расплы́сціся і расплы́цца, ‑плывуся, ‑плывешся, ‑плывецца; ‑плывёмся, ‑плывяцеся; пр. расплыўся, ‑плылася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паплысці ў розныя бакі. Чуліся воклічы і рогат, усплёскі вады. Потым пацішэла. Падлеткі расплыліся па адным. М. Ткачоў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расцячыся, разліцца па паверхні чаго‑н. Прыпяць расплылася тут шырока і, мусіць, ніколі не ўваходзіць у свае берагі. Сачанка. // Разысціся, плывучы (пра хмары, дым і пад.). Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас. З белых комінаў хат гаманлівых Завіхрыўся дымок кучаравы І расплыўся ў блакітным бяздонні. Журба.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіраючыся ў што‑н., утварыць рагі, падцёкі, плямы. Фарба расплылася. □ — Без каніфолі.. самы акуратны вучань не зможа напісаць і радка, каб не зрабіць кляксу, бо яго чарніла расплывецца на паперы. А каб яно не расплывалася, паперу праклейваюць спецыяльным клеем, які вырабляецца з каніфолі. Мяжэвіч. На белай кашулі юнака расплылася вялізная чырвоная пляма. Лынькоў. // Размыцца, разысціся пад дзеяннем вільгаці. У другім [двары] нічога няма, нават печышча даўно .. расплылося ды парасло дзядоўнікам і малачаем. Кулакоўскі. Напісаныя хімічным алоўкам літары расплыліся, нічога нельга разабраць... Жычка.

4. перан. Страціць выразнасць абрысаў, ліній. Стрэльба, на якую глядзеў Ладуцька, расплылася невыразнай плямай на пацямнелай сцяне. Шынклер. Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знік з вачэй, расплыўся ў цемрадзі. Колас.

5. перан. Разм. Страціць стройнасць фігуры, распаўнець. [Валянціна Андрэеўна:] — Я ўжо старая баба. Бачыш, расплылася як. Шамякін.

6. Пра праяўленне дабрадушнай усмешкі на твары. Косця, поўны радасных пачуццяў, расплыўся зусім. Карпюк. Твар жандара расплыўся ў шырокую ўсмешку і стаў падобны на месяц-поўнік. Лынькоў. // З’явіцца на твары (пра ўсмешку). На хмурным твары Мохарта расплылася лагодная ўсмешка. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіцца вострым канцом у што‑н., пранікнуць у глыб чаго‑н. Кап’ё ўткнулася ў зямлю. □ Човен уткнуўся носам у пясчаны бераг якраз супраць глыбокага рова. Шамякін.

2. Зарыцца галавой, тварам у што‑н. Жэнька паднялася з зямлі і ўткнулася галавою ў пасцель. Крапіва. // Есці, усунуўшы галаву ў якую‑н. пасудзіну (пра жывёлу). [Мурзік],.. ціха заскуголіўшы, падбег да бляшанкі, уткнуўся ў яе мордачкай і стаў хлябтаць. Капыловіч.

3. перан. Доўга глядзець куды‑н. (у акно і пад.). [Сёмка:] — Толькі хутка пачаў я прыкмячаць, што Аленка мая сумуе. Уткнецца ў акно, быццам на вуліцу пазірае, а сама перад сабою нічога не бачыць. Кандрусевіч. // Не ўзнімаючы вачэй, паглыбіцца ў якую‑н. справу. Уткнуцца ў кнігу.

4. Уперціся ў што‑н. Мікола як уткнуўся тварам у сцяну, так і не павярнуўся. Б. Стральцоў. — Прыехалі! Прыехалі! — усхапілася Ліза і ўткнулася носам у халодную шыбіну. С. Александровіч. — Не пікні! — Дула пісталета ўткнулася.. [Рабушку] ў грудзі. Новікаў. / у перан. ужыв. Сіратліва ўткнуліся ў неба заводскія трубы, вецер не расцягваў ад іх доўгіх хвастоў дыму. Пятніцкі. // Сутыкнуцца з якой‑н. перашкодай. Калі [хлопцы] прайшлі кіламетры са два, то.. зноў ўткнуліся ў балота! Маўр. Цяжка шаргануўшы па пясчанаму дну, уткнуўся ў бераг паром. Аляхновіч.

5. Разм. Улезці, уціснуцца куды‑н. Андрэй згледзеў, што ў кузаве пабіта людзей, не ўткнуцца. Пташнікаў. // перан. Умяшацца, прыняць удзел у чым‑н. — Як? — здзівіўся маёр. — Хто яму дазволіў?.. Усюды.. [Чыжык] уткнецца першым! Няхай. — Нічога я не пісала!.. — буркае Ганька. — Як гэта не пісала. Раскажы няхай.. [Міша] паслухае. Ён-то ўжо табе скажа! — усюды гэта баба Іваніха ўткнецца. Васілевіч.

