праня́ць, прайму, праймеш, пройме; пр. праняў, ‑няла, ‑няло; заг. праймі; зак.

1. каго-што. Прабраць, пранізаць (пра мароз, холад, вецер і пад.). Пракосы ляжалі як горы, і іх трэба было варочаць некалькі разоў на дзень, каб сонца і вецер пранялі іх наскрозь. Паслядовіч. Праходзячы ля хаты Галаўнёва, [Горбікаў] раптам адчуў, што ледзяныя дрыготкі пранялі і без таго халоднае яго цела. Дудо. А я ляжу ўвесь мокры, і такі мяне холад праняў, што я ўскочыў на ногі ды даў такога драла, што і ваўкі, напэўна б, не дагналі. Каваль.

2. каго. Глыбока, моцна падзейнічаць, зрабіць вялікае ўражанне на каго‑н. І так .. [Мешчаракоў] праняў нечым на сходзе людзей, што прывялі яны потым не толькі коней, узятых у іх раней, а і тых, што хавалі да гэтага ў лесе. Мехаў. / у безас. ужыв. — Нічога, Арынка, дармо... Так, выпіў трошкі лішняга, яно і праняло да слёз... Хадкевіч.

3. безас. каго. Разм. Пранесці (аб паносе).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скамяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які набыў выгляд і ўласцівасці каменя, ператварыўся ў камень. Скамянелая расліннасць. □ А больш за ўсё вабіла да сябе вялізная дзіўная жамчужына.. — Нездарма легенда кажа, што гэта ёсць скамянелыя божыя слёзы. Маўр. // Які стаў цвёрдым, сухім як камень. Скамянелае тоўстае карэнне.. [бярозы], упіўшыся ў зямлю, ішло глыбока, шырока, аж на дарогу. Вышынскі. Сухая, скамянелая пасля ночы дарога звінела пад жалезнымі падкоўкамі Колевых новых ботаў, пашытых навыраст. Якімовіч.

2. перан. Які стаў нерухомым, здранцвелым, застылым. Ты доўга сядзела за сталом Нерухомая, скамянелая. І чутна ў цішы было, Як стукае гадзіннік мерна, Як дробны дождж сячэ халодныя шыбы. Багдановіч. Немцы ўжо не баяліся, не крычалі, а стаялі скамянелыя, дзе хто быў. Маўр. Прыгожы Дашын твар на момант успыхнуў, заірдзеўся і стаў скамянелым. Ракітны.

3. перан. Які страціў здольнасць праяўляць якія‑н. пачуцці, стаў абыякавым да ўсяго. Кожнаму з нас трэба трошкі журбы, Каб у жыцці скамянелым не быць. Чарнушэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тронкі ‘назва гульні’: На грошы ў тронкі тут гуляюць / Парнаскі дзеўкі, дзецюкі («Тарас на Парнасе», Полымя. 1971, 10, 217), ‘гульня з каменьчыкамі’ (Рам. 8: «камушки кладутса в две кучки: три в одну и один в другую»), ‘гульня, змест якой у тым, каб пацэліць з рукі трыма алавяннымі шарыкамі ў ямку, што знаходзіцца ад гульца на пэўнай адлегласці’ (Мядзв.), ‘гліняныя або алавяныя шарыкі велічынёй з круглую кулю ад стрэльбы, якія служаць для гульні «ў тронкі»’ (Нік., Оч.), дро́нкі ‘дзіцячая гульня, калі драўляныя шарыкі кідаюць у ямачкі; няцотны лік шарыкаў у ямачцы лічыцца выйгрышам’ (маг., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і тро́нкі ‘дробная бульба’ (Рэг. сл. Віц.), ‘плод бульбы’ (Касп.) і не патлумачанае тронки (Шымк. Собр.). Параўн. рус. смал. тро́нка, тро́нки ‘гульня ў арлянку’, ‘шарык з волава або гліны памерам з арэх для гульні «ў тронкі»’ (СРНГ). Слова з не да канца высветленай этымалогіяй. Куркіна (Этимология–1983, 27–28) параўноўвае з укр. трінькитрошкі’, рус. дыял. тро́ньки ‘тс’, балг. тро́нка ‘зусім мала’, сюды ж таксама серб. ці макед. тронка ‘крышка, парушынка’, макед. ронка ‘тс’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tronъka ‘нешта вельмі малое’, роднаснае да прасл. *troxa (гл. трохі) і якое ўзводзіцца да *terti, *tьrǫ, гл. церці (ЕСУМ, 5, 648). Аднак абмежаваныя тэрытарыяльна назвы гульняў з розным зместам дапускаюць перанос наймення з іншых гульняў, напрыклад, “у ножыка” ад тронкі ‘сцізорык’, або зыходзячы са значэння ‘бульба’, параўн. укр. дыял. тромпак, кро́мпель ‘бульба’ (ЕСУМ, 5, 647). Лучыц-Федарэц (вусн. паведамл.) дапускае сувязь з з літ. treñkti ‘кідаць, шпурляць’. Сувязь з тры (гл.), відаць, другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. аду́жай зак., каго-што.

