Серабро ‘срэбра’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сірабро́ ‘тс’ (Шымк. Собр.), сры́бра ‘тс’ (Ласт.), се́рабра ‘тс’ (Касп., Др.-Падб.), жыво́е серабро́ ‘ртуць’ (Шымк. Собр.; Яшк. Мясц.), ст.-бел. серебро, сребро (Альтбаўэр), серебра (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі, 1, 248); сюды ж серэбра́нка ‘мядзянка’ (брасл., Сл. ПЗБ), серабрыць ваду ‘класці сярэбраную манету пры купанні нованароджанага’ (Нік. Бабы). Параўн. укр. серебро́, срібро́, рус. серебро́, ст.-рус. сьребро, серебро, польск. srebro, в.-луж. slěbro, н.-луж. slobro, slabro, чэш. stříbro, славац. striebro, серб.-харв. сре́бро, славен. srebrọ̑, балг. сребро́, макед. сребро, ст.-слав. сьрекро, съребро. Прасл. *sьrebro ‘срэбра’. Слова мае балтыйскія і германскія паралелі, параўн. літ. sidãbras ‘серабро’, лат. sidrabs, гоц. silubr, с.-в.-ням., нов.-в.-ням. Silber ‘тс’, якія аднак узыходзяць да розных архетыпаў: усх.-балт. *sudrab‑/*sidarb‑, герм. *silubr‑/*silabr‑, слав. *sirabr‑, у аснове якіх нейкая назва, запазычаная разам з рэаліяй з Усходу. Трубачоў (Этногенез₂, 122) прапануе ў якасці зыходнай *śúb(h)‑riapa ‘светлая вада’, што атаясамліваецца з тапонімам Σιβριάπα, які Пталемей лакалізуе на Кубані. Махэк₂ (587) прапаноўвае сувязь з асір. sarrupum ‘тс’; Будзімір (Слав. филология, 2, 1958, 113) узводзіць да анаталійскага архетыпу *subau‑ro ‘бліскучы’. Гл. таксама Мюленбах-Эндзелін, 3, 835; Торп, 441; Фрэнкель, 780 і наст.; Фасмер, 3, 606; Борысь, 573; Сной₁, 601. Формы з псеўдапоўнагалоссем у выніку прыпадабнення зыходнага ь да наступнага е (Векслер, Гіст., 119).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сква́рыць ‘пячы, смаліць (пра летнюю спёку)’ (Нас.), ‘тс (пра моцны мароз)’ (Шат.), ‘пячы на агні (пра сала і пад.)’, ‘запраўляць сквараным салам’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 4). Укр. шква́рити, польск. skwarzyć ‘тс’, чэш. skvařiti ‘вытапліваць тлушч, скварыць’, славац. škvariť ‘тушыць; пражыць’. Сюды ж рус.-ц.-слав. раскврѣти ‘спражыць’, ст.-чэш. skvřieti sě ‘пражыцца, растоплівацца’, в.-луж. škrěć ‘плавіцца з шыпеннем’, н.-луж. škŕěś ‘тс’, славен. cvrẹ́ti ‘пражыць’. Прасл. *skvariti, *skverti ‘растапліваць (на агні) (тлушч)’, ‘прыпякаць, смажыць’. Ізаляванае славянскае слова. Найбольш верагодным лічыцца гукапераймальнае паходжанне і супастаўленне з коранем *skvьr‑ (гл. скварэц, сквярціся); гл. Праабражэнскі, 2, 296; Голуб-Копечны, 371. Мяркулава (Этим. иссл. 2, 114–116) збліжае з гукапераймальным *ščeverъ ‘дрэнны пах ад гарэлага’, якое выводзіцца на падставе паўн.-рус. ще́вер ‘дрэнны пах і трэск ад гарэлага’, а першасным значэннем лічыць ‘спальваць ахвярную жывёліну’. Роднасць з рус. скве́рный Праабражэнскі (там жа) і Фасмер (3, 636) лічаць сумніўнай. Махэк₂ (615) дапускае магчымасць паходжання слова ад кораня *ver‑ ‘варыць’, а sk‑ лічыць мадыфікатарам кораня накшталт прыстаўкі ко‑. Сной₁ (65) мяркуе аб роднасці са с.