•••

Уткнуцца носам у што або куды — не адрываючыся, з захапленнем чытаць, пісаць і пад.

Уткнуцца са сваім языком — сказаць што‑н., калі не просяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Стукаць, біць нагой (нагамі) аб зямлю, падлогу і пад. У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі, батонамі. Адамчык. Жанчыны тупаюць на месцы, угінаюць галовы, каб схавацца ад ветру. Асіпенка. — Не сядзі вельмі, а тупай, пакуль можна, — ціха параіў .. [бацька] мне, — каб ногі адразу не настылі. Кулакоўскі. // Ствараць тупат, стукат чым‑н. Гулка тупаюць падбітыя тоўстымі цвікамі падэшвы. Грахоўскі. // Учыняць тупат, стукат, выяўляючы пачуцці злосці, нязгоды, нездавальнення і пад. [Юзя:] — Тупае [Антось] на .. [Авяліну] ботамі, злуе і ўсё-такі гладзіць па галаве. Бажко. Настаўнік доўга тупаў, крычаў, гарачыўся. Якімовіч.

2. Разм. Хадзіць. — Садзіся, сынок, садзіся, — прасіла .. [маці] і ўсё тупала і тупала па хаце, ні па міг амаль не спыняючыся. Савіцкі. Баба Васіліса тупае ад загнетка, дзе яна налівала настой, да палка, да малога крыкуна. Паўлаў. Свякруха, крэкчучы і вохкаючы, марудна злазіць з печы, доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Мележ. З таго дня, як .. [Толік] пазнаў смак прастору і сонца — вочы хочуць смяяцца, а ножкі — тупаць і тупаць. Брыль.

3. Біць капытамі аб зямлю (пра каня і пад.). Тупае нагою конь буланы, — Стаяць не хоча. Чарот. Глуха тупае капытамі конь. .. Ляскочуць калёсы. Сачанка. На падворку яшчэ тупаюць коні. Гарэцкі.

4. Разм. Танцаваць, скакаць. Самы спрытны і фарсісты Выйшаў, тупае з прысвістам Ля красуні маладой. Ляпёшкін. У хаце яшчэ тупалі дружкі і сваты, на вуліцы гаманілі і спявалі. Мікуліч.

5. Даглядаць каго‑, што‑н., займацца кім‑, чым‑н. Ад непрывычкі .. [маці] моцна стамлялася: не так яно і проста — тупаць цалюткі дзень ля гарачых катлоў. Даніленка. Генадзь Кузьміч тупаў у невялікім калідорчыку каля пліты. Паўлаў. Гэты фурманшчык больш, як усе, тупаў каля свайго каня, як прыехалі ў карчму. Чорны. // Увіхацца каля каго‑н. з якой‑н. мэтай, дагаджаць. Ды, відаць, каля яе [Агаты] Тупаў я няўмела, Пайсці замуж за мяне Яна не схацела. А. Александровіч. Кастусь усё тупаў ля Ладымера Стальмаховіча: яму занадта хацелася, каб гэты стары чалавек пажыў яшчэ ў калгасе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бара́н1 ’баран’. Рус. бара́н (ст. таксама бора́н), укр. бара́н, польск. baran, чэш. beran (дыял. baran), славац. baran, в.-луж. boran, н.-луж. baran. Прасл. форма няясная (*boranъ, *beranъ, *baranъ?). Старое еўрапейскае слова цёмнага паходжання. Звычайна лічыцца альпійскім словам, звязаным з выклічнікам ber‑. Гл. Бернекер, 43; Мейе, RS, 2, 69–70; Фасмер, RS, 3, 256; гл. яшчэ Слаўскі, 1, 27; Махэк₂, 51. Параўн. грэч. βάριον ’авечка’, алб. berr ’тс’, італ. bero ’баран’, bera ’авечка’, франц. berri ’баран’. Параўн. і выклічнікі для падзывання (укр. бирь, рус. бар, бырбы́р; Коржынэк, LF, 58, 430; Фасмер, 1, 123–124). Няпэўна Машынскі, JP, 33, 365–366 (ад і.-е. *u̯er‑ ’авечка, шэрсць’; сюды параўн. і Трубачоў, Происх., 74–75). Таксама няпэўная версія пра запазычанне з цюрк. (тат.) bärän (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 83; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 18–19). Брукнер (15) думаў пра сувязь з *borvъ ’вяпрук і г. д.’ (гэту версію падтрымлівае Шанскі, 1, Б, 39). Няпэўна таксама Трубачоў, Происх., 73–76, які, зыходзячы з словаўтваральнай няяснасці слова і адсутнасці яго ў паўд.-слав. мовах, думае пра запазычанне з цюрк. *baran ’той, які ідзе’. Гл. яшчэ Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.