1. Падужаць, перамагчы, адолець, узяць верх над кім‑, чым‑н.; справіцца з кім‑, чым‑н. Пачуў [Васіль], як брыдкая млоснасць кволіць рукі, ногі, усяго. Стараўся адужаць яе. Мележ. Што нам мяцеліца, Вецер і сцюжа? Што маладосць нашу Зможа адужаць? А. Александровіч. // Авалодаць якім‑н. рамяством, умельствам. [Дзед:] — Малады яшчэ ты дужа падымаць у кузні молат. Рамяство маё адужаць — гэта іншая размова. Дубоўка.

2. Змагчы, здолець. Конь такі, што гадай, ці адужае прывалачы столькі лесу. Мележ. [Гіляр:] — Я згодзен ісці пехатой да самых Бацяновіч і несці на сябе столькі арэхаў, колькі адужаю, абы ў нас сталася так, як тут. Дубоўка.

адужа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; заг. адужа́й; зак.

Набрацца сілы; ачуняць пасля хваробы. Мы адлятаць гатовы ў родны край, Туды, дзе адужалі нашы крылы. Барадулін. Каб адужалі дрэўцы, Каб цешыліся сэрцы, Калі там зашуміць здалёк Зялёны хвойнік ці гаёк. Лужанін. Некалькі месяцаў Марыля жыла ў эвакуацыі, пакуль трошкі адужаў сынок. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́гнаць, ‑ганю, ‑ганіш, ‑ганіць; зак., каго-што.

1. Гонячы, прымусіць выйсці, выехаць; выдаліць. Выгнаць жывёлу з хлява. □ На росны поплаў выгналі табун калгасных коней. Бялевіч. Хлапчукі выгналі статак з аборы трошкі раней, каб мець больш часу. Пальчэўскі. Паглядзіце вы на Ціта — Вынес ён у хлеў карыта, І падсвінкаў, і свіней Выгнаў з хаты і з сяней. Крапіва. // перан. Пазбавіцца ад чаго‑н., прагнаць што‑н. Хацелася прычакаць вечара і пайсці ў кіно, каб там хоць на пару гадзін выгнаць з галавы неадчэпныя думкі. Дамашэвіч. // Разм. Звольніць, выключыць. Выгнаць з работы. Выгнаць са школы. // перан. Разм. Вывесці, знішчынь. Выгнаць хваробу. Выгнаць васьмёрку (з веласіпеднага кола).

2. Выдаліць сілай, прагнаць. Выгнаць акупантаў.

3. пераважна безас. Паспрыяць хуткаму росту каго‑, чаго‑н. [Васіль:] — Эх, але ж і выгнала.. [сасну], нібы само сонца за галлё цягнула!.. Шамякін.

4. Разм. Выпрацаваць; зарабіць. Чалавек дзесяць штодзень з самага ранку ўжо звоняць косамі, спяшаюцца выгнаць сваю норму. Дамашэвіч. [Чумак:] — Каб яшчэ Ігнатку на гэтую справу паставіць! Удвух можна сотню ў дзень выгнаць. Савіцкі.

5. Спец. Здабыць шляхам перагонкі. Выгнаць бочку шкіпінару.

