По́пыт ’патрабаванне на рабочую сілу, тавар, патрэба’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), укр. по́пит ’запатрабаванне (тавару, асобы), патрэба; папулярнасць’, польск. popyt ’запатрабаванне (тавару, асобы), патрэба, папулярнасць’. Насуперак Банькоўскаму (2, 702), які лічыць польск. popyt калькай ням. Nachfrage ’тс’, можа разглядацца як самастойнае славянскае аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- і семантыкай выніковасці дзеяння ад пытацца (гл.), як і шэраг падобных утварэнняў, параўн. пабо́р, пада́так, паку́пка, рус. побо́р, поку́пка, по́дать, польск. pobór, podatek, ст.-польск. pokup, popłat, podaz, чэш. poptávka, славац. poplatok ’плата, збор’, славен. poprašanje ’запрос, пытанне, апытванне’, poplača ’заробак’, popúst ’зніжка’, якім адпавядаюць рознапрыставачныя, у тым ліку беспрыставачныя формы з ням. мовы: Kauf ’пакупка’, Lohn ’заробак’, Befrage ’запрос’, Unterlass ’зніжка’ і інш. У першасным значэнні попыт, імаверна, азначала ’запытанне, распытванне пра належнасць тавару’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нагода ’прычына, выпадак’ (ТСБМ), параўн. таксама нагодачка‑пого́дачка ’божая кароўка’ (лаг., Шатал.). Укр. нагода ’выпадак, зручны час’, польск. nagoda ’прычына, аказія, выпадак, прыгода’, чэш. náhoda ’выпадак, выпадковасць, няшчасны выпадак’. Усё да *goditi з шырокай семантыкай, у тым ліку ’чакаць зручнага выпадку, рыхтавацца да нечага’, параўн. балг. нагодя се ’прыстасавацца, патрапіць’; зыходным для беларускага слова можа быць дзеяслоў нагадзіцца ’трапіцца, выпадкова сустрэцца, нечакана з’явіцца’, параўн. безасабовы дзеяслоў нагодзіло з супрацьлеглым (адмоўным) значэннем ’не ў пару прынесла каго-н. ці што-н.’ (Нас.). Наяўнасць падобных утварэнняў у народнай мове, здаецца, здымае пытанне аб магчымым пранікненні названага слова з чэшска-польскага арэала або з эмігранцкіх выданняў, дзе яны, на думку Жураўскага (Беларуская мова і літаратура ў школе, 1988, 2, 14), «адзначаюцца значна раней, чым у нашых мясцовых беларускіх».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нары́тнікі ’набедрыкі’ (Некр., ТС, Мат. Гом.), ’шляя’ (Маслен.; чач., Жыв. сл.), ’паўшоры’ (рэч., Нар. сл.), наритнікі ’набедрыкі’ (кір., Нар. сл.; гом., Мат. Гом.), нарыткі ’тс’ (ТС), нары(т)шнікі ’тс’ (Шат.), укр. наритники ’шляя’. Паводле Непакупнага (Связи, 48–49), корань ‑рот‑ ’бядро, бок, круп каня’ выводзіцца на падставе структурнай паралелі і семантычнага аналага на‑бедр‑ыкі і суадносіцца з літ. rietas ’бядро’, роднасным ст.-рус. рить ’капыт’, ст.-ц.-слав. рить, чэш. riť, польск. rzyć ’anus’, а само слова можа разглядацца як паўкалька ці лексіка-семантычны варыянт тэрміна набедрыкі. Параўн. таксама рыткі ’прыстасаванне для выроўнівання асновы пры навіванні яе на навой (дзве драўляныя планкі з зубцамі)’ (ТС, Уладз.), якое фармальна можна суаднесці з нарыткі ’набедрыкі’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́а ’не (адмова)’: неа, ні пайду (мсцісл., З нар. сл.), ’тс’ (Грыг., Гарэц.; бялын., Янк. Мат.; ТС), не́‑а ’тс’ (Янк. 1), не́ка ’тс’ (Цых.). З не́ е(сць) (< *ne jestь) у выніку выпадзення j у інтэрвакальным становішчы і змены э > а ў занаціскным складзе, як у зна́а < знае, сыро́а < сырое (гл. Карскі, 1, 270), параўн. чэш. дыял. neʼe славен. дыял. naʼa, апошняе можа выступаць і ў форме naka, параўн. таксама і балг. радоп. на́ка ’не’, што адпавядаюць чэш. дыял. neʼ (nek) з прыдыханнем (гл. ESSJ SG, 2, 437, 441); адпаведна