Бара́н2 баранок (Інстр. II), бара́нчык, баранэ́ць ’птушка бакас’ (КЭС, Лысенка, ССП). Параўн. рус. бара́шек, укр. баране́ць, баранчик, бара́нок (апошняе з польск. baranek ’тс’), польск. baranek ’бакас’. Гл. Фасмер, 1, 125. Параўн. яго назвы ў іншых мовах: франц. chevrelle, chèvre céleste, ням. Нimmelsgeiß, Himmelsziege.

Бара́н3 ’вялікая рыбацкая лодка’ (палес., Маслен.). Бясспрэчна, да бара́н1. Вельмі вялікія прадметы, прылады часта носяць назву бара́н (параўн. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23).

Бара́н4 ’прылада для сушкі сена’ (Влад.). Да бара́н1. Розныя драўляныя збудаванні, прылады, асабліва вялікія, часта называюць імёнамі жывёлін: часцей бара́н (так і ў іншых слав. мовах). Параўн. яшчэ казёл (у розных значэннях). Адносна ўжывання слова бара́н як тэхнічнага тэрміна (рычаг, брус і г. д.’, падрабязна гл. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23. Параўн. яшчэ бара́нбаба для забівання паляў’ (Нас.).

Бара́н5 ’рубанак з дзвюма ручкамі’ (Сцяшк. МГ, Інстр. II, Касп.), ’фуганак’ (Янк. Мат.). Рус. бара́нок, укр. баранок ’тс’. З слова руба́нок (< ням. Rauhbank) перастаноўкай гукаў спачатку атрымалася бара́нок (Фасмер, 1, 124). Гэта форма ўспрымалася як памяншальная і было створана новае слова («непамяншальная» форма) бара́н.

Бара́н6 грыб ваўнянка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. укр. баранячка ’ваўнянка’. Мабыць, па знешняму падабенству ад бара́н1 (шапка грыба пакрыта валаскамі). Параўн. і франц. назву ваўнянкі — mouton‑zoné (да mouton ’баран’). Да матывацыі гл. яшчэ Мяркулава, Очерки, 172–173.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лама́ць, ламлю, ломіш, ломіць; пр. ламаў, ламала; заг. ламі; незак., каго-што.

1. Згінаючы, удараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго‑н. або раздзяляць што‑н. на часткі; крышыць. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. Капельмайстар узяў з абознай фурманкі паўбулкі хлеба і ламаў яе па кавалку таварышам. Брыль. / у безас. ужыв. Ад ракі далятаў няроўны гул: ламала лёд па парогах. Савіцкі.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць. Ламаць крылы. Ламаць рэбры.

3. Здабываць, разбіваючы, разломваючы якой‑н. прыладай. Ламаць вапняк ломам.

4. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць. Ламаць плот. Ламаць дзверы. // перан. Парушаць, змяняць без патрэбы. Ламаць план. □ [Начальнік:] — Будзеш ведаць, як саставы затрымліваць, графікі ламаць. Нядзведскі.

5. (ужываецца звычайна ў форме інфінітыва або прошлага часу); перан. Разбураць, знішчаць што‑н. аджыўшае, традыцыйнае, прывычнае. Гістарычны прагрэс народных мас ламаў векавыя асновы, разбураючы ўсё тое, што перашкаджала руху наперад. Пшыркоў. Старую тэхналогію нам трэба ламаць неадкладна. «Звязда». // Рэзка, крута змяняць (характар, прывычкі, паводзіны чалавека). [Карызна:] — Трэба ламаць сябе, трэба выкрышваць з сябе гэтыя закамянелыя парасці дробнабуржуазнай псіхікі. Зарэцкі. // Разбураць, змяняць у горшы бок. Ламаць сям’ю. □ [Ляшчэня:] А можа сапраўды не трэба ламаць жыццё, калі кахаеце адзін другога? Губарэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты. Гуло, звінела ў галаве, і рэзкі, тугі боль ламаў паясніцу. Сачанка. / у безас. ужыв. Было так ціха, што ламала скроні. Мележ.

7. Разм. Запрашваць за што‑н. высокую цану. Калі якая баба і вынесе на рынак кухан або піражок.., дык ломіць за яго без .. сораму і сумлення. Мехаў.

•••

Ламаць галаву над чым — біцца над рашэннем якой‑н. задачы, якога‑н. пытання; старацца зразумець што‑н. Доўга трымаў .. [генерал] Сцяпанава на сваім камандным пункце. Ламаў галаву, што зрабіць з гэтым вісусам. Алешка. Ніколі .. [Лене] яшчэ не даводзілася так ламаць галаву над жыццёвымі пытаннямі. Няхай.

Ламаць (разыгрываць) камедыю — прыкідвацца перад кім‑н., крывадушнічаць.