•••

Выгнаць абзу (спец.) — стругаючы, зняць абзу, састругаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́паліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Спаліць, знішчыць агнём, жарам. Пажар выпаліў увесь лес. Сонца выпаліла траву. / у безас. ужыв. Бацька некалі меў светлыя вочы і ўсё бачыў, як і кожны здаровы чалавек. Яму выпаліла зрок, калі ён працаваў на заводзе, дзе выплаўлялі медзь. Лынькоў. // Ачысціць абпальваннем. Выпаліць арганічныя прымесі. // перан. Выкараніць, знішчыць бясследна. Памяці аб вас [загінуўшых] з душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка.

2. Прапаліць, выпечы чым‑н. распаленым. Выпаліць дзірку. // Зрабіць распаленым жалезам знак, метку і пад. на паверхні чаго‑н. Выпаліць узор. □ Агонь на крылы маладыя плёснуў І выпаліў нязмыўнае таўро. Пысін.

3. што і ў чым. Кончыць паліць; прапаліць. Раніцай жанчына выпаліла ў печы, прыгатавала снеданне. Федасеенка.

4. Вырабіць абпальваннем. Выпаліць цэглу.

5. Разм. Выстраліць. Рыль.. трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін зах[о]д. Колас.

6. перан. Разм. Нечакана і хутка сказаць што‑н. — Зброя ў цябе ёсць? — ва ўпор выпаліў адзін з паліцэйскіх. М. Ткачоў. Вася адным дыханнем выпаліў свой нядоўгі жыццяпіс. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аблажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.

1. Абкласці каго‑, што‑н. з усіх бакоў; акружыць чым‑н. Аблажыць градку дзёрнам. Аблажыць хворага падушкамі.

2. Аздабляючы, упрыгожваючы, пакрыць паверхню чаго‑н., чым‑н.; абліцаваць. Аблажыць сцены мармурам. // Абкантаваць, абшыць па краях. Аблажыць аксамітам рукавы і каўнер.

3. Пакрыць, ахінуць суцэльнай заслонай; абвалачы. Ён [цягнік] збавіў ход імклівы трошкі, Адхоны дымам аблажыў. Калачынскі. / у безас. ужыв. Усё неба аблажыла. // безас. Пры хваробе пакрыць (горла, язык) белым налётам. Горла аблажыла.

4. Акружыць войскам; асадзіць. Аблажыць крэпасць. □ Мала таго, што рэспубліку аблажылі з усіх бакоў інтэрвенты і белагвардзейцы, — на яе насоўваецца жахлівая здань голаду. Гамолка.

5. Абавязаць да выплаты чаго‑н. Аблажыць падаткам.

6. Адвярнуць, апусціць, расправіць. Аблажыць каўнер.

7. Разм. Паваліць, абваліць; забіць. Сабак жа завёў, што каня аблажыць могуць. Кірэйчык. Ён слухаў разам з намі воўчыя песні і расказваў, як учора ноччу конюх у іх на участку з кладоўкі праз акно аблажыў аднаго старога канятніка. Пташнікаў. // Зрэзаць, ссячы. Аблажыць сасну. □ Гектараў трыццаць мужчыны ўжо аблажылі, і яна [трава] ляжыць у пракосах. Сабаленка.

8. Разм. Груба аблаяць. Гальяш, не вытрымаўшы, аблажыў сялян моцным слаўцом. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няпэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Не зусім выразны, няясны. У паўзмроку.. вельмі мала што можна было ўбачыць. Трохі віднеліся няпэўныя абрысы тых дрэў, што раслі бліжэй к хаце. Кулакоўскі. Фарба на.. [куфры], некалі чырвоная, месцамі пацямнела і мела цяпер няпэўны буры колер. Сіўцоў. // Пра пачуцці, уяўленні, адчуванні і пад. І ўвесь вечар не пакідала.. [Аню] нейкая незразумелая не то трывога, не то няпэўнае чаканне. Васілевіч. Нейкі няпэўны настрой авалодвае Андрыянам. І светла на сэрцы ад сустрэчы з Юлькай, і точыць сумненне ці пакахае яна яго. Марціновіч.

2. Дакладна не ўстаноўлены. Была ў вагоне яшчэ жанчына з дзіцем на руках, малады мужчына ў сінім камбінезоне, чалавек няпэўнага ўзросту ў чорным бліскучым плашчы. Васілёнак.