-н.-ням. smoren ‘тушыць (ежу)’ (адкуль ням. schmoren ‘тс’) і паходжанні ад і.-е. кораня *skē̌u‑ ‘рэзаць’ з уплывам значэння ‘растапліваць (тлушч)’. Борысь (556) удакладняе, што *skvariti з’яўляецца каузатывам ад прасл. *skverti ‘тапіць, распускаць праз падагрэў, смажанне’ з заменай каранёвага галоснага e → o і наступным падаўжэннем o → a.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слабы́ ‘які мае невялікую фізічную сілу, недастаткова дужы’, ‘нямоцны, нетрывалы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Касп.; гродз., брэсц., ЛА, 5), ‘мізэрны, слабасільны, хілы, кволы’ (Ласт.), сла́бы(й) ‘тс’ (Бяльк., ЛА, 5). Укр. слаби́й, рус. сла́бый, ст.-рус. слабъ, польск., в.-луж., н.-луж. słaby, чэш. slabý, серб.-харв. сла̏б, славен. slàb, балг. слаб ‘слабы, худы, хілы’, макед. слаб ‘тс’, ст.-слав. слабъ. Прасл. *slabъ. Роднасныя: літ. slõbti, slobstù, slabaũ ‘слабець, траціць прытомнасць’, лат. slãbt ‘абмякнуць, панікнуць’, ст.-в.-ням. slaf ‘слабы, вялы’, с.-в.-ням., н.-ням. slap ‘тс’, гоц. slēpan ‘спаць’, магчыма, лац. labor, labi ‘падаю, кульгаю’, laborāre ‘цяжка працую, падаю ад стомленасці’; гл. Младэнаў, 588; Праабражэнскі, 2, 316–317; Фасмер, 3, 664; Траўтман, 270; Вальдэ-Гофман, 1, 739; Махэк₂, 551. Скок, 3, 277; ЕСУМ, 5, 294; Брукнер, 499 лічаць слова славяна-германскім, а балцкія формы разглядаюць як запазычанні з польскага. Райхельт (KZ, 39, 25), Праабражэнскі (там жа), Скок (там жа) і інш. рэканструююць і.-е. аснову *(s)lab‑, *(s)lōb‑ > лац. lābor, labi ‘слізгаць, праслізгваць’; гэту лацінскую паралель прымае і Фасмер (там жа). Махэк₂ (551) даўгату а ў славянскім слове, параўнальна, напрыклад, з ст.-в.-ням. формай, лічыць экспрэсіўным падаўжэннем. Борысь (537) узводзіць да і.-е. *(s)lē̆b‑/*(s)lō̆b‑/*(s)lā̆b‑ ‘быць абвіслым, слабым’. Гл. яшчэ БЕР (6, 824–827) з аглядам іншых версій.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаць 1 ‘спыніцца’, ‘заняць вертыкальнае становішча’, ‘з’явіцца’, ‘застыць на месцы’, ‘адбыцца, здарыцца, зрабіцца’, ‘пачаць’, безас. ‘хапіць’, ста́цца ‘адбыцца, здарыцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Бяльк., ТС, Федар. 4, Ян.). Укр. ста́ти, рус. стать, ст.-рус. стати, польск. stać, чэш. státi se ‘здарыцца, стаць’, славац. stať, серб.-харв. ста̏ти, славен. státi, ст.-слав. стати. Прасл. *stati ад і.-е. *stā‑ ‘стаць’; адпаведнікі ў літ. stàti ‘прыступаць, станавіцца’, лат. stât ‘станавіцца’, ст.-прус. postāt ‘стаць’, ст.-інд. asthāt аор. ‘устаў, стаў’, лац. stō ‘стаяць’ і г. д. Гл. Фасмер, 3, 748 з літ-рай; Борысь, 574; Махэк₂, 575; Сной₁, 605. Параўн. ставаць, стаяць.

