Саніта́р ’асоба малодшага медыцынскага персаналу ў лячэбных установах, якая даглядае хворых і раненых, сочыць за чысцінёй у палатах і пад.’ (ТСБМ). З рус. санита́р ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 89), якое, магчыма, з франц. sanitaire ’які мае дачыненне да аховы здароўя’ з дапамогай суф. ‑ар‑ (Гараеў, 451; Фасмер, 3, 557).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сказы́лка ‘стрыжань птушынага пяра’ (зэльв., Сл. ПЗБ). Ні фармальная структура слова, ні матывы намінацыі няясныя. Фармальна ад ска́зіць (гл. сказа) з суф. ‑ыль + ‑к‑; ‑л‑ у суф. магло ацвярдзець па аналогіі з кабылка, бабылка і да т. п. Магчыма, ‘тое, што “псуе” абскубаную курыцу’ (г. зн. яе мяса).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сло́ўнік ‘збор размешчаных у пэўным парадку слоў з тлумачэннем або перакладам на іншую мову’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Паводле Гіст. мовы (2, 146), слова з’явілася ў пачатку XX ст. Відавочна, паланізм: з польск. słownik ‘тс’. Да слова (гл.). У славянскіх мовах, магчыма, калька лац. vocabularium ‘тс’ ад vocabulum ‘слова’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́нга1 ’парны бальны танец’ (ТСБМ). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, дзе з аргентынскага ісп. tango ’тс’, магчыма, гукапераймальнага паходжання (Сной₂, 750).

Та́нґа2 ’танк’ (Сл. ПЗБ), та́нґа, та́нка ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Гл. танк. Фанетычныя і марфалагічныя змены (ж. р.), відаць, з-за нехарактэрнай для беларускай народнай мовы фіналі ‑нк.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трухні́вы, трухня́вы ‘трухлявы, крохкі, нямоцны’ (ТС), сюды ж трухне́ць ‘брынчаць, брынкаць, бразгаць (пра надтрэснуты посуд)’ (ТС), з іншай асновай трухце́ць ‘трашчаць’ (люб., Жыв. сл.), ‘утвараць глухі гук (пра надтрэснуты посуд’ (Зайка Кос.). Параўн. укр. трухня́вий ‘струхлы’, трухні́ти ‘гніць’, чэш. trouchnivý ‘трухлявы’. Да трухнуць (гл.), магчыма, пад уплывам трупце́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэрыто́рыя ‘абшар, працяг зямлі’ (ТСБМ, Пятр.). Можа разглядацца як адаптаваны тэрмін з мясцовай актавай лаціны ВКЛ, параўн. лац. territorium ‘абшар, прыналежны да нейкага горада, ваколіца горада; поле, маёмасць, уладанне; рэгіён’ (Жлутка). Магчыма, пазнейшае абноўленае запазычанне праз рус. территория з франц. territoire, англ. territory, што ўзыходяць да лац. terra ‘зямля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аптэ́ка. Дыял. гапты́ка. Ст.-бел. аптыка (Булыка, Запазыч.), аптека, аптекаръ, аптекарка (Гіст. лекс., 154–155). Рус. аптека (з XVII ст.; таксама ў форме оптека, абтыка; аптекарь с 1583 — Шанскі, 1, А, 133. У XIX ст. фіксуецца таксама апотека). Укр. аптека, дыял. аптика з XVI ст.; аптекаръ з XVII ст. Першыя аптэкі на тэрыторыі Беларусі ў Пінску (1561) і Брэсце (1566) (БелСЭ, 1, 399). Рус.-ц.-слав. апотека (XIV ці XV ст.) — ’свіран’ (Міклашыч, Lex. palaeosl). Польск. apteka, дыял. aptyka, haptyka (з XV ст. apoteka, з XVI ст. apteka). Беларускае слова з польскай (а не з рускай, як лічыў Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе apoteka з чэшскай (Рэчак, Bohemizmy, 31) ці непасрэдна з лацінскай (Клеменсевіч, 145), а apteka з нямецкай (н.-ням. aptek, балт.-ням. aptheke (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Крыніцай нямецкага і чэшскага, а магчыма, і польскага слова была лацінская мова, у якой у сярэднія вякі ўжо было вядома спецыялізаванае значэнне ’магазін лякарстваў’. Лац. apotheca і рус.-ц.-слав. апотека з грэч. ἀποθήκη ’склад, свіран’. У бел. дыял. гаптыка г можа быць і беларускай з’явай, а ы хутчэй за ўсё з польскай, дзе, магчыма, з чэшскай, а магчыма, і на ўласнай глебе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асо́ба (БРС, Нас., Яруш.). Рус., укр., балг. особа, серб.-харв. о̀соба, польск., чэш., славац., славен. osoba, в.-луж., н.-луж. wosoba. У старабеларускай са значэннем ’форма, сукупнасць рыс, твар’ (Гіст. мовы, 1, 219). У ст.-рус., ст.-слав. толькі особь, ст.-рус. особѣ ’особна’. Літ. asabà ’асоба’ з польскай ці беларускай (Фрэнкель, 18). У польск. osoba з XV ст. Звычайна лічаць, што назоўнік утвораны з прыслоўнага выразу о собѣ ’особна’ (Фасмер, 3, 162). Гэта, аднак, незвычайны шлях утварэння назоўнікаў. Хутчэй трэба лічыць утвораным з вядомага ўжо ў стараславянскіх помніках дзеяслова особити (сѧ) ’жыць асобна’ як бяссуфіксны назоўнік. Рускае слова, вядомае з пачатку XVIII ст., Вінаградаў, Очерк, 32; Фасмер лічыць запазычаным з польскай, а Шанскі, КЭСРЯ, 315, — агульнаславянскім. Улічваючы час фіксацыі рускага слова (прыкладна на стагоддзе пазней, чым у заходнерускіх помніках), магчыма, трэба пагадзіцца з Вінаградавым і інш. Позняя фіксацыя і старабеларускія значэнні гавораць у карысць таго, што беларускае слова трэба лічыць запазычаным з польскай, дзе пашырана, магчыма, пад чэшскім уплывам. Дзеяслоў *osobiti ўтвораны непасрэдна ад прыслоўнага выразу *о sobě ці, хутчэй, ад праславянскага прыметніка *osobъ, што захаваўся ў выглядзе асобы, утворанага ад *о sobě; адсюль і асобны (*osobьnъ); ад асоба ’персона’ — асабовы, асабісты (магчыма, на польскай глебе).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́два ’выток ракі’ (Яшк.). Магчыма, ад вод‑ (гл. вада) і суф. ‑ва ў зборным значэнні. Але параўн. гідронім Водва (дакладна балтскага паходжання — літ. Vaduva/Vadva) і актыўнасць гэтага гідранімічнага тыпу (на ‑ва) у Верхнім Падняпроўі (гл. Тапароў, Трубачоў, Лингв. анализ, 154 і наст.; 166 і наст.; Атрэмбскі, LP, 1, 235).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́смерць прысл. ’да смерці’ («Полымя», 1970, № 2, 118). Няясна, магчыма, прыназоўнікавае ўтварэнне — у + смерць, як на + смерць з нехарактэрнай для бел. мовы перацяжкай націску; параўн. рус. на́смерть. Апошняе дазваляе меркаваць аб магчымым запазычанні слова з рус. мовы, відаць, вусным шляхам, дзе яно магло паходзіць са спалучэння в + смерть (дакладней — во́ смерть).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)