Піўні́ца ’склеп’ (гродз., Сл. ПЗБ), брэсц. піўны́ця ’тс’ (Сл. Брэс.), піўні́ца ’вінны склеп’ (Шпіл.), ’піўны склеп’, ’піваварня’ (Нас.), пі́ўніца, пі́ўня ’піўная’ (Юрч.), ст.-бел. пивница ’вінны склеп’ (1516 п). Запазычанне, са ст.-польск. piwnica (Булыка, Лекс. запазыч., 83), польск. ’шынок, піваварня, вінны склеп’, ’склеп пад будынкам для захоўвання прадуктаў для іх ахалоджвання’. Сюды ж лун. півні́ца, в.-дзв. піўні́ца ’бочачка з двума донцамі на квас’ (Шатал.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Райсто́пы мн. ’калготы’, расто́пы ’тс’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), растро́пы ’тс’ (Сл. рэг. лекс.). Відавочна, запазычанне з польск. rajstopy ’тс’, дзе, магчыма, на народны манер была адаптавана англійская канструкцыя rayon stockings, што азначае ’калготы ці шкарпэткі са штучнага шоўку’. Менавіта гэтае значэнне сведчыць аб нядаўнім запазычанні як у польскую, так і ў беларускую мовы. Бел. растопы, растропы, магчыма, пад уплывам растаптаць ’разнасіць’, растрапаць ’тс’ (магчыма, іранічныя ўтварэнні).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рандаву́с фальк. ’каханак, палюбоўнік’: “Паехаў мой міленькі да млына / А я рандавуса наняла” (БНТ, Жарт. песні). Запазычанне (праз польскую?) з ням. Randezvous ’спатканне’, якое з франц. rendez‑vous ’спатканне, сустрэча, свіданак’ (< se rendre ’накіравацца, адазвацца на запрашэнне, сабрацца’), што служыла ў якасці загаду вайскоўцам для збору (Антропаў, БЛ, 45, 25; Фасмер, 3, 442; Сной₂, 602). Не выключана семантычнае збліжэнне з фармальна падобным ранда́р ’арандатар; карчмар’, гл. ранда.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Са́рна ’горная каза з невялікімі рагамі’ (ТСБМ, Гар., Др.-Падб., Банк і Некр., Янк. БП, Бес.). Рус. зах. сарна́ ’тс’, укр. са́рна (побач з серна) ’тс’. Запазычанне з польск. sarna ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 563) > праслав. *sьrna (Брукнер, 482). Апошняе роднаснае лат. sirna ’сарна, казуля’, ст.-прус. sirvis ’алень’, лац. cervus ’алень’, cornu ’рог’, авесц. srvā ’рог, ногаць’, гоц. haúrn ’рог’. Падрабязна гл. Фасмер, 3, 609.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сва́я, шва́я ‘слуп, які падтрымлівае мост над вадой; паля’ (Інстр. 1), ‘бервяно ў 6–8 сажняў даўжыні, з якога ўтворана планіца, што складае плот’ (Дэмб. 2), сва́я, сва́га ‘паля’ (брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Рус. сва́я, дыял. шва́я, рус.-ц.-слав. свая. Пэўнай этымалогіі няма. Праабражэнскі (2, 256) набліжае да соваць, а Гараеў (319) да вая́ць, віць. У беларускай, магчыма, запазычанне з рус. свая.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скамлі́ца ‘лаўка’ (Нас.), фальк. скаміца ‘тс’ (барыс., Нар. сл.), скамʼі́ца ‘тс’ (Ян.), скамені́ца ‘лаўка’ (Нар. Гом.), скаме́йка ‘лаўка, услон’ (Бяльк.). Укр. скамни́ця ‘лаўка, услон’, рус. скамья́, скаме́йка, дыял. скамля́ ‘лаўка, услон’. Запазычанне ў старажытнарускую мову з с.-грэч. σκαμνί(ον), мн. л. σκαμνία ад σκάμνον, якое з лац. scamnum ‘лаўка’ ад scabō, ‑ere ‘церці, стругаць’ (Праабражэнскі, 2, 293; Фасмер, 3, 632; ЕСУМ, 5, 264).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Супру́г: супруг валоў ’пара запрэжаных валоў’ (свянц., Яшк. Мясц.), ст.-бел. супругъ ’пара разам запрэжаных валоў’ (Сл. Скар.), параўн. балг. дыял. съпру́зи ’пара запрэжаных коней або валоў’, ст.-слав. сѫпрѫгъ ’запрэжка’; сюды ж супру́га ’жонка’ (Рам. 6), супру́жница ’тс’ (Нас.), магчыма, яшчэ да стараж.-рус. супругъ, съпрѧжьница ’жонка’, або новае запазычанне з рус. супру́га, супру́жница ’тс’. Усё да прасл. *pręgti ’злучаць, звязваць’, гл. спрагаць, супрага.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Су́тка, суто́к ’сасок, цыцка’ (Ласт.). Параўн. польск. sutka, sutek ’тс’, sutki ’грудзі’, якія Брукнер (527) параўноўвае з балг. су́ча ’ссаць’, лат. sukt ’тс’, ад кораня *su‑, прадстаўленага ў ст.-інд. sunoti ’выціскае’. Борысь (588) не выключае магчымай сувязі з і.-е. *seu̯‑/*su‑ ’сок, выціскаць сок, хлябтаць, ссаць, высмоктваць’, аднак не бачыць працягу ў славянскім матэрыяле. Адзінкавая фіксацыя прымушае меркаваць пра магчымае запазычанне з польскай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сістэ́ма ‘лад’, ‘сувязь элементаў паміж сабой, размешчаных у пэўным парадку’ (ТСБМ), сыстэ́ма ‘тс’ (Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Запазычанне з заходнееўрапейскіх моў праз рус. систе́ма ‘тс’ ці польск. systema, system ‘тс’. У значэнні ‘нервовая сістэма’ з’яўляецца ў пачатку XX ст. (Крамко, Гіст. мовы, 2, 146). Франц. système з лац. systēma ад грэч. σύστημα ‘складанне, укладанне’; гл. Фасмер, 3, 628; Брукнер, 512; ЕСУМ, 5, 244.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Та́машні ’які знаходзіцца там; тамтэйшы’ (ТСБМ), та́мошні ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), та́мошны ’тс’ (Вруб.), та́машнік (та́мъшнік) ’чалавек стуль, адтуль’ (мёрск., Нар. сл.), ст.-бел. тамошний ’тамашні’ (1480 г., КГС). Укр. та́мо́шний ’тамашні’, рус. та́мошний ’тс’. Ад там (гл.), як леташні, сённяшні і пад. Ст.-бел. тамечный, тамочный ’тамашні’ (1501 г.) разглядаецца як запазычанне са ст.-польск. tameczny ’тс’, утворанага па падобнай схеме (Булыка, Лекс. запазыч., 195).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)