велічыня́, ‑і; мн. велічыні, ‑чынь; ж.

1. Памер, аб’ём, працягласць чаго‑н. Стол сярэдняй велічыні. □ Знадворку.. хата сапраўды мела.. прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Звер гэты быў незвычайнае велічыні. Колас.

2. Колькасць чаго‑н.; сума; лік. Велічыня зарплаты. Велічыня асігнаванняў.

3. Спец. Усё тое, што можна вымераць, злічыць. Пастаянная велічыня. Зменная велічыня. Натуральная велічыня. Абсалютная велічыня.

4. перан. Пра што‑н. выдатнае ў тых ці іншых адносінах. Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярэ́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца ў сярэдзіне, паміж двума пунктамі, прадметамі, дзвюма лініямі і пад.; аднолькава аддалены ад краёў, канцоў чаго‑н. Яны [Міхал і Антось] лагчынку праязджаюць, Гару сярэднюю мінаюць, Клады з паніклымі крыжамі. Колас. [Гарлахвацкі:] Апіралася гэтая жывёліна пры хадзе не на два пальцы, а на ўсе чатыры, з якіх два крайнія былі крыху меншыя за два сярэднія. Крапіва. // Другі (другая) па ўзросту з трох (дзяцей, братоў, сясцёр). Наташа была сярэдняй у сям’і калгаснага каваля Івана Янкевіча. Шамякін. [Бацька:] — Сыны мае родныя,.. прашу ўважыць адну маю просьбу: прыходзьце да мяне на магілу начаваць тры ночы. Першую ноч — старэйшы, другую — сярэдні, а трэцюю — малодшы. Якімовіч.

2. Прамежкавы па сваіх уласцівасцях, прыкметах паміж дзвюма крайнімі (процілеглымі) уласцівасцямі, прыкметамі (паміж вялікім і малым, цяжкім і лёгкім, высокім і нізкім і пад.). Баксёр сярэдняй вагі. Абутак на нізкім, сярэднім і высокім абцасе. □ [Юстын:] Ну, росту быў [аграном] такога вось, як і ты, сярэдняга. Краўчанка. У Буханцава, хоць узрост яго толькі набліжаецца да сярэдняга, за плячыма немалы вопыт афіцэра-пагранічніка. Хадкевіч. Усім жывым — дзядам і дзіцянятам, І хто ў сярэдні ўвабраўся век, Бабулям рупным, модніцам-дзяўчатам — Адзін заўсёды служыць чалавек. Лось. // Які аб’ядноўвае ў сабе прыкметы, уласцівасці двух розных прадметаў, дзвюх з’яў. Гаварыць тонам, сярэднім паміж просьбай і загадам. □ Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на «а», вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між «а» і «о». Караткевіч. // Які займае прамежкавае становішча паміж старшымі і малодшымі па званню, пасадзе і пад. Сярэдні медыцынскі персанал. // Які займае прамежкавае становішча паміж двума класамі, дзвюма грамадскімі групоўкамі і пад. Дробная і сярэдняя буржуазія. Сярэдняе сялянства.

3. Ні добры, ні дрэнны; пасрэдны. Сярэднія здольнасці. // Які нічым не вылучаецца; звычайны, радавы. Сярэдні вучань. □ [Клава:] — Скажу я табе [Язэп] шчыра, што і камандзір ён [Гаравы] быў сярэдні. А вось як камандаваў спачатку падрыўнікамі — сваю справу рабіў. Асіпенка. Іхняя брыгада [маляроў] у рамонтна-будаўнічай канторы лічылася сярэдняй: не было яшчэ выпадку, каб яна вырвалася наперад. Даніленка.

4. Не вышэй звычайнага ўзроўню, нормы. Сярэднія патрабаванні.

5. Атрыманы дзяленнем сумы некалькіх велічынь на іх колькасць; тыповы для дадзенай групы з’яў. Сярэдняя гадавая тэмпература. Сярэдняя заработная плата. Сярэдняя велічыня.

6. у знач. наз. сярэ́дняе, ‑яга, н. У матэматыцы — велічыня, якая атрымліваецца ад дзялення сумы некалькіх лікаў на іх колькасць. Сярэдняе арыфметычнае.

•••

Сярэдняе вуха гл. вуха.

Сярэдняя школа гл. школа.

Вышэй (ніжэй) сярэдняга — вышэй (ніжэй) якой‑н. нормы.

Сярэдняй рукі гл. рука.

У сярэднім — выходзячы з сярэдніх велічынь, паказчыкаў, норм; прыблізна. Жывуць зубры ў сярэднім да трыццаці — пяцідзесяці год. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.

1. Напоўніць грузам; нагрузіць. Загрузіць машыну мяшкамі. // Заняць, заваліць, запоўніць чым‑н. Загрузіць стол кнігамі. □ Усю зіму возяць туды [на рум] калоды і павязуць іх, бывала, столькі, што загрузяць увесь бераг. Колас.