3. Пазбаўлены цвёрдасці, упэўненасці, нерашучы. За дзвярыма пачуліся няпэўныя крокі босага чалавека. Бядуля. [Гвардыян] мацней захінуўся ў футра і няпэўнаю ступою пасунуўся да дзвярэй. Зарэцкі.

4. Такі, у якім нельга быць поўнасцю ўпэўненым; ненадзейны. Няпэўныя звесткі. Няпэўнае становішча. □ Пра дзяўчынку хоць трошкі было вядома, а наконт хлопчыка ўзнікалі розныя думкі і вельмі няпэўныя .. меркаванні. Кулакоўскі. Лічачы гэтую справу няпэўнай, дырэктар трымаў яе пакуль што ў сакрэце. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шу́стры, ‑ая, ‑ае.

Жвавы, імклівы, рухавы. Малога росту і надзвычай шустры, .. [Гаўрыла] не ходзіць, а лётае. Навуменка. Быстрая, не па гадах шустрая бабка Кацярынка прашнуравала да стала і ўціснулася паміж людзей на ўслон. Палтаран. [Альжбета:] — Харошы хлопчык, жвавы такі, шустры. Пальчэўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Адны вочы пад трошкі прыпухлымі павекамі былі па-ранейшаму жывыя, шустрыя і нагадвалі пра Насту маладую, прыгожую. Хадкевіч. На адну дарогу патрэбна мець у запасе добрую чвэртку гадзіны! Гэта, вядома, калі мераць яе шустрымі крокамі першага ў атрадзе бегуна Колі Пінчука. Якімовіч. / Пра жывёл, птушак і пад. Перасталі мітусіцца Нават шустрыя сініцы. Бачыла. Закружыла ў рэчцы кругі Плойма шустрых плотак. Бядуля. Па леташніх лісцях і траве прабеглі шустрыя, заклапочаныя мурашкі. Сачанка. // Які мае быструю плынь, павёў, рух; хуткі. Падышла да рэчкі шустрай, Месяц кружыцца ў вадзе. А. Александровіч. Ветрык шустры змоўк, заціх. Барадулін. // Быстраходны. Свіснуў раз, свіснуў два Шустры паравозік. Купала. З уловам багатым, збаўляючы ход, Да берага шустры ідзе параход. Гаўрусёў. // Бойкі, кемлівы; разбітны. Шустрая, задаволеная жыццём, .. [маці] ўсю энергію і сілу аддавала сям’і, парадку ў хаце. Ваданосаў. Разгубіўся шустры перакладчык: захліснуў пытаннямі натоўп. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касі́ць 1, кашу, косіш, косіць; незак., каго-што.

1. Зразаць траву касой ​2 або касілкай. Касіць луг. Касіць атаву. □ Хутка з косамі прыйдуць гурбой дзецюкі, Паплавы касіць стануць рупліва. А. Александровіч. // Быць вострай, добра рэзаць (пра касу). Каса чыста косіць.

2. перан. Губіць, нішчыць, забіваць у вялікай колькасці. Маці .. [Пеці] неўзабаве памерла ад тыфу, які няшчадна касіў людзей пасля доўгай вайны. Ракітны. Трапныя кулі народных мсціўцаў бязлітасна касілі ворага. Сіняўскі.

•••

Сабакам сена косіць (пагард.) — пра таго, хто знаходзіцца невядома дзе і за якім заняткам. — Ну, дзе ж твой муж, Юля? — Круціцца недзе. Сабакам сена косіць. Доўгі рубель збіў з панталыку. Паўлаў.

Хоць касой касі — вельмі многа, процьма. — Грыбоў, ягад — хоць касою касі. Пальчэўскі.

касі́ць 2, кашу, косіш, косіць; незак.

1. што. Рабіць касым; перакошваць, скрыўляць. Касіць плечы.

2. што і чым. Глядзець коса, убок; скошваць (вочы). Мы крочым па самай сярэдзіне вуліцы,.. з хвіліны на хвіліну чакаем каманды і ад гэтага ўвесь час патроху косім у бок на камандзіра свае погляды. Галавач. [Конь] трошкі паварочваў галаву і касіў адным вокам на вароты. Крапіва.

3. Быць касавокім, касым. Кірыны вочы касілі больш, чым звычайна, але гэта цяпер Пракопу было самым мілым і дарагім ва ўсім яе вобліку. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)