Ламаць коп’і — спрачацца аб чым‑н.; з запалам адстойваць што‑н., змагацца за што‑н.

Ламаць рукі (пальцы) — аб жэсце, якім выражаецца вялікае гора, ўзрушэнне. — Што ж гэта будзе?.. — ламала сабе рукі маладзіца. Нікановіч.

Ламаць хрыбет каму — пераадольваць каго‑н. у барацьбе.

Ламаць шапку перад кім — уніжацца, ліслівіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты, цябе́, табе́, цябе́, табо́ю, аб табе́; мн. вы; займ. асаб. 2 ас. адз.

1. Ужываецца пры звароце да блізка знаёмай асобы або пры грубым, фамільярным звароце. Так навек адляцела Любата ў неспадзеў[кі], — Ты мяне больш не стрэла, Я цябе больш не стрэў. Купала. З пагрозай чужынцу прамовіў казах: — Табе не вярнуцца Ніколі з вайны, І выдзеўбуць вочы табе груганы. Броўка. / Пры рытарычным звароце да каго‑, чаго‑н. Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас.

2. Разм. Выкарыстоўваецца для абагульненага абазначэння чалавека наогул. Калі ты курэц, то насі люльку і тытунец. Прыказка.

3. Д табе́ у знач. часціцы. Разм. Выкарыстоўваецца для выказвання прыкрасці, расчаравання, пагрозы і пад. — Я [табе] пакуру! — з халодным спакоем устрапянуўся гаспадар. Чорны. Гэта табе толькі пачынка, а будзе цэлая аўчынка. Прыказка.

4. У спалучэнні з выклічнікамі ўжываецца для ўзмацнення экспрэсіўнасці выказвання. — Ах ты, ёл[у]пень стары! — Баба Дзеда лае! Крапіва.

•••

А што ты думаеш — а чаму б і не зрабіць. [Міколка:] — Знаеш што, дзед? Давай каршуна падстрэлім! — А што ты думаеш? Пеканём! Лынькоў.

Бачыш ты! гл. бачыць.

Бог з табою! гл. бог.

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) цябе ведае гл. бог.

Вось табе! гл. вось ​2.

Вось табе і... гл. вось ​2.

Вось табе і на! Вось табе і раз! Вось табе і маеш! гл. вось ​2.

Дзе ты бачыў гл. бачыць.

Дзе цябе бог носіць? гл. бог.

Дзе цябе чорт носіць (чэрці носяць)? гл. чорт.

Дулю табе пад нос гл. дуля.

Каб на цябе ліха гл. ліха ​1.

Каб табе зарвала гл. зарваць.

Каб табе пуста было гл. быць.

Каб ты лопнуў (лопнула) гл. лопнуць ​1.

Каб ты спруцянеў гл. спруцянець.

На табе! гл. на ​2.

На ты з кім — (быць) у такіх адносінах, калі ў звароце адзін да аднаго гавораць «ты».

Не ты першы, не ты апошні гл. першы.

Няхай цябе качкі (стопчуць) гл. качка.

Соль табе ў вочы гл. соль.

Ух ты! — выкарыстоўваецца пры выказванні, афарбаваным якім‑н. пачуццём (здзіўлення, захаплення і пад.).

Хто цябе ведае гл. хто.

Чорт (кадук) з табой гл. чорт.

