укры́цца, укрыюся, укрыешся, укрыецца; зак.

1. Накрыцца, закрыцца поўнасцю, з усіх бакоў, ухутацца. Алаіза паслала ложак. Лягла, укрылася з галавою. Арабей. [Мялешка:] — І вазьмі вось мой плашч, укрыйся. Васілевіч.

2. Накрыцца, запоўніцца, усеяцца чым‑н. па паверхні. У пакоях, дзе раней панаваў строгі парадак, чысціня, усё нібы пастарэла, укрылася пылам. Карпаў. Укрылася лёдам возера — не правіць было рыбакам пелькі. Мыслівец. Пастаяўшы нейкі час каля куста вярбы, што ўкрыўся жоўтымі коцікамі, павярнуў дадому. Ігнаценка. // Ахутацца, ахінуцца чым‑н. Апілкі сонца церушыла. Як цыркуляркаю-пілой, І далеч доўга не спяшыла Укрыцца шызаю імглой. Гаўрусёў. // Стаць пакрытым чым‑н., што выступіла на паверхні чаго‑н. У Сузона ў момант твар укрыўся кроплямі поту, шчокі пачалі падрыгваць. Галавач.

3. Схаваўшыся дзе‑н., засцерагчы сябе ад каго‑, чаго‑н. Вялічка і хто быў з ім убачылі, што выйсці з дома і дзе-небудзь укрыцца ад бомб няма як: усё навокал кіпела і рвалася. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Застацца цэлым, непашкоджаным, не разбурыцца. Сяло ўцалела, не было відаць ніводнай спаленай хаты, каля сцен хат весела зелянелі клёна, ліпы і вастраверхія ігрушы. Мележ. Дом гэты, адзін з нямногіх у цэнтральнай частцы горада, уцалеў пасля варварскіх бамбардзіровак. В. Вольскі. // Аказацца ў наяўнасці, незрасходаваным. Пасядзяць, пагавораць людзі.. ды папросяцца за стол.. Якраз слоік баравічкоў ўцалеў, у гарлачыку мёду трохі. Гроднеў. // Не быць знішчанымі, згубленымі; зберагчыся. Захавалася вельмі мала сатырычных тэкстаў XVII стагоддзя.. Уцалела па некалькі спісаў «Прамовы Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча». Казека. Яны [артысты] падаставалі з матчыных скрыняў, калі яна ў каго ўцалела, кашулі-вышыванкі, шаўковыя каснікі, фартушкі і кофтачкі. Няхай. // Застацца жывым, не загінуць. У рукапашнай схватцы партызаны змялі карнікаў, толькі адзінкі.. уцалелі. Гурскі. Адно думала [жанчына] і адным жыла: як накарміць дзяцей, як зрабіць так, каб уцалелі... М. Стральцоў. // Пазбегнуць чаго‑н., не падвяргацца чаму‑н. Уцалець ад суда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлак, ‑у, м.

1. Расплаўленая ці застылая маса розных прымесей, попелу і флюсаў, якая з’яўляецца пабочным прадуктам металургічнай вытворчасці. І кожны раз, калі вырываецца цяжкі паток металу з латкоў домнаў і мартэнаў, людзі гарачых цэхаў бачаць, як усё менш і менш выходзіць шлаку, усё больш мацнейшай робіцца сталь. «Беларусь». [Дзіміна] стаяла крыху ўбаку і безуважна пазірала, як плавільшчык качаргой ачышчае печ ад шлаку. Карпаў. // перан. Пра тое, што непатрэбна, не мае каштоўнасці, з’яўляецца лішнім, шкодным. Фашызм — шлак чалавецтва.

2. Попел каменнага вугалю ў топцы, які сплавіўся ў цвёрдую масу. Шура ссунуўся з вагона, назбіраў каля рэек шурпата-наздраватых камякоў шлаку, падаў дзядзьку Мікалаю. Ставер. Там [на гарадской ускраіне] не толькі вуліцы, нават гароды засыпаны шлакам ад перагарэлага вугалю. Ус.