з гэтым гродз. не́ка ўзнікла ў выніку устаўкі ‑к‑. Іншыя версіі: неа < не́ка, дзе ‑ка, як у нема́ека, ту́така, та́мака, ёсцека і пад., або з неќаць ’гаварыць не’, здаюцца менш верагоднымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нерх ’лёгкая неўраджайная зямля’ (ТС), нерхова́ты ’неўраджайны, лёгкі (аб зямлі)’ (ТС). Няясна; магчыма, звязана з польск. дыял. nierzch ’нераст, ікра’, што адлюстроўвае знешняе падабенства, параўн.: «Земля — нерх, бі чэ́рві ее поточылі. Вона бі чорна, але непло́тна» (ТС), тады ўсё да нераст (гл.), якое можа мець значэнне ’ікра ў рыб, жаб’ і інш. У сувязі з апошнім параўн. укр. нерость, нерість ’усё зямное (акрамя вады), што не расце і што не створана штучна: зямля, каменні, металы, г. зн. наогул мінералы’ (Грынч., да рости ’расці’), што дапускае змяшэнне з нересть ’апладненне ў рыб, змей; сварка’ (там жа). Ва ўсякім разе здзіўляе поўная ідэнтычнасць слова з рэканструкцыяй прасл. *nerьchъnerĭs‑os ’нераст, ікра’ (Шустар-Шэўц, 13, 996), магчыма, першаснае значэнне грунтуецца на ўяўленні пра ікру земнаводных ці чарвякоў. Гл. няршы́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гіз1 ’муха-сляпень’ (БРС, КЭС). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 224), можна рэканструяваць прасл. *gyzъ ’сляпень’ на аснове бел. гіз, польск. дыял. giz і н.-луж. gizk ’тс’. Слова *gyzъ роднаснае быццам з *gъzъ (> польск. giez). Але параўн. гіз2, гіж.

Гіз2 ’гізаванне’ (Сцяшк.). Як ад гіж ’авадзень’ утвораны дзеясловы гіжа́ць, гіжува́ць (гл.), так і ад гіз ’авадзень’ утвараюцца гіз ’гізаванне’ (параўн. і польск. giez ’авадзень’, giez ’гізаванне скаціны’), гізава́ць (БРС, Касп., Шат., Сцяшк.), гізыва́ць (Бяльк.). Праўда, можна ставіць пытанне: ці гіз не запазычана з польск. giez? Аб гэтым можа сведчыць і дзеяслоў ґізануць ’пабегчы, гізануць’, засведчаны ў Сцяшк. з выбухным ґ. Дзеяслоў гізава́ць Сл. паўн.-зах. лічыць запазычаннем з літ. gizúoti ’тс’; няпэўна. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 7, 224.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крэ́пкі ’дужы, моцны; цвёрды, крамяны’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Ян., Шатал.). Укр. кріпкий, рус. крепкий, ст.-рус. крѣпкыи, ст.-слав. крѣпъкъ, балг. крепък, макед. крепок, серб.-харв. кре̏пки, кре̏пак, славен. krépec ’тс’, польск. krzepki, ст.-чэш. křěpky, славац. krepký ’тс’. Прасл. krěpъкъ ’моцны, сільны’ — прыметнік на ‑къ ад krěpъ. Зберагліся формы без ‑къ: ст.-слав. крѣпъ, славац. krepý, серб.-харв. krijep. Надзейных балтыйскіх і іншых індаеўрапейскіх паралелей няма. Традыцыйнае супастаўленне са ст.-ісл. hráefa ’вытрымаць’ (Бернекер, 614; Покарны, 620). На жаль, у гэтай лексемы няма адпаведнікаў. Зупітца (KZ, 27, 389) параўноўвае ст.-ісл. kraptr, ст.-в.-ням. kraft ’сіла, моц’. У гэтым выпадку не можа быць гаворкі аб генетычнай суаднесенасці. Магчыма, вынік лексічных пранікненняў, але абгрунтаваць германскую, славянскую або іншамоўную трэцюю крыніцу пакуль што не ўдаецца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле1 ’каля, ля’ (лях., Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Скарочаная форма з кале, параўн. навагр. кале (Кліх) — паўн.-прасл. kole (форма м. скл.), параўн. польск. kole, каш. kole, kale, kiiole і інш., чэш. kole. Копечны (ESSJ, 1, 89) мяркуе, што форма kole не абавязкова з’яўляецца месным склонам, а гэта можа быць замена канцавой галоснай у другасных прыназоўнікаў, параўн. podle/podli/podle/podia і г. д.

