Гарлі́ца1 ’расліна Berteroa L.’ (БРС, Кіс., рус. икотник). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 203–204), з зыходнага прасл. *gъrdica (да *gъrdlo ’горла’).

Гарліца2 ’ангіна’ (Сцяшк.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 203–204), да зыходнага прасл. *gъrdlica (< *gъrdlo ’горла’). Геаграфія слова (толькі ў Сцяшк.), аднак, схіляе да думкі, што гэта запазычанне з польск. Параўн. у Карловіча, II, 55: «gardlica (gorlica) ’gruczoły w gardle’».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гвалт, гвалтава́ць (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Нас., Жд. 2, Янк. III), гва́лціць (БРС, Нас.). Ст.-бел. кгвалтъ, гвалтъ, гвалтити, кгвалтовати і г. д. (Булыка, Запазыч.). Рус. гвалт, укр. гвалт. Запазычанне з польск. gwałt, gwałtować, gwałcić і г. д. (а гэта з с.-в.-ням. gewalt). Фасмер, 1, 398; Слаўскі, 1, 382. Параўн. Шанскі, 1, Г, 40. Сюды ж і прыметнік гвалто́ўны ’моцны’ (Нас.), ’гвалтоўны’ (Бяльк.) < польск. gwałtowny.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гру́ша ’груша’ (БРС). Параўн. рус., укр. гру́ша, польск. grusza, чэш. hruška, далей балг. кру́ша, польск. дыял. krusza, каш. kreša, ц.-слав. хруша. Параўн. і літ. kriáušė ’тс’. Магчыма, старое запазычанне (гл. агляд версій у Фасмера, 1, 465). Трубачоў (Эт. сл., 7, 156–157) выступае за слав. крыніцу гэтых слоў (ад дзеяслова *grušiti, *krušiti ’драбіць, крышыць’), маючы пры гэтым на ўвазе крупчастую структуру мякаці груш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гу́нсвот ’нягоднік’ (Нас.). Параўн. польск. huncwot, чэш. hundsvut, укр. гунцвот (сюды, відаць, і ўкр. гунство ’шальмоўства’). Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. форму слова, якая ўзята з ням. Hundsfott ’тс’ (літаральна ’cunnus canis’). Гл. Слаўскі, 1, 436–437; Брукнер, 173; Кюнэ, Poln., 59. Бясспрэчна, сюды адносіцца і бел. дыял. лаянкавае слова гунаво́та ’лянівае дзіця’ (Жд. 2), якое з’яўляецца сапсаваным гу́нсвот. Гл. яшчэ Кіпарскі, ScSl, 7, 62.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гігель1, лаянкавае слова («Гі́гель ты!»). Магчыма, звязана з гіге́ль ’палявы хвошч’ (гл.).

Ґі́ґель2 ’хвошч’ (віц., Янк. Мат.), гі́гель ’палявы хвошч, Equisetum arvense’ (Касп.), ґіґе́ль, ґіґі́ль (Сл. паўн.-зах.). Паводле Непакупнага (Лекс. балтызмы, 29), гэта запазычанне з літ. gegė̃lis, gigė̃lis ’тс’. Здаецца, звязаным з гэтым словам Непакупны (там жа) лічыць і бел. лексему гі́гель (без пэўнага значэння, якая сустракаецца на Гомельшчыне). Параўн. яшчэ гігалле́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дані́чка ’гаршчок для кветак, вазон’ (зэльв., Сцяц., Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. doniczka ’тс’ (а гэта ў польск. мове памяншальная форма да donica ’вазон; міска, гаршчок’ < dojnica ’гаршчок для малака’; аб польск. слове падрабязна гл. у Слаўскага, 1, 155–156). Параўн. ст.-бел.: дуница ’гаршчок’ (з XVI ст., Булыка, Запазыч., 103) < польск. dunica ’тс’ (а гэта, відаць, фанетычны варыянт да donica; параўн. Брукнер, 94).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дах ’дах’. Укр. дах ’тс’. Запазычанне (гл. Кюнэ, Poln., 50) з польск. dach ’тс’, якое ўзята (у польск. мове гэта слова вядома з XV ст.) з ням. Dach ’тс’ (да польск. слова гл. Брукнер, 83–84, але Слаўскі, 1, 136, удакладняе, што польск. слова dach запазычана з с.-в.-ням. dach). У бел. мове слова дах засведчана з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Досць ’досыць’ (БРС). Як і до́сыць (гл.), узыходзіць да слав. *do syti (*do sъti). Наўрад ці можна думаць пра запазычанне з польск. dość ’тс’ (< dosyć; гл. Слаўскі, 1, 158–159), хоць такая магчымасць не выключаецца (бел. досць. здаецца, на ўсх.-слав. тэрыторыі ізаляванае, няма ў іншых усх.-слав. мовах, калі не лічыць укр. дыял. до́ста). Агляд роднасных форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 86–87.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пава́луш ’столь’ (Тарн.), ’скляпеністая столь, якая больш сустракаецца ў клецях і істопках’ (Бломк, 79). Бясспрэчна, дэрыват ад павал ’столь’, аднак суфіксацыя няясная, паколькі з гэтым суф. у бел. м. вядомы ўтварэнні толькі ад прыметнікаў і дзеясловаў (параўн. Сцяцко, Словаўтв., 72, 125). Магчыма, запазычанне з літ. pavatušis ’навес над свірнам, клеццю’, якое ўтворана ад запазычанага з польск. pavalas ’столь’ з дапамогай суф. ‑ušis (Фрэнкель, 555).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кампа́нія ’група блізка знаёмых людзей, якія разам праводзяць час’, ’аб’яднанне прадпрыемцаў, ваенны паход’ (ТСБМ, Яруш.), кампа́ня ’таварыства, кампанія’, кынпа́нія, кумпа́нія ’тс’ (Бяльк.). Ст.-бел. компания, конпания (XVII ст.), запазычанне са ст.-польск. kompania, якое з італ. compagnia < нар. лац. *campānia < compagno ’таварыш’ (Булыка, Запазыч., 164; Слаўскі, 2, 394–395). Пазней, у XIX–XX стст. на значэнне лексемы ўплывалі (праз рус. мову) ням. і франц. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)