Што ты там (тут) забыў? — тое, што і што я там (тут) забыў? (гл. я).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ля́лька1, лялечка ’дзіцячая цацка ў выглядзе чалавека’ (Нас., Мядзв., Грыг., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’прыгожая, знешне прывабная істота або рэч’ (ТС), ’вельмі выпеставаная, крыкліва апранутая, расфуфыраная жанчына’ (міёр., З нар. сл.), ’бутэлька, у якую насыпаюць жыта і даюць хлопцу (і свату), калі дзяўчына згодна ісці за яго замуж’ (смарг., Сл. ПЗБ); ’зрэнка ў воку’ (лепел., КЭС; саліг., Нар. словатв.; ТС); ля́ля ’дзіця (з дзіцячай мовы), немаўля’ (Нас., Бес.; драг., КЭС), ’купідон, прыгожанькае дзіцятка’ (Шпіл., Растарг., Нар. Гом.), ’малое дзіця’ (драг., шальч., Сл. ПЗБ), ’спешчанае дзіця’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’лялька’ (слуц. КЭС). Укр. ля́лька, ля́ля, ля́лечка ’лялька’, ’маленькае дзіцё’, ’імя галоўнай дзяўчыны ў карагодзе, які праводзіцца напярэдадні вясенняга Юр’я’, ля́лько ’зрэнка’; рус. ля́лька, ля́ля ’хросная маці’, ’лялька’ (зах.), ’маленькае дзіцё’, перм. ля́лько ’хросны бацька’; ля́ля ’бамбіза, дылда’, ’цюхця, дурань’, ’вялы, някемлівы, нерашучы чалавек’; польск. laika, lala, låla ’лялька’, ’прыгожы, але абмежаваны чалавек’, ’дурань’, ’зрэнка ў воку’, lalki ’мэндлікі ў полі’, палаб. lʼolʼǝ ’бацька’; дзіцячае lala ’бог’, pójść do lali ’памерці, адправіцца ў нябыт’; чэш. валаш., ляш. lʼalʼa, lʼalʼka ’лялька’, ’чужы чалавек (дзіцячае)’, усх.-мар. lʼalička ’немаўля’, ход. lála ’нядбайны’, славац. ľaľo ’дурань, балван’; серб.-харв. ла́ло, ла́лко ’пяшчотная назва брата або старэйшага мужчыны ў доме’, ла̑ла, ла́ло ’бацька’, ’імя, якім старыя называюць маладых’, ’любы чалавек’, якія Скок (2, 264) не зусім абгрунтавана адносіць да цюркізмаў; балг. лало, лалко ’старшы брат (для малодшага)’, ’дурны, блазан’, лала ’цётка’, ’швагер’, славен. lila ’лялька’. Прасл. lʼalʼa — слова з дзіцячай мовы (як baba, mama, tata) для наймення дзіцяці, маленькага чалавека; пазней стала азначаць ’зрэнка’ з прычыны адбітку ў воку маленькага вобраза чалавека (Слаўскі, 4, 33–34). Значэнне ’лялька’ новае, яно ўзнікла ў гарадах у апошнія стагоддзі. Паводле Панятоўскага (Wiedza o Polsce, 3. Warszawa, 1932, 269), чалавечыя фігуркі ў славян першапачаткова былі сімвалам памерлых продкаў, дзядоў; звычай трымаць лялькі (сімвалы) у хаце быў пашыраны яшчэ ў XIX ст. у Польшчы і зах. Скандынавіі. Дзецям забаранялася з імі гуляць (гл. таксама Махэк₂, 319). І.‑е. адпаведнікі: алб. lelëo ’бацька’, ’дзядзька’, ’дзед’, ’старэйшы брат’, арум. lală ’дзядзька’, н.-грэч. λαλάбаба’, λαλάς ’дзядзька’, курд. lalu ’тс’. Бернекер (1, 700), а за ім Фасмер (2, 551) і Кюнэ (42) бел. і ўкр. лексемы разглядаюць як запазычанне з польск. мовы, што справядліва аспрэчваецца Праабражэнскім (1, 498).

Ля́лька2 ’матыль’ (бяроз., Выг.). Як і ўкр. жытом. ля́лька і валынск. ля́лючка ’лічынка матылька’ (ЛАПП) — рэліктавая лексема, якая ўзыходзіць да старажытных часоў, калі lʼalʼa азначала ’памерлыя продкі, дзяды’ (гл. ля́лька1). Табу — у слав. гаворках існуе павер’е, быццам душы памерлых, злыя духі хаваюцца ў матыльках (Важны, O jménech, 86). Параўн. бел. ба́бачка (гл.).

Ля́лька3 ’аер, Acorus L.’ (бых., Мат. Янк.). Паводле падабенства катаха аеру да прымітыўнай фігуркі лялькі. Да ля́лька1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сячы́, сяку, сячэш, сячэ; сячом, сечаце, сякуць; пр. сек, ‑ла; незак.

1. каго-што. Удараючы з размаху чым‑н. вострым, раздзяляць на часткі; рассякаць. Ідучы ў інтэрнат паўз дрывотню, хлапец бачыў, як старэнькі дзядуля, начны вартаўнік, сячэ дровы. Кулакоўскі. Людзі секлі трыснёг на кавалкі, расшчэплівалі на пласцінкі і склейвалі іх. Атрымліваліся лісты. Мяжэвіч. // Шматкратна ўдараючы чым‑н. вострым, здрабняць. Баба секла ў цэбрыку сырую бульбу. Сякач так і мільгаў уніз-уверх у яе руках. Паўлаў. А дворніца гэтак стараецца І наледзь няшчадна сячэ. А. Вольскі. // Ударамі збіваць, пашкоджваць. Стаяць халмагоркі, Крычаць певуны, Памост капытамі Сякуць скакуны. Калачынскі. // Рассякаць хуткімі рухамі, ударамі (паветра, ваду). Сякуць крыламі ластаўкі Распалены блакіт. Панчанка. Два шырокія промні секлі цемру, палохалі яе, жахалі. Пташнікаў. // Высякаць, здабываць (вугаль, гліну і пад.). Сячы вугаль.

