ка́рта, -ы, ДМ ка́рце, мн. -ы, карт, ж.

1. Зменшаны чарцёж зямной паверхні, зорнага неба або паверхні якой-н. планеты.

Геаграфічная к.

К.

Месяца.

Астранамічная к.

2. Адзін з цвёрдых папяровых лісткоў, якія складаюць калоду для гульні і адрозніваюцца паміж сабой па намаляваных на іх умоўных фігурах або ачках чатырох масцей.

Калода карт.

3. мн. Гульня пры дапамозе калоды такіх лісткоў.

Гульня ў карты.

4. Бланк для запаўнення якімі-н. звесткамі.

Санаторная к.

Зблытаць карты — разладзіць, парушыць чые-н. планы, намеры.

І карты ў рукі — пра таго, хто мае ўсе магчымасці, умовы для чаго-н.

Карта біта — пра чый-н. правал, пройгрыш.

Раскрыць карты — перастаць трымаць у тайне свае планы і намеры.

Ставіць на карту што — рызыкаваць чым-н., спадзеючыся на выгаду, выйгрыш.

|| прым. карцёжны, -ая, -ае (да 3 знач.) і ка́ртачны, -ая, -ае (да 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чвэрць, ‑і, ж.

1. Чацвёртая частка чаго‑н. цэлага. Па дарозе, якая цягнулася ад хутара Сяргея за чвэрць вярсты, палякі адыходзілі даўгоў, шэра-зямлістай істужкай. Нікановіч. Не болей чвэрці веку пражыў на свеце Лабановіч, а пабыць яму даводзілася шмат дзе. Колас. // Чацвёртая частка гадзіны (пятнаццаць мінут). Гадзіннік паказваў без чвэрці адзінаццаць. Новікаў.

2. Адзін з чатырох перыядаў, на якія ўмоўна падзяляецца навучальны год. Троек за чвэрць у Стасікавым дзённіку было толькі дзве. Навуменка.

3. Даўняя мера сыпкіх рэчываў, роўная 8 чацверыкам (каля 210 л). Прададзена чвэрць аўса.

4. Даўняя мера вадкасці, роўная чацвёртай частцы вядра (3,08 л); пасудзіна такой ёмістасці. // Пасуда такой ёмістасці з гарэлкай. Неяк Лявон паспрачаўся з мужчынамі на чвэрць гарэлкі. Асіпенка.

5. Старая мера даўжыні, роўная чацвёртай частцы аршына (17,775 см). Бяру аршын і правяраю сам. Дык што ж вы думалі? Ну й жулікі! Ну й чэрці! Недахапіла ў мяне там Ні больш, ні менш — тры чвэрці. Крапіва.

6. Старая мера зямлі, роўная 40 сажням у даўжыню і 30 у шырыню. Як бліжэйшыя сваякі, яны [Нічыпар і Лявон] арандавалі Гарасімаву паўвалоку па чвэрці кожны. Чарнышэвіч.

7. Спец. Мера музычнага часу, чацвёртая частка цэлай ноты.

8. Спец. Адна з чатырох фаз Месяца, вузкі серп Месяца ў першай ці апошняй фазе.

9. Спец. Паз прамавугольнага сячэння па канту дошкі для змацавання адной дошкі з другой. Выбіраць чвэрці.

•••

Тры чвэрці да смерці — пра слабага, хворага чалавека, якому мала засталося жыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

конь

1. конь, род. каня́ м.;

2. шахм. конь, род. каня́ м.;

ход конём ход канём;

на конь! воен. на ко́ні!;

не в коня́ корм не па кані́ корм;

дарёному коню́ в зу́бы не смо́трят до́ранаму каню́ ў зу́бы не глядзя́ць;

конь на четырёх нога́х, а (да) спотыка́ется погов. конь на чатыро́х нага́х ды і то спатыка́ецца.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ко́злы, ‑аў; адз. няма.