3. Слой, які ўтвараецца на паверхні наплаўленага металу пры дугавой электразварцы.

4. звычайна мн. (шла́кі, ‑аў). Адходы фізіялагічных працэсаў, якія адбываюцца ў арганізме (не засвоены бялок і інш. рэчывы).

[Ням. Schlacke.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сцябло́ ’надземная частка травяністай расліны’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Касп., Арх. Вяр., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’жэрдка, вакол якой кладуць стог’ (свісл., Шатал.), ’шасток каля печы для вешання адзежы’ (Чач.), ’журавель’ (беласт., Сл. ПЗБ; маст., дзятл., ДАБМ, камент., 810), ’рыбалоўная прылада’ (Ян.), сцебло́ ’ствол расліны, дрэва’, ’ручка веніка’ (ТС), сця́бла ’выдаўбаны з дрэва жолаб для складвання сетак’ (Браім, Рыбалоўства), сцябе́ль ’сцябло’ (Бяльк., Сцяшк.), сце́бель ’ручка ў вясле’ (ТС), стэбло́ ’дышаль у плуга’ (Тарн.), стэбэлі́на ’сцябло’ (бяроз., Шатал.). Укр. сте́бель, стебло́ ’сцябло’, стябло́ ’драўляны коўш’, ’дошка для складвання сетак’, ’сплеценая з чароту талерка’, рус. сте́бель, стебло́ ’дзяржанне; сцябло, ствол’, стараж.-рус. стьбло, стьбль, польск. ździeblo, źdźblo, в.-луж. stwjelco, н.-луж. spłо, дыял. zbło, палаб. ståblü, чэш., славац. stéblo, серб.-харв. ста́бло, ста̀бљика ’сцябло’, славен. stebə́l, stéblọ ’сцябло; ствол’, балг. стебло́, стъбло́ ’тс’, макед. стебло ’тс’. Прасл. *stьblo, *stьblь роднаснае літ. stìbis “membrum virile”, лат. stiba ’палка, галінка’, ст.-інд. stíbhis ’пучок, звязка’; з іншай ступенню вакалізма: літ. stiebas ’стоўб, ствол, сцябло’, stibýna ’з доўгімі нагамі’, лац. tībia ’галёнка’ (без s‑mobile), грэч. στιφός ’моцны’ да і.-е. базы *steb(h)‑, *stib(h)‑; гл. Траўтман, 287; Мее, 419; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1064; Буга, РФВ, 75, 148; Шустар-Шэўц, 1372–1373; Скок, 3, 323; ЕСУМ, 5, 404–405; Фасмер, 3, 750. Бязлай (3, 314) разглядае слова як субстантываваны прым. ад незасведчанага дзеяслова *stьbe/o‑ = лат. stibi, stíebu ’адурманіць, ап’яніць’, і, далей, літ. stỹbti ’стаць, вырасці ў вышыню’. Гл. яшчэ Борысь, 748–749.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́мбур1 ’прыбудова, частка памяшкання перад галоўным уваходам, прысенак’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), та́мбор ’ганак’ (Лекс. Бел. Палесся). Праз рус. та́мбур ’тс’ або польск. tambor ’тс’ з французскай мовы, дзе архітэктурны тэрмін tambour з’явіўся ў выніку метанімічнага пераносу значэння слова tambour ’барабан’ (ЕСУМ, 512; Фасмер, 4, 17–18), гл. тамбу́р.

