Пляц ’сядзіба калгасніка’, ’зямля пад сядзібай’, ’незабудаваная тэрыторыя ў горадзе ці вёсцы’, ’частка прысядзібнага ўчастка каля хаты ці ў полі’ (ТСБМ, БРС, Нас., Сцяшк. МГ, Бір., Яруш., Выг., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС; карэліц., Янк. Мат.; капыл., Жыв, сл.), ’месца для пасеву, плошча’ (Растарг.), ’прастора вакол царквы, цвінтар’ (стол., Яшк.), ’прысядзібны ўчастак’ (ЛА, 4), ’зямельны надзел (у мінулым)’ (ЛА, 3); плац ’участак зямлі’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. пляцъ ’участак зямлі пад гаспадарчымі будынкамі і агародам’, ’роўнае незабудаванае месца ў горадзе, ад якога ва ўсе бакі разыходзяцца вуліцы’, плацъ ’поле бою’ (1441 г.). З польск. plac (з 1496 г.), płac (з 1434 г.) ’месца, не забудаванае ў горадзе’, ’месца пад будынкі’, ’месца бою’, якія запазычаны з мовы нямецкамоўных мяшчан польскіх гарадоў — з н.-ням., с.-н.-ням. platz, апошняе, як і франц. place, італ. piazza, узыходзіць да лац. platea ’вуліца, двор’ < ст.-грэч. πλατεῖα ’шырокая дарога, вуліца’. Бел. пляц ’плошча для ваенных парадаў і страявых заняткаў’ (ТСБМ) — з рус. пляц, запазычанага (пры Пятры I) з ст.-бел. пляцъ ці ст.-польск. plac; а рус. плац ’тс’ — з ням. platz ’плошча’ (Брукнер, 416; Карскі, БР, 156, Кюнэ, Poln., 87, Булыка, Лекс. запазыч., 189; Банькоўскі, 2, 595; Фасмер, 3, 276). Сюды ж: пляцава́ць ’мераць на участкі’, пля́цны, пляцовы ’які адносіцца да планавай меры’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

распаўзці́ся, ‑паўзецца; ‑зёмся, ‑зяцеся, ‑зуцца; пр. распоўзся, ‑паўзлася, ‑лося; зак.

1. Папаўзці ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх насякомых, жывёл). Мурашкі распаўзліся. □ [Змеі], як відаць,.. вызваліліся і распаўзліся па караблі. Маўр. З учарашняга дня ваўчыца не вярнулася ў бярлогу, і галодныя ваўчаняты распаўзліся па кустах. Якімовіч. // Разм. Разысціся ў розныя бакі (пра людзей). — Вось што, хлопцы, — перавёў Лабановіч гутарку на іншае, — усім гуртам ісці на станцыю не варта. Давайце лепей распаўзёмся паціхеньку. Колас. // Павольна разыходзячыся, захапіць вялікую прастору (пра хмары, дым, туман і пад.). Па небе распаўзлася шэрая хмара і схавала сонца. Гроднеў. Густы дым распоўзся каля нары, але, здавалася, зусім не ішоў у сярэдзіну. Маўр. // Рассунуцца, раз’ехацца. Яна засталася адна. Рукі яе апусціліся, не давязаўшы вузла, і рагі ў прасцірадле распаўзліся з-пад рук. Чорны. // Разм. Прасторна, шырока размясціцца. Вялізнае сяло распаўзлося на багатым .. суглінку па броўках яроў, па схілах, па адхоне над рачулкай. Караткевіч.

2. Расплыцца, расцячыся па паверхні чаго‑н. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі, па снезе распаўзлася рыжая, як вывернуты стары кажух, пляма. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Па светламу твару Колышава распаўзлася здрадлівая чырвань. Мележ. // Страціць пэўныя, яскравыя абрысы, форму пад уздзеяннем вільгаці, вады і інш. Дзе папера ад поту прамокла, там літары распаўзліся, але пыталіся выразна. Грамовіч. На прыгрэве каля ляска заечыя сляды. Пад цёплымі промнямі веснавога сонца яны распаўзліся. Ігнаценка. // Размокнуць, раскіснуць (пра зямлю, дарогу). Дождж прайшоў сляпы, спорны. Дарога распаўзлася. Лукша.

3. Разм. Разваліцца, разлезціся ад доўгай носкі, ад старасці. Алесь устаў. Можна выкруціць, выбіць аб руку пілотку. Выкруціў. Асцярожна, каб не распаўзлася. Брыль. [Крымянец] крыху паправіў падушку, якая даўно ўжо распаўзлася і з якой церушылася старая спарахнелая салома. Лынькоў. А тут новая бяда — чаравікі распаўзліся. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хі́тры, ‑ая, ‑ае.

