аго́нь, агню́, мн. агні́ і агнёў, м.

1. Гаручыя святлівыя газы высокай тэмпературы; полымя.

Згарэць у агні.

2. Святло ад асвятляльных прыбораў.

Запаліць а.

Агні горада.

3. Стральба (ружэйная, артылерыйская).

Адкрыць а.

Шквальны а.

Агонь! (каманда страляць).

4. перан. Палымянасць, жвавасць, душэўны ўздым.

З агнём у сэрцы.

Антонаў агонь — гангрэна, заражэнне крыві (уст.).

Баяцца як агню — вельмі баяцца.

Днём з агнём не знойдзеш — нідзе не знойдзеш (разм.).

З агню ды ў полымя — з адной непрыемнаці ў другую, яшчэ большую (разм.).

Паміж двух агнёў — пра небяспеку з двух бакоў.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы — шмат зведаць у жыцці; з поспехам пераадолець цяжкасці.

У агонь і ў ваду пойдзе за каго-н. — гатовы на ўсё дзеля каго-н.

Гарэць (пячы) агнём — вельмі моцна балець.

Увесь у агні — у гарачцы.

Не жартаваць (не гуляць) з агнём — не рабіць таго, што можа пацягнуць за сабой непрыемныя вынікі.

Агнём і мячом — з бязлітаснай жорсткасцю.

Як агню ўхапіўшы — вельмі хутка.

На агеньчык зайсці да каго-н. — зайсці выпадкова, мімаходам, убачыўшы ў вокнах святло.

Працаваць з аганьком — з запалам, з захапленнем, праяўляючы ініцыятыву, выдумку.

|| памянш. аге́ньчык, -а і -у, мн. -і, -аў, м. і аганёк, -нька́, м. Гарыць а.

|| прым. агнявы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.), агнёвы, -ая, -ае (да 1 знач.), агні́сты, -ая, -ае (да 1 знач.) і во́гненны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Агнявая сушка (на агні). Агнявы пункт (артылерыйскі, кулямётны). Агнявыя сродкі (снарады). Агнёвыя прамяні сонца.

Агністая чырвань на ўсходзе.

Вогненныя языкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Жгаць1 ’паліць’ (Нас.). Рус. дыял. арханг., алан., наўг., смал., кастр., вяцк., перм., свярдл., с.-урал., кіраўск. жгать ’тс’, чэш., арх. žhati ’тс’, серб.-харв. жга̏типячы’, славен. žgáti ’паліць’. Параўн. рус. жечь, жгу. Ст.-слав. жещи, жьгѫ. Прасл. *žьg‑ (з тэмай ‑a‑, у той час як у жещи яна адсутнічае, а на месцы ‑ь‑ выступае ‑е‑). Лічаць, што з і.-е. *dheg​h‑ ’гарэць’: літ. degù, ст.-інд. dāha‑h ’пажар, спёка’, авест. daχša ’пажар’ і інш. Покарны, 1, 240–241; Фасмер, 2, 38; Траўтман, 49; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 289; Махэк₂, 727; Брукнер, 663–664. Скок (3, 674–675) тлумачыць узнікненне слав. *geg‑ з *deg‑ асіміляцыяй. Корань *deg‑ адлюстраваны ў дзёгаць (магчыма, з балт.) гл. Фасмер (2, 38) лічыць менш верагодным зробленае Шэфтэловіцам (ZfIndIr, 2, 271) супастаўленне са ст.-інд. jañj ’асвятляць, гарэць’, ст.-ісл. kvekva ’запальваць’ і зробленае Зубатым (Studie, I, 1, 127) дапушчэнне, што *geg‑ звязана з лат. dzedzite ’поле пад папар’. Але Зубаты (Studie, 1, 2, 142) імкнуўся растлумачыць форму *žeg‑ паралеллю з *žegrati. Так ці іначай паходжанне кораня *žeg‑, *žьg‑ не можа лічыцца вырашаным канчаткова. Параўн. жага, жыгаць, жэгаць.