2. каго-што. Падсякаць, валіць на зямлю, аддзяляць ад асновы; ссякаць. Сячы лес. □ Тут жа, на лабяку паўз дарогі, жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. / у перан. ужыв. — За такія памылкі галовы сякуць, — сказаў шэф. Новікаў. // Паражаць халоднай зброяй. Відаць, як узнімаюцца і апускаюцца постаці людзей, што махаюць вінтоўкамі з вострымі штыкамі, як рвуцца коні табун на табун, і людзі сякуць адзін аднаго шаблямі... Кавалёў.

3. што. Спец. Абчэсваць (камень). Сячы камень. // Вырабляць (з каменя) абчэсваннем; высякаць.

4. каго-што. Біць, караць (розгамі, бізуном і пад.). Маці таксама хвастала чым папала. Але секла яна з асцярогай. Асіпенка. Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Гарэцкі.

5. каго-што і без дап. Ліць моцна, струменямі. А дождж сячэ, і ўсё цячэ, у грум бяжыць вада. А. Вольскі. // З сілай біць, хвастаць (пра дождж, град і пад.). Жыта сек за хатай град І ў сосны, біўся ён са звонам. Куляшоў. Пасля дажджу, які некалькі дзён запар сек пажоўклую траву і збіваў чырвонае лісце з дрэў, усюды блішчалі лужыны. Хомчанка. // Хвастаць, удараць чым‑н. Ногі грузлі ў .. торфе, і нябачнае ў змроку вецце секла ў твар. Навуменка. // Рэзаць (пра траву і пад.). Маладая асака сячэ босыя ногі. Бажко.

6. Разм. Весці бесперапынны моцны абстрэл. Па гасцініцы зноў ударыла артылерыя, кулямёты секлі шквальным агнём. Грахоўскі.

7. каго-што. Разм. Кусаць (пра насякомых). Аваднёў цяпер многа, і сляпні сякуць жывёлу. Рылько.

8. перан. Гаварыць, выказвацца пра каго‑, што‑н. вельмі рэзка, рашуча. Аўдзей Іванавіч у крэсле закрактаў: — Цыц! Зноў языку ты [Сымон] волю даў? Вунь, пасівелі твае скроні, А розуму ніяк не нажывеш, Усё з пляча сячэш... Валасевіч.

9. што. Разм. Грызці, прагрызаць дзіркі дзе‑н. (пра мышэй). Мышы сякуць салому.

10. што і без дап. Разм. Рабіць што‑н. хутка, у тэмпе. Гадзіны паўтары Савоська не пераставаў сячы на цымбалах. Чарот.

•••

Сячы ў вочы — адкрыта гаварыць праўду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлеб, ‑а, м.

1. толькі адз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Пшанічны хлеб. Кілаграм хлеба. □ У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. Як пернік смачны, У руцэ Трымаў я хлеб жытні калісьці — Спадыспаду не ў муцэ, А на кляновым лісці. Аўрамчык. Ідзеш на дзень — хлеба бяры на два. Прыказка. Ядуць на свеце хлеб траякі: чорны, белы і ніякі. Прыказка. // Такі прадукт у выглядзе вырабаў пэўнай формы. Круглы хлеб. Бохан хлеба. // Цеста, прыгатаванае для выпечкі хлебных вырабаў. Хлеб падышоў. □ [Жонка:] — Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ. Якімовіч. // а таксама мн. (хлябы́, о́ў). Выпечка. У дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлябы. Чорны.

2. Зерне, якое мелецца на муку для выпякання хлеба. Абмалочаны хлеб. □ Большасць сабранага хлеба калгаснікі.. падзялілі паміж сабой на працадні. Шамякін.

3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані. — Цёзка, ці не бачыш, што ў нас у гэтым годзе хлеб радкаваты? — запытаў яго, сеўшы побач, калгасны брыгадзір Кузьма Стрыж. Дуброўскі. Хлеб па хлебу сеяць — ні малаціць, ні веяць. Прыказка. / мн. хлябы́, о́ў. Разм. Жыта там родзіцца на дзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, У іх конь хаваецца з дугою. Колас.

4. толькі адз.; перан. Разм. Сродкі для існавання, заробак. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкулы яму не ставала часу і, да таго ж, ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб. М. Стральцоў. У сенцах сустрэліся з гаспадыняй — баба што печ, на ўсе дзверы. Клім спыніўся і з усмешкаю кіўнуў Шэмету на жонку: — На старшынёўскіх хлябах. Лобан. / Пра жыццё, долю. Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Колас.

•••

Барадзінскі хлеб — асобы гатунак паштучнага заварнога хлеба, які выпякаецца з шатраванай жытняй і пшанічнай мукі і мае прыемны саладкаваты прысмак.

Мінскі хлеб — хлеб з жытняй пытляванай мукі з кменам.

Украінскі хлеб — хлеб з жытняй шатраванай мукі з дабаўленнем пшанічнай мукі другога гатунку.