1. Вынаходлівы, умелы, дасціпны. — Ну і хітры ж мужык ты, Васіль Захаравіч. На тры аршыны пад сабою бачыш, — сказаў Розаў. Грахоўскі. Бульбу, хоць і скараспелку, капаць яшчэ ранавата было. Таму яе хітрыя гаспадыні нейкі час не капаюць, а «падкопваюць», гэта значыць выбіраюць пад карчамі большую, а малую пакідаюць, прысыпаючы зямлёю. Якімовіч. // Які дзейнічае скрытна, не яўна. Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Падумайце, якая хітрая! Стаілася каля акна і за Сцёпкам цікуе, а сама не паказваецца. Колас. / Пра жывёл, птушак. Часам я можа б і сам адважыўся пакінуць Паўла і павесці сваю кабылу ў гурт, але гэтаму перашкаджала тое, што мая стракатая была жывёлінай натурыстай і вельмі хітрай. Кулакоўскі. // Які выражае хітрасць. [Маці:] Па вачах пазнаю, вачэй не пераменіш. Вунь якія яны.. Калючыя ды хітрыя. Крапіва. [Камендант:] — А гаспадарыць хто? — Мы, — адказала настаўніца з хітрай усмешкай. Маўр. Голас [Сарокі] быў ліслівы, прытоена хітры. Мележ.

2. Разм. Які для дасягнення чаго‑н. ідзе не прамым, падманным шляхам. Хітры бандзюга, ён [Смілга] не хацеў ні паміраць, ні здавацца.. Ён не быў нават паранены, але ляжаў як нежывы. Ён думаў, што цяпер на яго ніхто не будзе звяртаць увагі, і пакуль ішла перастрэлка, яму ўдалося дакаціцца да ўсходцаў. Чарнышэвіч.

3. Разм. Зроблены з вялікім умельствам, выдумкай, сакрэтам. Выбірае замок для дзвярэй чалавек, Выбірае замок, ды такі, каб — навек! Самы моцны з усіх, самы хітры замок, Каб ключы падабраць аніхто ўжо не змог! Гілевіч. Пад хітрай цацкаю нахмурыў бровы, Каб здагадацца: што там за нутро? Гаўрусёў. А летам гасцінцы дзед носіць з лесу — то шапку суніц, то хітры кошык з бяросты. Лынькоў. // Які патрабуе асаблівай праніклівасці, кемлівасці. Не хітрая, урэшце, справа Адолець атам урана. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вышыня́, ‑і; мн. вышыні, вышынь і вышыняў; ж.

1. Адлегласць ад асновы да вяршыні. Вышыня вежы. Вышыня паверха дома. □ Насып каля моста меў пяціметровую вышыню. Шамякін. // Адлегласць ад зямлі ўверх да чаго‑н. Вышыня палёту. Вышыня зрэзу расліны. □ На вышыні больш чым тысячы метраў бліснулі ў ранішнім сонцы.. самалёты. Лынькоў.

2. Высокая прастора над зямлёй. Завоблачная вышыня. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.

3. Узвышша, пагорак. Заняць вышыню. □ На безыменнай вышыні Зноў разгарэўся бой. Танк.

4. Велічыня, памер, узровень чаго‑н. Вышыня ціску паветра. Вышыня голасу.

5. Перпендыкуляр, апушчаны з вяршыні фігуры на яе аснову. Вышыня трохвугольніка, трапецыі.

6. Вугал стаяння свяціла над гарызонтам.

•••

Быць на вышыні гл. быць.

З вышыні птушынага палёту — з вышыні, на якую падымаюцца птушкі.

Узняць на належную вышыню гл. узняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ёсць 1,

1. Форма цяпер. часу ўсіх асоб адз. і мн. ліку дзеяслова «быць». Люба адчула, што яна не адзінокая, што каля яе ёсць свае, родныя людзі. Шамякін. [Хлопцы] не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карты і компас ёсць. Мележ.

2. Служыць звязкай у састаўным іменным выказніку. — Як не пазнаць! — сказаў стары. — Ты ёсць Наш стараста... З. Астапенка.

3. Ужываецца як вокліч радасці, задаволенасці з прычыны якой‑н. удачы. Ёсць! Трапіў якраз у цэль.

•••

Так і ёсць гл. так.

Што (колькі) ёсць духу гл. дух.

Як ёсць — усё, поўнасцю, цалкам. Ці добра мне, ці кепска мне, Я ўсё, як ёсць, перажыву. Астрэйка.

ёсць 2, выкл.

Адказ падначаленага камандзіру, які абазначае: зразумела, будзе выканана. — Адно аддзяленне накіруй праводзіць абоз, а тры — да мінёраў.. Сам, вядзі аддзяленне. — Ёсць! Можна ісці выконваць? М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кармі́цца, кармлюся, кормішся, корміцца; незак.

1. Прымаць ежу, корм; насычацца. [Вепр] ішоў павольна і пачынаў ужо корміцца. Самуйлёнак. Лось карміўся каля стога, Піў ваду, лядок пратоўк. Лужанін. [Дзіцятка] ляжала на руках маці і кармілася, прыпаўшы да адкрытых белых грудзей. Пестрак.

2. чым і без дап. Мець за сродак для існавання, пражыцця; харчавацца. Чапля корміцца рыбай. □ Стрыжы адлятаюць першымі таму, што кормяцца толькі тымі насякомымі, якіх яны могуць схапіць сваім шырокім ротам у паветры, у час палёту. В. Вольскі.

