застракаце́ць, ‑ціць; зак.

1. Вылучыцца сваім стракатым колерам, паказацца (пра што‑н. стракатае). І як пачало прыграваць сонца, застракацеў на гасцінцы нязвычны вялікі натоўп з самотным коннікам наперадзе. Шынклер. Поезд мінуў Краснае, з размаху ўварваўся ў лес, і пад адхонам застракацелі маладой зелянінай бярозавыя кусцікі. Пестрак.

2. Замільгаць перад вачамі, у вачах (пра што‑н. шматлікае, яркае). Такая іх [сняжынак] была безліч, што ўсё застракацела перад вачамі. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У Косці аж застракацела ў вачах ад рознакаляровых бантаў у паненак і рознакаляровай вопраткі ў панічоў. Карпюк. // перан. Пачаць часта паяўляцца, сустракацца. Імя акцёра застракацела на афішах.

3. Стаць стракатым ад чаго‑н. Застракацелі кветкамі бульвары. □ Загаманілі сенажаці, застракацелі кашулямі белымі, хусткамі ровнакаляровымі. Кірэйчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саро́ка, ‑і, ДМ ‑роцы, ж.

1. Птушка сямейства крумкачовых з доўгім хвастом і чорным з белым апярэннем. Было ядрана і ціха, толькі недзе ў алешніку сакаталі сарокі — масціліся, мабыць, на ноч. Капыловіч. З вербалозаў пух цягала [чачотка], Не спускала вока, Каб гняздо не абакрала Хітрая сарока. Хведаровіч.

2. перан. Пра балбатлівага, шумнага чалавека. Валодзя нічога не ведаў і пачуў аб гэтым упершыню, але яму не хацелася паказваць, што ён даведаўся пра такую важную навіну пазней за дзяўчынак. І так гэтыя сарокі заўжды ва ўсім наперадзе. Шамякін.

•••

Сарока на хвасце прынесла (жарт., іран.) — пра навіну, весткі, атрыманыя невядома адкуль.

Сарока хвастом замяце — вельмі мала.

Як сарока на калу — круціцца, неспакойна сядзець на сваім месцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сінява́, ‑ы, ж.

Сіні колер чаго‑н. Новы дзень вядзе мяне праз вецер, Праз ільноў густую сіняву. Бялевіч. Возера, растварыўшы ў сабе фарбы зары, успыхвае сінявой. Хомчанка. Няспынна хвалі ўдаль плывуць, Адбіўшы неба сіняву. Танк. // Сіняватае адценне чаго‑н. Матавая сінява варанёнай сталі. □ У Меера адна шчака была паголена да сінявы, а другая густа парасла чорным каракулем. Карпюк. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра мора. неба, паветра). Як мары, белыя бярозы Пад сінявой начной стаяць. Багдановіч. Мы крочым з вёскі росным лугам Да бугскай воднай сінявы. Арочка. Чырвоныя ствалы соснаў высока-высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў. // Сіні туман, смуга. Далёкі лес ахутаны туманнай сінявой, а наперадзе густой зялёнай сцяной стаіць хвойнік. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усту́п 1, ‑а, м.

Частка чаго‑н., якая адступае ад асноўная лініі, утвараючы ступень, выемку. Уступ катлавана. Уступы гор. □ Ля невялікага віру, які пераходзіць у доўгую затоку, [мы] спыніліся, аглядаючы кожны ўступ ля берага. Ігнаценка. Па другі бок.. [вуліцы], там, дзе канчаецца асфальт, не крута, а ўступамі, штораз усё ніжэйшымі, пачынаецца спуск да Дняпра. Палтаран.

усту́п 2, ‑у, м.

Пачатковая частка кнігі, артыкула, музычнага твора і пад., уводзіны да чаго‑н. Уступ да паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». □ Уступ [Трэцяй сімфоніі Р. Пукста] пачынаецца магутнай, моцнай па гучанню кароткай завершанай тэмай. Дубкова. І Міхась па .. голасу [маці] здагадаўся: гэта толькі ўступ, а галоўнае — наперадзе. Сіўцоў. // Прадмова, уступнае слова. Ян Дрда, папрасіўшы ўвагі, у кароценькія ўступе сардэчна, па-сяброўску вітае нас — беларускіх таварышаў. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́са, ‑ы, ж.

