Стажа́р ‘уваткнуты ў зямлю шост, вакол якога кідаецца стог’, стажа́рʼе ‘аснова стога; падсцілка, на якую ставяць стог сена, каб зберагчы яго ад сырасці’ (ТСБМ), таксама ‘месца, дзе стаяў стог’ (Янк.), стажа́рка ‘стрэшка на чатырох слупах, пастаўленая над стогам’ (Сл. ПЗБ, мёрск., ЖНС), стажа́рня ‘стажарка’, ‘падсцілка пад стог’ (Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.), стажа́рыньне ‘падсцілка пад стог’ (пін., Шатал.), стажа́рышча ‘тс’ (Сцяшк.). Укр. дыял. сто́жар ‘месца, дзе стаяць стагі сена’, стожа́рище ‘месца, дзе стаяў стажок’, рус. стожа́, стожара́, стожера́ ‘кожны з калоў, якімі ўмацоўваецца стог сена’, стожа́р, стожа́рь ‘шост у стагу’, ст.-рус. стъжаръ ‘шост, уваткнуты ў зямлю для ўмацавання стога’, в.-луж. sćežor ‘шост’, н.-луж. sćažor ‘жардзіна’, чэш. stožár ‘мачта’, славац. stožiar ‘тс’, славен. stožẹ́r ‘шост у стозе’, серб.-харв. сто̏же̑р ‘паля, уваткнутая на таку’, балг. сто́жар, сто́жер ‘тс’, макед. стожер ‘тс’. Прасл. *stožerъ ‘стоўб, шост, жэрдзь’; утворана ад прасл. *stogъ ‘стог’ (гл.) з суф. ‑erъ, гл. Слаўскі, SP, 2, 23. Параўн. літ. stãgarasсухое доўгае сцябло расліны’, лат. stagars ‘тс’, ст.-в.-ням. stecho ‘паля, слуп’; гл. Фасмер, 3, 764; Махэк₂, 580; Сной₁, 611; Шустар-Шэўц, 1274–1275; ЕСУМ, 5, 424. Гл. сцежар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

саўлада́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Перамагчы, узяць верх у бойцы, сутычцы, бітве і пад. [Лёнька да Сцёпы:] — Калі ты сказаў, што незнаёмы мае пісталет, я адразу зразумеў, што нам нават са стрэльбай утраіх з ім не саўладаць. Гамолка. — Ціха, дзядзька, ціха! — сказаў.. [Алёша] спакойна, вырываючы ў Вавілы колік, і Вавіла зразумеў, што з двума яму не саўладаць, аслаб, абмяк. Кудравец. // Адолець, асіліць каго‑, што‑н. Казімір хоча выцягнуць рыбіну на сухое, але не можа саўладаць з ёю, цягне з усяе моцы і раптам падае. Савіцкі. Сонца ўжо мела сілу, мароз не мог саўладаць з ім. Чорны. // Прымусіць слухацца, падпарадкаваць сабе каго‑н., справіцца з кім‑, чым‑н. Дарэмна палітработнікі і радавыя камуністы стараліся саўладаць з гэтай анархіяй і навесці парадак для абароны. Машара. Сева адбіўся ад рук, і з ім цяжка было саўладаць. Карпаў. Бунтуюць героі і не слухаюцца аўтара вельмі часта. Так было ў «Развітанні», з якім я доўга не мог саўладаць. Скрыган. І трэба сказаць, што пісьменнік не адразу саўладаў з новым моўным матэрыялам. Адамовіч. // Змагчы выкарыстаць (які‑н. інструмент, прадмет); справіцца з чым‑н. Пальцы пляскатыя і нягнуткія, нібыта сухое сучча, і не ўяўляеш, як яны саўладаюць з далікатным інструментам. Карамазаў. І тут Венька не разлічыў, не саўладаў са сцізорыкам, той сарваўся з панцыра і шарахнуў лязом па руцэ. Шыловіч. // Пераадолець, перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Клімчанка трохі саўладаў са сваёю слабасцю. Быкаў. Вэнеў супрацоўнік перасмыкнуў усімі рысамі свайго твару, і заядлая задзірыстасць бліснула ў яго вачах, але адразу ж ён саўладаў з сабою, выклаў на свой твар пячаць далікатнасці. Чорны. [Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Мележ.

