узня́ць, -німу́, -німеш, -німе і уздыму́, узды́меш, узды́ме; -ня́ў, -няла́, -ло́; -німі́ і уздымі́; -ня́ты; зак.

1. каго-што. Нагнуўшыся, узяць што-н. (з зямлі, падлогі і пад.).

У. лыжку.

2. каго-што. Падняць, аддзяліць ад зямлі, маючы дастаткова сілы, каб утрымаць (навісу).

У. бервяно.

3. каго-што. Падняць уверх, надаць чаму-н. вышэйшае становішча.

У. рукі.

У. бровы.

У. галаву (таксама перан.: стаць бадзёрым, смелым). У. сцяг.

У. заслону сцэны.

4. каго-што. Прымусіць устаць, скрануцца з месца з якой-н. мэтай.

У. полк у атаку.

У. з ложка каго-н. (разбудзіць). У. мядзведзя з бярлогі (успудзіць, выгнаць).

5. што. Падняць уверх (пыл, снег і пад.).

Машына ўзняла на дарозе пыл.

6. перан., каго (што) на што. Натхняючы, схіліць да актыўных дзеянняў.

У. народ на барацьбу.

7. што. Зрабіць вышэйшым.

У. узровень вады.

У. чый-н. аўтарытэт (перан.: зрабіць больш значным у чыіх-н. вачах).

8. перан., што. Павялічыць, павысіць.

У. прадукцыйнасць працы.

У. цэны.

9. перан. Зрабіць больш актыўным, прыўзнятым, палепшыць.

У. настрой.

10. што. Наладзіць, палепшыць, развіць.

У. гаспадарку.

У. эканоміку.

11. што. Зрабіць, пачаць дзеянне, названае назоўнікам.

У. плач (расплакацца). У. шум.

У. трывогу.

У. пытанне.

12. што. Тое, што і узараць (спец.).

У. цаліну.

13. звычайна безас., перан., каго. Узлаваць, вывесці з сябе.

Сказанае чалавека ўзняло.

|| незак. узніма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і уздыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. узня́цце, -я, н. (да 3, 6, 10—12 знач.), узды́м, -у, м. (да 2, 3, 6 і 10 знач.), узніма́нне, -я, н. і уздыма́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

даль, ‑і, ж.

1. Далёкі прастор, бачны вокам; прасцяг, шыр. [Ірыне] падабалася быць увесь дзень пад сонцам і ветрам, любавацца неабсяжнымі палявымі далямі. Шахавец. За лясочкамі, за гаем Далі, лёгшы сінім морам, Вабяць душу мне прасторам. Колас. З узгоркаў перад Алаізаю на ўсе бакі раскрывалася даль. Арабей. // Вялікая прастора, адлегласць, якая раздзяляе каго‑, што‑н. Дружбакі жывуць не побач, Пралягла між імі даль, Палавіна ўсёй Еўропы Паміж хлопцамі амаль. Кірэенка. Але знаю — з табой, з родным краем Даль не зможа мяне разлучыць. Прыходзька.

2. (звычайна з азначэннем). Далёкае месца, вельмі аддаленая мясцовасць. Зайшоў у такую даль. □ З далёкай прыамурскай далі Хацеў я ўбачыць бераг свой. Гаўрусёў. Цаліну штурмаваць вёз цягнік нас імклівы, У далёкую даль, у нязведаны край, Вёз на подзвіг — і быў я бясконца шчаслівы... Гілевіч. Мы шляхі пракладаем У касмічныя далі, На ўвесь свет палымнее наш сцяг. Журба. // а таксама чаго. Аддалены ўчастак чаго‑н. Засланяючы даль краявіду, Ўзняліся ўгару тэрыконы. Аўрамчык. // Пра аддаленыя (у мінулае або ў будучае) часы. Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Мала заглядваючы ў паперы, Званец гаварыў пра захапляючую сямігадовую даль, якую расхінуў перад краінай з’езд партыі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урасці́, урасту, урасцеш, урасце; урасцём, урасцяце, урастуць; пр. урос, урасла, ‑ло; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Па меры росту пранікнуць углыб, прарасці ўнутр. Моладзь наўтыкала вярбовых калоў, і ўраслі яны ў зямлю, распусцілі вецце. Чарнышэвіч. Каб не засохнуць і прыносіць ураджай, .. [яблыні] неабходна было падняцца, урасці карэннем у гэтую глебу. Сяргейчык. / у перан. ужыв. Аднавяскоўцы ж кажуць інакш. Самусь, маўляў, урос у зямлю па калені, нішто яго не скруціць, не выкарчуе аніякі сівер. Б. Стральцоў.

