Лы́тка1, лы́ткі ’акругленыя мышцы на задняй частцы нагі чалавека ад калена да ступні’ (ТСБМ, Гарэц., Дразд., Сцяшк., Шат., Касп., Растарг., Яруш., Мядзв., Бяльк., Нас., ТС, Сл. ПЗБ), ’нага ўвогуле’ (Нас.), ’сцягно, ляжка’ (Яруш., стаўб., КЭС), ’галёнка’ (КЭС, лаг.), лыдка ’лытка’ (Мат. Гом.); у выразе: лыткі кароткі ’рукі кароткія’ (Шат.). Укр. ли́тка ’лытка’, закарп. і паўд.-валынск. ’сцягно’, рус. лы́тка, лы́тки ’нага’, ’пярэдняя нага свінні’, ’задняя нага свінні’, ’тонкія, худыя ногі’, ’сцягно, ляжка’, ’калені, ступні’, ’пята’, ’косць нагі’, ’тоўстая косць нагі жывёлы’, ’шчыкалатка’, ст.-рус. лытка ’галёнка’, ’нага’, ’кумпяк’; польск. łydka, łytka ’лытка’, ’сцягно’, ’ягадзіца’; ст.-чэш. lýtka ’лытка’, ’галёнка’, славац. lýtka ’лытка’, усх. ’сцягно’; славен. lȋtka ’лытка’, с.-балг. лытка, литка ’галёнка’. Прасл. дыял. lydъka ’мясістая частка нагі — пераважна, лытка, а таксама і сцягно, галёнка’ (Слаўскі, 5, 388–391). Надзейнай этымалогіі няма. Найбольш пераканаўчай з’яўляецца думка Шустара–Шэўца (Slavia, 32, 166–169; ZSl, 8, 873) аб роднасці з прасл. glyda (польск. дыял. głyda, głydy, głytka, głytki), якое чаргуецца галоснай у корані з gluda з агульнасцю семантыкі ’выпуклае, ком, гуз’ (рус. глуда ’ком’, славен. glȗta ’шышка’) < і.-е. *gleu‑d‑/*gleu‑t ’аб выпуклым, круглым’.