2. Справіцца з якой‑н. работай і пад.; змагчы ажыццявіць што‑н. — Як не саўладаў з работаю, дык чаго ж пытаць? — Букаты прыкусіў губу, але тут жа неяк пастражэў з твару. — Калі перадаваць брыгаду? Савіцкі.

саўлада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Уладаць чым‑н. сумесна з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. грыз, ‑ла; незак., каго-што.

1. Кусаць, есці што‑н. цвёрдае, сухое. Грызці сухары. Грызці яблык. □ Камандзір палка маёр Урванцаў сядзеў на нарах і грыз воблу. Марціновіч. // Кусаць зубамі. [Кабыла] высока трымала галаву, стрыгла вушамі, нервова грызла цуглі. Федасеенка. // Пападаючы на каго‑н., кусаць, ірваць. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. // перан. Удавацца, уразацца ў што‑н. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Дакучаць пастаяннымі прыдзіркамі, папрокамі, сваркамі. Містэр Пік пачаў праклінаць тую латарэю і грызці жонку за дурную ініцыятыву. Быкаў.

3. перан. Мучыць, трывожыць, не даваць спакою (пра думкі, пачуцці і пад.). [Іваноўскага] пакутліва грызла думка: а як жа прабрацца ў партызанскія раёны? Новікаў. Пракоп адчувае сябе адзінокім, яго штосьці есць, грызе. Колас.

•••

Як рэпу грызе — хто‑н. бойка, без запінкі чытае, гаворыць і пад. — Малайчына! Чытае, як рэпу грызе, — хваліў малодшага сына Міхал. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., каго-што.

1. Прымусіць гарэць агнём, падпаліць (дровы і пад.). Каваля ў кузні сапраўды ўжо не было. Рыгор сам распаліў вугаль. Капусцін. // Раскласці, развесці агонь дзе‑н., у чым‑н. Распаліць печ. Распаліць горан. □ Пасля вячэры распалілі касцёр, паселі кружком пад соснамі. Навуменка. Іван Сяргеевіч прыпомніў, што ў кедрачы, каля сухастояў, ляжала сухое галлё. Пайшоў туды і распаліў агонь. Мяжэвіч.

2. Моцна нагрэць агнём, жарам. — Калі чыгун распаліць, а потым у халодную ваду кінуць — трэсне. Асіпенка.

3. перан. Узмацніць якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.; давесці да высокай ступені развіцця. Распаліць цікавасць. Распаліць спрэчкі. □ Відаць .. [немцы] распалілі апетыт іншым, бо неўзабаве прыняліся за яду амаль усе. Шамякін. // Прывесці ў стан узрушэння; запаліць якім‑н. жаданнем. Бацьку гэтыя падказкі [ратнікаў] толькі яшчэ больш, распалілі. Ён хапіўся за Лаўрэнаву стрэльбу, сарваў яе з пляча. Якімовіч.

4. перан. Развязаць, распачаць (барацьбу, вайну). Пра мірныя годы гавару і пра тых, Хто распаліць на прасторах хоча пажары вайны. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грэ́бці і грабці́, грабу, грабеш, грабе; грабём, грабяце; пр. гроб, грэбла і грабла, грэбля і грабло; незак., каго-што.

1. Збіраць, зграбаць у кучу граблямі, віламі і пад. (звычайна пра сена). Вяскоўцы на беразе косамі звоняць, Сена сухое дзяўчаты грабуць. А. Александровіч.

2. Працаваць рукамі або вёсламі, плывучы, едучы ў лодцы. Пакуль шынель не намок, Чыжык яшчэ трымаўся на паверхні. Потым яго пацягнула на дно. Левая рука чамусьці зусім анямела, і ён гроб толькі правай рукой. Няхай. Цішэй грабіце, — закамандаваў Лёнька, — каб човен не пабіць. Савіцкі.

3. Капаць, разграбаць. Стаенны прыгажун захроп,.. павёў вушамі і пачаў грэбці нагою зямлю. Кулакоўскі. Спыніўся я на міг — Няма ні палісадніка, ні хаты, І экскаватар, грузны і рукаты, Грабе пясок каля бяроз маіх. Бураўкін.