Жгаць2 (Нас.). Гл. джгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́раць ’прыгараць, абвуглівацца’ (Шат.), журэ́ць ’тлець, слаба гарэць’ (Сл. паўн.-зах.). Чэш. žírati ’распальвацца’, žířeti, žířiti ’напальвацца, гарэць’, балг. жу̀равам, жу̀рна ’моцна запякаць’, дыял. журяпячы, жарыць, парыць’, журѐя вянуць, сохнуць’, жу̀ре ’моцна паліць’. БЕР (1, 561) этымалагізуе журя без уліку іншаслав. паралелей як кантамінацыю жа̀ря і горя̀. Махэк₂ (722) тлумачыць žířeti як форму з чаргаваннем галоснага да žár. Супрун (Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 74–76) звязвае жураць з укр. жевріти ’тлець, слаба гарэць’, якое Бузук (Записки іст.-філол. відділу ВУАН, 7–8, 1929) тлумачыў як перастаноўку з *жеравіти (параўн. ст.-слав. жеравиѥ ’вуголле’), а Ільінскі (там жа, 21–22, 1930–1931) звязваў з і.-е. *gʼeu̯er‑ ’палаць’. Па фанетычных прычынах апошняе дало б з‑, а не ж-. Для прасл. žur‑ ’тлець’ і.-е. адпаведнік можа быць толькі *geur‑. У Покарнага (1, 399) ёсць корань *g(e)u‑lo‑ ’жар; тлеючае вуголле’, адкуль герм. словы для вуголля (ням. Kohle, англ. coal), ірл. gúal ’вугаль’. Паводле Покарнага, арм. krak ’агонь, тлеючае вуголле’ адлюстроўвае суфікс ‑r‑ замест ‑l‑ (пра функцыянальную адпаведнасць l — r Бенвяніст, Индоевр., 65) : *geu‑r‑ ’жар’ (гл. іншыя супастаўленні, Ачаран, 2, 678). Да гэтага *geur‑ узыходзіць і слав. žur‑, прадстаўленае ў жураць. Гл. жуляць, журыцца, жэўрэць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́каць ‘утвараць нажніцамі гук стрыгання’, ‘рабіць рэзкія папрокі’, ‘рабіць непрыемныя выхадкі, дабівацца чаго-небудзь’ (Нас.), ‘пстрыкаць’ (ТС), стры́кнуць ‘стрыгануць, выцяць; зрабіць рэзкі папрок’ (Нас.), стрык ‘пстрычка’ (Нас.). Борысь (584) адрознівае прасл. *strěkati ‘калоць; пячы крапівою’ (гл. стрыка́ць) і прасл. дыял. *strikati, якое працягваюць укр. дыял. стри́кати ‘скакаць; пырскаць’, польск. strzykać ‘выцякаць; цячы перарывістым моцным струменем, пырскаць’, в.-луж. třikać ‘кідаць’, чэш. střikat ‘пырскаць’, славац. дыял. strihac ‘балець з перапынкамі; торгаць’, а таксама, відаць, серб.-харв. stȑcati, štrcati ‘пырскаць’, балг. щра́кам ‘пстрыкаць, стукаць’, макед. штрака ‘шчоўкаць’; сюды ж ён уключае і беларускае стры́каць (гл.). Далей этымалогія няясная. Стры́кнуць, магчыма, звязана з стры́гнуць (гл.) як “глухі” варыянт з гукапераймальнай (імітацыйнай) асновай.

Стрыка́ць ‘апякаць крапівою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. 3.), ‘кусаць, джыгаць’ (Нас.), стрыкну́ць ‘апячы крапівою, джыгнуць; узбудзіць, падбухторыць’ (Нас., Гарэц.), стрыка́цца ‘пячыся (аб крапіве)’ (Жд. 2, Мат. Гом.). Укр. стрика́ти, рус. стрека́ть, стараж.-рус. стрѣкати ‘калоць, джаліць’, ц.-слав. стрѣкаты ‘калоць’, польск. strzykać ‘калоць’, серб. дыял. стре́кнути ‘укалоць’, макед. штрекне ‘кальнуць’, ст.-слав. стрѣкати ‘калоць, джаліць’. Прасл. *strěkati; звязана чаргаваннем галосных з страка́, стро́кі (Траўтман, 289; Фасмер, 3, 773). Адносна фанетыкі беларускіх слоў (ы < е) гл. Карскі, 1, 188. Бязлай (3, 326) аб’ядноўвае папярэдні дзеяслоў і *strěkati у адной праформе *strḗk‑ і адносіць да і.-е. базы *ster‑k‑ ‘зацвярдзець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. Паддавацца дзеянню агню, знішчацца агнём. У печцы зырка гарэлі дубовыя дровы. Шамякін. Уперадзе каля станцыі гарэлі эшалоны. Мележ. // Паліцца (пра вогнішча і пад.). Гарыць піянерскі касцёр. □ Ля калёс гарэлі агні. Лынькоў.

