адце́нне, ‑я, н.

1. Разнавіднасць якога‑н. колеру (гуку і пад.). Галава, шыя і ўвесь ніз у гэтай птушкі [сіваграка] блакітна-сіняга колеру з зеленаватым адценнем. В. Вольскі. Увесь мокры, у гразі, я стаяў і разглядаў вялікую, прыгожую, з бронзавым адценнем рыбіну. Ляўданскі. [Кандратовіч] прыгубіў шклянку з вадою. — Таварышы! — Голас яго гучны з металічным адценнем. Алешка.

2. Разнавіднасць якой‑н. з’явы; лёгкі адбітак чаго‑н. Недзе далёка прагрукаў гром, і зноў дрыготлівым адценнем далёкага святла праляцела ўначы бледная зарніца. Самуйлёнак. Густыя бровы, прычым левае з лёгкім заломам, надавалі твару адценне лёгкага здзіўлення і дзіцячай наіўнасці. Васілевіч.

3. Тонкая розніца ў ступені праяўлення пачуцця, настрою, стану і пад.; нязначнае змяненне сэнсу слова. Апошнія словы прафесар вымавіў з адценнем злосці. Галавач. — Для цябе, здаецца, усе харошыя, — з адценнем насмешкі заўважае Мартын. Колас. Будучы прызнаным знаўцам мовы,.. [Чорны] прагна ўслухоўваўся ў мелодыю сказа, у яго гукавыя і сэнсавыя адценні, з цікаўнасцю ловячы кожнае незнаёмае слова. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

культу́ра, ‑ы, ж.

1. толькі адз. Сукупнасць дасягненняў грамадства ў вытворчым, грамадскім і культурным жыцці. Матэрыяльная культура. Духоўная культура. Агульначалавечая культура. Гісторыя культуры.

2. Узровень такіх дасягненняў у пэўную эпоху ў якога‑н. народа або класа. Сацыялістычная культура. Культура Старажытнага Рыма. // Спец. Агульнасць археалагічных помнікаў пэўнай эпохі ў развіцці першабытнага грамадства. Культура штрыхаванай керамікі.

3. толькі адз. Ступень, ўзровень развіцця якой‑н. асобнай галіны гаспадарчай, духоўнай або разумовай дзейнасці. Культура мовы. Культура земляробства. Культура вытворчасці. // Сукупнасць умоў, неабходных для жыцця адукаванага чалавека. Культура быту.

4. толькі адз. Адукаванасць, культурнасць, выхаванасць. Чалавек высокай культуры.

5. толькі адз. Развядзенне, вырошчванне якой‑н. расліны; культываванне. Культура бульбы. Культура пшаніцы. // Апрацоўка. Культура глебы.

6. Расліна, якая разводзіцца, вырошчваецца. Кармавыя культуры. Тэхнічныя культуры.

7. Мікраарганізмы (бактэрыі, дрожджы, некаторыя грыбы), вырашчаныя ў пажыўным асяроддзі. Культура стрэптакокаў.

•••

Фізічная культура — усебаковае ўдасканаленне і ўмацаванне чалавечага цела шляхам фізічных практыкаванняў, захоўвання правільнага рэжыму.