1. Сядзенне для фурмана ў перадку экіпажа. — У горад, бацька — сказала.. [Алаіза Пашкевіч] старому, што кляваў носам, седзячы на козлах. С. Александровіч.

2. Прыстасаванне для пілавання дроў у выглядзе бруса на чатырох ножках, збітых крыж-накрыж. Яшчэ з раніцы Еўдакім паклікаў Юрку на дрывотнік. Тут стаялі козлы, на іх ляжала навостраная піла. Курто. // Падстаўка такой формы для ўсякіх іншых мэт. Пад адным з .. [дубкоў] стаяў збіты наспех стол на козлах. Мележ. Большасць трактароў, уведзеных у майстэрню, ужо была разабрана: адзін стаяў на козлах, без матора і кабіны, побач ляжалі на падлозе гусеніцы. Хадкевіч.

3. Спосаб расстаноўкі вінтовак у адным месцы па 3–6 штук крыж-накрыж з апорай на прыклад, штыкамі ўверх. Саставіць вінтоўкі ў козлы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напатка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Ідучы або едучы, сустрэць каго‑н. Па дарозе.. [Лук’янскі] напаткаў чатырох польскіх коннікаў, але яны не зачапілі гэтага мужыка. Чорны. // Выпадкова сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Я напаткаў мясціну, дзе было шмат лісічак, нагнуўся і збіраю іх. Ляўданскі. За агародамі.. [Чыжык] напаткаў знаёмы ручай, упаў і пачаў піць. Лупсякоў.

2. перан. Здарыцца, спасцігнуць (пра бяду, няшчасце і пад.). [Мікола і Таня] ніколі не гаварылі пра тое, што можа [іх] напаткаць у баі. Новікаў. Перад канцом вайны.. [Сцепаніду Андрэеўну] напаткала непапраўнае гора — прыйшла чорная вестка аб смерці сына. Шахавец. // З’явіцца, узнікнуць. І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Масць1 ’мазь’ (Нас., Шат., Жд. 1, Растарг., ТС; драг., КЭС; воран., Шатал.; бар., Сл. ПЗБ), браг. ’вакса’, драг. ’карычневая вадкасць, якую выдзяляе з рота конік і якою карыстаюцца для загойвання ран’ (З нар. сл.); ’састаў з воску, смалы і несалёнага тлушчу для зашчэплівання пладовых дрэў’ (Сцяц.). Укр. масть, рус. смал., кур., арл., калуж. масть ’мазь’, польск. maść, чэш. mast, славац. masť, славен. mas̑t, mášča, серб.-харв. ма̑ст, макед. маст, балг. маст, ст.-слав. масть. Прасл. mastь < maz‑tь < mazati. (Міклашыч, 185; Бернекер, 2, 23). Да ма́заць (гл.).

