абло́га, ‑і, ДМ, ‑лозе, ж.

1. Даўно не воранае поле, звычайна пакрытае дзірваном, травой. Узараць аблогу. □ За бульбай — аблога, зарослая піжмай, паўзучымі рамонкамі і яшчэ нейкай дзікай травой. Рылько. — Ляглі кругом нечапаныя аблогі, — уставіў Кукарэка. — Адзін сівец... Шчарбатаў.

2. Акружэнне войскамі умацаванага пункта (горада; крэпасці, раёна і пад.) з мэтай яго захопу. Шарэла... Аблогай ачэплен быў гай, Бой глухнуў у вольхах старых... Лойка. // Абкружэнне ўчастка лесу з мэтай правядзення аблавы.

•••

Ляжаць аблогай гл. ляжаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зме́рзнуць і змёрзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змёрз, змерзла і змёрзла; зак.

1. Моцна азябнуць, акалець. Рукі змёрзлі. □ Задрамалі [Мірон і Віктар], але хутка так змерзлі, што пачалі зубамі ляскаць. Маўр. // Загінуць ад моцнага холаду, марозу; замерзнуць. І грознымі хвалямі кажа Бяроза: «Чужынцам я заўжды прыносіла жах, Нямала глынула я трупаў варожых, Нямала іх змерзла на беразе ў лозах, А колькі касцей на старых курганах». Броўка.

2. Сапсавацца, пашкодзіцца ад марозу, холаду. Бульба ў капцы змерзла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́чына, ‑ы, ж.

1. Абломак дрэва (сук, кавалак нятоўстага ствала, корч і пад.). Паціху ступалі [камсамольцы], каб не шлёпаць па вадзе і каб не паганіць як аб ламачыну босай нагі. Галавач. // Палка. Чалавек хапіў з-пад ног ламачыну, махануў навокал сябе, сабакі адскочылі. Чорны.

2. Разм. Старая або сапсаваная, непрыгодная рэч. — Ламачына, а не малатарня. Ды к таму і прывод няспраўны, — злосна буркнуў Бабейка. Хадкевіч. // перан. Нязграбны, няздатны (пра чалавека, жывёлу, звычайна старых).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́людзь, ‑я, м.

1. Нелюдзімы чалавек. [Кашырын] страціў веру ў сябе і людзей, замкнуўся ў сваю шкарлупіну, стаў нелюдзем і пачаў выпіваць. Сяргейчык. // Неадабр. Які робіць не па-людску. [Бабка:] — Сын у мяне, дзеткі, нелюдзь такі. З’ехаў з дому, пакінуў калгас, і не тое, каб мне, старой, памагаць, дык яшчэ мяне ўсю абшастаў. Скрыган.

2. пераважна мн. (не́людзі, ‑яў). Вылюдкі, звяры. [Карнікі] былі сапраўдныя нелюдзі, бо іначай не выганялі б яны на сіберны холад старых і малых. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пааба́пал, прыназ. і прысл.

1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паабапал» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на размяшчэнне па абодва бакі чаго‑н. На гарызонце ў ружовым мроіве паказалася вёска, а паабапал яе серабрыліся сінія лясы. Алешка. Тут, паабапал шляху з прысадамі старых ясакараў і ліп, да вайны размяшчаліся ўсе грамадскія будоўлі: сельсавет, бальніца, школа, клуб, сельмаг. Шамякін.

2. прысл. Па абодва бакі. [Мужчыны] увайшлі ў калідор, у якім паабапал было многа дзвярэй. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаці́на, ‑ы, ж.

