падлаві́ць, ‑лаўлю, ‑ловіш, ‑ловіць; зак., каго-што.

1. Падпільнаваўшы, злавіць, затрымаць. — Дзе вы такога бандыта падлавілі? — па-панібрацку звяртаецца [незнаёмы] да Косці і Сашкі. Карпюк.

2. перан. Знянацку застаць. Колькі разоў спрабаваў афіцэр падлавіць Мацачка, як кажуць, на месцы злачынства і пакараць, але зрабіць гэта яму ніяк не ўдавалася. Сачанка.

3. перан. Назіраючы, слухаючы, заўважыць што‑н. У тоне Міколы Віхора Карніцкі падлавіў нейкую абыякавасць, тое, чаго ён вельмі не любіў. Паслядовіч. // Злавіць на чым‑н. няўдала сказаныя, напісаныя. [Іван Сцяпанавіч:] — Вы падумалі мяне падлавіць крыху: ці няма ў казцы супярэчнасці? Дубоўка.

4. Разм. Налавіць дадаткова. [Андрэй:] — Падловіш яшчэ на вуды [рыбы], а то без дробязі і юшка не юшка. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спець 1, спяю, спяеш, спяе; спяём, спеяце; зак., што і без дап.

Зак. да пець (у 1, 3 і 4 знач.) і спяваць (у 1, 2 знач.).

спець 2, спее; незак.

1. Рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.). На дубах спелі жалуды. Чорны. Пшаніца спее, пад сонцам яна як вылітая з медзі. Пестрак. Направа ад дарогі рос Авёс, Налева — памідоры спелі. Корбан.

2. перан. Развівацца, фарміравацца, складвацца. Спеюць Настроі і думкі. Глебка. Я іду паўз бераг Нарачы, Спее песня ў душы. А. Вольскі. Ганя бачыла, што ў Косці, як яна казала, спеюць вялікія здольнасці (ён мог ужо чытаць, лічыць), пераканала ў гэтым Максіма. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужа́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць чужаку, прышэльцу. Мы ішлі пехатою к табе, Перамога, Аб чужацкія косці ламалі штыкі. Бураўкін. Цябе выгнала з хаты Ведзьма-мачыха вон; Мяне ўзялі ў салдаты, У чужацкі палон. Купала.

2. Які складаецца з чужакоў. І не будзе жалю Для чужацкіх зграй, Што крывавай хваляй Заліваюць край. Колас.

3. Які па думках, светапогляду, духу належыць да іншага, чужога асяроддзя. Мой час настаў: Якуб Шаціла ўліп! І дакажу я свету і Ірыне, Што ён не наш, Што ён чужацкі тып, Што ён аграбіў друга ў дамавіне! Зарыцкі.

4. Тое, што і чужы (у 4 знач.). Без радзімы, Пад небам чужацкім За гадамі ляцелі гады. Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасадзі́ць, -саджу́, -са́дзіш, -са́дзіць; -са́джаны; зак.

1. каго (што). Прымусіць перасесці, пасадзіць на іншае месца, прапанаваць абмяняцца месцамі.

П. вучня на першую парту. П. пасажыраў з аднаго аўтобуса ў другі.

2. што. Выкапаўшы (расліну), пасадзіць у іншым месцы.

П. кветкі.

3. што. Зрэзаўшы, або выразаўшы (частку косці, тканкі, орган), перанесці для прыжыўлення на іншым месцы або ў другім арганізме.

П. нырку.

4. што. Насадзіць, надзець на што-н. другое.

П. сякеру на другое тапарышча.

5. каго (што). Памагчы каму-н. пералезці цераз што-н.

П. дзіця цераз парог.

6. каго-што. Пасадзіць усё, многае або ўсіх, многіх.

За свой век ён многа дрэў перасадзіў.

Акупанты перасадзілі ў турмы нямала людзей.

|| незак. пераса́джваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—5 знач.).

|| наз. пераса́джванне, -я, н. (да 2 і 3 знач.) і пераса́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 1—4 знач.).

Зрабіць перасадку пасажыраў на другі самалёт.

Перасадка дрэў.

Перасадка скуры.

|| прым. пераса́дачны, -ая, -ае (да 2 знач.).

П. матэрыял.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

поде́лка ж.

1. (изготовление) вы́раб, -бу м.; (производство) вытво́рчасць, -ці ж.;

поде́лка снеговы́х щито́в вы́раб (вытво́рчасць) снегавы́х шчыто́ў;

2. (мелкая работа) дро́бная рабо́та; (починка) папра́ўка, -кі ж., пра́ўка, -кі ж., нала́дка, -кі ж.;

3. (изделие) вы́раб, -бу м.;

ме́лкие поде́лки дро́бныя вы́рабы;

