аблажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.
1. Абкласці каго‑, што‑н. з усіх бакоў; акружыць чым‑н. Аблажыць градку дзёрнам. Аблажыць хворага падушкамі.
2. Аздабляючы, упрыгожваючы, пакрыць паверхню чаго‑н., чым‑н.; абліцаваць. Аблажыць сцены мармурам. // Абкантаваць, абшыць па краях. Аблажыць аксамітам рукавы і каўнер.
3. Пакрыць, ахінуць суцэльнай заслонай; абвалачы. Ён [цягнік] збавіў ход імклівы трошкі, Адхоны дымам аблажыў. Калачынскі. / у безас. ужыв. Усё неба аблажыла. // безас. Пры хваробе пакрыць (горла, язык) белым налётам. Горла аблажыла.
4. Акружыць войскам; асадзіць. Аблажыць крэпасць. □ Мала таго, што рэспубліку аблажылі з усіх бакоў інтэрвенты і белагвардзейцы, — на яе насоўваецца жахлівая здань голаду. Гамолка.
5. Абавязаць да выплаты чаго‑н. Аблажыць падаткам.
6. Адвярнуць, апусціць, расправіць. Аблажыць каўнер.
7. Разм. Паваліць, абваліць; забіць. Сабак жа завёў, што каня аблажыць могуць. Кірэйчык. Ён слухаў разам з намі воўчыя песні і расказваў, як учора ноччу конюх у іх на участку з кладоўкі праз акно аблажыў аднаго старога канятніка. Пташнікаў. // Зрэзаць, ссячы. Аблажыць сасну. □ Гектараў трыццаць мужчыны ўжо аблажылі, і яна [трава] ляжыць у пракосах. Сабаленка.
8. Разм. Груба аблаяць. Гальяш, не вытрымаўшы, аблажыў сялян моцным слаўцом. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)