1. Вузкая палоска, лінія. Правесці рысу.

2. Лінія (існуючая ці ўяўная), якая раздзяляе што‑н.; рубеж. Рыса пад’ёму ўзроўню вады. □ Сцяпан яшчэ раз з усмешкай зірнуў на мяне і прыцішыў ход: мы праязджалі гарадскую рысу, і наперадзе былі ўжо добра відаць прыгожыя дамы Зялёнага Луга. Ляўданскі.

3. звычайна мн. (ры́сы, рыс). Сукупнасць частак, ліній, якая стварае характэрнае аблічча (звычайна ў спалучэнні: рысы твару). Гэта быў каўказскага тыпу чалавек з рэзкімі рысамі твару. Новікаў. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Шамякін.

4. перан. Прыкмета, асаблівасці якасць. Рысы характару. Рысы новага чалавека. □ Неабходна адзначыць такую важную рысу ў характарах герояў Кузьмы Чорнага, як жыццярадаснасць, аптымізм, захапленне жыццём. Кудраўцаў.

•••

Падвесці рысу гл. падвесці.

У агульных рысах — без падрабязнасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перадавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які ідзе, знаходзіцца наперадзе астатніх. Перадавая пазіцыя. Перадавая лінія. □ [Аляксей і Барыс] удала адолелі нічыйную паласу, мінулі перадавы заслон немцаў і, адпачыўшы трохі, рушылі далей. Васілёнак.

2. перан. Які стаіць вышэй за іншых па ўзроўню развіцця. Перадавыя метады працы. Перадавая тэхніка. Перадавая навука. // Які дасягнуў найлепшых паказчыкаў, поспехаў у працы. Перадавыя калгасы. □ Першыя дні работы паказалі, што ў бліжэйшы час брыгада будзе ў ліку перадавых. Грахоўскі. // Прагрэсіўны. Перадавыя ідэі. Перадавая літаратура. Перадавы друк. // Найбольш свядомы, ініцыятыўны. Перадавая моладзь вёскі.

3. у знач. наз. перадава́я, ‑ой, ж. Разм. Пярэдняя лінія абароны перад фронтам праціўніка; раён баявых дзеянняў. Падрыўнікі, раней чым з’явіцца ў штаб і далажыць аб выкананы задання, вырашылі завітаць па дарозе на перадавую. Шахавец. Чарняхоўскі разам з камдывам накіраваўся ў бок перадавой. Мележ.

•••

Перадавы артыкул гл. артыкул.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Засланіць, прыкрыць чым‑н. Пеця спачатку прысеў, пасля лёг у разору і Рукамі захінуў галаву. Сіняўскі. На нейкі Міг наперадзе мільгануў твар Яльцова, але яго тут жа захінулі нейчыя плечы. Савіцкі. // Пасунуўшы (фіранку і пад.), закрыць што‑н. Дзірынг загадаў захінуць фіранкі на вокнах. Новікаў.

2. Ахінуць чым‑н., закруціць у што‑н. Збанок ён захінуў кажушком. Хомчанка. [Ранены] не чуў.., як захінулі яго ў пасцілку, перанеслі ў хату і, перавязаўшы раны, паклалі на цёплую печ. Стаховіч. // Закінуць адзін край адзежыны на другі. Глушак захінуў полы кажуха, і зноў нагнаў на твар санлівасць. Мележ.

3. Схаваць куды‑н., за што‑н. Міроніха стала.. рознымі знакамі паказваць.. [Аўдулі], каб яна захінула куды-небудзь малако. Ермаловіч. [Ігар] паспрабаваў зазірнуць у сумку, але Андрэй захінуў яе за сябе. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цьмець, ‑ее; незак.

Разм.

1. Цьмяна гарэць; ледзь свяціцца. Толькі каля вакзальчыка цьмеў ліхтарык. Пестрак. Там-сям у лесе цьмелі чырвоныя вогнішчы, .. цямнеліся фурманкі, кухні. Гарэцкі. // перан. Скрыта існаваць, тлець. У ягонай [Турковай] душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Быкаў.