3. чым, з чаго, на што. Здабываць сродкі для існавання, пражыцця. Выпраўляў кульгавы Цыпрук хлопчыкаў да купца ў лес на заработкі. Гэтым кармілася сям’я. Бядуля. — [Марыля] хоча рабіць нешта, каб .. корміцца. Чыгрынаў.

4. Зал. да карміць.

•••

Карміцца акрыдамі — бедна харчавацца, галадаць (з евангельскага апавядання пра Іаана Хрысціцеля, які ў пустыні еў акрыды і дзікі мёд).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карыкату́ра, ‑ы, ж.

1. Малюнак, на якім хто‑н. або што‑н. намаляваны ў скажоным выглядзе для высмейвання. Моладзь тоўпілася перад газетай, жартавала з трапных карыкатур на Івана Гомана, на Радніка, на Гольдзіна. Шамякін. Пад карыкатурай, на якой быў намаляваны дзябёлы хлопец і каля яго малы, худзенькі юнак, стаяў подпіс: «Адгукнуўся на заклік». Арабей. // Пра сатырычны наказ з’яў рэчаіснасці ў іншых відах мастацтва, а таксама аб творах такога характару. Залішняя схільнасць да пераўвелічэння нарадзіла тут гратэск, які часам даходзіць аж да карыкатуры. Кучар.

2. перан. Смешнае, недасканалае падабенства да каго‑, чаго‑н. Можна і трэба даваць партыі тактычныя ўказанні і на выпадак перамогі, і на выпадак паражэння паўстання, і на выпадак склікання сапраўды ўстаноўчага схода рэвалюцыйным шляхам, і на выпадак склікання царом якой-небудзь карыкатуры на народнае прадстаўніцтва. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лапа́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памянш. да лапата; невялікая лапата. Трымаючы ў руках лапатку са збожжам, [Васіль] .. азірнуўся. Мележ. Яшчэ выняць некалькі лапатак зямлі — і залатая шабля апынецца ў іхніх руках. Лынькоў.

2. Тое, што і лопасць (у 2 знач.). Лапаткі турбіны.

3. Плоская шырокая косць трохвугольнай формы ў складзе плечавога пояса чалавека і хрыбетных жывёл. Андрэй і Гарась ляжалі на жыватах, падпёршы галовы рукамі, і ў абодвух вытыркаліся лапаткі. Каваль. Вось-вось гатоў .. [Чоран] збіць Лысага і распісаць яму рогам бок каля .. лапаткі. Колас. // Плечавая частка мясной тушы. Лапатка бараніны.

4. Плоскі няспелы стручок гароху ці другой бабовай расліны.

•••

Ва ўсе лапаткі — вельмі хутка, з усіх сіл (бегчы, ехаць, ляцець і г. д.). Лот між тым ва ўсе лапаткі Прэ, адно мільгаюць пяткі. Крапіва.

Класці на абедзве лапаткі гл. класці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нож, нажа, м.

1. Прылада для рэзання, якая складаецца з ляза і ручкі. Зрабіўшы нажом метку на яліне, дзед важна стаў у баявую позу і падняў пісталет угору. Лынькоў. Шаройка бегаў сам на кухню, прыносіў відэльцы, нажы. Шамякін.

2. Рэжучая частка розных машын, інструментаў. Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас.

•••

Фінскі нож — кароткі з тоўстай рэжучай часткай нож, які носяць у ножнах.

Без нажа зарэзаць гл. зарэзаць.

Легчы пад нож гл. легчы.

На нажах з кім — у варожых адносінах.

Нож у спіну каму — аб подлым, здрадніцкім ўчынку.

Памерці пад нажом гл. памерці.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Тачыць нож гл. тачыць.

Як нажом адрэзаць гл. адрэзаць.

(Як) нож у сэрца — наносіць крыўду, боль, пакуты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.

1. што. Коцячы, наблізіць. Жучка падкаціла бліжэй да сябе ўсе бульбіны, легла каля іх і цікуе... Каліна. // Закаціць куды‑н., пад што‑н. Падкаціць бочку к пограбу.

2. што. Падвезці што‑н. да чаго‑н., устаноўленае на колах, палазах і пад. Падкаціць да самалёта трап. □ Да століка падкаціла цялежку Турава. Савіцкі. // каго. Разм. З шыкам падвезці каго‑н. да чаго‑н. Ячны хацеў падкаціць мяне да самага парога, але я адпрасіўся, пайшоў пехатой. Брыль.

3. да каго-чаго і без дап. Хутка пад’ехаць. Брычка лёгка падкаціла да чырвонай драўлянай будыніны. Асіпенка. Мы не паспелі яшчэ як след апрануцца, калі да ганка стралой падкаціла двое нартаў. Бяганская.

4. перан. Аб раптоўным пачуцці болю, жаласлівасці і пад. У грудзі падкаціла трывога, ці не чакае такі лёс усё маё пісанне наогул. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)