глыбіня́, -і́, мн. глыбіні, -бінь, ж.
1. Адлегласць ад паверхні да дна або ад якога-н. месца ў напрамку да нізу.
Г. возера.
2. чаго. Прастора ўнутр ад мяжы, ад краю чаго-н.
У глыбіні лесу.
3. перан., чаго. Сіла, ступень праяўлення чаго-н.; змястоўнасць.
Г. пачуцця.
Г. думак.
◊
Да глыбіні душы — вельмі моцна (крануць, уразіць).
У глыбіні душы — пра пачуцці, перажыванні людзей, схаваныя ад іншых.
|| прым. глыбі́нны, -ая, -ае.
Глыбінная бомба.
Глыбінная вёска.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
пралёт 1, ‑у, М ‑лёце, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пралятаць 1 — праляцець (у 1 знач.).
2. Сезоннае перамяшчэнне птушак; пара пералёту. Веснавы пралёт птушкі пачынаецца ў канцы сакавіка. «Весці».
пралёт 2, ‑а, М ‑лёце, м.
1. Адкрытая прастора паміж чым‑н. Скрозь просты і шырокі пралёт .. [вуліцы] відны былі агні Навасёлак. Кулакоўскі. // Скразная адтуліна, праём. Аконны пралёт. // Прастора, адлегласць паміж апорамі ў якім‑н. збудаванні. Мост драўляны, на чатыры пралёты. Чыгрынаў. // Прасла (у плоце). Здавалася, за тыя два гады, што не быў я дома, нічога тут так і не змянілася — гэтак жа, як і тады, буйна кучаравілася ліпа, гэтак жа хіліўся да зямлі, усё ніяк не могучы ўпасці, абгарэлы з аднаго канца пралёт плота. Сачанка. // Свабодны прамежак паміж маршамі ўнутранай лесвіцы. Але вось і гэты гук замёр недзе ў глыбіні лесвічнага пралёта. Васілёнак. // Прастора ўнутры прамысловага будынка паміж двума радамі калон, апор і пад. Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Шамякін.
2. Участак чыгуначнага шляху ад адной станцыі да другой; перагон. Трэба было праехаць адзін пралёт, таму, увайшоўшы ў вагон, .. [Кузьма] прымасціўся ў першым купэ. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздо́лле, ‑я, н.
1. Шыр, прастор; шырокая вольная прастора. Стэпавае раздолле. □ Абрысы хат з заснежанымі стрэхамі зводдалі ў цемры нельга было разабраць, і агеньчыкі нагадвалі буйныя зоркі, што ўпалі з неба на снегавое раздолле. Хадкевіч. Прыемна было ісці па гэтай роўнядзі, па гэтым свежым раздоллі, упрыгожаным зыбучай павуцінкай золкавай расы. Кулакоўскі.
2. Разм. Шырокая прастора, якая дае магчымасць свабодна дзейнічаць каму‑, чаму‑н., праяўляцца чаму‑н. і пад. Высечаныя дрэвы далі раздолле тым, што асталіся з бакоў, і яны галінамі сваімі пацягнуліся на прагалы і стварылі жывыя шаты. Пальчэўскі. [Кажамяка:] — Толькі асушыць балота, тады будзе тваёй птушцы раздолле. Гурскі. // перан. Поўная свабода, адсутнасць абмежаванняў у чым‑н.; спрыяльныя, зручныя абставіны, умовы для каго‑, чаго‑н. Пачынаецца раздолле для аматараў грыбоў. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
◎ Перату́лак (піряту́лык) ’вузкая прастора паміж будынкамі, еутачкі’ (клім., ЛА, 5). Да пера- (гл.) са значэннем, як у пераход, і чпу́лак (магчыма, спачатку — ступак) ад стульваць ’месца, дзе стульваюцца два будынкі’ < туліць (гл.), для адпаведнага прасл. *tulili выводзіцца першапачатковае значэнне ’прыціскацца да нечага, туліцца’ (Борысь, Czak. stud., 87).