2. перан. Разм. Забяспечыць работай у патрэбнай колькасці. Загрузіць трактары на поўную змену. / Пра чалавека. — Ты не ўяўляеш, як загрузяць цябе, калі тут аграномы, няхай і з сярэдняй адукацыяй, цэняцца, як золата. Хадкевіч.

3. Закласці, засыпаць куды‑н., у што‑н. Загрузіць вугаль у топку. Загрузіць сілас у яму. Загрузіць лён у мачулішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уме́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Сярэдні паміж гарачым і халодным (пра клімат і месца з такім кліматам). Умераныя шыроты.

2. Невялікі па размеру, колькасці і пад., не вышэй сярэдняга ўзроўню, нормы. Умераная вільготнасць. Умеранае цячэнне. □ Умераная скорасць — асноўная ўмова бяспекі руху ў час дажджу. «Звязда». // Які не вызначаецца вялікай сілай, інтэнсіўнасцю. Адносна ўмераным было пранікненне паланізмаў у беларускую мову і на працягу першай палавіны 16 ст. Жураўскі.

3. Які трымаецца сярэдняй палітычнай лініі, схільны да кампрамісу, згодніцтва. Умеранае крыло рэфарматараў. // у знач. наз. уме́раныя, ‑ых. Пра людзей такіх поглядаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перапе́ча ’другі каравай — вялікая булка’ (Кольб.), ’праснак’ (Нас., Яруш., Гарэц., Касп., Шат., Бяльк.), перапе́чка ’хлеб круглай формы пераважна з пшанічнай мукі’ (ТСБМ; бялын., Янк. Мат.; бых., Мат. Маг.; ТС; мазыр., Сержп.), ’невялікая буханка прэснага хлеба з ячменнай мукі’ (слуц., Нар. словатв.), ’пірог сярэдняй велічыні’ (ТС); ’печыва з хлебнага цеста, бульбы, тоўчанага канаплянага семя’ (Сл. ПЗБ), ’скавароднік’ (ЛА, 4). Укр. палес. перепічайка, пере́пічка ’тс’, бойк. пере́пічка ’булка, якую выносяць на могілкі ў аўторак пасля Пасхі’, рус. перепе́ча ’каравай’, ’праснак, якім паміналі памерлых’, ’ватрушка’, перепе́чка ’булачка’, ’праснак’. Усходнеславянскі рэгіяналізм *per‑pekja > пере‑печа, утвораны ад дзеяслова *pekti ’пячы’ пры дапамозе прыстаўкі *per‑ > пера- са значэннем ’праходжанне праз увесь прадмет’, дзякуючы якому прыстаўка пера- набліжаецца да прыстаўкі пра- (< прасл. *pro‑), якая і выцесніла першасную пера- (параўн. славен. prepêči ’прапячы’), апошняя ж стала абазначаць ’празмернасць, перавышэнне мяжы нармальнага стану’, параўн. перапячы, рус. перепе́чь, серб.-харв. препѐћи, а таксама славен. prepêči ’перасмажыць’, адсюль славен. prepečênec ’сухар’ (ESSJ, 1, 162–169; адносна семантыкі і пашырэння лексемы гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 107–114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

наста́ўнік, ‑а, м.

1. Той, хто выкладае ў школе. Настаўнік пачатковай школы. Настаўнік сярэдняй школы. Настаўнік хіміі. □ Вакол .. [Фралова] збіраюцца тыя, хто толькі ўчора развітаўся з роднаю школаю, з блізкімі сябрамі і любімымі настаўнікамі. Грахоўскі. // Наогул асоба, якая вучыць чаму‑н. Настаўнік музыкі. Хатні настаўнік.

2. Той, хто наогул з’яўляецца натхніцелем, хто кіруе, вучыць чаму‑н. Духоўны настаўнік. Вялікія настаўнікі пралетарыяту. □ Купала і Колас былі першыя паэтычныя настаўнікі Максіма Танка. Бярозкін.

3. Той, хто дапамагае каму‑н. асвоіць спецыяльнасць на прадпрыемстве, прывівае працоўныя навыкі. Настаўнік моладзі. □ Берагчы час, планаваць яго расход не толькі па гадзінах, а і секундах — найпершы абавязак настаўніка рабочага. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атэста́т, ‑а, М ‑таце, м.

1. Афіцыйны дакумент аб сканчэнні навучальнай установы. [Генадзій:] Атэстат магу прадставіць, а наконт сталасці мяркуйце самі. Крапіва. // Пасведчанне аб прысваенні вучонага або спецыяльнага звання. Атэстат прафесара. Атэстат старшага навуковага супрацоўніка. Атэстат майстра сельскагаспадарчай вытворчасці.

2. Дакумент на права атрымання ваеннаслужачымі грашовага, харчовага і інш. забеспячэння, а таксама дакумент, па якім утрыманец ваеннаслужачага атрымлівае частку яго грашовага забеспячэння. Харчовы, грашовы атэстат.

3. У дарэвалюцыйнай Расіі — пасведчанне аб праходжанні службы, якое выдавалася пры адстаўцы.

4. Дакумент, які пацвярджае пародзістасць свойскай жывёлы.