поде́лка из слоно́вой ко́сти вы́раб са слано́вай ко́сці.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Вулды́р ’гуз’ (Жд., 2, 3), вулды́рь ’гуз, гузак, пухір’ (Бяльк.), рус. волды́рь ’тс’ (няяснага паходжання, гл. Фасмер, 1, 338). Няма падстаў разглядаць асобна ад булды́р ’пухір, бурбалка, бугор’ (параўн. Гараеў, 53; Праабражэнскі, 1, 91), з метатэзай бурды́ль і асабліва бурду́ль ’пухір’, вытворных ад дзеясловаў з «вобразнай» семантыкай, гл. бурдзе́ць ’пачынаць закісаць’ (З нар. сл.); параўн. інш. семантычныя паралелі: брузды́ль ’пухір на целе’ і брузда́цца ’аблівацца ў час яды’ (Бяльк.), літ. vir̃dulas ’пухір, бурбалка’ ад vìrti, vérda ’кіпець’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 125). Фармальная блізкасць утварэнняў з пачатковымі в і б прывяла да перапляцення значэнняў ’пухір’ і ’гуз’; ёсць падставы меркаваць, што зыходным для ўтварэнняў з в было значэнне ’гуз, круглы прадмет’ і аснова вурд‑ (*vr̥d‑), гл. навагр. ву́рда ’вяртушка зробленая з бярцовай косці свінні, буркаўка’ (Жыв. сл.); параўн. балг. върда́лям ’перакульваць’, серб.-харв. вр̏дати ’вярцецца, круціцца’, тады вулды́р < *вурдыль з метатэзай. Адносна суфіксацыі, асабліва чаргавання ‑ыль/‑уль, параўн. Слаўскі, SP, 1, 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Масол, масёл, масолак ’косць’, ’голая косць’ (Бяльк., Растарг., Ян.; хоц., Мат. Маг.; ветк., добр., б.-каш., Мат. Гом.), (перан.) ’рука’ (жытк., Мат. Гом.), масалы́га ’костка, масол’ (Грыг., Бяльк.), масалы́кнуць ’ударыць’ (лід., Сцяшк. Сл.). Рус. мосол, мосла́, мосла́к ’костка сцягна’, ’круглая абгрызеная галоўка косці’, ’сустаў крыла’, ст.-рус. мосолъ ’тоўстая каравячая косць’, мослокъ ’вяртлюг’, мостолыга ’вялікая косць’ (XVII ст.). Паходзяць з тур. musluq ’кран’, ’трубачка ў cacyдах’ (Баскакаў, Тюрк. элем., 258). Яшчэ раней Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 191), Мацэнаўэр (LF, 10, 333) прапанавалі ў якасці крыніцы запазычання тур. maslak, muslak ’кран бочкі’, пасля, аднак, Міклашыч адхіліў гэту гіпотэзу. Прычынай з’явіліся дадатковыя значэнні ў вытворнага дзеяслова мосо́лить, у прыватнасці ’дакучаць’. Баскакаў (там жа) размяжоўвае рус. лексемы мосол, мосолыга на дзве: ’проська’ і ’косць’. Першая звязана з мянушкай рускіх прасолаў, перакупнікаў палоцен, асновай для якой з’яўляецца цюрк. mäsül ’прошанае’, ’просьба’, ’прадмет просьбы’. З гэтага ўтварылася і бел. масталыга ’прыдзірала, буркун’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жыві́ць, жыўлю́, жы́віш, жы́віць; незак., каго-што.

1. Забяспечваць чым‑н. неабходным для нармальнай дзейнасці, развіцця. Жывілі падкормкай усходы, палолі палеткі не раз. Машара. // Быць для чаго‑н. крыніцай нармальнай дзейнасці, развіцця. Снег даўно сышоў, цёплыя дні жывілі зямлю. Чорны. // перан. Быць апорай, асновай для чаго‑н.; падтрымліваць што‑н. Жывіць душу зноў надзея, Сэрца цешаць песні рання... Колас. Рэвалюцыйны энтузіязм эпохі жывіў творчасць і творы пісьменнікаў. Адамовіч.

2. і без дап. Ажыўляць, бадзёрыць. З паходных кубкаў у сыноў Напіся ты вады. Яна жывіць. Броўка. // Мець лекавыя якасці; гаіць. — А жывакост, дзеткі, гэта значыць: жывіць косці, ажыўляе іх, — схамянуўшыся, дадае [бабка Аксіння]. Чарнышэвіч.

3. (у спалучэнні са словамі «стрэльба», «ружжо»). Не забіваць напавал, толькі раніць. Стрэльба жывіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

застракаце́ць, ‑ціць; зак.

1. Вылучыцца сваім стракатым колерам, паказацца (пра што‑н. стракатае). І як пачало прыграваць сонца, застракацеў на гасцінцы нязвычны вялікі натоўп з самотным коннікам наперадзе. Шынклер. Поезд мінуў Краснае, з размаху ўварваўся ў лес, і пад адхонам застракацелі маладой зелянінай бярозавыя кусцікі. Пестрак.

2. Замільгаць перад вачамі, у вачах (пра што‑н. шматлікае, яркае). Такая іх [сняжынак] была безліч, што ўсё застракацела перад вачамі. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У Косці аж застракацела ў вачах ад рознакаляровых бантаў у паненак і рознакаляровай вопраткі ў панічоў. Карпюк. // перан. Пачаць часта паяўляцца, сустракацца. Імя акцёра застракацела на афішах.

3. Стаць стракатым ад чаго‑н. Застракацелі кветкамі бульвары. □ Загаманілі сенажаці, застракацелі кашулямі белымі, хусткамі ровнакаляровымі. Кірэйчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кабы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Памянш.-ласк. і зніж. да кабыла. Пярэстая кабылка худая, нядужая, а натурыстасць у яе была такая, што ва ўсім жывёльным свеце падобнай не знойдзеш. Кулакоўскі. Худая кабылка цягнула мокры невад і цэбар з рыбай. Колас.

2. Драўляная падстаўка пад струны ў музычных інструментах (скрыпцы, балалайцы і пад.).

3. Адна з дзвюх пласцінак з калёсікамі ў кроснах, да якіх падвешваюцца ніты.

4. Тое, што і кабыла (у 2 знач.). — Мне расцягвалі жылы і косці. І пасля гэтага я не прызнаваўся.. Але, калі ізноў паставілі мяне на кабылку, я не вытрываў, змогі не было вытрываць. Колас.

•••

Была кабылка, ды з’ездзілася — пра тое, што страціла свае вартасці, перастала быць карысным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)