2. перан. Арганічна, па меры развіцця, увайсці ў састаў чаго‑н. Наватарская па форме і зместу, паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады» арганічна ўрасла ў нацыянальную літаратуру і фальклор, яна цесна звязана з рускай класікай. Гіст. бел. сав. літ.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асесці, уехаць у зямлю. Хатка такая старая, што амаль па вокны ўрасла ў зямлю. Гаўрылкін. Кладка ўрасла ў зямлю, некалькі жэрдак зламалася, але хадзіць па ёй усё яшчэ было можна. Асіпенка. / у перан. ужыв. Як не ўрасці ў зямлю, Калі Чаўпе другі па-шчырасці: — Бач, гераініны пайшлі, Турбот хапіла вырасціць... Барадулін.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зарасці, парасці. Урос пагорак жорсткаю травою. Вітка. Густа ўрасла лесам зямля. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

На́маразень ’падоўжны брусок, які набіваецца на капылы ў санях’ (Сл. ПЗБ; карэл., Нар. лекс.), на́маразні мн. (шчуч., Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ; Сержп. Грам.), на́марзень (ТСБМ), на́марзня, на́мерзня (Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), на́марзні (Бяльк., Сл. ПЗБ), на́мярзні (Сл. ПЗБ), на́морожэнь, на́морозень (Маслен.), на́маражня, на́морожня (Мат. Гом., Маслен.; лунін., Шатал.; ельск., КЭС; Сл. ПЗБ, ТС), на́маражні (Пятк., Сл. ПЗБ), на́маржні (Сл. ПЗБ), намарзня ’вяровачная пятля на капыл саней, якой прымацоўваецца аглобля’ (дзярж., Нар. сл.), укр. на́морозень, на́моржень, рус. сіб. на́морзни, на́морожни. Цікавы выпадак народнай этымалогіі, якая грунтуецца на іншай назве дэталі саней, параўн. усту́жьіна ’вязок у санях на першых капылах’ (гарадоц.., Нар. лекс.), палес. сту́зэнь, сту́жені, сту́дні ’тс’ (Маслен.), рус. сту́жень ’вязок, пры дапамозе якога гнутыя высокія галоўкі палазоў прымацаваны да першых капылоў у санях са стуженем або ўсходнееўрапейскіх санях’ (гл. Вийрес, Из истории саней в Прибалтике//Проблемы этнич. истории балтов. Тезисы межресп. конф. Рига, 1985, 129). Элемент стуж‑ (студ‑), што паходзіць ад сту́га ’палоска, сувязь, мацаванне’ (< *s^tęgay да тугі, цяга, цягну́ць, гл. Фасмер, 3, 786), быў атаясамлены з адпаведным элементам у стуж‑а ’сцюжа’, стуж‑ны ’халодны’, у выніку чаго стала магчымай яго субстытуцыя (замена) блізкім па сэнсу элементам мароз і стварэнне паўкалькі на́маразень, дзе прэфіксацыя на- адлюстроўвае надзяванне дэталі зверху на капыл, а суфіксацыя, як у ёту‑ жень, параўн. той жа словаўтваральны тып у іншай назве дэталі — на́даўбень (гл.), у якім адлюстравана «тэхналогія» вырабу дэталі. Можна меркаваць, што магчымасць для дээтымалагізацыі назваў са стуж‑ узнікла ў выніку замены скручаных з гібкіх прутоў вязоў «даўбанымі» вязамі, якія ўжо не сцягвалі капылы з галоўкамі, параўн. палес. сцягі, усцяглі — іншыя назвы разглядаемай дэталі. Знешнім стымулам для стварэння паўкалькі стаў вобраз з намярзаючага на дэталь снегу ці льду, параўн. на́морожня ’намаразь’ (ТС). У плане адноснай храналогіі назва намаразень больш новая ў параўнанні з назвамі на стуж‑ і сцяг, аднак больш старая за назвы тыпу на́даўбень, на́дубень і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

луна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Плаўна лятаць, рухацца ў паветры. Праляталі вароны ў бок лесу ды ў шызай вышыні луналі буслы. Гартны. [Бездань] была такая, што аж галава кружылася, і мне здавалася, што я не стаю, а лунаю ў вышыні. Сабаленка. // перан. Перамяшчацца, пераносіцца, не атрымліваючы выразнага праяўлення (пра ўсмешку, думкі і пад.). Узрушаная ўхмылка лунала на вуснах [бацькі]. Шынклер. Здалося, што Алесевы думкі лунаюць недзе далёка па-за гэтым паркам. Шыцік.