Тое, што і хата (у 1 знач.). Крывавы зброд руйнуе брудным ботам Хаціны мірныя, дзе люд вясёлы жыў. Панчанка. Пабудавалі [Максім з Ганкай] сабе на востраве хаціну, набылі сёе-тое з хатніх рэчаў. Машара. // Убогая або старая, пахілая хата. — Хочаш не хочаш, а пераехаць прыйдзецца, — сказаў Раман Дзянісавіч, — хоць бы нават таму, што і наша хаціна асуджана на знос. Хадкевіч. Хаты невысокія, але ўсе добрыя, усе новыя. Старых, пахілых хацін нідзе не відаць. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бабіна лета. Рус. бабье лето, укр. бабине літо, бабське літо, польск. babie lato, чэш. babí léto, ням. Altweibersommeri г. д. Назва шырока вядома ў еўрапейскіх мовах. Здаецца, што яна асноўваецца на ўяўленні аб познім каханні старых жанчын, удоў. Гл. Леман, Altweib.; Пауль, Wörterb., 19; Клюге, 18 (там і шмат ням. дыял. форм, якія раскрываюць этымалогію); Махэк₂, 40; Галынська–Баранова, Ukr. nazwy, 61 (Качэрган, Мовознавство, 1971, 2, 87, як і Я. Галавацкі, непераканаўча лічыць, што назва адносіцца да дамашняй працы жанчын пасля жніва). З неіндаеўрапейскіх моў можна прывесці тур. gelin havasí ’цёплае, яснае надвор’е’ (дзе gelin ’нявеста, маладая’, ’нявестка’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касі́р ’касір’ (ТСБМ). Рус. касси́р, укр. каси́р. Бел. і ўкр. лексемы, здаецца, запазычаны з рус. мовы. У рус. мове гэта слова было запазычана з ням. у Пятроўскую эпоху. Гл. Фасмер, 2, 207; Шанскі, 2, К, 86. Зыходнай ням. формай было спачатку Kassierer, адкуль узята рус. касирер (у паперах Пятра I). Сучасная форма касси́р упершыню ў рус. мове фіксуецца ў Слоўніку Нордстэта 1780 г. (Шанскі, там жа). Усё ж такі не вельмі ясным, у высвятленні Шанскага, застаецца пытанне аб узаемадзеянні форм ням. і італ. паходжання. Паводле Шанскага атрымліваецца, што ням. Kassier (< італ. cassiere) не адлюстроўваецца ў старых рус. паперах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́ваўна ’бавоўна’ (Гарэц.), ’баваўняная папера, вата’ (Нас.). Ст.-бел. баволна ’баваўняная папера’ (Нас., Гіст. лекс., 115; націск быў на першым складзе, параўн. Бярында, 12: бума́га: ба́волна, папѣръ, а́лбо всѧкая мѧккота). Ва ўкр. слоўніках (старых) з такім жа націскам: ба́вовна, ба́волна, ба́вуна, ба́вина, ба́вна, ба́вовник, ба́вільник. Параўн. і паўд.-рус. ба́вольник. Гэта сведчыць аб першапачатковым запазычанні з чэш. bavlna (< ням. Baumwolle), а не з польск. bawełna. Падрабязней гл. Краўчук, УМШ, 10, 60. Параўн. таксама бавоўна, бавэл, бавэлна. Гл. яшчэ Рудніцкі, 47. Аб чэшскім уплыве на ўсх.-слав. мовы ў XIV–XV стст. гл. Мацурэк, Зб. Вольману, 42–63. Сюды ж і гаплалагічнае ба́ўна (< ба́ваўна) ’вата’ (Гарэц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́паць (ты́пъць) ‘ісці (пра маленькіх дзяцей)’ (мёрск., Нар. лекс.), ‘ісці, лёгка ступаючы (пра дзяцей, старых)’ (лаг., Стан.), сюды ж ты́птацца (тыптъцца) ‘хадзіць вельмі ціха’ (мёрск., Нар. лекс.), тыпты́сь ‘дрыжэць, трэсціся’ (драг., Жыв. НС). Параўн. укр. ти́пати ‘павольна ісці’, рус. ти́пать ‘хадзіць на дыбачках (на пальчыках)’, польск. cipać ‘ісці ціха, несупынна (пра дождж)’, н.-луж. typotaś ‘дробненька тупаць’, славен. típati ‘дакранацца, кранаць’, харв. tipati ‘тс’. Прасл. *tipati ‘ціха пастукваць, ціха ісці’, магчыма, анаматапеічнага паходжання, суадноснае з прасл. *tъpati ‘тупаць’, *te(p)ti ‘біць’, *tъpъtati ‘таптаць’ (Фасмер, 4, 60; ЕСУМ, 5, 570). Стой (Бязлай, 4, 182) параўноўвае з літ. tipénti ‘хадзіць на пальчыках, на дыбачках (у тым ліку пра дзяцей, якія вучацца хадзіць)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)