2. Даваць, выпраменьваць святло, полымя; ярка свяціцца. І над усім — над горадам, над ракой, над бязмежнымі прасторамі зямлі гарэла, пералівалася зыркае ранішняе сонца. Лынькоў. Нешта сёння у Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва.

3. Траціць маёмасць з прычыны пажару, аказвацца ў становішчы пагарэльца. Вось дзед Хвядос пяць разоў гарэў ад маланкі, пяць разоў будаваўся. Бажко.

4. Разм. Быць моцна нагрэтым, гарачым. Ад лютай летняй спёкі Гарыць сухі пясок. Глебка. Пройдзеш круг — рукой не дакранешся да лемяхоў і нарогаў. Гарыць жалеза. Бялевіч.

5. Быць у гарачцы, у ліхаманкавым стане. Бацька ўсё гарэў, аж два тыдні не ўставаў з пасцелі. Сабаленка. // Ныць, пячы (пра натруджаныя, пашкоджаныя ўчасткі цела). На далонях пад вечар гараць мазалі. Бураўкін. Ужо сонца на поўдні, ужо ногі гараць і ныюць ад стомленасці, а нішто нідзе не прасвятляецца. Кулакоўскі.

6. Рабіцца гарачым, чырванець ад прыліву крыві. Гарэць ад сораму. □ Адно, што адчуваў.. [Алёшка], гэта — як гараць яго вушы, як густая чырвань залівае ўвесь твар, падбіраецца да жорсткіх бялесых віхроў. Лынькоў. Гарачая хваля найвялікшага шчасця залівае.. [Сяргею] грудзі, часта і гулка стукае сэрца,.. гараць шчокі, вушы. Шамякін.

7. звычайна чым. Быць ва ўзбуджаным стане, з запалам аддавацца якой‑н. справе, пачуццю. Гараць жаданнем. Гарэць ад нецярплівасці. □ Сягоння жыла, трапяталася і гарэла ўся .. шчуплая істота [Тодара Кірыка], — гэтакіх навін яму даўно не здаралася разносіць па сяле. Крапіва. Жанчына гарыць на калгаснай рабоце. Пташнікаў.

8. Ззяць бляскам, выдзяляцца яркімі колерамі, афарбоўкай. Пад страхой полымем гарэлі гронкі рабіны. Шамякін. У снежнай завеі гарэлі алмазам Старыя крамлёўскія вежы. Колас. // Блішчаць пад уплывам якога‑н. пачуцця, думкі (пра вочы). Вочы.. [Паўла] гарэлі вострым агнём нявыказанай крыўды, і губы трасліся. Чорны.

9. Цвісці (пра агуркі, гарбузы і пад.). У барознах павівасты гарбузнік.. гарэў цветам. Грамовіч.

10. Псавацца, станавіцца непрыгодным ад моцнага перагрэву. Буксы гараць. // Разм. Сохнуць, гінуць ад засухі, моцнай спёкі (пра расліннасць). Пасевы гараць. // Разм. Прэць, гніць. Сена гарыць у стагах.

11. перан. Разм. Цярпець няўдачу ў якой‑н. справе, задуме і пад. // Не выконвацца, не рэалізавацца. Планы гараць. Пуцёўка гарыць.

12. Разм. Хутка зношвацца, рвацца (пра абутак, адзенне). На дзецях усё гарыць, адзежа і абутак.

13. Адбываць чаргу пры гульні ў гарэлкі.

•••

Вока (зуб) гарыць на што гл. вока.

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць — ужываецца як праклён.

Гарыць зямля пад нагамі ў каго гл. зямля.