2. Развявацца ў паветры. Пад лёгкім ветрам лунаў над домам прасякнуты святлом зары чырвоны сцяг. Самуйлёнак.

3. перан. Плысці, распаўсюджвацца, раздавацца (пра песні, музыку і пад.). Лунала ў прасторы.. песня, рэхам разлягалася над возерам, над палямі. Ваданосаў. А ўслед ляцяць, лунаюць словы: «Жадаю шчасця, голуб мой!». Прыходзька. // Панаваць, адчувацца. Нядзельны настрой лунаў над дваром, над будынкамі горада. Гартны. Нешта святочнае, замілавана-сардэчнае лунала над гэтымі гарамі і лугам, не верылася нават у небяспеку. Быкаў.

4. перан. Знаходзіцца ў стане ўзвышаных або далёкіх ад рэчаіснасці пачуццяў. У Міхася на твары была сціплая радасць. Здавалася, што ён сваімі думкамі лунае там, на Навагрудчыне, у бэзавым садзе. Дубоўка. Калі .. [Колас] прыкмячаў, што ўвага развейваецца, зараз жа спыняўся: — Нешта ты далёка лунаеш... Кепска? Лужанін.

•••

Лунаць у воблаках (у надхмар’і) — знаходзіцца ў летуценным стане, не заўважаючы навакольнага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што. Рэзка ўзняць, падняць што‑н. уверх. Ускінуць сцяг над калонай дэманстрантаў. □ Сяржант ускінуў угару карабін, у момант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Музыкі раптам ускінулі ўгару трубы і.. грымнулі вальс. Дайліда. // і чым. Зрабіць рэзкі рух уверх якой‑н. часткай цела. Ускінуць галаву. □ — Вон! — пачуўся раптам стогн. Зубр сярдзіта ўскінуў рогі. Вітка. — Што ж я буду гаварыць? — ускінула тонкія бровы дзяўчына і зачырванелася. — Бачыце, я ж занятая... Кухараў. У адзін момант ускінуў.. [Сяргей Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас.

2. каго-што. Кідаючы, ускласці, навесіць, начапіць на што‑н. Ускінуць граблі на воз. Ускінуць рукзак на плячо. Ускінуць плашч на руку. □ Цяля хуценька ўскінулі на воз, прыкрылі саломай — і на ферму. Дуброўскі.

3. што. Накінуць паверх чаго‑н., укрываючы, закрываючы каго‑, што‑н. [Ратушняк] ляжаў пад пасцілкамі, наверх яму яшчэ ўскінулі суконную старую вялікую бурку. Пташнікаў.

4. што. Разм. Надзець, накінуць на сябе што‑н. (звычайна на скорую руку). Стары Ермаліцкі насунуў шапку задам наперад, ускінуў на плечы кажушок і пабег у стайню. Грахоўскі. Лена надзела новую сукенку, на галаву ўскінула блакітную, з вялікімі жоўтымі ружамі касынку, завязаўшы ражкі каля шыі. Ваданосаў.