Лы́тка2 ’вузкая палоска зямлі’ (ушац., Нар. сл.). Відавочна, спачатку лытка ’нага’ абазначала меру даўжыні (параўн. ст.-бел. стопа, крокъ), пасля — прастору, якую гэтай мерай найчасцей вымяралі. Параўн. аналагічна лы́нда3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касны́ ’сараматны’, ’дрэнны’, ’худы’ (Касп.: «Твая карова дужа косная»). Слова, якое мае адпаведныя паралелі, як здаецца, толькі ў рус. мове. Параўн. рус. дыял. кастный. кастной ’паскудны, гадкі, брыдкі, нячысты’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 9, 158, гэта лексема узыходзіць да прасл. (дыял.) *kasib. якое мае вельмі разгалінаваную семантыку. Параўн. яшчэ ў рус. гаворках касть ’патрава хлебная’, ’свавольства, паскудства’, ’кал’, ’пацук або мыш’, ’дрэнь, гадасць, брыдота’ і г. д. Паводле Трубачова, там жа, 157, магчыма, даўняе вытворнае з падаўжэннем галоснага о ö (> а) ад слова *kostькосць’. Як семантычную паралель Трубачоў прыводзіць іншае вытворнае ад слова *kostь*ко&сипъш семантыка якога эвалюцыяніравала ад ’касцявы’ да ’тленны, нячысты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скула́ ‘гнойны нарыў, фурункул’ (Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сержп., ЛА, 3), ‘нарыў, фурункул’, ‘залатуха’ (Сл. ПЗБ), ‘нарыў’, ‘нарасць на дрэве’ (ТС), скула ‘гнойны нарыў, фурункул’ (ТСБМ, Ласт., Растарг.; ашм., Стан.; Варл., ЛА, 3, Клім.), ‘рожа (хвароба)’ (Бес.), ‘нарыў’, ‘залатуха’, ‘трахома’, ‘прыступ эпілепсіі’ (Сл. ПЗБ), ‘выступ на твары, ягадка’ (ТСБМ, Сцяшк.). Укр. ску́ла ‘скула, шышка на целе’, рус. скула́косць чэрапа’, дыял. ‘пухліна, фурункул’, польск. skuła ‘скула, нарыў, хвароба горла’, дыял. ‘хвароба капыт у кароў і свіней’, чэш. skula, skulina, škulina ‘шчыліна, адтуліна’, славен. skȗla ‘нарыў, хвароба капыт’, серб.-харв. skȕla ‘нарыў, кароста, хвароба капыт’, балг. скула ‘рана, язва’, ску́ли ‘прышчы, нарывы, струпы’ і ‘косці чэрапа’, макед. скула ‘сківіца, ягадка’. Этымалагічныя версіі спрэчныя. Параўноўвалі з прасл. *skala, *skelina (гл. скала́1, шчыліна); гл. Праабражэнскі, 2, 315; Махэк₁, 450; Голуб-Копечны, 335, што Фасмер (3, 661) і Куркіна (Этимология–1971, 69–70) лічаць сумніўным па фанетычных прычынах. Няпэўная роднасць з літ. káulasкосць’ (Брукнер, ZfslPh, 4, 213). Паводле Куркінай (там жа), аднаго паходжання з *kyla ‘кіла’; ад і.-е. *(s)kōulā ‘гнуць, згінаць, быць выпуклым’, адкуль ‘пухліна, уздуцце, выпукласць’, але гэта не тлумачыць значэння ‘адтуліна; шчыліна’. Бярнар (Бълг. изсл., 272–273) лічыць, што значэнне балг. скула ‘рана, язва’ семантычна аб’ядноўвае значэнні ‘скула’ і ‘шчыліна’. Ільінскі (РФВ, 78, 200) і Скок (3, 272) мяркуюць аб роднасці са с.-в.-ням. schiel ‘трэска, адломак’, што таксама спрэчна. Следам за Ільінскім Коген (Запіскі 2, 1, 237) узводзіць слова да і.-е. *skoul‑ як варыянта *skeu̯el‑, прыводзячы ў якасці паралелі рус. выль ‘гуля, шышка’ < і.-е. *ūl‑, параўн. лац. ulcus ‘балячка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мазголіць1 ’біць, у прыватнасці, па галаве’, ’уціраць масла ў валасы’, ’брудзіць чым-небудзь тлустым’ (Нас.), мазголіцца ’доўга поркацца з якім-небудзь прадметам’, ’пэцкацца (напр., грызучы косць)’ (Нас.). Разам з мазоліць, мазоліцца (гл.), астр, мазолі́ць (Сл. ПЗБ) належыць да гнязда мазол (гл.), якое з прасл. mozgoliti ’ціснуць, націраць мазоль’, а апошняе ў выніку метатэзы ўзнікла з glomoziti, параўн. чэш. (h)lomoziti, бел. гламаздзіць ’біць па галаве’, гламазда́, гламаздава́ты (гл.) (гл. Махэк₂, 377); Брукнер (346) выводзіць гэту лексему з літ. mãzgas ’супель’, ’почка на дрэве’, а Фасмер (2, 638–639) — з *мъзга. Сюды ж: мазголенне ’важданне, порканне’, ’частыя ўдары па галаве’, ’мазанне валасоў’ (Нас.).

Мазголіць2 ’выдумваць’ (лід., Сцяшк. Сл.). Утворана ад мазгол ’чалавек, з галавой’. Параўн. рус. разан. мозгаль ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́пка1 ’драўляны блок, які прыводзіць у рух шпульку ў калаўроце’ (Касп., Нар. сл., Скарбы), ’кальцо для замацавання шпулькі ў калаўроце’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’кальцо для прымацавання шыйкі касы да касся’ (Шатал.), рипа ’дэталь самапрадкі, якая злучае верхнюю частку з падстаўкай’ (Уладз.). Форма рэ́пка ўтварылася паводле народнай этымалогіі, магчыма, з-за знешняга падабенства дэталі да рэпы. З лат. ripa ’дыск; круг; шайба’.