[Лац. cultura.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вяльмо́жа ’вяльможа’ (БРС). Ст.-рус. вельможа, рус. вельмо́жа, укр. вельмо́жа (з XV ст. у форме вельможа, велможа), польск. wielmoża, чэш. velmož, ст.-слав. вельможа, балг. велмо́жа. Складанае слова (першая частка да *velьjь ’вялікі’, гл., другая да *mog‑ti ’магчы’). Гл. Праабражэнскі, 1, 71; Фасмер, 1, 290; Брукнер, 616; БЕР, 1, 133. Махэк₂ (683) мяркуе, што чэш. velmož, як і рус. вельмо́жа, — гэта зваротныя ўтварэнні ад прыметніка *velьmožьnъ (гэта азначае, што назоўнік з’явіўся пазней). Сюды ж бел. вяльмо́жны (Мал., Нас., Шат.). Ст.-бел. вельможный, велеможный (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.), рус. вельмо́жный, укр. вельмо́жний, польск. wielmożny (старое і wielemożny) і г. д. Бел. вяльмо́жства ’магутнасць’ (Гарэц.), здаецца, не мае адпаведнікаў у польск. мове і ўтворана на бел. глебе. Можна ставіць пытанне, ці бел. вяльмо́жа, вяльмо́жны не з’яўляюцца запазычаннямі з польскай мовы (так думае Булыка, Запазыч., 59)? Да гэтага трэба дадаць, што і ўкр. вельмо́жа, вельмо́жний маюць не фанетычную форму (замест *вільмо́жа, *вільмо́жний). Уплыў ст.-слав., рус. або польск. мовы?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суравы́ ’нябелены (пра ніткі, палатно)’ (Касп., Шат.; мёрск., Ск. нар. мовы), ’нявыбелены, недастаткова апрацаваны (пра палатно сівога і жаўтаватага колеру)’ (Сцяшк., Варл.), суровы́ ’тс’ (Уладз.), су́равы (су́ровый) ’макраваты’, ’сыры, незвараны’, ’жорсткі’ (Нас.), суро́вы ’нябелены, грубы (пра палатно)’ (Бяльк., Шат.; мёрск., Ск. нар. мовы; Уладз.), сыровы́ ’нябелены, руды (пра палатно і пражу)’, сюды ж сураве́ц ’сырыца (скура)’ (Федар. 4), суро́вец ’гатунак палатна’ (Дэмб. 2). Фармальна і этымалагічна цяжка адмежаваць ад суро́вы (гл.), параўн. суравы́ ’суровы’ (Ян.). Параўн. укр. суро́вий ’грубы, неапрацаваны’, рус. дыял. суро́вый ’тс’, польск., в.-н.-луж. surowy ’сыры, нябелены (пра палатно)’, чэш., славац. surový ’сыры, неапрацаваны, дачышчаны’, славен. suròv ’сыры, недавараны, неапрацаваны’, балг. суро́в ’сыры’, макед. суров ’сыры, неапрацаваны’, ст.-слав. соуровъ ’сыры, грубы’. Прасл. *surovъ ’сыры, сыраваты’ звязана чаргаваннем з *syrъ (гл. сыры), гл. Фасмер, 3, 807; ЕСУМ, 5, 480. Адносна развіцця колеравай семантыкі параўн. балг. сур ’сіваваты, рудаваты’, серб.-харв. дыял. су̑р ’сівы’, макед. сур ’шэры’, гл. Бярнар, Бълг. изслед., 291 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буршты́н (БРС, Гарэц., Нас.), таксама брушты́н (Касп., Нас.); буршты́навы, бруштыно́вы, брушты́навы ’колер з адценнем жоўтага’ (Інстр. II, БРС). Слова гэтае ўжо ў Бярынды. Укр. буршти́н, бру́штин ’тс’. Запазычанне з польск. bursztyn ’тс’ < н.-ням. bornstēn (ням. Bernstein, літаральна ’палаючы камень’). Бернекер, 102; Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 46; Булыка, Запазыч., 53; Шалудзька, Нім., 24; параўн. Брукнер, 50. Рудніцкі (267–268), зыходзячы з націску, выводзіць слова непасрэдна з ням. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ва́жыць ’вымяраць вагу’ і іншыя значэнні (БРС, Мал., Гарэц., Шпіл., Яруш., Грыг., Зн. дыс.), на падставе якіх утварыліся шматлікія лексемы; гл. важыльны, важок, важка, важнік, важное, важыўшчык, важыцца і інш., гл. таксама вага́. Польск. ważyć, чэш. vážiti, в.-луж. wažić, славац. vážit ’тс’. Рус. важить пераважна зах. (Даль, 1, 159–160). Паўдн.-слав. мовы дзеяслова з ж < г не ведаюць. Можна меркаваць, што ўсх.-слав. важыць — запазычанне з зах.-слав. моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́за ’вашчына, соты’ (Гарэц., Мядзв., Др.-Падб., Касп., Бяльк.), вуза́ ’тс’ (Сцяшк.); ’пчаліны клей, пропаліс’ (БРС), рус. уза́ ’тс’, дыял. ву́за ’ячэйка ў сотах’, польск. дыял. węza, węźnia ’аснова з воску, на якой пчолы робяць ячэйкі’, чэш. дыял. uzda, huzda ’сухія соты’. Да *vǫza, звязанага з вузел, вязаць (Гараеў, 385; Фасмер, 4, 152; Ніч, JP, 28, 14; Махэк₂, 673). Значэнне ’пчаліны клей’ (БРС) замацавалася, відаць, пад уплывам рус. літаратурнай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лечма́н, лэчма́н, лічма́н, лычма́н ’маністы, жаночая аздоба на шыі’ (малар., драг., Сак.). Укр. личма́н ’тс’, ст.-укр. личмани́ ’металічныя бляшкі для лічэння’, рус. кур. личман ’тс’ польск. liczman (з XVI ст.) ’тс’. Паводле Слаўскага (4, 242–243), усе словы паходзяць з польск. мовы, дзе liczman (< liczyć) з’яўляецца калькай з лац. calculus ’каменьчык для лічэння', утворанай ад licz‑ і суф. ‑man (як łachman і інш.). Аб іншых версіях гл. там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярня́каць ’гаварыць абы-што, неўпапад’ (браг., З нар. сл.); ’дакучаць’ (мазыр., Мат. Гом.). Запазычана з рус. мовы; параўн. варнакать: разан., кур. ’хлусіць, балбатаць’; ’вярзці’, цвяр. ’паўдн. ’рабіць што-небудзь, абы-як, неахайна’; ’гаварыць глупства, балбатаць, малоць языком абы-што’, варон. ’гаварыць няясна, незразумела’, дан. варнякаць ’тс’, а гэта да рус. варнак ’катаржнік, злачынец, зладзюга, бадзяга, хуліган, жулік’, ад якога і ўкр. варна́к ’тс’. Гл. яшчэ Рудніцкі, 1, 317.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Відушчы ’які валодае зрокам’ (БРС, КТС, Сцяшк. МГ), відушчый ’тс’ (Нас.), стаўб. ’чалавек, які ўсё заўважае’ (Жд. 1). Укр. видю́щий ’тс’, ’яўны’, рус. видущий ’той, хто добра бачыць’, польск. уст. widzący ’прарок’, чэш. vidoucí ’відушчы’. Запазычана, відаць, з царкоўнаславянскай мовы з заменай суф. ‑ашчы на суф. ‑ушчы з абагульненым значэннем Nomina agentis. У ст.-бел. мове відушчы адсутнічае (ёсць толькі видячій, видящий). Сюды ж відушчасць ’празорлівасць’, відушча ’празорліва’ (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)