Стаць 2 ‘справа, прычына’, ‘прыстойнасць, гожасць’ (Нас., ТС), стаццё ‘здарэнне, прыгода; незвычайны выпадак’ (Нас., Гарэц.), ста́цце ‘хвароба’ (Мат. Гом.), стаццо́ ‘здарэнне’ (Мат. Маг.). Параўн. укр. стать ‘полавая прыналежнасць; постаць’, рус. стать ‘будова цела’, ‘прычына, выпадак’, прыставачныя ўтварэнні: польск. postać ‘фігура, пастава’, ст.-польск. postać ‘род’, ст.-чэш. podstať ‘сутнасць’, славен. póstȃt ‘шэраг рабочых у полі ці ў вінаградніку’, серб.-харв. по̀стат ‘шэраг (у час жніва)’, балг. по̀стат ‘паласа, якую жнуць адна ці некалькі жней’, ц.-слав. постать ‘вызначэнне, загад, пастанова; прызначэнне’. Прасл. *statь, абстрактны назоўнік ад *stati, гл. стаць. Роднасны лат. stātis ‘стойка’, авест. stāiti‑ ‘стойка, стаянне, устанаўленне’, ст.-ісл. stód ‘месца, стан’ (Фасмер, 3, 748; БВР, 5, 549; ЕСУМ, 5, 402; Бязлай, 3, 92).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Студзі́ць ‘рабіць халодным, астужаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ‘ліхаманіць’ (Байк. і Некр.), ‘халадзіць, марозіць’ (баран., Сл. ПЗБ), студзі́цца ‘астуджвацца, ахалоджвацца’ (ТСБМ, Бяльк.), студзёны ‘халодны’ (Бяльк.), студзёна ‘холадна’ (Бяльк., Мат. Маг.). Параўн. укр. студи́ти, рус. студи́ть, польск. studzić, в.-луж. studzić, н.-луж. stuźiś, чэш. studiti ‘студзіць’, славац. studiť, серб.-харв. сту́дити, сту́дјети ‘быць халодным’, славен. stúditi ‘адносіцца з агідай’, балг. студя, макед. студи ‘астуджаць; халадаць’. Прасл. *studiti ‘рабіць халодным, астужваць’. Шустар-Шэўц (1369–1370), Бязлай (3, 337) дзеяслоў лічаць вытворным ад прасл. *studъ, *studa ‘холад’, параўн. укр. дыял. сту́да ‘холад’, студ ‘сорам’, рус. дыял. сту́да, студь ‘холад’, студ ‘сорам, знявага’, польск. ostuda ‘прастуда’, чэш., славац. stud ‘сорам’, серб.-харв. сту̑д ‘холад’, славен. stȗd ‘агіднасць’, балг., макед. студ ‘холад, мароз’, ст.-слав. стоудъ ‘сорам, ганьба’. Борысь (585) выводзіць з *stydnǫti (гл. стыць) з чаргаваннем галосных у корані ŭ/ou/y/u. Параўноўваецца з ст.-інд. tudáti, tundatē ‘штурхае, коле, джаліць’, tōdas ‘той, хто дасаліць’, tōdas ‘укол’, лац. tundō, tutudā, tū(n)sum, tundere ‘біць, калаціць, удараць’, гоц. stautan ‘штурхаць’ і інш., гл. Бернекер, IF, 10, 154. Славянскую дзеяслоўную аснову *stud‑ узводзяць да і.-е. *stou‑, *stū‑ ‘стаяць’ і звязваюць з стыгнуць (гл.) і роднаснымі (Младэнаў, 614; Бязлай, там жа) аналагічна да і.-е. nomen actionis *stou̯do‑s. Параўн. стыд. Гл. яшчэ з аглядам літ-ры Фасмер, 3, 786–787; а таксама Махэк₂, 589–590; ЕСУМ, 5, 456–457.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́слік 1 ’грызун, які жыве ў норах і шкодзіць пасевам’ (ТСБМ), су́сьлік, сусла́к ’тс’ (Некр. і Байк.), суслі́ла, суслі́чыха ’самка сусліка’ (Мат. Гом.), сусо́л ’суслік’: заспаны, як сусол (Сл. ПЗБ). Укр. дыял. су́слик, рус. су́слик, стараж.