Аб сухім хлебе — без вадкай стравы (жыць).

Без хлеба сядзець — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.

Гэта мой (твой, яго, яе, наш, ваш, іх) хлеб — пра чый‑н. занятак.

Дарэмна хлеб есці гл. есці.

Даць салдацкага хлеба (груб.) — даць выспятка; даць каленам пад зад.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезенай дадому з лесу, лугу і пад., якую прапануюць з’есці дзецям.

З хлеба крошак шукаць гл. шукаць.

Ісці на свой хлеб гл. ісці.

І то (гэта) хлеб — ёсць нейкая карысць каму‑н.

І хлеб і да хлеба — усяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання).

Карміць хлебам гл. карміць.

Кусок (кавалак) хлеба гл. кусок.

Лёгкі хлеб — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот, без напружання сіл.

Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.

На ласкавым хлебе — быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні, з чыёй‑н. ласкі.

Не вялікі хлеб — а) не вельмі добра; б) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.

Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць каго‑н. у ядзе.

Перабівацца з вады на хлеб (з хлеба на квас) гл. перабівацца.

Свой акраец хлеба гл. акраец.

Сесці на хлеб чый гл. сесці.

Стаць на свой хлеб гл. стаць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Хлебам не кармі гл. карміць.

Хлеб ды соль! — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Хлеб есці з чаго гл. есці.

Хлеб-соль — пачастунак. — Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі.. Заехаў.. укусіць хлеба-солі!.. Брыль.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.

Шукаць лёгкага хлеба гл. шукаць.