Ле2 ’для’ (лельч., Мат. Гом.; кам., стол., драг., Сл. паўн.-зах.) — у выніку выпадзення д‑ перад я (Карскі, і, 352) з дле, якое з’яўляецца другасным прыназоўнікам (ужываецца з р. скл.). З для < і прасл. dblja. Канцавое ‑е магло быць вынікам рэдукцыі як ненаціскное або паводле аналогіі да po‑dle (Карскі 2–3, 462). Да для (гл.). Параўн. таксама лі (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуёк ’птушка Charadrius dubius ці Charadrius hiaticula’. Рус. зуёк, зуй ’тс’, у гаворках таксама назва іншых птушак (Tringa minuta, T. temincei, Totanus calidris, T. fuscus і інш.), серб.-харв. зу̏јак ’жук Scarabeus stercoririus’. Ст.-рус. зуй ’назва птушкі’ (XVII ст.). Зуёк памянш. да зуй, назвы птушкі, верагодна, гукапераймальнай (параўн. серб.-харв. зy̑j ’гудзенне’, зык. Гараеў, 119; Фасмер, 2, 108; Шанскі, 2, З, 114; Антропаў, дыс. Праабражэнскі пярэчыць Гараеву, але этымалогіі не дае). Младэнаў (ССУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 64) услед за Міклашычам (404) падводзіць пад корань *zu‑ < і.-е. *gʼheu̯‑, *gʼhou̯‑ (параўн. зваць), у Покарнага (1, 413) *gʼhau‑, *gʼhau̯ə‑ ’крычаць, зваць’, прычым піша, што гэта можа быць гукапераймальнае слова. Скок (3, 664) лічыць zújati гукапераймальным, адкуль і зујак. Параўн. яшчэ з зуй1, зуй2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабала́ ’пэўная залежнасць ад каго-н., паднявольнае становішча; прыгнёт’ (БРС, ТСБМ, Мат. Маг., Яруш.), ’турбота, клопат, падман, дробязь, глупства’ (Нас.). Значэнні слова паказваюць на магчымыя змяшэнні двух запазычаных слоў. Адно з іх можа адносіцца да польск. kabala, якое ўзыходзіць да ст.-яўр. kabbālāh ’патаемная навука’ (гл. Слаўскі 2, 8). Адсюль значэнні ’падман, глупства’ і да т. п. Другое (значэнні ’турбота, клопат’) — да рус., укр. кабала ’завінавачанасць, няволя’, запазычаных з усходніх моў, гл. Фасмер, 2, 148.

Каба́ла ’гадальныя карты’ (Федар., 2), кабалы ’тс’ (Шат.). Параўн. у Федароўскага, 2, 113: «закінь ты мне кабалу…». Бел. кабала ў гэтым значэнні паходзіць з кабала ’варажба на картах’, крыніцай якога з’яўляецца польск. kabała ’варажба на картах; варажба ўвогуле’. Карскі (1904, 172) у якасці крыніцы для бел. каба́лы ’пасьянс’ называе ст.-яўр. kabbālāh.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)