Та́мбур2 ’род вязання або вышывання вочка ў вочка’ (ТСБМ), ’кручок для вязання або пляцення’ (Касп.; мсцісл., бых., ЛА, 4; Бяльк.), тамбу́р ’кручок для пляцення карункаў’ (Стан.), тамбу́рка ’тс’ (Касп., Бяльк.), та́мбурка, та́мбарка, та́нбурка ’кручок для вязання’ (Шатал., Мат. Гом., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), та́мбурак ’тс’ (в.-дзв., паст., рас., ЛА, 4), тамбу́рак (Шатал., ЛА, 4), та́мбырка, та́нбырка ’прылада для вязання’ (Мат. Маг.), сюды ж та́мбурны ’ланцужковы (шоў)’ (Мат. Гом.). Праз польск. tambor, tamborek, tamburek ’пяльцы’ з франц. tambour ’тс’, якое сталася вынікам метанімічнага пераносу паводле падабенства з tambour ’барабан’ (ЕСУМ, 5, 512; Фасмер, 4, 17–18). Гл. тамбу́р.

Та́мбур3 ’падстаўка для вядра каля калодзежа’ (Сл. Брэс.). Перанос значэння з тамбу́р1 (гл.) паводле знешняга падабенства.

Тамбу́р ’барабан’ (ТСБМ), сюды ж та́мбор ’вялікі і малы барабаны ў ваўначосцы’ (ТС). З франц. tambour ’барабаншчык’, роднаснага да нар.-лац. t̥anbū́r ’лютня, мандаліна’ (ЕСУМ, 5, 511–512; Голуб-Ліер, 477; Фасмер, 4, 17–18). Стахоўскі (Этимология–1965, 209) звязвае з с.-тур. tambur ’пяціструнны музычны інструмент’, што суадносіцца з араб. tunbūr ’тс’. Магчыма пасрэдніцтва ўкраінскай мовы, дзе тамбу́р ’ударны ўсходні інструмент, старажытны музычны струнны інструмент’; тэхнічны тэрмін, відаць, з польск. tambor ’барабан’ (у тым ліку ў тэхнічным значэнні).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

глыбо́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую глыбіню (у 1 знач.). Глыбокая нара. Глыбокая яма. Глыбокая рака. □ Усюды было многа вузкіх дарожак з глыбокімі каляінамі. Чорны. // Зроблены, праведзены на значную глыбіню. Глыбокае ворыва. // Які мае большую глыбіню ў параўнанні з іншымі аднароднымі прадметамі. Глыбокая талерка. □ Твар .. [маці] заклапочаны, пад вачамі туга праклала глыбокія маршчыны. Кавалёў. // Далёкі, які не мае бачных граніц. У глыбокім начным небе высыпалі мірыяды зор. Лынькоў. // Які залягае тоўстым слоем. Снег быў глыбокі, пульхны, але добра трымаў лыжы. Алешка. [Коні] пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім пяску. Брыль.

2. Які знаходзіцца далёка ад паверхні ці пранікае на значную глыбіню (у 2 знач.). Глыбокае дно. Глыбокі нырок. // Які выходзіць з глыбіні (у 3 знач.). Дыханне рабілася рытмічным і глыбокім. М. Ткачоў. Голас быў роўны, ціхі і глыбокі. М. Стральцоў. // Праніклівы (пра позірк, вочы). Глыбокі позірк. □ Перад.. [Зорыным] паўстаў мілы вобраз Надзейкі, яе нейкія асаблівыя вочы, глыбокія, як мора. Гурскі. Вочы ў Алёнкі цёмныя, глыбокія. Кандрусевіч.

3. Аддалены ад граніц чаго‑н. або размешчаны ўсярэдзіне чаго‑н. Глыбокі тыл. □ Жыў ляснік са сваёй леснічыхай Каля завадзі ціхай, Каля возера ў пушчы глыбокай Ад вёсак далёка. Куляшоў. Сябрам-партызанам [Дубяга] сказаў не чакаць З глыбокай разведкі раней як дзён пяць. Танк. // перан. Даўно мінулы; аддалены (пра час). Глыбокая старажытнасць.

4. Змястоўны, важны, грунтоўны. Глыбокія веды. Глыбокі аналіз паэмы. // Значны, істотны (пра змест, уклад у што‑н. і пад.). Пакінуць глыбокі след у літаратуры. □ Я толькі сёння распазнаў Глыбокі сэнс звычайных ісцін... Глебка.