Шукаць як хлеба гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́ліва ’асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш.’ (БРС, ТСБМ, Кліх; КЭС, лаг., Сержп., Прымхі: … вырываюць яго адно каліво ці цыэлы куст…; Федар. Рук.; Шат., Яруш.), сюды ж, відаць, каліва ў Каспяровіча, нягледзячы на яго дэфініцыю ’маладая расліна’, параўн. ілюстрацыю: «Дай мне каліва расады», с. 150, каліва ’адно гняздо бульбы, адзін корч’ (Сцяшк. МГ), адно зернетка (збожжа, маку, якога-н. насення і інш.)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас.). Сержп. Прымхі: семь каліў гароху, тры каліва перцу…; Федар. Рук., Шат.; барыс., Шн., 2, 68: «Разъ пошла баба воды браць у колодзись, зачарпнула вядромъ ды и паглядзела: ци поўно зачарпнула?.. видзиць — каливо гороху y‑вы днѣ ляжиць…» ’невялікая колькасць чаго-н.; трошкі, крыху’ (БРС, ТСБМ, Жд. 3, Касп., Мядзв., Нас., Яўс.). Апошняе значэнне звычайна характэрна для памяншальнай формы слова: каліўка ’вельмі мала, трошкі і да т. п.’ (Бяльк., Мат. Гом., Нас.), апрача гэтага, фіксуюць каліўку ’тс’ (Мат. Маг.), каліўка ’зерня’ (Бяльк.; навагр., КЭС; Нас.). Насовіч (228) таксама адзначае: «Самая мелочь в сходстве. И каливки бацькины подобравъ». Далей адзначаюць вытворныя каліўцаБРС як памянш.-ласк. да каліва ў асноўных значэннях), Насовіч дае каливцо ’дробнае зерне’, Каспяровіч і Палявой фіксуюць значэнне ’трошкі’. Пашыраны такі дэрыват, як каліўе ’сцёблы траў або збожжавых злакаў’ (ТСБМ, Шат.), ’бульбоўнік (націна)’ (ДАБМ, Жд. 3; КЭС, лаг., Ян., Мат. Гом.), каліўе ’тс’ (Сцяшк.). Апрача гэтых, ДАБМ падае каліўнік, каліўянік ’тс’, а Мат. Гом.каліўнік, калівашнік, каліўяшнік ’тс’. У новых слоўніках каліва, кальва, кальво, каліва ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (даўг., віл.), ’асобная расліна’ (в.-дзвін., шальч., віл., іўеў., шчуч., крын., зэльв., гродз.), ’націна аднаго клубня’ (паст., круп., барыс., смарг., маст., шчуч.), ’малая колькасць, трошкі чаго-н.’ (рас., лаг., пруж., Сл. паўн.-зах.), паст., віл. каліўца, каляўца ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (Сл. паўн.-зах.), каліўя ’націна бульбы’, калівіна ’каліва, адна сцябліна’, каліво ’сцябло расліны’ (ТС), ’корч, куст (гародніны)’ (Ян.), каліўе ’націна бульбы, буракоў’ (Ян.). Апрача бел. мовы, адзначана ва ўкр. усх.-палес. гаворках: каліва, каліванне, калівʼе, калівʼя ’націна бульбы’, калівешнік ’тс’ і ’націна морквы, гароху’, чарніг. каліво ’корч бульбы’ і ’пра каноплі, лён — палову «повесма»’. У рус. калуж. адзначана каливина ’трошкі; кропелька’, каливо ’націна агародных раслін’, бран. ’корч бульбы’, вялікал. каливье ’націна бручкі’, сіб. каливья ’націна бульбы’, зах.-бран. калева ’корч бульбы’, бран. калева і каліва ’нейкая расліна’, смал. калива ’сцябліна’, калевка, калёвка і каливка ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калуж., смал., зах.-бран. калевка; смал. калевка, калуж., смал. калёвка, пуціўльск., курск. каливка, таксама арл., бран. каливка ’пацерачка (адна)’, росл., смал. ’дружочак, міленькі і да т. п.’, зах.-бран. калево і каливо ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калево, росл., смал., калуж. каливо ’дробнае зерне (адно)’, смал. калево, смал., іркуцк. каливо, калуж., смал. калёвочка ’найменшая колькасць чаго-н., кропелечка’, пск., смал. каливочка ’тс’; колево, коливо ’парастак, расток, сцябліна’ (зах. паводле Даля), колево ’аўсяны колас, «бронь».’ Ёсць таксама пск. коливистый, колевистый ’зярністы, каласісты (збожжа, авёс і да т. п.)’. Гэтыя прыклады дазваляюць з вялікай дакладнасцю меркаваць аб лінгвагеаграфіі слова. Праўда, СРНГ у якасці паралелі прыводзіць яшчэ польск. kaliwo, аднак з гэтым нельга пагадзіцца. Найбольшая колькасць прыкладаў«польскага» слова у значэннях, адэкватных беларускім, падаецца Карловічам: kaliwa, kaliwo, kaliwko, адносна якога можна з упэўненасцю гаварыць, што гэта беларускае слова. Слаўскі наогул не разглядае гэтай лексемы, хоць форма kaliwek фіксуецца ў Ліндэ. Дарашэўскі ў слоўніку літаратурнай мовы ўказвае бел. крыніцу. Аналіз геаграфіі слова сведчыць, што, па-першае, гэта ўсх.-слав. лексема; па-другое, распаўсюджана яна або ў бел. гаворках, або ў тых рус. і ўкр., якія гістарычна ці геаграфічна суадносяцца з бел. Далейшы статус яго (запазычанне, інавацыя, архаізм) паводле гэтага крытэрыю вызначыць цяжэй. Не выключана (параўн. прыклады з рус. гаворак) рэканструкцыя формы калево; бел. лексіка дэманструе галосны ў пазіцыі пасля націску. Спроба дастаткова надзейнай этымалагізацыі на слав. глебе належыць Безлаю, 2, 10, які параўноўвае бел. каліва з шэрагам слав. лексем. Сюды славен. kȃl ’расток, парастак’ (адзначаны формы муж. і жан. роду), kȃla, далей kȃlec, kȃlcek, kȃlíca ’расліна чарнушка, Nigella sativa (матывацыя назвы няясная)’, таксама kaliv, kálast і kalíti, kalí, vzkalíti, якія суадносяцца з (vz‑)klíti, (vz‑)klije, напрыклад seme kali, seme vzklije iz zemblje. Для гэтых форм прапануецца прасл. рэканструкцыя *kōlъ, паралельная да *kъlъ. Паводле Безлая, сюды можна аднесці в.-луж. kał, якое традыцыйна, услед за Мукай, 1, 565, лічылі запазычаннем з ням. kohl або н.-ням. kal (так Більфельд, Lehnwörter, 153). Значэнне луж. слова ’капуста, Brassica oleracea’ супадае з ням. (аб іншых значэннях і формах гл. падрабязна Шустэр–Шэўц, 7, 483), што сапраўды як быццам падтрымлівае версію аб запазычанні слова. Але Шустэр–Шэўц (7, 483–484) звяртае ўвагу на тое, што ні па фармальнаму, ні па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю такая версія не можа быць прынята. Фанетыка луж. лексікі не адпавядае мяркуемай ням. крыніцы.

Ка́ліва2 ’памінальная куцця’ (Мядзв.). Дакладных адпаведнікаў у бел. крыніцах не адзначана. З магчымых рус. паралелей звяртае на сябе ўвагу калуж. калево задать ’памерці’, прыклад, аднак, вельмі двухсэнсоўны (магчыма, пад уплывам калець ’здыхаць’). Па гэтай прычыне можна думаць, што тут змяненне фанетыкі аналагічна каліва1, паколькі ў запазычаным коливо (рус., укр., ц.-слав.), якое з грэч. κόλλυβον першы галосны пад націскам. Зыходзячы з формы — з н.-грэч., праз царкоўную лексіку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)