Гарэць агнём — а) пра гарачкавы стан хворага; б) вельмі моцна балець, пячы. Рана гарыць агнём.

Ліха гарыць з каго гл. ліха.

На злодзеі шапка гарыць гл. шапка.

Не гарыць — няма патрэбы спяшацца.

Работа (усё) гарыць у руках гл. работа.

Скура гарыць на кім гл. скура.

Як мокрае гарыць гл. мокры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Багро́вы (ст.-бел. багровый, параўн. Бярында, 239: багровая фарба; у яго ж багрян ’баграны’, 228; багряни́ца, 217), ба́гра ’пурпурная фарба’ (Нас.), баграві́зна ’пляма ад удару на целе’, ба́гравіць ’крывавіць, пачырваніць’ (Нас.). Рус. ба́гор, багр ’пурпурны колер’, укр. ба́гор, ст.-слав. багрити, багръ, балг. ба́гря ’фарбую чырвоным’ і г. д. У зах.-слав. мовах гэтага слова няма. Паходжанне няяснае. Магчыма, роднаснае з грэч. φώγω ’пяку, смажу, абпальваю’, ст.-в.-ням. bahhanпячы’, Фасмер, 1, 103. Няпэўным з’яўляецца параўнанне Младэнава, 39, РФВ, 68, 373 з гал. baggaert ’твань’, слав. bag(ъ)no і балг. божу́р ’мак’. Неабгрунтавана Праабражэнскі, 1, 11 (< гоц. fagrs, ст.-в.-ням. fagar ’прыгожы’; супраць Фасмер, 1, 103). Локач (107) лічыць запазычаннем з араб. maġra ’прыродная чырвоная фарба’. Не пераконвае Львоў, ЭИРЯ, IV, 66–71: < ba‑gъr (ba‑ ўзмацняльная частка, gъr — да gorěti). БЕР, 1, 24–25: < і.-е. *bhōgh‑ro‑ (*bhāgh‑ro‑) ’тапіць, мачыць’ (параўн. грэч. βάπτω ’патапляю, таплю, акунаю’, βαπτός ’ярка пафарбаваны, яркага колеру’); Лапацін (Исслед. ист. лекс., 250–252) дадае і іншыя паралелі. Менгес (UAJb, 31, 177–178) стаіць за цюрк. крыніцу (яго падтрымлівае Трубачоў, Серболуж. сб., 160). Пашырэнне слова ва ўкр. дыялектах (параўн. назвы для кароў і валоў: багрі́й, ба́гря; для сліў: багру́ля і г. д.; для раслін: багри́на, багрове́ць) робіць няпэўнай думку аб запазычанні наогул гэтага слова з паўд.-слав. моў (так Цімчанка, 48; КЭСРЯ, 26).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярце́ць ’круціць’ (БРС, КТС, Яруш.); ’абмотваць, абкручваць’ (БРС); ’хітраваць’ (Юрч.), укр. вертіти ’вярцець’; ’свідраваць’, рус. вертеть ’тс’; ’абарочваць’, ’вярнуць каго-небудзь’; ’падманваць’, уладз., валаг. ’боўтаючы, збіваць што-небудзь’, перм.пячы (у роце)’, вяц. ’ванітаваць’. Ст.-рус. вертѣти, врътѣти ’вярцець’; ’свідраваць’; ’загортваць, згортваць’. Польск. wiercić ’круціць’; ’свідраваць’; ’круціўшы, расціраць што-небудзь’, н.-луж. wjerśeś ’вярцець, круціць’; ’свідраваць’, в.-луж. wjerćeć ’тс’, чэш. vrtěti ’вярцець, круціць’; ’думаць, варочаць мазгамі’, славац. vrtieť ’круціць’, славен. vrtẹ́ti ’тс’, серб.