Масць2 ’колер шэрсці ў жывёліны і пер’я ў птушак’, ’адна з чатырох частак ігральных карт’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., ТС; драг., З нар. сл.). Укр. масть, рус. пск., цвяр. масть ’тс’, славац. masť ’колер у картах’, ст.-рус. масть ’колер’, ’афарбоўка, фарба’, польск. maść ’колер коней і карт’, серб.-харв. ма̑ст ’колер, афарбоўка, масць’. Да масць1. Прасл. mastь — першасная назва для паняцця ’колер’ (Брукнер, 325).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Парог ’бервяно або брус, прымацаваныя пад дзвярамі паміж вушакамі; камяністы папярочны выступ на дне ракі, які нарушае плаўнасць цячэння’ (ТСБМ, Інстр. I, Шат., Сл. ПЗБ), поро́г ’парог, прыступкі; сядзенне ў выдзеўбаным чоўне’ (ТС), ’парог; бэлька над дзвярыма’ (Мат. Гом.). Агульнаслав.: рус. поро́г, укр. порі́г, поро́гу, ст.-рус. порогъ, ст.-слав. прагь, польск. próg, в.-луж. proh, н.-луж. prog, чэш. práh, славац. prah, серб.-харв. пра̏г, славен. prág, балг. праг(ът). Прасл. porgъ. Роднасныя ў і.-е. мовах: літ. pérgas ’рыбачы човен’, ст.-ісл. forkr ’дубіна’, ст.-сакс. ferkal ’засаўка’, лац. pergula ’прыбудова ў доме, выступ у сцяне, вінаграднік, хаціна, гарышча’, магчыма, і арм. harkanem ’б’ю’ (гл. Траўтман, РВВ, 32, 151 і наст.; Вальдэ-Гофман, 288; Фасмер, 3, 329; там жа і інш. літ-pa). Адносна семантыкі бел. слова параўн. серб.-харв. prag (на востраве Пату), якое абазначае любое з чатырох бэлек дзвярной рамы, і лац. limen ’парог; верхняя бэлька над дзвярыма’ (гл. Махэк₂, 478).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. і чаго. Дабавіць звыш таго, што ёсць ці павінна быць; павялічыць што‑н.; прыбавіць, дабавіць. Да чацвёркі шахцёраў прыйшлося дадаць яшчэ чатырох чалавек. Мікуліч. Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас. // Сказаць ці напісаць у дадатак. [Таіса] памаўчала і дадала: — І сама сябе я не ведаю. Скрыган. Вось, бадай, і ўсё. Хіба толькі яшчэ дадам, што немаведама як і завошта зрабілі мяне нейкім ледзь не героем. Краўчанка.

2. і чаго. Аддаць другі раз тую частку чаго‑н., якая не была аддадзена раней. Вазьмі пакуль гэта, астатняе дадам заўтра.

3. Прыкласці, далучыць да чаго‑н. Дадаць характарыстыку да заявы.

4. Скласці лікі. Да пяці дадаць чатыры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акно́, ‑а; мн. вокны, акон, вокнам; н.

1. Праём у сцяне будыніны для святла і паветра. Дом на пяць акон. // Зашклёная рама. Уставіць акно. Разбіць акно. // Падаконнік. Палажыць на акно. Сядзець на акне. // Растуліна ў якім‑н. апараце, машыне. Скідальнае акно ў жняярцы. // перан. Выхад, доступ да чаго‑н. Рэвалюцыя адкрыла нашым людзям акно ў шырокі свет. «Полымя».

2. Рэшткі вадаёма ў балоце, дрыгве; апарына. Дзе-нідзе свінцовымі вокнамі зманліва блішчалі праёмы вады. Ракітны.

3. Разм. Вольны прамежак часу ў раскладзе заняткаў педагога.

•••

Венецыянскае акно — вялікае акно, якое складаецца з трох частак (звычайнага акна і двух паўакон па баках).

Глухое акно — акно, зробленае для формы, а не для карыстання.

Італьянскае акно — акно з трох ці чатырох створак.

Чортава акно — глыбокая ўпадзіна з вадою сярод балота.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Прадмет, які складаецца з чатырох сценак і днішча, зробленых з дошак, фанеры, металу і інш. (звычайна з вечкам), і служыць для захоўвання, укладвання і пераносу чаго‑н. Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч. Знайшоўшы ў скрынцы стала кавалак хлеба, падаў усё гэта [ваду і хлеб] матцы. Якімовіч. [Павел:] — Я знайшоў у возеры жалезную скрынку. Там грошы... Ваданосаў. Старанна ў скрынкі Іх [дубкі] зноў пасадзілі, Вадой палілі І ад спёкі прыкрылі. Нядзведскі. // Такі ж прадмет, прызначаны для якой‑н. пэўнай мэты. Грашовая скрынка. Снарадная скрынка. □ Самае лепшае — не пасылаць пісьма праз воласць, а проста апусціць яго ў скрынку паштовага вагона. Колас. Каб стрымаць сябе,.. [Лясніцкі] сеў, але пальцы нервова забарабанілі аб скрынку радыёстанцыі. Шамякін. / Разм. Пра кузаў аўтамашыны, калёс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)