Рэ́пка2 ’надкаленная косць’ (ТСБМ, Жд. 2; смарг., Сл. ПЗБ), анат. ’макаўка (у жывёлін)’ (гродз., Сл. ПЗБ). Укр. рі́пиця ’тс’. Іншая назва чашка (гл.). Паводле знешняга падабенства звязана з рэпка1 (гл.).

Рэ́пка3 ’скрутак лык’ (Жыв. сл., ЛА, 4), ’звязка апрацаванага льну’ (Сцяшк. МГ), ’скрутак’ (віл., раг., Сл. ПЗБ). Паводле знешняга падабенства звязана з рэпка1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́лка1 ‘невялікая страла’, ‘указальнік (у тым ліку ў гадзінніку)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; Стан.), ‘вага ў студні з жураўлём’ (мазыр., ДАБМ, камент., 809), ‘пяро цыбулі, якое дае насенне’ (бых., Янк.; маладз., Гіл.; Барад., Сл. ПЗБ, ТС, Ян., Шатал.), ‘адростак пяра пасля лінькі птушак’ (бярэз., Сл. ПЗБ; мін., Шатал.), ‘тыльны надкапытны сустаў у жывёл, косць гэтага сустава’ (Сл. ПЗБ), ‘прамежак у капытах жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ‘ніз капыта ў каня’ (ТС), ‘лядзяш’ (хойн., Шатал.; калінк., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; хойн., Шатал.), стрылкы́ ‘насенне сланечніка’ (Сл. Брэс.). Памяншальнае ад страла1 (гл.), намінацыі на аснове знешняга падабенства.

Стрэ́лка2 ‘страказа’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Нік. Очерки; рас., Шатал.; в.-дзв., смарг., паст., даўг., Сл. ПЗБ; ЛА, 1, Стан.), стрэ́лашніца ‘тс’ (Жд. 1). Да папярэдняга слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́лька1 ’грудзі’ (Растарг., Юрч., Янук., Касп.), ’ключыца’ (Мат. Маг.), пелькі ’каўнер’ (Касп.), ’грудзіна, грудная косць’, ’грудная частка ялавічыны’ (Нас., Нас. Сб.), пелькавае мяса ’тс’ (Нас.), маюць непасрэдны працяг на рус. тэрыторыі: пе́лька, пе́лька ’частка адзення, якое закрывае грудзі’, пело ’пярэдняя частка кашулі, што закрывае грудзі’, ’жаночыя грудзі’, пели́ть ’пакрываць, прыкрываць’ — якія можна генетычна атаясаміць з дадзенымі ўграфінскіх моў з агульным значэннем ’верх, тое, што пакрывае’, параўн. вепск. pälʼiné ’верх, верхні бок’, pälʼdʼa, pälʼda ’нацягваць на што-н.’, pälętʼi ’адзін на адным’, pel ’вяршняк, вушак’, удм. pel ’вуха’, эст. peale panema, pealistama ’пакрыць’. Цікавым будзе таксама і семантычны пераход: вепск. ŕind ’грудзі’ і ’каўнер адзення’.

Пе́лька2 ’уваход у жак або ў кош’ (ТС), рус. дыял. пе́лька ’пятля, палонка’, укр. пе́лька ’глотка’. У выніку семантычнага пераносу з пель (гл.) (Талстой, Этимология–1967, 148–149).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Масалі́ць, му́сліць ’слініць, жаваць’ (Сцяшк., Растарг.), масоліць ’забруджваць’, ’жаваць, грызці’ (Нас., Юрч.), масоліцца, ’брудзіцца чым-н. слізкім’, ’поркацца з чым-н.’, ’падсядаць да каго-н., шукаючы прыхільнасці’ (Нас.). Рус. мусо́лить ’смактаць (косці)’, ’весці або абгрызаць што-небудзь вельмі павольна’, ’доўга жаваць бяззубым ротам’, пск., смал. мосо́лить ’пэцкаць, абгрызаць косць’; валаг. моска́лить ’мазаць галаву тлушчам’ (пры москалыга = мосолыга), перм. му́слить, пск., цвяр. мусо́литься ’доўга поркацца з чым-небудзь’, мусля́к ’неахайны, слімак’. Славен. músa, masára ’брудная жанчына’, ’брудная карова’, zamúsati ’пакрыць брудам’, серб.-харв. кайк. musa, musača, zamúsan, mȕsav. Роднаснымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца новав.-ням. Schmutz ’бруд’, ст.-в.-ням. muzzan ’чысціць’, ст.-грэч. μύδος ’сырасць, гніль’, ст.-інд. mū́ra ’мача’, авест. mūϑtra‑ ’бруд’, і.-е. *meu‑ ’вільготны, рыхлы, брудны’. Аднак ні словаўтварэнне, ні першасная фанетычная форма застаюцца невядомымі (Праабражэнскі, 1, 571; Фасмер, 3, 16–17; Бязлай, 2, 207).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́рла, ‑а, н.