-рус. сусълъ, сусолъ, польск. suseł, каш. sus ’суслік’ (толькі ў параўнанні spać jak sus), в.-луж. suslik, чэш. sysel, славац. sysel, славен. sȗslik, балг. съ́сел ’суслік’. Як праславянскае Бязлай (3, 343) узнаўляе *suselъ, *syselъ, *sъsъlъ; Махэк₂ (600) — толькі *suselъ, лічачы форму з ‑у‑ другаснай. Слова гукапераймальнага паходжання: да прасл. *susati, ’пішчаць, свісцець’, параўн. польск. дыял. susać ’шалясцець’ (Віл. сл.), ц.-слав. сысати ’шыпець, сыкаць’, балг. съ́скам ’шыпець’, якое параўноўваюць з лат. susuris ’шэрая або чорная землярыйка’, susers ’лясная мыш’, ст.-в.-ням. sûsôn, sûsan ’гусці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1126 і наст.; Брукнер, 526; Фасмер, 3, 809; Бязлай і Махэк₂, там жа; Борысь, 588). Да семантыкі параўн. чэш., славац. svišť, польск. świszcz ’сурок’, роднасныя свістаць, сурчок, гл. Беласт. сусол ’суслік’ аўтары Сл. ПЗБ (там жа) лічаць паланізмам, а кашубская форма ўтворана шляхам адсячэння фіналі слова, гл. SEK, 4, 377. Па іншай версіі (напр., Младэнаў, 617) зыходзілі з прасл. *sъsati ’смактаць’, пра што можа сведчыць су́слік 2, што падаецца малаверагодным.

Су́слік 2 ’дзіця, якое ссе грудзі’ (Нас.). Да сусліць (гл.).

Су́слік 3 ’лядзяш’ (Сцяшк.), су́слікі, суслякі́ ’ледзяшы’ (беласт., віл., Сл. ПЗБ). Укр. су́слік ’соска’. Да сусліць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыта́ ’мёд або цукар, разведзены гатаванай вадой’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Маш., ТС, Растарг., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’засалоджаная мёдам вада як абрадавая страва’ (Сержп. Прымхі, Серб. Вічын, Арх. Вяр., Ян.; слаўг., Нар. сл.; рагач., ганц., карэліц., З нар. сл.; ЛА, 5), ’раствор мёду або цукру для падкормлівання пчол’ (Анох.; слаўг., Нар. сл.), тое ж сыць (Мат. Гом.), ’страва з кавалачкаў хлеба, пакрышаных у салодкую ваду’ (Сл. Брэс.), ’страва з цёртых канапель’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), сюды ж сы́ціца ’напой з перабрадзіўшай сыты’ (ТС), саці́ца ’напой на сотавым мёдзе’ (Барад.), сыты́ця ’тс’ (Доўн.-Зап., Пін.). Укр. сита́, рус. сыта́, стараж.-рус. сыта́ ’вада, падсалоджаная мёдам, гатаваны мёд’. Слова без пэўнай этымалогіі; на аснове польск. woda miodem nasycona ’вада, сычоная мёдам’ Гараеў (356) выводзіў ад *sytъ ’сыты’; супраць Міклашыч (336). Набліжалі таксама (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1129) да ст.-прус. sutristio ’сыроватка’, літ. sutré, sùtros ’памыі, мутная брудная вадкасць, асадак’, лат. sutra ’гнаявая жыжка’, ст.