2. Станавіцца цьмяным, цямнейшым. Неба на ўсходзе пачынала шарэць і зоры цьмелі. Чорны. // перан. Станавіцца менш выразным, менш яскравым, нязначным. Цьмеў воблік малой, паціху, непрыкметна, але адыходзіў у нябыт. Мележ. Тое, што .. [Марына] цяпер не адна, а з бацькам, вярнула да яе многа дзіцячага, што ў адзіноце пачало ўжо цьмець і губіцца. Чорны.

3. Вылучацца сваім цьмяным колерам; цямнецца. Наперадзе, метраў за дзвесце ад хаты, чарнелі сцены старой пуні, за ёй слаба цьмеў лясок. Хадкевіч. [Рыбак] павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́стаць1 ’палоска жыта ці іншай збажыны, занятая адной жняёй у час жніва’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Байк. і Некр., Мядзв., Дзмітр., Др.-Падб., Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; івац., Хрэст. дыял.; парыц., Янк. Мат.; пін., Кольб.; навагр., Шн., Федар.), ’участак збожжа, скошаны касцом’ (гродз., Мат. АС), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (дрыс., ДАБМ, камент., 872), ’наперадзе’ (Кольб.), ’паласа, загон жыта’ (петрык., Мат. Гом.), укр. по́стать ’палоска нівы, занятая адной жняёй’, рус. по́стать ’тс’, ’поле’, ст.-рус., ц.-слав. постать ’доля, частка’, польск. postać ’пастава, форма, фігура, асоба’, дыял. ’шэраг жняцоў у полі’, ст.-польск. postać ’род, пакаленне’, чэш. postat у старэйшым значэнні — ’частка поля, на якім стаіць адзін жнец’, славац. postat ’тс’, славен. pástȃt ’рад работнікаў у полі’, серб. по̀стат/поста̑т ’палоска, рад пры жніве’, балг. по́стат ’паласа, якую жнуць некалькі жняцоў адначасова’. Прасл. *postatь, утворанае ад *postati (гл. стаць) са значэннем выніковасці дзеяння, даслоўна ’тое, што пастаўлена; рад, шэраг’. Паводле Праабражэнскага (2, 113): по‑стать ’шчыльна пакладзенае’), паводле Трубачова (Ремесл. терм., 123–125): *po‑statь ’стаяць нерухома’. Адсюль першапачатковы сінкрэтызм ’асоба, фігура, пастава’ і ’задача, што пастаўлена перад асобай для выканання’, параўн. постаць ’стан, фігура’ і ’паласа (пры жніве)’ (ТС), рус. стать ’пастава’ і по́стать ’участак, які косіцца жняцом за адзін раз’ (Банькоўскі, 2, 715; БЕР, 5, 549).

По́стаць2 ’стан, фігура’. Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэйд 1, ‑а, М ‑дзе, м.

Месца стаянкі суднаў на якары каля берага. У порт Дзіксан мы не заходзілі, таму што наш карабель меў у запасе і ваду, і паліва, і прадукты. Мы сталі на рэйдзе. Бяганская. Не стаіць ён [карабель] на рэйдзе пры гавані, Хоць наперадзе шторм або шквал, А заўжды ў кругасветным ён плаванні Сярод рыфаў падводных і скал. Аўрамчык.

[Гал. rede.]

рэйд 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Пранікненне войск, звычайна конніцы або партызанскіх атрадаў, у глыб варожай тэрыторыі з якой‑н. баявой мэтай. Хутка танкі прарваліся ў варожы тыл. Гэта быў першы глыбокі рэйд у баявым жыцці Шутава. Мележ.

2. Нечаканая рэвізія, праверка, якая праводзіцца групай актывістаў па заданню грамадскіх арганізацыя. Асталося зусім мала часу да канца перапынку, а трэба паспець арганізаваць спрытную брыгаду, каб увечары адправіцца ў рэйд. Якасць. Вось чаго будзе дамагацца камсамольская брыгада ад рудніка. Мікуліч.

[Англ. raid.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)