1. Храстковая трубка, якая змяшчаецца ў пярэдняй частцы шыі і з’яўляецца пачаткам стрававода і дыхальных шляхоў. Прапаласкаць горла. Пяршыць у горле. □ Сыр стаў у горле, і Гарбача пачала мучыць ікаўка. Мурашка. // Пярэдняя частка шыі, у якой змяшчаецца гэта храстковая трубка. [Алік] ляжаў і чакаў, што вось-вось нехта наваліцца на яго, схапіць за горла, пачне душыць. Шашкоў. Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

2. Верхняя звужаная частка пасудзіны. Горла бутэлькі.

3. Вузкі праход з заліва або ўнутранага мора ў адкрытае мора. // Рукаў у вусці ракі. // перан. Пра ўсякі вузкі праход у чым‑н. Прайшоўшы праз вузкае горла маста, .. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана веерам. Брыль.

•••

Браць (узяць) за горла гл. браць.

Вырваць з горла гл. вырваць.

Горла перагрызці гл. перагрызці.

Горлам браць гл. браць.

Драць (ірваць, надрываць) горла гл. драць.

Засесці ў горле гл. засесці.

Заткнуць горла гл. заткнуць.

З горла лезе (валіцца, прэ) гл. лезці.

Клубок у горле гл. клубок.

Ком у горле гл. ком.

Кусок (кавалак) у горла не лезе (не ідзе) гл. кусок.

На ўсё горла — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, спяваць і пад.).

Па горла — а) вельмі моцна (заняты, перагружаны і пад.). Завален работай па горла; б) вельмі многа (спраў, клопатаў і інш.). На прадвесні ў Хаіма Плаўніка работы было па горла. С. Александровіч.

Прамачыць горла гл. прамачыць.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Слёзы падступілі да горла гл. сляза.

Станавіцца папярок горла гл. станавіцца.

Стаяць калом у горле гл. стаяць.

Стаяць папярок горла гл. стаяць.

Сыты па горла гл. сыты.

У горла не лезе гл. лезці.

Як косць (кветка) у горле гл. косць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабро́, ‑а; мн. рэбры, ‑аў; н.

1. Дугападобная вузкая косць, якая ідзе ад хрыбетніка да грудной косці. Конь раней угнуў галаву, рэбры пад яго скурай захадзілі ходырам. Чорны.

2. Частка каркаса якога‑н. збудавання, прадмета, часцей выгнутая. Мужчыны звязвалі з жэрдак рэбры лодкі. Маўр. На рацэ ляжалі ў вадзе разадраныя выбухам фермы чыгуначнага моста і побач з імі прыгожа свяціліся рэбры новых пралётаў. Савіцкі.

3. Лінія перасячэння дзвюх плоскасцей. Рабро куба. Рабро піраміды. // Вузкі востры край чаго‑н. То прыгладзіць [муляр] гліну, то рабром [кельмы] зрэжа гурбяк на атынкаванай сцяне, то вострым кончыкам падчэпіць і адкіне кавалак старога тынку. Нядзведскі. // Вузкая старана якога‑н. прадмета (па яго даўжыні). Рабро цагліны. Рабро далоні. Ставіць дошку на рабро.

•••

Адны рэбры — вельмі худы, благі.

Палічыць рэбры гл. палічыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)