•••

Ускінуць вочы (позірк) — хутка глянуць уверх або на каго‑н. Уолтэр здзіўлена ўскінуў вочы на генерала. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трапята́ць ‘трымцець, дрыжаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), трыпыта́ты ‘лапатаць крыламі (пра птушак)’ (кобр., Жыв. НС), трапята́цца ‘пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць’ (ТСБМ, Нас.), ‘мігаць, мільгаць, няроўна гарэць (пра агонь)’ (ТСБМ), ‘дзейнічаць, імкнуцца штосьці зрабіць’ (ТСБМ, Юрч. СНЛ), ‘узмоцнена ў сполаху біцца (пра сэрца)’ (Юрч. Сін., Касп., Ян.), ‘моцна баяцца каго-небудзь’, ‘быць ахопленым непакоем’ (ТСБМ), перан. ‘жыць, існаваць’ (Нас., Ян.), ‘перабіраць ножкамі’ (Жд. 1); ‘адчуваць небяспеку (пра каня)’: конь трапе́ча, трапе́чыць, стрэ́пая вушамі (петрык., клім., іўеў., ЛА, 1), сюды ж трапата́цца: трапатаўся чырвоны сцяжок (Ю. Віцьбіч), ст.-бел. трепетати, трепетатися ‘дрыжаць, хвалявацца, баяцца’ (ГСБМ). Укр. трепета́ти, рус. трепета́ть ‘дрыжаць, трапятацца, матляцца, калаціцца, біцца’, польск. trzepiotać (się) (з XV ст.) ‘махаць крыламі’, ‘трэсціся’, ‘балбатаць’, з XVIII ст. trzepotać ‘хутка рухацца, выконваць хуткія рухі’, каш. třepotac ‘балбатаць, плявузгаць’, в.-луж. třepotać, třepjetać ‘дрыжаць, трэсціся’, чэш. třepetać, třepotać ‘махаць крыламі’, ‘узмахваць, махаць’, ‘дрыжаць, хістацца’, славац. trepotať (sa) ‘тс’, ‘грукатаць’, ‘развявацца (пра сцяг)’, ‘біцца (аб сэрцы, аб рыбе на зямлі)’, славен. trepetáti ‘трэсціся, дрыжаць, уздрыгваць’, харв. trepètati, серб. трепѐтати ‘дрыжаць’, балг. трептя́ ‘дрыжаць, матляцца, мігцець’, макед. трепети ‘дрыжаць, мігаць’, ст.-слав. трепетати ‘дрыжаць, трэсціся’. Прасл. *trepetati/*trepotati ‘інтэнсіўна выбіваць, трэсці, рухацца, размахваць’; звязана з *trepati > трапа́ць1 (гл.), ад якога ўтворана пры дапамозе суф. ‑et‑/‑ot‑, што абазначае гукаперайманне, роднаснае літ. trepùmas ‘спрытнасць’, ст.-грэч. τρέπω ‘паварочваю, схіляю’, лац. trepidāre ‘дробненька хадзіць’, ‘дрыжаць, уздрыгваць’, ‘мігаць, мільгацець’, ‘мітусліва спяшацца’, ‘баяцца’, ‘кідацца’, ст.-інд. tr̥práh̥ ‘неспакойны, мітуслівы’ < і.-е. *trep‑ ‘тупаць, дробна хадзіць, ступаць’, ‘перабіраць нагамі’ (Фасмер, 4, 99; Чарных, 2, 261; Брукнер, 583; Шустар-Шэўц, 1543; Скок, 3, 496–497; ЕСУМ, 5, 630). Сюды ж трапяткі́ ‘ахвочы да работы’ (Жд. 1), трапятлі́вы ‘рухавы, што без працы не пасядзіць’ (Варл.), трапяту́н ‘які знешне стараецца, а, па сутнасці, абыякава адносіцца да сваёй справы’ (Сцяшк. Сл.), ‘вельмі рухавы, вёрткі чалавек, здольны выкручвацца з непрыемнага становішча’ (Юрч., Вытв. сл.), ‘малое дзіця, якое перабірае ножкамі’ (Жд. 1), трапяту́ха ‘рухавая жанчына, старанная, працавітая, руплівая’ (лях., ЖНС; навагр., Жыв. НС; ганц., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трапята́нне ‘спосаб жыцця’, трапята́ннік ‘той, хто спрабуе штосьці зрабіць у жыцці’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

далёкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на вялікай адлегласці; проціл. блізкі. Далёкія зоры. Водгулле далёкага грому. □ Паімчыць цягнік на поўдзень, У казахскі стэп далёкі. Аўрамчык. На далёкай планеце ўзаўецца наш сцяг — Нашай доблесці сведка праўдзівы. Гілевіч. // Які мае вялікую працягласць у прасторы. Далёкі паход. □ Калі пайду ў далёкую дарогу, З табой на час расстануся ізноў. Прыходзька. [Шлях] .. параходаў непамерна далёкі, на другі ускрай зямлі. Самуйлёнак.

2. Аддзелены ад сучаснага моманту вялікім прамежкам часу. Далёкае мінулае. Далёкая будучыня. □ Чаму ж я далёкай назваў тую восень? Дванаццаць гадоў — мо не так ужо многа. Гілевіч. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка. / у знач. наз. далёкае, ‑ага, н. Як цяжкі сон прыгадваецца іншы раз чалавеку далёкае перажытае. Пальчэўскі.

3. Які не мае блізкіх кроўных сувязей. Далёкі сваяк. Далёкая радня.

4. перан. Які мае мала агульнага з кім‑, чым‑н.; не падобны, інакшы. У формуле матэматычнай залежнасцю звязаны такія, здавалася б, далёкія ад матэматыкі «велічыні», як ціск крыві, пульс, пругкасць артэрый. Матрунёнак. // Чужы, абыякавы да ўсяго. [Надзя] стаяла на беразе, склаўшы на грудзях рукі, задумлівая, далёкая. Ваданосаў. А Віктар, чужы і далёкі ад усяго, што вакол яго адбывалася, стаяў, прысланіўшыся плячамі да сцяны хаты. Палтаран.