-ірл. suth ’сок, малако’; Брандт (РФВ, 24, 189) і Ільінскі (РФВ, 62, 139) звязвалі таксама з *sъtъ, гл. соты. Гл. Фасмер, 3, 820; ЕСУМ, 5, 244. Сюды ж сыці́ць ’падсалоджваць ваду, квас мёдам і пад.; настойваць мёд на чым-небудзь’, якому адпавядаюць укр. сити́ти ’падсалоджваць’, рус. сыти́ть ’тс’, польск. sycić ’запраўляць чым-небудзь’: sycić miód ’перарабляць пчаліны мёд на пітны’, што паводле Борыся (590), да прасл. *sytiti ’рабіць сытым, насычаць, карміць’, ад *syty (гл. сыты).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядзе́ць ’займаць сядзячае становішча’, ’знаходзіцца, праводзіць час’, ’быць у зняволенні’, ’размяшчацца дзе-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк., Ласт., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’кватараваць’ (узд., Жд. 1), седе́ті ’сяліцца, жыць’ (пін., З нар. сл.), ст.-бел. сѣдѣти, седѣти, седети ’тс’ (Альтбаўэр), сѣдѣти, седети ’пасяляцца, жыць, пражываць’, ’валодаць выдзеленым надзелам зямлі’ (Статут 1529 г., гл. Мацкевіч, Грынавецкене, ЖНС, 206 і наст.). Укр. сиді́ти, рус. сиде́ть, польск. siedzieć, в.-луж. sedźeć, н.-луж. sejźeś, чэш. sedět, славац. sedieť, серб.-харв. дыял. сјѐдити, славен. sẹdéti, балг. седя́, макед. седи. Прасл. *sěděti, *sědi̯ǫ адпавядае літ. sėdė́t, лат. sêdêr, гоц. sitan, ст.-ісл. sitja ’сядзець; жыць’; балта-славянскія формы з доўгім галосным у корані адпавядаюць гоц. прош. часу sētun < і.-е. *sēd‑, параўн. яшчэ ст.-інд. sídati ’ён сядзіць’, лац. sīdō ’саджуся’, якія ўзыходзяць да рэдуплікаванага *sizd‑ (Вальдэ-Гофман, 2, 509). Чэшскія і лужыцкія формы (без даўгаты) адпавядаюць лац. sedēre ’сядзець’ (Шустар-Шэўц, 1280). Фартунатаў (KZ, 36, 50) рускае і ўкраінскае *сидѣти < *sěděti тлумачыць як вынік асіміляцыі ў 2‑й і 3‑й ас. адз. л.: *sědiši, *sěditъ; у беларускіх формах Карскі (1, 226) бачыць захаванне старога стану. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 618; Бязлай, 3, 222; Махэк₂, 539; Борысь, 545–546; ЕСУМ, 5, 226–227; Шаўр, Studia Etym. Brun., 3, 367 (скарачэнне праславянскай даўгаты лічыць другаснай з’явай з мэтай пазбыцца аманіміі з адпрыметнікавым дзеясловам ад *sěd‑ ’сівы’). Гл. сесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тава́рыш ’друг, прыяцель, паплечнік, калега’, ’равеснік, аднагодак’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), това́рыш ’сябар’ (ТС), товарышо́к ’пры неафіцыйным звароце’ (Нар. Гом.), сюды ж карэляты ж. р. тава́рышка ’сяброўка, саўдзельніца’, ’спадарожніца’, ’равесніца, з якой таварышавала’ (Янк. 2), ’сяброўка, аднагодка’ (Касп., Растарг., Сл. ПЗБ, Жд. 2), товары́шка ’тс’ (ТС), таварышава́ць ’сябраваць, дружыць’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі), таварышкава́ць ’тс’ (Сцяц.), товарышова́ць, товары́шыць ’тс’ (Нас., ТС), ст.