•••

Атэстат сталасці — пасведчанне аб заканчэнні сярэдняй агульнаадукацыйнай школы (у дарэвалюцыйнай Расіі — мужчынскай гімназіі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клас, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. У навуковых і іншых класіфікацыях: сукупнасць прадметаў, з’яў, аб’яднаных на аснове якіх-н. агульных якасцей; катэгорыя, разрад, падраздзяленне.

Назвы класаў раслін у батаніцы.

К. паўзуноў.

К. мінаносцаў.

2. Вялікая група людзей, аб’яднаных аднолькавымі адносінамі да сродкаў вытворчасці, да размеркавання грамадскага багацця і агульнасцю інтарэсаў.

Рабочы к.

3. Падраздзяленне вучняў пачатковай і сярэдняй школы, якое адпавядае году навучання.

Шосты к.

4. Падраздзяленне вучняў мастацкай або іншай спецшколы, якія вывучаюць пэўны прадмет.

К. цымбалаў.

К. жывапісу.

5. Памяшканне ў школе, дзе займаюцца вучні.

Рамонт класа.

6. Група вучняў, якія вучацца сумесна.

Дружны к.

7. Мера якасці, ступень, узровень чаго-н.; кваліфікацыя.

Спецыяліст высокага класа.

Паказаць нізкі к. гульні.

Лётчык першага класа.

|| прым. кла́савы, -ая, -ае (да 2 знач.) і кла́сны, -ая, -ае (да 3—6 знач.).

Класавае грамадства.

Класны кіраўнік.

Класны пакой.

Класная дысцыпліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

славе́снасць, ‑і, ж.

Уст.

1. Мастацкая літаратура і вусная творчасць якога‑н. народа. Руская славеснасць.

2. Філалагічныя навукі (лінгвістыка, літаратуразнаўства і пад.). Кафедра славеснасці. Лекцыя па славеснасці. □ Справа была ясная: да славеснасці .. [Багдановіч] меў найбольшую схільнасць. Майхровіч. // Назва вучэбнага прадмета ў дарэвалюцыйнай сярэдняй школе, які даваў сістэматычныя веды па літаратуры. Урок славеснасці. Выкладчык славеснасці. □ Мне прыйшлося вучыцца ў настаўніка Міцкевіча дзве зімы. Ён быў вельмі добры настаўнік. Добра вучыў рускай славеснасці, пісьму і арыфметыцы. І ніколі не караў, як іншыя настаўнікі. «Помнікі».

3. Вусныя заняткі з салдатамі па вывучэнню воінскіх статутаў у дарэвалюцыйнай рускай арміі. [Ротны Гланда:] — Панове афіцэры, Бярыце ўзводы! Замест славеснасці пустой Займіцеся работаю другой: Байцам тлумачце сэнс свабоды І ўрада новага намеры. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трыгу́біца (трэгу́біца, трыгу́бка, тру́біца) ‘рыбалоўная снасць з трох палотнаў (дзве сеткі па баках з рэдкімі вочкамі — рэдзі, а сетка пасярод — густая з вочкам, куды трапляе рыба)’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Байк. і Некр., Шат., Сцяшк.; ашм., Яшк. Мясц., Скарбы₂; докш., валож., ЛА, 1; мін., гродз., Браім, Рыбалоўства, 45), трогу́біцʼа ‘тс’ (зах.-палес., Дзендзялеўскі, Бел.-укр. ізал., 25), трыгу́біца ‘трохсценная сетка на птушак’ (Чач., Нас., Цярохін, Охота), ‘восці з трыма зубамі’ (Нас.), трыгу́бка ‘тс’ (Байк. і Некр.), ст.-бел. тригубица, трыгубіца ‘рыбацкая сетка (1557 г., ГСБМ), параўн. рус. трегубица, польск. trygubica, tryubica, trubica, drgubica, drygubica ‘трайная сетка на рыб і птушак з густой сярэдняй і рэдкімі бакавымі часткамі’, балг. тра́губа, търгу́ба, търгу́бица ‘сетка з падвойнай ніжняй часткай (пазухай)’, чэш. trýhubka ‘від сеткі для лоўлі птушак’. Прасл. *trьgubica ад *trьgubъ ‘трайны’, або ад *trьgubiti ‘патройваць’, параўн. ст.-слав. трьгоубити ‘тс’, літ. trìgubas ‘трайны’. Пачатак слова Фасмер (4, 95) звязвае з прыставачным ц.-слав. тре‑, параўн. ст.-рус. тресвѣтлое слънце ў “Слове аб паходзе Ігаравым” (гл. трыкляты); другая частка ўзыходзіць да *gubъ (гл. губ) з першасным значэннем ‘складка’ (SEK, 2, 228). Значэнне ‘восці’ другаснае ў выніку атаясамлівання губ = зуб. Гл. таксама Брукнер, 578 (сумненні адносна прынятай этымалогіі); Кодаў, Сп. на БАН, 63, 151; Нізіньска, ZPSS, ser. 3, 1968, 227–232; Карскі 2-3, 99.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)