4. перан. З прагнасцю браць, захопліваць сабе. Нікому добрага Клім не зрабіў за век, Адно — гроб пад сябе, шукаў адной выгоды. Валасевіч. [Скіба:] Жывёлу забіраюць, хлеб... Што на вока трапіць, то і грабуць. Крапіва. // Хапаць, браць каго‑н. куды‑н. Паліцыянты, бадай, кожную ноч грабуць людзей ды ў астрог запраторваюць. Сабаленка.

•••

Грэбці грошы лапатай — мець вялікія даходы, атрымліваць многа грошай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лу́скаць1, лу́скыць, луска́ць, лу́скатэ ’лушчыць, раскусваць, разгрызаць, есці з хрустам’ (ТСБМ, Растарг., Юрч.; віл., докш., кам., драг., Сл. ПЗБ). Укр. лу́скати, рус. пск., смал., варон., дан. лу́скать, польск. łuskać, в.-луж. łuskać (worjechi), чэш. louskati, luskať, славац. lúskať, славен. lúskati, серб.-харв. љу̏скати (се), luskati (beči), балг. люскам. Прасл. luskati, утворанае ад luska > луска́ (гл.). Слаўскі (5, 353) лічыць малаімаверным вывядзенне прасл. luskati з lup‑skati (першаснага інтэнсіва на ‑sk‑), як мяркуе Махэк (ZfslPh, 29, 353–354).

Лу́скаць2, лу́скыць, лу́скаць ’патрэскваць, ламаючы што-небудзь сухое’, ’хрусцець (аб пальцах)’, ’трэскаць, лопаць’ (ТСБМ; ваўк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), (перан., іран.) ’забіваць, знішчаць’, ’піць, выпіваць’ (Юрч.), лу́снуць ’лопнуць, трэснуць’ (ТСБМ, Растарг., Сцяшк., ТС). Укр. лу́скати ’лопацца з трэскам’, ’удараць’, біць крыламі’, рус. лу́скать: пск., цвяр. ’біць’, ’шчоўкаць’, пск. ’лапатаць, балбатаць’, лу́снуть: кур. ’лопнуць’, наўг., пск., цвяр., калін. ’ударыць, стукнуць’, лу́снуцца ’ударыцца аб зямлю’; польск. łuskać ’злёгку патрэскваць’, ’шмат піць’, каш. nalëskac są ’налопацца, наесціся’, в.-луж. łuskać ’лопацца, патрэсваючы’, чэш. luskati ’шчоўкаць пальцамі’, louskati ’выдаваць трэск’, łuskač ’біць вошы’, славац. lúskať пстрыкаць, трашчаць’; славен. lúskati ’біць; бразгаць дзвярыма, ляскаць бічом’, серб.-харв. љу̏скати ’лупіць мячом’, ljuskati ’лапатаць, пляткарыць’, балг. люскам ’удараю, пляскаю; жлукчу, п’ю’, пірдопск. лускам ’б’ю, катую’. Прасл. luskati, якое ад lusъ!, luskъ! (Слаўскі, 5, 353–355; гэтак жа і Бязлай, 2, 157). Махэк₂ (344–345) лічыць luskati інтэнсівам, утвораным ад lupati. Аўтары БЕР (3, 581) мяркуюць, што лускаць1 і лускаць2 маюць адно і тое ж паходжанне (да luska).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́жа1 ’дэкаратыўная расліна Rosa L.’ (ТСБМ; Ласт.), ’шыпшына’ (Кіс.), ’лілія’ (Сл. ПЗБ, ТС). Укр. дыял. ру́жа, польск. ruża, чэш. růže, славац. ruža, серб.-харв. ру́жа, макед. роза, ружа. Запазычанне, параўн. ст.-польск. róża, ruża < ст.-чэш. ruože < лац. rose або с.-в.-ням. rôse (Фасмер, 3, 493). Гл. таксама рожа1.