5. Які дасягнуў высокай ступені; поўны, моцны (пра пачуцці, стан і пад.). Глыбокая любоў. Глыбокае маўчанне. □ Сцёпка падыходзіць да Алёнкі. Па голасу яго яна чуе глыбокую да яе павагу. Колас. Салодкі, смачны і глыбокі быў сон Рыгора. Гартны. // Які дасягнуў найвышэйшай ступені, мяжы ў сваім развіцці. Глыбокая старасць. // Позні, глухі (у 5 знач.). У глыбокую восень, скончыўшы навігацыю, параходы заходзілі ў загон. Ракітны.

6. Нізкі, шчыры (пра паклон). З паклонам ветлым і глыбокім сустрэў пасланак гаспадар. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

над, прыназ. з Т і В.

Спалучэнне з прыназ. «над» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Т. Ужываецца пры абазначэнні размяшчэння, знаходжання каго- ці чаго‑н. зверху, паверх каго- ці чаго‑н. Туман сцелецца над полем. Сцягі над горадам. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Колас. Песня расла, шырылася, узнімалася вышэй і вышэй, над гумном, над садам, над цёмнаю сажалкай, над калодзежнымі журавамі. Лынькоў. І над Расіяй назаўсёды Зару Кастрычнік запаліў. Астрэйка. // Пры словах «рака», «возера», «балота» і пад. можа ўказваць і на размяшчэнне ў непасрэднай блізкасці да таго, што названа залежным словам. Гарадок над Дзвіной. □ Шкода хаткі мне старэнькай З латанай страхою, Што схілілася над Нёмнам Горкай сіратою. Колас. Каля млына над возерам устае, быццам белая воўка, пахучы туман... Бядуля. // Ужываецца для ўказання на становішча ці акалічнасць, якія пануюць, ахопліваюць што‑н. Раніца ярка Зардзіць над зямлёй. Купала.

Аб’ектныя адносіны

2. з Т. Ужываецца для абазначэння адносін дзеяння да якіх‑н. аб’ектаў, накіраванасці яго на што‑н., засяроджанасць на чым‑н. Працаваць над творам. Задумвацца над пытаннем. □ Алёшка і Юрка адразу звесілі чубы над чарцяжом. Грахоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні кіруючага становішча ў адносінах да каго- ці чаго‑н. Улада над калектывам. Начальнік над усімі прадпрыемствамі раёна. □ [Насцечка] спакойна і вытрымана працавала каля дошкі і ўзяла верх над .. [Сержам]. Чорны. Тварыў [баярын] закон свой і свой суд Над абнядоленым народам. Купала.

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні праяўлення якога‑н. пачуцця ў адносінах да каго- ці чаго‑н. (са словамі «смяяцца», «плакаць», «галасіць», «гараваць» і пад.). Не смейся над чужой бядой. Плакаць над стратай. □ Сумна вецер плакаць стане Над будынкам мужыкоў. Колас.

Адносіны меры і ступені

4. з Т. Разм. Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях для выражэння вышэйшай ступені чаго‑н. Мароз над маразамі. □ Я — пралетар!.. Яшчэ ўчора раб пакутны — Сягоння я зямлі ўладар І над царамі цар магутны! Купала.

Параўнальныя адносіны

5. з В. Уст. Ужываецца пры называнні аб’екта параўнання, супастаўлення. Над яе няма прыгажэйшай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блі́зка,

1. Прысл. да прым. блізкі (у 1, 2, 4 і 5 знач.).

2. у знач. вык. У хуткім часе, хутка. Жніво і ўборка з поля былі блізка. Чорны. А на дварэ ўжо вечарэе, І ночка блізка, змрок гусцее. Колас.