-бел. товаришь ’прыяцель; супольнік’ (Альтбаўэр), товаришъ, това́рышъ, таваришъ, таварышъ, товарышка ’супольніца’, товаришити ’дружыць, быць у адной суполцы’ (Карскі 2–3, 277, 394). Укр. това́риш ’прыяцель, супольнік’, рус. това́рищ ’тс’, польск. towarzysz ’тс’, каш. towařëš, н.-луж. towariš ’тс’, в.-луж. towarš ’тс’, ст.-чэш. tovaryš, towařiš, чэш. tovaryš ’падмайстар’, ’супольнік’, славац. towariš, славен. towȃriš ’тс’. Адзінага меркавання адносна паходжання слова няма. Чарных (2, 247) выводзіць са стараж.-рус. товаръ (гл. тавар 1) з, магчыма, старэйшым на ўсходнеславянскай глебе значэннем ’стан; вайсковы лагер’. Суфікс ‑išč‑ь замест *‑iš‑ь/*‑yš‑ь, які адзначаецца ў іншых славянскіх мовах і сярэднерускіх гаворках, можа, такім чынам, тлумачыцца ўплывам стараж.-рус. това́рище ’стан’ (паводле Сразнеўскага, найбольш ранняя фіксацыя пад 992 г.), паводле Карскага (2–3, 394), апошнія ў выніку спрашчэння. Часцей слав. *tovarišь або *tovoriščь лічыцца запазычаннем з цюркскіх моў, у якіх слова складаецца з дзвюх частак: тур., чагат. tavar ’маёмасць; скаціна; тавар’ і eš (iš) ’сябар, таварыш’ (Фасмер, 4, 68; ЕСУМ, 5, 586; Борысь, 639).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарпа 1 ’вялікая сцірта снапоў або саломы пад адкрытым небам’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр.), ’куча снапоў, складзеная камлямі навонкі, а каласамі ў сярэдзіну’ (Варл.), ’застаронак у гумне’ (тураў., ЛА, 2), ’частка ў гумне, якая заложана адным відам збожжа’ (кругл., валож., ЛА, 5), ’прыстаронак, месца ў гумне паабапал току, дзе складваецца збожжа’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’сцірта, складзеная ў гумне паміж дзвюх супрацьлеглых сцен вузкай паласой; дах на слупах без сцен, дзе складалі сена’ (Касп.), торп ’сцірта снапоў у гумне’ (ТСБМ, Тур., Сцяшк.; ашм., Стан.), ’адгароджаная частка гумна, застаронак’ (Сл. ПЗБ), тарпі́на ’застаронак’ (гродз., Сл. ПЗБ), торпы́на ’сцірта (сена, саломы, збожжа)’ (стол., ЛА, 2), ст.-бел. торпъ ’тс’ і адзінка для вымярэння неабмалочанага збожжа’. Фіксуецца з 1539 г. і лічыцца запазычаннем з літ. tárpas (Буга, Rinkt. 2, 630; Булыка, Лекс. запазыч., 95; Лаўчутэ, Балтизмы, 34; Гутшміт, ZfSl, 19, 269), дзе развіццё значэння ад ’прамежак’ да ’застаронак’, гл. Анікін, Опыт, 288. Разглядаецца як балта-фрака-беларуская ізаглоса, параўн. фрак. tarpas, terpas ’зазор, прамежак’, гл. Санько, Бел. гіст. агляд, 14, 1–2, 329.

Тарпа 2 ’торф’ (Сцяшк., Сл. Брэс., Янк. 2; дзятл., маст., брасл., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’тарфяное балота’ (брасл., Сл. ПЗБ), торпа́ ’торф, іл’ (жыт., Жыв. НС). Адаптаванае ў народнай мове торф (гл.; замена ф > п, канчатак ж. р. ‑а з-за фанетычна не ўласцівага канцавога спалучэння ‑рп, перанос націску на канцавы склад), гл. таксама торп 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)