Ру́жа2 ’суша’ (Касп.). Паводле Анікіна, роднаснымі да гэтага слова з’яўляюцца рус. ру́жасухое галлё, галіна высахлага дрэва’, ружь ’знешнасць; вобраз; выгляд; аблічча’, ру́жа ’прасвет; вонкавы бок’, славен. rȗž ’шалупінне; стручок’, rúžiti ’чысціць; абіраць, здымаць шалупінне; лушчыць’. Прасл. *ruža < з (< *rugja) ’суша, сцягнутая тугая, моцная, цвёрдая зямля’ < і.-е. *reu‑g‑ ’рваць, драць, цягнуць’. З індаеўрапейскіх паралеляў прыводзяцца літ. ráugti ’квасіць’, лат. raûgt ’заквашваць’, raûdzêt ’квасіць’, літ. ráugas ’закваска’, лат. raûgs ’тс’, прус. raugus ’кіндзюк’, літ. rū́gti ’кіснуць’, лат. rûgt ’брадзіць’ і інш. Прычым значэнне ’кіслы’ асэнсоўваецца, з аднаго боку, як ’які сцягвае, зводзіць рот (непрыемным смакам)’, параўн. лат. tik skābs, ka savęlk muti ’такі кіслы, што зводзіць рот’, savìlktiês ’збягацца, скісаць’, грэч. στύφω ’сцягваць; мець даўкі смак’. З іншага боку, ’кіслы’ асэнсоўваюць як ’які сцягнуўся; які загусцеў’, параўн. ст.-ісл. þēttr ’густы’, ісл. þētti ’кіслае малако’, сяр.-ісл. tēcht ’кіслы’ — усе яны з і.-е. *ten‑k‑ ’збягацца, скісаць’. Такім чынам, значэнне ’суша’ матывуецца тым, што суша часта называецца па прыкмеце ’цвёрды; моцны’ (у адрозненне ад балота), параўн. ням. Festland ’мацярык, кантынент, суша’ з festes Land ’цвёрдая зямля’. (Анікін, Этимология–1982, 70–78). Гл. таксама Макоўскі, Мир сл. и знач., 104 (дапускаецца сувязь з літ. reñgti ’рыхтаваць, уладкоўваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узмацні́цца, ‑моцніцца; зак.

1. Павялічыцца ў сіле, стаць больш інтэнсіўным (пра вецер, дождж і пад.). Я адчуў, што сапраўды вецер узмацніўся, і пад яго павевамі звініць сухое .. лісце на маладых дубках. Навуменка. На дварэ зусім праяснілася, мароз узмацніўся, і вясёлыя зоркі ўсеялі ўсё неба. Чарнышэвіч.

2. Стаць больш выразным у сваім праяўленні, больш інтэнсіўным (пра якія‑н. уласцівасці, якасці, працэсы). Па шашы каля возера яшчэ болей узмацніўся рух. Броўка. Спачатку Андрэй трываў. Але зуб не хацеў сціхаць. Закурыў — не перастае, залажыў ватку, змочаную ў адэкалоне, — боль толькі ўзмацніўся. Хадановіч. / Пра гукі, голас і пад. Потым выразней пачуліся гукі — чуфффы, чушш! — і ўзмацніліся так, што лёгка можна было распазнаць заўзятую бойку. Маўр. / Пра думкі, пачуцці і пад. Інстынктыўна недавер да Віктара яшчэ больш узмацніўся. Машара. // Стаць больш актыўным па характару працякання, ажыццяўлення; набыць большую выразнасць. Асабліва ўзмацніліся ў зборніку [А. Вярцінскага] «Тры цішыні» тыя роздумнасць і філасафічнасць, якія ў першай кнізе досыць выразна адчуваліся толькі ў лічаных творах. Бугаёў.

3. Стаць больш моцным, эфектыўным, дзейсным (пра ваенныя дзеянні). Атака ўзмацнілася. □ Агонь варожай артылерыі ўзмацніўся. Кавалёў.

4. Папаўняючыся, стаць больш баяздольным. Часці ўзмацніліся новымі байцамі. // Стаць больш магутным, уплывовым (у эканамічных, палітычных і пад. адносінах). Пасля вядомай Крэўскай уніі 1385 г. узмацніліся палітычныя, гаспадарчыя і культурныя сувязі паміж беларусамі і палякамі. Гіст. лекс. бел. мовы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Трымаючыся за што‑н., захаваць раўнавагу, застацца на нагах, не ўпасці пры штуршку, удары і пад. Сахараў ухапіўся за стрэмя, нахіліўся набок, але на нагах утрымаўся. Асіпенка. [Конь] падскочыў і так ірвануў убок, што я ледзь утрымаўся на ім. Ляўданскі. // Устаяць пры катанні, слізганні. Воўка ніяк не мог утрымацца на лыжах. Кавалёў. // Затрымацца на паверхні, не праваліцца. А калі балота стала такое, што толькі птушка магла на ім утрымацца, папаўзлі, пасунуліся жыватамі. Кулакоўскі. // Разм. Захаваць сваё становішча, знаходжанне дзе‑н., у якой‑н. якасці. Бязвольны і няздольны генерал Лянгевіч доўга не ўтрымаўся ў ролі дыктатара. Якімовіч. Старшыня цяпер прывёз з мястэчка Гуціна — кажуць, добры будзе каваль. Кал і гэты яшчэ ўтрымаецца. Кухараў. Каб утрымацца на вяршыні сваёй бацькоўскай педагогікі, я не крычаў на дзяцей і не ўшчуваў іх. Васілевіч. / Пра надвор’е, пагоду. Сёння ўдзень у рэспубліцы ўтрымаецца малавоблачнае, сухое надвор’е. «Звязда».