5. ад чаго. Які не мае намеру рабіць што‑н., думаць аб чым‑н. і пад. Скарына быў далёкі ад думкі гвалтоўнага знішчэння існуючага ладу, карэннага змянення становішча працоўных мас. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зо́лата, ‑а, М ‑лаце, н.

1. Хімічны элемент, высакародны метал жоўтага колеру, які валодае вялікай гібкасцю і цягучасцю (скарыстоўваецца для вырабу каштоўных рэчаў і як мера каштоўнасцей). Здабыча золата. Золата сустракаецца ў выглядзе жыл і рассыпаў. □ Вугаль на Украіне, Золата на Калыме, Нафта з каспійскіх глыбіняў, З нетраў казахскіх медзь. Звонак. Не ўсё тое золата, што блішчыць. Прыказка. / у перан. ужыв. [Буслы] падымуцца над балотам.., купаючыся ў растопленым золаце сонца. Бядуля.

2. зб. Вырабы з гэтага металу; залатыя рэчы. Чаго толькі Сцяпанка .. не ўбачыў! .. Якія лямпы, люстэркі, столікі, крэслы, цацкі, статуі, абразы, золата, серабро. Бядуля. — Я вольны марак і просты чалавек і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пазалочаныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання. Шыты золатам сцяг.

3. зб. Залатыя манеты; грошы. Купіць рэч за золата. □ Калі перавесці на золата гэтыя савецкія чырвонцы, дык будзе іх цэлых трыццаць рублёў — мікалаеўскім золатам. Брыль. // перан. Багацце. — Не пакідайце ніводнага каліва. Цяпер яно граша не каштуе, а зімой — золатам абернецца. Асіпенка.

4. Пра таго (тое), што вылучаецца добрай якасцю, вартасцю. — Братка ты мой! — гаворыць адзін [гаспадар]: — твой Алесь золата, а не чалавек. Колас. — Я ж казаў, унучак, што гэта — золата, а не карова... Шуцько. // Ласкавы зварот да каго‑н. Сынок, золата ты маё!

•••

Белае золата — бавоўна.

Чорнае золата — а) нафта; б) каменны вугаль.

На вагу золата гл. вага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Абзывацца крыкам (у 1 знач.); паднімаць крык. Крычаць ад захаплення. Крычаць ад страху. □ Люба схапіла Віктара, і ён закрычаў, як крычаць дзеці ад вельмі вялікага болю. Шамякін. // Утвараць прарэзлівыя гукі (пра птушак, жывёл). У гэтым досвітку маўклівым Крычалі гусі .., Нястройным хорам гергеталі. Колас. // Голасна плакаць, раўці (пра дзяцей). Назаўтра суседзі чулі, як у трухлявай прыбудоўцы да мураванай сцяны бесперапынна крычыць дзіця. Чорны.

2. Голасна гаварыць, гучна, крыкліва выказвацца. Хлапчукі бягуць гурбой Ды крычаць наперабой: — Дожджык, дожджык, секані, Я паеду на кані!.. Арочка. // Аклікаць, зваць каго‑н. гучным голасам. — Тата! — крычыць .. [Люся] час ад часу. — Ідзі па дарожцы! Брыль. — Кузьма, — крычыць сын з-пад сена. — Падымі воз! Якімовіч.

3. на каго. Лаяць каго‑н., выгаворваць каму‑н. рэзкім тонам, патрабуючы чаго‑н. — Не буду больш! — заенчыў Міхалка, не ведаючы, за што на яго крычаць і чаго ад яго хочуць. Чорны.

4. перан. Шмат гаварыць, пісаць пра каго‑, што‑н., прыцягваючы агульную ўвагу. Я хацеў бы ў Марселі быць, А то ўсё крычаць газеты, чую, Што рабочыя ўзнялі сцяг барацьбы, Што ў Марселі зноў яны бастуюць. Танк.

5. перан. Выражаць сабой што‑н., сведчыць аб чым‑н. — Нас прывезлі сюды на смерць... аб гэтым крычаць вось гэтыя пыльныя камяні, яны гарачыя, яны налітыя чалавечай крывёй! Лынькоў.

•••

Крычма крычаць — вельмі моцна крычаць (ад болю, страху і пад.).

Хоць гвалт (каравул) крычы — пра цяжкае бязвыхаднае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)