑н. рашэнне абдумаўшы, знайшоўшы ў сябе сілы, смеласць на гэта; асмеліцца, адважыцца. Устаць і пайсці, што ён ужо колькі разоў памыкаўся зрабіць, Лабановіч не рашыўся, не хочучы пакрыўдзіць гаспадара і гасцей. Колас. Старанна абтрасла [Хіма] снег ад лапцей, падумала. Рашылася пайсці. Прайшла адзін пакой, другі. За сталамі людзі сядзяць, пішуць. Каваль.
2. Атрымаць тое або іншае рашэнне. Задача рашылася. Ураўненне рашылася.
3. Разм. Страціць што‑н. [Бабка:] — Мы ўсяго, усяго рашыліся, толькі што на сабе засталося, ды так сюды і ўвайшлі. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́ўніца, ‑ы, ж.
1. Спец. Пасма валакна, злёгку скручаная, з якой вырабляецца пража.
2. Разм. Тое, што і раўня. А вот ужо на весялосць ды прыткасць у скоках не было .. [Лукер’і] роўніцы. Ракітны. — Я казала і кажу: не роўніцу ўзяў сабе Даніла ў жонкі. Думаладая яна для яго. Сіняўскі.
3. Абл. Узровень (пры параўнанні). Войтава дарога і накіраванасць пераважнай большасці сялянства, у тым ліку і Аўгіні, ляжыць у розных роўніцах. Колас. Знайшлося і азначэнне [у К. Чорнага] — Камароўка, аднолькава трапнае, незалежна ад таго, прыкладаецца яно да мяшчанства ў местачковай ці ў сусветнай роўніцы. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падлі́ць, падалью, падальеш, падалье; падальём, падальяце і падлію, падліеш, падліе; падліем, падліяце; заг. падлі; зак., што і чаго.
1. Дадаць чаго‑н. вадкага; наліць яшчэ крыху. Падліць кавы ў шклянку. □ Як выйдуць паліваць тыя пасадкі, Васілінка абавязкова падалье пабольш вады пад той «свой» куст. Ус. А з’еўшы адно, паглядаю, Ці хто больш чаго падліе. Купала. Мужчыны вылезлі з-за стала, а Саламея падліла сабе стравы і канчала вячэраць. Гартны.
2. Наліць пад што‑н. Падліць вядро вады пад куст.
•••
Падліць масла ў агонь — абвастрыць якія‑н. непрыязныя адносіны, пачуцці і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
1. Узяць пад сваю ўладу каго‑, што‑н.; прымусіць слухацца каго‑н. [Маці] хочацца пасварыцца і ў гэтай сварцы перамагчы Платона, на ўсё жыццё падпарадкаваць яго сабе. Асіпенка.
2. Паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н., прымусіць дзейнічаць адпаведна чаму‑н. Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы агульным. Колас. [Булай:] — Плану і толькі плану мы павінны падпарадкаваць усё. Шыцік.
3. У граматыцы — звязаць паводле спосабу падпарадкавання (у 2 знач.). Падпарадкаваць даданы сказ галоўнаму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ніякава́та, прысл.
Разм.
1. Няёмка, не па сабе, сарамліва. На калгасным двары Сяргей адчуваў сябе ніякавата: староннім чалавекам ён тут ужо быць не мог, а гаспадаром — яшчэ не меў права. Шахавец. Хлопцы прыціхаюць, убачыўшы Надзю, а Валянцін ніякавата апускае вочы: значыць, не для дзявочага вуха нешта было сказана. Кулакоўскі. // безас. у знач. вык. Пра адчуванне няёмкасці, сарамлівасці. Як бы ўсё вымерла навокал. Ад нямога бязлюддзя Віктару стала ніякавата. Навуменка. Стала ніякавата хадзіць [Любе] у школу з меншымі па ўзросту вучнямі. Грамовіч.
2. Нязручна. На вуліцы ў касцюме адчувалася вольна, але ніякавата — асабліва неставала рамяня. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Запіхваючы ўнутр чаго‑н., напоўніць. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Колас. Я хуценька адзеўся, пабег на гумнішча, напхаў поўны кошык смецця папалам з сенам. Ляўданскі. // чаго. Разм. Палажыць, пакласці ўнутр чаго‑н. нейкую колькасць чаго‑н. [Гаспадыня] дала Сашы клуначак з ежай, напхала сабе ў кішэні яшчэ нейкіх маленькіх пакункаў, бутэлечак. Шамякін. // перан.; каго. Разм. Сабраць у адным месцы, запоўніўшы яго да адказу. [Немцы] напхалі ў вагон сто пятнаццаць чалавек [вязняў]. Кухараў.
2. перан.; што. Груб. З’есці многа чаго‑н. Напхаць жывот бульбай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нашэ́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Гаварыць шэптам што‑н. Алесь бачыў, як у друга заварушыліся вусны і як ён сам сабе нашэптваў словы тае ж песні. Броўка. Іван Іванавіч яхідна ўсміхнуўся і, адвярнуўшыся, пачаў нешта нашэптваць на вуха суседу. Асіпенка.
2. перан. Нагаворваць на каго‑н., пляткарыць. Пісар каму трэба і не трэба нашэптвае, што ў вачах у настаўніка «рэвалюцыя гарыць». Навуменка. Цяпер доктар Салавейчык лічыць сябе чысценькім, а на Івана Іванавіча нашэптвае. Арабей.
3. У павер’ях — гаварыць замовы; чараваць. Нашэптваць на ваду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недалу́жны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Слабы, хваравіты. Быў гэты певень крыху недалужны, кульгаў на адну нагу. Лынькоў. // Бяссільны. Пакуль пануе звон ланцужны, То твой пратэст — крык недалужны. Колас.
2. Непрыглядны, няскладны, няўклюдны. З выгляду [чалавек] так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч. // Недарэчны, сказаны не да месца. [Лясніцкі] хацеў быў перавесці.. [Нініны словы] на жарт, але замест гэтага вырваўся з вуснаў недалужны дакор. Зарэцкі.
3. перан. Недалёкі, прастакаваты. [Рыбаку] на хвіліну здалося, што Партноў.. нейкі недалужны блытанік, але тут жа ён здагадаўся: следчы хоча заблытаць яго. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)