2. Не адступіць пад націскам непрыяцеля, затрымацца на якім‑н. рубяжы. Хоць пехацінцы ішлі амаль адразу за артылерыйскімі выбухамі, якія, здавалася, змяталі са шляху ўсё жывое і нежывое, вораг яшчэ спрабаваў утрымацца. Мележ.

3. Разм. Стрымаць сябе ад якога‑н. учынку, дзеяння, не даць праявіцца чаму‑н. Сапраўды было смешна, але я ўтрымаўся ад смеху. Шамякін. Шыманскаму хацелася сказаць: «Ніякі ты не салдат, а разбойнік з вялікай дарогі», але ўтрымаўся. Гурскі. Чубар таксама не ўтрымаўся ад спакусы — падаўся ў будан. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. што. Вынішчыць, высечы, ссячы (лес, галлё і пад.). — Шмат чаго, сынок, няма ўжо ў лесе. Дзялянка на дзялянцы. Увесь лес спляжылі. Сачанка. Петрык спляжыў усе бярозы, што раслі на мяжы яго агарода, папілаваўшы іх на дровы. Навуменка. Еўдакія тым часам паспела ўжо спляжыць усё сухое галлё з таполі, знасіць яго ў дрывотню. Кулакоўскі. // Разбурыць, зруйнаваць. — Мінск у руінах, — з выглядам знаўца адказаў сальнік .. — Ушчэнт спляжылі. «Беларусь». // Сапсаваць што‑н. [Мужчына:] — Кажуць, абганяў, а потым затармазіў. От і занесла кузаў. Увесь бок «Масквічу» спляжыў. Карпаў. [Бацька:] — Лайдак пракляты, гультаіна. Такую касу спляжыў. Быкаў.

2. што. Стаптаць, вытаптаць, вынішчыць. Ячмень такі добры ўрадзіўся, аж на табе — спляжылі, здратавалі палавіну кавалка. Баранавых. — Машыны вунь клінок жыта спляжылі, — кіўнуў галавою Мікалай Міхайлавіч. — Дарога ёсць, а яны на поле лезуць. Мыслівец.

3. каго і без дап. Збіць, пабіць; ударыць. Аднаго разу гэтак спляжылі хлопца, што ён ужо не мог сваімі нагамі прыйсці ў камеру. Сабаленка. [Гулік:] — Не таіся, Мычыпар, я ўсё ведаю. Ганка табе спляжыла па мордзе, і ты пайшоў дадому. Навуменка. // Забіць (звычайна звера, птушку). [Дзед:] — Тут летась я столькі цецерукоў спляжыў! Гамолка. Заекатала Дамка, і я паспяшыў у той бок: можа і праўда пашанцуе спляжыць шарака? Даніленка. // перан.; што. Ацаніць адмоўна, раскрытыкаваць. Раман «Зямны хлеб», аказваецца, напісаны на гістарычную тэму, і крытык проста спляжыў яго. Васілёнак.

4. каго. Зваліць, апанаваць каго‑н. (пра хваробу). Інфаркт раптоўна бацьку спляжыў. Валасевіч. Гэта .. [Дзяніс] награшыў некалі, сям’ю пакінуў, дык от цяпер і хвароба спляжыла яго, і сын не хоча ведаць бацьку. Гроднеў.

5. што. Выкасіць, убраць сена. Сенажаць, сенажаць — Вось было б дзе корму! Калі спляжыць, прыбраць — Знаў бы статак норму. Гілевіч.

6. што. Забрудзіць, затаптаць. Усю падлогу спляжылі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)