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ *Празёра, прозёра ’разора’ (кам., Сл. ПЗБ). З ілюстрацыі выцякае таксама значэнне ’прастора паміж градкамі’. Таму, відаць, слова з’яўляецца кантамінацыяй разора і празёрыць ’пачаць бачыць’ (Нас.) ад *zbr‑ (гл. зерні, зрок). Параўн. яшчэ ўкр. прозір ’адтуліна ў страсе для выхаду дыму; прасвет, адтуліна паміж зложаны мі бярвёнамі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кут ’частка памяшкання, прастора паміж дзвюма сценамі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. паўн.-зах., Касп., Ян., Крачк., Нік. Очерки, Яшк., П. С., Маш., Хар., Бяльк., Сцяшк., Шушк., Мядзв., Грыг.). Укр. кут, рус. кут, балг. кът, серб.-харв. ку̑т, славен. kǫ́ty польск. kąt, чэш. kout, славац. kùt, в.-луж. kut, н.-луж. kut ’тс’. Прасл. kǫtъ ’вугал, закрытая прастора’ генетычна суадносіцца з прасл. kǫtati (гл. кутаць і хутаць) ’закрываць, хаваць’. Параўн. серб.-харв. ку̑т, ску̑т ’крысо’, чэш. kout ’полаг’, серб.-харв. ску̑т ’вантробы’, бел. кутыр ’бруха’, польск. kątnica ’сляпая кішка’. Генетычна суаднесеным з прасл. kǫtъ з’яўляецца ст.-прус. pokūnst ’закрываць, берагчы’. Магчыма, прасл. kǫtъ звязана са ст.-грэч. κοντός ’шэст’ і прасл. kǫtja ’хаціна, шалаш’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
інтэр’е́р, ‑а, м.
1. Унутраная прастора будынка, памяшкання, архітэктурна і па-мастацку аформленая. Інтэр’еры Дома ўрада. Інтэр’ер кафэ. □ Начное святло рэльефна акрэслівала просценькі інтэр’ер пакоя, напаўняла яго паэтычным начным змрокам. Карамазаў.
2. Карціна, малюнак, якія паказваюць унутраную прастору памяшкання. Моўчкі госць пануры, ваўкаваты, закурыў, сядзіць з гаспадаром, аглядае светлыя фасады, інтэр’еры на сцяне пад шклом. Русецкі.
[Фр. interieur — унутраны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падстрэ́шша, ‑а, н.
1. Прастора пад ніжнім краем страхі якога‑н. будынка. Вераб’і ўжо збіраліся ў падстрэшшы на начлег і там заводзілі свае звычайныя сваркі з-за ўтульных мясцін. Якімовіч. Дробны дождж суха барабаніў у закураныя шыбы, недзе ў падстрэшшы тонка завываў вецер, зрываючы .. салому. Ваданосаў.
2. Тое, што і падстрэшак. Увечары мужчыны даставалі з падстрэшша косы. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасве́тліна, ‑ы, ж.
Тое, што і прасвет (у 1–3 знач.). Праз нейкі час спераду забліскалі прасветліны, а потым і цэлая вялізная прастора паказалася. М. Ткачоў. Не праехаў Чубар і паўкіламетра, як у прасветлінах паміж дрэў выступілі хаты. Чыгрынаў. Скажам, спрадвечным пакутнікам, чалавекам без адзінай прасветліны ў жыцці паўстае селянін у многіх вершаваных творах Багушэвіча. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́мера, -ы, мн. -ы, -мер, ж.
1. Ізаляванае памяшканне спецыяльнага прызначэння ў некаторых установах.
Дэзынфекцыйная к.
Турэмная к.
2. Закрытая прастора ў сярэдзіне якога-н. прыбора, машыны, збудавання, а таксама закрытая поласць унутры якога-н. органа.
Фатаграфічная к.
К. шлюза.
К. згарання ў рухавіку.
К. сэрца.
3. Фатаграфічны, кінематаграфічны ці тэлевізійны здымачны апарат (разм.).
Здымаць скрытай камерай.
4. Унутраная гумавая абалонка шыны, мяча, якая напаўняецца паветрам.
|| прым. ка́мерны, -ая, -ае (да 2 і 4 знач.; спец.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)