-харв. vŕtjeti, вр̀тети ’круціць’; ’ківаць (галавой)’; ’віляць, махаць (хвастом)’; ’сукаць’; ’свідраваць’, макед. врти ’абарачаць, вярцець, круціць’; ’мяняць палажэнне’; ’зварочваць (з дарогі)’; ’гартаць (старонку)’; ’віцца (аб сцежцы)’; ’пераварочваць, ніцаваць’; ’перакручваць’; ’(добра) весці гаспадарку’; ’тачыць (дрэва)’, балг. въртя́ ’вярцець, круціць, абарочваць’; ’віцца’; ’добра валодаць (зброяй, інструментам)’; ’весці гаспадарку’; ’варочаць (справамі)’, ст.-слав. врьтѣти, врътѣти ’вярцець, круціць’. Прасл. vьrtěti (аснова vьrt‑/vert‑/vort‑) мае адпаведнікі ў літ. ver̃sti, verčiù ’валіць, перакульваць’; ’ніцаваць’; ’пераўтвараць’; ’перакладаць (на іншую мову)’; ’прымушаць’, лат. vḕrst ’звяртаць (увагу)’; ’паварочваць’; ’абярнуць’, ст.-прус. wīrst ’станавіцца’, wartint ’абарачаць’, гоц. wairþan ’станавіцца’, лац. verto, ‑ere ’паварочваць, вярцець’ — усе ўзыходзяць да і.-е. u̯ert‑ (< u̯er‑). Гл. Праабражэнскі, 1, 77; Вальдэ, 824; Траўтман, 354; Фік, 1, 131; Торп, 397; Мюленбах-Эндзелін, 4, 566; Міклашыч, 384; Брукнер, 617; Фасмер, 1, 301; Шанскі, 1, В, 65–66; КЭСРЯ, 76; Махэк₂, 701; БЕР, 1, 212; Голуб-Копечны, 423; Младэнаў, 91; Скок, 3, 631–633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Журы́цца ’сумаваць’, журы́ць ’дакараць’, журлівы. Рус. жури́ть, дыял. жури́ться ’тс’, укр. жури́ти ’выклікаць сум’, рэдк. ’дакараць’, жури́тися ’сумаваць’, журли́вий, ст.-польск. żurzyć się ’гневацца, злавацца’, польск. дыял. żurzyć się ’спрачацца’, чэш. žúřit ’гневацца, сварыцца’, славац. žuriť ’сварыцца, дакараць’, н.-луж. žuriś ’рабіцца злым’, žuriś se ’кіснуць, злавацца, гневацца’, славен. žúriti1 ’застаўляць’, žúriti se ’паспяшаць, старацца’, žúriti2 ’ачышчаць ад скуры’, серб.-харв. жу́рити ’падганяць’. Ст.-рус. журити ’дакараць’ (з 1673 г.). Фасмер (2, 68), Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1970, 3, 145) прымаюць думку Развадоўскага (Wybór, 2, 172) пра сувязь журыцца з серб.-харв. гу́рати ’пхаць’, славен. gúrati ’напружваць, мучыць’. Развадоўскі лічыць роднасным гоц. gáurjan ’рабіць смутным’ і ўзводзіць да і.-е. *geur‑. Магчыма лічыць, што гэта той жа корань, што ў слове жураць ’тлець’ (гл.). Сувязь ’гаварыць’ — ’гарэць’ вядомая і для іншых выпадкаў, а Краўчук (Зб. Крапіве, 195–196) адзначыў яе для пары балг. жевря се ’хныкаць, выпрошваць’, укр. жевріти ’тлець’, якая суадносіцца па кораню з журыццажураць. Журыць азначала першапачаткова моўную дзейнасць, а сувязь ’гарэць — паліць — пячы’ з ’дакараць’ — ’сумаваць’ адлюстроўваецца і ў іншых выпадках. Супрун, Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 76–78; Непакупны, Балтійскі родичі слов’ян, 1979, 100–101. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 68; Праабражэнскі, 1, 238–239; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 229; Пятлёва, Этимология, 1967, 178; Младэнаў, ГСУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 61–62.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

згарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. Знішчыцца агнём. У шалёнай злосці афіцэр загадаў падпаліць гумно. Яно згарэла, як свечка, сярод белага дня. Сабаленка. — Пажар здарыўся, згарэла ўсё. Чорны. // Зрасходавацца для ацяплення, асвятлення. Дроў згарэла многа, а печ не нагрэлася. За вечар у лямпе ўся газа згарэла.

2. Разм. Страціць маёмасць у выніку пажару; аказацца ў становішчы пагарэльца. Ад маланкі згарэў не адзін гаспадар.

3. Сапсавацца, стаць непрыгодным у выніку моцнага перагрэву; падгарэць. Сала згарэла на скаварадзе. Хлеб згарэў у печы.

4. Разм. Засохнуць ад сонечнай спёкі (пра расліны). Пасевы згарэлі. □ — Такі туман. Днём зноў будзе пячы. Бульба ў гародзе згарыць. Зямля як попел. Пташнікаў.

5. Моцна загарэць, атрымаць сонечныя апёкі. Плечы згарэлі.

6. Згніць, сапрэць зляжаўшыся (пра сена, зерне і пад.). Сена згарэла ў стозе. Згарэла зерне ў кучы. □ — Бульба, яна грэецца. Ды асабліва, калі макраватую ссыпаюць. Вось і перагрэлася, згарэла ўся. Асіпенка.

7. перан. Страціць фізічныя і духоўныя сілы, расходуючы іх без меры. Прыходзяць госці, а гаспадыню ўжо нішто не цікавіць, яна ўжо згарэла. Шамякін. Душой і песняю я за жыццё згару! Трус. // Памерці (ад нягод, перанапружання або скарацечнай хваробы). Бацька, як лучына, У турме згарэў. Бядуля. За Радзіму ты ў бітвах змагаўся, За яе ты ў рабоце згарэў. Прыходзька.

8. перан. Зведаць якое‑н. пачуццё; загінуць ад якога‑н. моцнага пачуцця. — Кахала яна вельмі... Не паглядзела, што з сям’ёй, што хворы... Вось і згарэла ля яго. Мехаў.

•••

Згарэць ад сораму — моцна засаромецца.

Каб ты (ён, яна і пад.) згарэў; хай ён (яна і пад.) згарыць — ужываецца як праклён, выражэнне крайняй незадаволенасці кім‑, чым‑н. — Цьфу, каб ты згарэў, гэтакі чалавек. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Налегчы, націскаючы сваім цяжарам. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Прачнуўся Язэп ад таго, што хтосьці наваліўся, прыціснуў да ложка. Асіпенка. Камендант сеў у крэсла і наваліўся грудзьмі на стол. Корзун.

2. Напасці; абрушыцца. [Ермакоў] непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе, бо хацеў наваліцца нечакана. Мележ. Эсэсаўцам не ўдалося наваліцца на лагер нечакана. Шамякін. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Навалілася машкара на збожжа. / перан. Аб з’явах прыроды. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Ноч навалілася на зямлю густой цемрай і нечаканым ветрам. Хомчанка.

3. перан. Дружна ўзяцца за якую‑н. работу; пайсці ў наступ на што‑н. «Трэба будзе дапамагчы.. [Булаю], — рашыў Алесь, — навалімся гамузам — справа рушыць хутчэй». Шыцік. Нам трэба ўсімі сіламі наваліцца на балота! «Звязда». // Накінуцца з прагнасцю на што‑н. [Старшы лейтэнант:] — Пасвілі.. [хлапчукі] цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. Чыгрынаў.

4. перан. Накапіцца, сабрацца ў вялікай колькасці; нахлынуць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Але справы, якія наваліліся на.. [Максіма Сцяпанавіча] адразу, як толькі ён сеў за пісьмовы стол, неўзабаве ўзялі ўсю яго ўвагу. Карпаў. // Авалодаць, ахапіць (аб пачуццях, настроі і пад.). Ахуталі шэрыя хмары зямлю, І сум наваліўся на плечы гарою. Лужанін. // Нечакана спасцігнуць, напаткаць каго‑н. Бяда навалілася. Ліха навалілася. Хвароба навалілася. // Змарыць (аб сне, дрымоце). Змора, сон наваліліся на.. [Ганну] адразу — у момант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Мележ.

5. Разм. Нападаць у вялікай колькасці. Цяжка было даць веры, што ўсё гэта [кучы ламачча, зламаныя дрэвы] навалілася тут выпадкова. Маўр.

6. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі. [Мікола Шклянка] мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі. Чарот. Шалюта яшчэ доўга сядзеў за сталом, курыў, пускаў дым у адчыненае акно і ўсё думаў, за што на яго наваліўся Варановіч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)