3. прыназ. з Р. Разм. У прасторавым значэнні. Блізка горкай рэчкі Сарыярві Жыў сабе ды гаспадарыў Паво. Багдановіч. Сеў каля паваленай яліны блізка сцежкі, што ў гушчар вядзе. А. Вольскі. // У часавым значэнні. Блізка апоўначы зноў змоўкла малатарня: чысцілі транспарцёр. Савіцкі.

4. прысл. Разм. Амаль, прыблізна. Экзамены цягнуліся блізка тыдзень. Колас. Ёсць будынкі з тоўстага бярвення, век якіх ідзе блізка не за сто год. Чорны. Прыцягнулася ў гэта мястэчка Прузына ўжо блізка году. Ядвігін Ш.

•••

Блізка што — амаль што.

І блізка няма — зусім няма. Сімон, які ведаў, што важных дакументаў і блізка няма.., цяжка ўздыхнуў. Самуйлёнак.

І ні блізка; ні блізка; ані блізка — ні ў якім разе, ні за што.

Прымаць (браць) блізка да сэрца гл. прымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак., да каго-чаго.

1. Дабавіцца да чаго‑н., стварыць адно цэлае з чым‑н. У гэтым годзе да .. [асушаных плошчаў] далучыцца яшчэ каля 50 тысяч гектараў тарфянікаў. «Полымя». І пасля гэтага, калі да двух дзесяцін Хвёдаравых далучылася дзесяціна жончына, — і тады нічога не змянілася. Чорны. Да пералётнага святла ракет далучыўся пажар эшалона. Брыль.

2. Прымкнуць да каго‑, чаго‑н., увайсці ў лік удзельнікаў, членаў чаго‑н. Чалавек далучыўся да дэманстрацыі і павёў першую калону касцельнаю вуліцаю на пляц. Чорны. Да партызан далучылася ўсё насельніцтва. Маўр. // Прыняць удзел у чым‑н. Далучыцца да працы. □ Бастуючым удалося .. пераканаць рабочых далучыцца да ўсеагульнай забастоўкі. «Полымя».

3. Згадзіцца з кім‑н., стаць на чый‑н. бок. Далучыцца да выказанай прапановы. □ Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Колас.

4. Пазнаёміцца з чым‑н., асвоіць што‑н. Далучыцца да грамадскага жыцця краіны. □ Толькі далучыўшыся да багаццяў чалавечага генія, .. [пісьменнік] можа стаць сапраўдным творцам. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балбата́ць, ‑бачу, ‑бочаш, ‑боча; незак.

Разм.

1. што і без дап. Шпарка, несупынна гаварыць. Эдзік жа балбатаў без перапынку, расказваў пра леташняе жыццё ў палатцы і пра ўсё, што толькі траплялася на язык. Гаўрылкін. // без дап. Бегла гаварыць на замежнай мове. Балбатаць па-французску.

2. без дап. Гаварыць гучна, але невыразна. [Платон:] — Салдатня балбатала, бразгала кацялкамі, вёдрамі — ранак марозны, усё аж грыміць. М. Ткачоў. // Утвараць гукі, падобныя на невыразную гаворку (пра птушак). За бярэзнікам, каля сасновага бору, балбатаў цецярук. Ляўданскі. [Лубяніха:] — У двары індыкі балбочуць, куры-цацаркі важна пахаджваюць. Ракітны.

3. што і без дап. Распускаць чуткі; гаварыць пра тое, пра што лепш маўчаць. [Кулеш:] — Балбочуць у вёсцы, што партызаны заходзяць да Масола. Праўда гэта? — Сам кажаш, што балбочуць. Значыць, балбатня і ёсць, — адказала Палагея. Шамякін. [Цётка К у ліпа:] — Ад злога вока нікуды не схаваешся. Цяпер пачнуць рознае балбатаць. Жычка.

4. без дап. Займацца пустымі размовамі, а не справай. Балбатаць, вядома, лягчэй, чым рабіць. Паслядовіч.

5. без дап. Булькаць — пра ваду, што бяжыць або кіпіць. Так весела ў каменьчыках Балбоча ручаёк. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)